Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 15 из 86

Сын

22.01.2010. Вярнуўся сын з экскурсіі. Іх клас вадзілі ў Нацыянальную бібліятэку. «Чаму так доўга?» — пытаюся. «Пасля экскурсіі з Іллём Дубоўскім хадзіў яшчэ на могілкі…» — адказвае Максім. «Такім марозам! На якія?» — незадаволена бурчу. «Да Быкава, Караткевіча…» — тлумачыць сын. І я маўчу…

Сяржант

25.01.2010. Калісьці і я быў нежанаты. Для мяне гэта не было трагедыяй, але мне хацелася мець сям’ю, і я ў 23 гады пачаў згаджацца на сяброўскія прапановы ажаніць мяне. З кім мяне толькі не знаёмілі! Нават адзін са знаёмых паэтаў прапанаваў пазнаёміць мяне са сваёй сястрой. Я згадзіўся. Прыйшоў да сябра ў госці. Сяджу, хвалююся, чакаю, калі прыйдзе мая будучая нявеста. А яна ўсё спазнялася з працы. Прыйшла… у форме малодшага сяржанта міліцыі. А можа, трэба было і закахацца? Ды не! Сэрцу не загадаеш!..

Прыходзька і новабудоўля

27.01.2010. Гэта было даўно. Паэт Пятро Прыходзька ішоў у краму праз новабудоўлю і ўваліўся ў катлаван. Спрабаваў вылезці, але не змог. Пачаў крычаць: «Людзі! Памажыце! Людзі! Я паэт Прыходзька! Памажыце!» Крыкі пачулі будаўнікі. Падышлі да катлавана і бачаць, што нейкі мужык, магчыма, злодзей, выкачаны ў гліну, просіць дапамагчы вылезці і называе сябе паэтам. «А чым дакажаш, што ты паэт?» — запытаўся самы кемлівы і цвярозы будаўнік у Прыходзькі. Пятро Фёдаравіч не разгубіўся і пачаў чытаць свае вершы…

У чаканні…

29.01.2010. Мая мама кожны тыдзень па панядзелках просіць паглядзець перадачу «Жди меня», а па пятніцах — «Поле чудес». Пасля інсульту іншых перадач яна не памятае. І цяпер усё яе рэальнае жыццё праходзіць у чаканні «Поля цудаў», а пасля «Поля цудаў» у чаканні «Чакай мяне»…

ЛЮТЫ

* * *

5.02.2010. У 80-­я гады аўтобус Валожын­Пугачы заязджаў ў Эпімахі. Яшчэ тады я звярнуў увагу на цагляныя сцены на ўскрайку Гіравіч, праз якія праходзіў аўтобус. І толькі сёння ад сваяка даведаўся, што тыя цагляныя сцены, якія яшчэ захаваліся — гэта рэшткі карчмы, дзе ў 1812 годзе спыняўся Напалеон.

Дзюбайла і Габручыха

6.02.2010. Павел Дзюбайла, працуючы на пачатку пяцідзясятых гадоў завучам у маіх Пугачах, круціў любоў не толькі з мясцовай бухгалтаркай, якая потым нарадзіла дзяўчынак­блізнят, а і з жонкай Габрука Рабца Тамарай. Жанчына была родам са Смаленскай вобласці, яе Габрук у Пугачы прывёз з вайны, і таму Тамару ў вёсцы ўсе называлі «рускай». І такая ўжо ў Дзюбайлы і Габручыхі была любоў, што кончылася тым, што яна за Паўлам, кінуўшы мужа з дачкой, з чамаданам папёрлася ў Аляхновічы на электрычку. А ў Аляхновічах Дзюбайла ад Габручыхі ўцёк у невядомым накірунку. Паплакаўшы на вакзале, вечарам Тамара з чамаданам вярнулася ў Пугачы. І хоць Габрук быў суровым мужам, але два разы ўдарыўшы блудлівую жонку, пусціў у хату…

