Страница 33 из 44
— Там ужо даўно скончыўся кiсларод! — з цяжкасцю выцiснуў я.
— Мо яна абыходзiцца без кiслароду… Ну што, паспрабуем?
— Снаўт… Снаўт…
— Кельвiн… Кельвiн… — злосна перадражнiў ён мяне. — Божа, што ты за чалавек. Каго ты хочаш ашчаслiвiць? Уратаваць? Сябе? Яе? Якую? Гэтую цi тую? На абедзвюх не хопiць адвагi? Бачыш сам, да чаго гэта даводзiць. Апошнi раз кажу табе: тут сiтуацыя — па-за ўсялякай мараллю.
Раптам я пачуў тое ж самае шамаценне, нiбыта нехта пазногцямi драпаў сцяну. Мяне агарнула абыякавасць: усё выглядала дробным, крыху смешным, малазначным, быццам у перавернутым бiноклi.
— Ну добра, — сказаў я. — Што, па-твойму, я мушу зрабiць? Знiшчыць яе? На наступны дзень з’явiцца такая ж, хiба не так? I яшчэ раз? I так штодзённа? Да якога часу? Навошта? Што гэта мне дасць? А табе? Сарторыусу? Станцыi?
— Пачакай, спачатку скажы ты. Ты паляцiш разам з ёй i, дапусцiм, убачыш сам, што з ёю адбудзецца. Праз некалькi хвiлiн перад табой з’явiцца…
— Што? — з’едлiва спытаўся я. — Пачвара? Дэман? Што?
— Не. Звычайная, сама звычайная агонiя. Хiба ты сапраўды паверыў у iх несмяротнасць? Кажу табе — яны гiнуць… Што ты будзеш рабiць тады? Вернешся… па новую?
— Перастань!!! — гукнуў я, сцiскаючы кулакi.
Снаўт, прымружыўшы вочы, пазiраў на мяне i паблажлiва ўсмiхаўся.
— Ага, табе не падабаецца? Ведаеш, на тваiм месцы я не распачынаў бы гэтай гаворкi. Лепш займiся чым-небудзь iншым, напрыклад, пачнi лупцаваць дубцамi у знак адплаты — Акiян. Што ты хочаш? Значыць, так… — Снаўт хiтравата памахаў рукой i падняў вочы ўгору, на столь, нiбыта некага праводзiў позiркам, — тады ты станеш нягоднiкам? А хiба цяпер не нягоднiк? Усмiхаешся, калi хочацца плакаць, прытвараешся радасным i спакойным, калi гатовы валасы рваць, — i ты не нягоднiк? А што, калi тут нельга не быць нягоднiкам? Што тады? Закацiць iстэрыку перад Снаўтам, якi ва ўсiм вiнаваты, так? Акрамя ўсяго, ты яшчэ iдыёт, мой ты дарагi…
— Ты гаворыш пра сябе, — сказаў я i апусцiў галаву, — я… кахаю яе.
— Каго? Свае ўспамiны?
— Не. Яе. Я расказаў табе, што яна спрабавала зрабiць. На такое пойдзе не кожны… жывы чалавек.
— Ты ж сам прызнаешся, калi кажаш…
— Не лавi мяне на слове.
— Добра. Значыць, яна цябе кахае. А ты — хочаш кахаць. Гэта розныя рэчы.
— Ты памыляешся.
— Я шкадую, Кельвiн, але ты сам расказаў мне пра свае iнтымныя справы. Не кахаеш. Кахаеш. Яна згодна ахвяраваць сваiм жыццём. Ты таксама. Вельмi чуллiва, узвышана — усё што хочаш. Але тут гэта недарэчна. Недарэчна. Разумееш? Не, ты не хочаш зразумець. Сiлы, якiмi мы не кiруем, зацягнулi цябе ў вiр, а яна — частка яго. Фаза. Цыкл, што паўтараецца. Калi б яна была… калi б за табой ганялася пачвара, гатовая дзеля цябе на ўсё, ты пазбавiўся б ад яе без усялякiх ваганняў. Праўда?
— Праўда.
— А калi… калi… iменна таму яна непачвара? Гэта звязвае табе рукi? А мо трэба, каб твае рукi былi звязаныя?
— Яшчэ адна гiпотэза. У бiблiятэках iх ужо мiльён. Досыць, Снаўт, яна… Я не хачу з табой пра гэта гаварыць.
— Ну i не гавары. Ты ж сам пачаў. Але ты ўсё ж падумай, што ў рэшце рэшт яна толькi люстэрка, у якiм адбiваецца частка твайго мозга. Яна цудоўная таму, што цудоўнымi былi твае ўспамiны. Ты даў рэцэпт. Кругазварот памяцi!
— Чаго ты хочаш? Каб я… каб я пазбавiўся ад яе? Я ўжо ў цябе пытаўся: навошта мне гэта рабiць? Ты не адказаў.
— Адкажу зараз. Я не запрашаў цябе, не распачынаў гэтай гаворкi, не чапаў тваiх спраў. Я нiчога табе не загадваю, нiчога не забараняю, я не рабiў бы гэтага, каб нават мог. Ты, ты прыйшоў сюды i выклаў мне ўсё, ведаеш чаму? Не? Ты хочаш скiнуць з сябе ўсё. Скiнуць. Я добра ўяўляю, якое ў цябе становiшча, мой дарагi. Так, так! Не перапыняй мяне. Я нiчога табе не забараняю, але ты ты сам хочаш, каб я табе перашкодзiў. Калi б я стаў на тваiм шляху, мажлiва, ты расквасiў бы мне галаву — мне, звычайнаму чалавеку, такому ж, як i ты, i сам адчуваў бы сябе чалавекам. А так ты не можаш саўладаць i таму распачынаеш спрэчку са мной… дакладней, з самiм сабой! Ты яшчэ скажы, што не перажывеш, калi яна раптам знiкне… Добра, не кажы нiчога.
— Ну, ведаеш! Я прыйшоў, каб расказаць табе, зусiм даверлiва, што я збiраюся разам з ёю пакiнуць Станцыю, — адбiваўся я, але мае словы прагучалi непераканаўча нават для мяне.
Снаўт пацiснуў плячыма.
— Зусiм верагодна, што ты мусiш стаяць на сваiм. Я сказаў табе гэта толькi таму, што ты занадта далёка зайшоў, а вярнуцца, сам разумееш… Прыходзь заўтра ранiцай а дзевятай да Сарторыуса, наверх… Прыйдзеш?
— Да Сарторыуса? — здзiвiўся я. — Ён жа нiкога не пускае, ты казаў, што яму i пазванiць нельга.
— Нейкiм чынам ён усё ўладкаваў. Мы гэтага не абмяркоўваем. Ты… у цябе зусiм iншае. Не мае значэння. Прыйдзеш ранкам?
— Прыйду, — прамармытаў я.
Я пазiраў на Снаўта. Ён неяк ненатуральна трымаў левую руку за дзверцамi шафы. А калi ж дзверцы прачынiлiся? Вiдаць, даволi даўно, але я, узбуджаны непрыемнай для мяне размовай, не звярнуў увагi. Як дзiўна ўсё гэта выглядае… Быццам… ён нешта хаваў там. Альбо нехта трымаў яго за руку. Я аблiзаў губы.
— Што такое, Снаўт?
— Iдзi, — цiха i надзвычай спакойна прамовiў ён. — Iдзi.
Я выйшаў i зачынiў за сабой дзверы ў апошнiх промнях чырвонага марыва. Хэры сядзела на падлозе, крокаў за дзесяць ад мяне, ля самай сцяны. Калi заўважыла мяне, усхапiлася.
— Глядзi! — прамовiла яна, вочы ў яе блiшчалi. — Атрымалася, Крыс. Я такая шчаслiвая. Магчыма… магчыма, усё будзе лепей i лепей…
— Вядома, — абыякава адказаў я.