Камуна і смерць





6.02.2010. У Крывічах ёсць памятны знак, што тут у 1918 годзе была арганізавана першая ў Валожынскім раёне камуна. Тут жа ў Крывічах ёсць могілкі, ходзячы па якіх, можна натрапіць не на адну старую магілу, на якой напісана: «Быў забіты…»

Аўрамчык і Граковіч

7.02.2010. Тэлефануе паэт Эдуард Граковіч і кажа: «Бачыў цябе па тэлебачанні. Ты хваліў Міколу Аўрамчыка на вечарыне яго 90­годдзя. Скажы праўду: харошы ён чалавек ці не, і што ён пра твае вершы казаў, калі ты яму іх прыносіў у «Маладосць»?» — «Казаў, што вось тут трэба паправіць, а тут вось вельмі добра. Пішы. Прынось новае»,— адказаў Эдуарду. «А­а­а. Ну тады зразумела. А мне казаў, што вось тут дрэнна, а вось тут яшчэ горш…» — уздыхнуў паэт Эдуард Граковіч і паклаў трубку.

Мужчына-­паэт і жанчыны

7.02.2010. Мужчыну прыслалі ў Дуброўскую школу працаваць настаўнікам беларускай літаратуры. Кватараваў у старых. Побач жыла адзінокая кульгавая жанчына. Мужчына праз год па разліку сышоўся з суседкай. Жылі некалькі гадоў нядрэнна, але таго шчасця, якога хацелася мужчыну, у іх не было. І закахаўся ён у другую жанчыну, у якой нядаўна памёр муж. Кінуўшы кульгавую, мужчына перайшоў жыць да ўдавіцы. А тут да ўдавіцы прыехаў сын афіцэр, якому не спадабалася, што з ягонай маці жыве настаўнік беларускай літаратуры, які піша нейкія вершы і час ад часу нават друкуецца. Скончылася тым, што афіцэр павесіўся. У Дубровах адразу ж загаварылі, што ў ягонай смерці вінаваты настаўнік. І настаўнік вярнуўся да кульгавай, якая ўжо не магла хадзіць. Мужчына каля дзесяці гадоў глядзеў спаралізаваную, пакуль яна не памерла. Праз некалькі гадоў памёр і мужчына, які быў цудоўным паэтам і якога хваліў Уладзімір Караткевіч…

Калыска паліцай

7.02.2010. З Пугачоў пры немцах у паліцыі ў Гарадку служылі два чалавекі: Кулік і Калыска. Пра лёс Куліка я не ведаю, а вось з Калыскам даводзілася сутыкацца. Пасля вайны ён адсядзеў 20 гадоў недзе ў Сібіры. Выжыў, бо быў добрым шаўцом. Вярнуўшыся ў Пугачы, Калыска працаваў у Новым Двары ў КБА закройшчыкам. На працу хадзіў каля нашых сотак і далей напрасткі праз поле і лес. Ведаючы, што Калыска былы паліцай, я пабойваўся яго, і нават часам думаў пра тое, што ў лесе недзе хаваецца цэлы паліцэйскі атрад Калыскі, які ў любы момант можа захапіць мае Пугачы і мяне, як піянера, расстраляць…