Мы вярталiся назад, а я ўсё ламаў галаву над гэтай iдыёцкай шафай. Хаваў жа, хаваў жа ён там?.. А ўся наша размова?.. Шчокi мае пачалi гарэць, я мiжволi пацёр iх. Божа, што за шаленства. I да чаго мы, уласна, прыйшлi? Да нiчога? Праўда, заўтра ранiцай…
I раптам мяне апанаваў страх, амаль такi ж, як i ноччу. Мая энцэфалаграма. Поўны запiс усёй дзейнасцi мозга, перакладзены ў хiстаннi пучка прамянёў, будзе дасланы ўнiз. У глыбiню гэтай неабдымнай, бязмежнай пачвары. Як сказаў Снаўт: «Ты не перажывеш, калi раптам ён знiкне…» Энцэфалаграма — гэта поўны запiс. У тым лiку i неўсвядомленых працэсаў. А калi я хачу, каб ён знiк, загiнуў? Хiба ж спалохаўся б я, калi б яна засталася жывая пасля свае страшнае спробы? Цi можна адказваць за сваю падсвядомасць? Калi не адказваю за яе я, тады хто?.. Што за iдыёцтва! На якое лiха згадзiўся я, каб мой, менавiта мой… Я магу, вядома, азнаёмiцца з запiсам, але ж я яго не расшыфрую. Нiхто не здолее яго расшыфраваць. Толькi спецыялiсты ў агульных рысах могуць сказаць, пра што думаў паддоследны, цi рашаў ён, напрыклад, матэматычныя задачы, але даведацца якiя, яны не могуць. Яны сцвярджаюць, што гэта немажлiва, бо энцэфалаграма адлюстроўвае мноства працэсаў, якiя адбываюцца адначасова, i толькi некаторыя з iх маюць псiхалагiчную «падкладку»… А падсвядомыя… Пра iх i гаварыць нiхто не хоча, i дзе ўжо тут расшыфроўваць нечыя ўспамiны, тое, што жыве ў памяцi, альбо тое, што пастаралiся забыцца… Але чаму мне так страшна? Яшчэ ж ранкам я сам казаў Хэры, што эксперымент нiчога не дасць. Калi нашы нейрафiзiёлагi не здольны расшыфраваць запiс, то як жа разбярэцца ў iм абсалютна чужы чорны вадкi гiгант?..
Але ж пранiк ён у мяне, хоць i невядома як, перакапаў усю маю памяць i знайшоў у ёй сама балючы атам! Хiба магу я ў гэтым сумнявацца. Без чужой дапамогi, без усялякай «перадачы прамянёвай энергii» ён залез праз падвойную герметычную абшыўку, праз цяжкую шкарлупiну на Станцыю; унутры яе знайшоў маё цела i пайшоў са здабычай…
— Крыс?.. — цiха прамовiла Хэры.
Я стаяў ля iлюмiнатара, уперыўшы невiдушчы позiрк у густы змрок. Лёгкая, пяшчотная на гэтай геаграфiчнай шырынi пялёнка захiнала зоркi. Суцэльны, хоць i тонкi, слой воблакаў стаяў вельмi высока, з глыбiнi, з-за гарызонту сонца афарбоўвала яго ледзь прыкметным срабрыста-ружовым ззяннем.
Калi яна знiкне, значыць, я гэтага хацеў. Значыць, я забiў яе. Не пайсцi туды? Яны не могуць мяне прымусiць. Але што я iм скажу? Пра гэта — не. Не магу. Так, трэба прытварацца, трэба хлусiць заўсёды i ва ўсiм. I ўсё таму, што ўва мне, вiдаць, хаваюцца думкi, планы, спадзяваннi — жорсткiя, цудоўныя, бязлiтасныя, а я нiчога пра iх не ведаю. Чалавек рушыў насустрач iншым сусветам, новым цывiлiзацыям, не спазнаўшы дарэшты сваёй душы: яе завулкаў, тупiкоў, бяздонных калодзежаў, забарыкадаваных цёмных дзвярэй. Выдаць iм Хэры… ад сораму? Выдаць толькi таму, што ў мяне не хапае адвагi?