Стары паэт і жанчыны

7.02.2010. Жыў­быў у вёсцы стары паэт. Час ад часу пісаў вершы, а так займаўся гаспадаркай, якая прыносіла немалы прыбытак. У семдзесят ён меў кніжачку вершаў. У дзяцей былі свае сем’і, і ён жыў спакойна з жонкай, і так бы, відаць, і далей жыў, але аднойчы суседзі яму сказалі, што яго старая гуляе з мужыкамі. «Людзі кажуць, што ты маеш хахаляў! Ці праўда гэта?» — запытаўся паэт у жонкі. «Ну і што, калі маю? Табе ж семдзесят!» — адказала жанчына, якой ужо было семдзесят два гады. Пакрыўдзіўся паэт і сышоў з хаты. Стаў жыць у Мінску ў адзінокай дачкі. Летам дачка купіла бацьку пуцёўку ў санаторый і адправіла старога падлячыцца. Прыехаў паэт у санаторый, афармляе дакументы, і тут да яго падыходзіць незнаёмая жанчына, на гадоў пятнаццаць маладзейшая, і прапануе пасяліцца разам у адным пакоі. Паэт напачатку аднекваўся, а даведаўшыся, што гэтай жанчыне цыганка наваражыла, што яна прыедзе ў санаторый і пазнаёміцца з дзядком, з якім будзе доўга і шчасліва жыць, згадзіўся. З санаторыя паэт адразу ж паехаў жыць да новазнаёмай жанчыны, і ўжо з ёй жыве дзесяць гадоў. Прыязджаючы да дзяцей у вёску, чуе ад былой жонкі: «Вяртайся дамоў! Трэба адзін аднаму дараваць! Вяртайся…»

Шышкі і кніжкі

8.02.2010. У сямідзясятыя гады ў маёй школе ўсё нешта збіралі: то металалом, то макулатуру, то рабіну, то шышкі. Я доўга не ўдзельнічаў у такіх зборах — мама не дазваляла займацца абы чым. А мне ўсё­ткі хацелася самому зарабіць хоць пару рублёў. І вось у класе сёмым у час зімовых канікул і я цягаўся па заснежаным лесе і збіраў шышкі. За два тыдні ледзьве напоўніў мяшок. Прывалок у школу, і мне далі некалькі рублёў. Было радасна. У час летніх канікул я з сябрамі гуляў на школьным двары, і мы раптам уздумалі залезці ў школьны хлеў і паглядзець, што там ляжыць. Залезлі і ўбачылі вялікія кучы ссохлых шышак, гнілой рабіны і мокрай макулатуры…

У Лягезах

9.02.2010. Сваёй хаты напачатку мы не мелі і жылі ў бацькавых бацькоў — маіх дзеда Юзі і бабулі Параскі. Дзед працаваў у калгасе, быў адукаваны, любіў пагаварыць. Бабуля была швачкай, і пра яе ведалі далёка ад Пугачоў. Мела нават вучняў. Аднак усё ж мы жылі беднавата, і, калі мне споўнілася восем месяцаў, гадаваць мяне забрала бабуля Ганна (пражыла сто гадоў), маміна мама, у невялікую, усяго 10 хат, вёску Лягезы, ля якой працякае рачулка Яршоўка. У Лягезах, што ў пяці кіламетрах ад Пугачоў, я і гадаваўся да школы. Быў я хлапчуком цікаўным і непаслухмяным. Зімой вечна цягаў за сабой саначкі і збіраў на іх сухое галлё, абламанае з дрэў вятрамі. Цягаў галлё пад хату, складаў у кучу. Для чаго? Цяпер не памятаю. Але час ад часу з­за яго на мяне пакрыквалі маміны браты — дзядзькі Ваня і Віця, і сёстры — цёткі Шура і Аля. Яны на той час яшчэ сваіх сем’яў не мелі і глядзелі за мной, як за родным сынам. Расказвалі розныя гісторыі, бралі мяне на вечарынкі, на кірмаш у Ракаў і ў Яршэвічы. Бабуля Ганна (дзявочае прозвішча Маціеўская) адна выгадавала васьмёра дзяцей. Муж яе, Міхаіл, загінуў у 1944 годзе — падарваўся на міне, едучы ў Ракаў. Уцалелі мой дзядзька Ваня, што сядзеў на возе ззаду з коцікам на руках, і жарабятка. Я потым з дзядзькам Ванем пасвіў нашчадка таго жарабяткі, амаль казачнага чырвонага каня. І калі часам дзядзька прыходзіў з працы нецвярозы, ён расказваў мне пра сваю бяду, якую перажыў, будучы хлапчуком. Расказваў так, што сам плакаў, і ад слёз не мог утрымацца і я...