Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 32 из 44



Хэры кiўнула. Я прайшоў праз сцяну чырвоных сонечных промняў у калiдор, якi, нягледзячы на штучнае асвятленне, здаваўся амаль чорным. Дзверы малой лабараторыi былi адчынены. Люстраныя рэшткi сасуда Дзюара, якiя ляжалi на падлозе каля вялiзных ёмiстасцей з вадкiм кiслародам, усё яшчэ нагадвалi пра начное здарэнне. Засвяцiўся маленькi экран. Калi я зняў трубку i набраў нумар радыёстанцыi, блакiтная занавеска, якая знутры закрывала матавае шкло, рассунулася, i Снаўт, нагнуўшыся з высокага крэсла, зiрнуў мне проста ў вочы.

— Вiтаю цябе, — прамовiў ён.

— Я прачытаў запiску. Хацеў з табою пагаварыць. Можна прыйсцi?

— Прыходзь. Зараз?

— Ага.

— Калi ласка. Ты… не адзiн?

— Не, адзiн.

Яго худы, бронзавы ад загару твар з глыбокiмi маршчынамi на лбе плыў у выпуклым шкле, як дзiўная рыба ў акварыуме.

— Ну-ну, — прамовiў ён шматзначна. — Я чакаю.

— Мы можам iсцi, каханая.

Я iмкнуўся гаварыць ажыўлена, заходзячы ў кабiну праз чырвоныя промнi, за якiмi бачыў толькi сiлуэт Хэры, але голас мой сарваўся. Хэры прырасла да крэсла: засунула рукi пад падлакотнiкi i сашчапiла пальцы. Яна занадта позна пачула мае крокi альбо не паспела хутка памяняць сваю страшную позу — не ведаю, але я паспеў убачыць, як яна змагаецца з той незразумелай сiлай, што схаваная ў ёй. Маё сэрца сцiснула сляпое, шалёнае абурэнне, змешанае са шкадаваннем. Мы моўчкi пайшлi па доўгiм калiдоры; рознакаляровая эмаль на яго сценах па задуме архiтэктара павiнна была пазбавiць ад аднастайнасцi знаходжанне ў металiчнай шкарлупiне. Я яшчэ здалёку заўважыў адчыненыя дзверы радыёстанцыi. Адтуль у глыбiню калiдора падала доўгая чырвоная паласа — i сюды даходзiла сонца. Я паглядзеў на Хэры — яна нават не спрабавала ўсмiхацца, засяроджана рыхтуючыся да барацьбы з сабой. Выпрабаваннi, якiя чакалi Хэры, ужо зараз змянiлi яе твар — ён стаў белым i худым. За некалькi крокаў да дзвярэй Хэры спынiлася, я павярнуўся да яе, кончыкамi пальцаў яна падштурхнула мяне, быццам кажучы: «Iдзi». I тут мае планы, Снаўт, эксперымент, уся Станцыя — усё здалося мне гэткiм дробязным у параўнаннi з тымi пакутамi, якiя чакалi тут яе. Я адчуў сябе катам i хацеў ужо вярнуцца назад, але шырокую сонечную паласу, надламаную на сцяне калiдора, засланiў цень чалавека. Я хуценька зайшоў у кабiну. Снаўт чакаў мяне ля дзвярэй. Чырвонае сонца стаяла проста за iм, i пурпуровы водблiск гарэў у яго сiвых валасах. Мы даволi доўга моўчкi пазiралi адзiн на аднаго. Здавалася, Снаўт вывучаў мяне. Аслеплены сонцам, я дрэнна бачыў выраз яго твару. Я абышоў Снаўта i спынiўся каля высокага пульта, на якiм тырчалi гнуткiя сцяблiны мiкрафонаў. Снаўт марудна павярнуўся, спакойна назiраючы за мной з ранейшай грымасай, якая ўспрымалася то як усмешка, то выдавала стомленасць. Не зводзячы з мяне вачэй, Снаўт падышоў да металiчнай, на ўсю сцяну шафы, перад якой з абодвух бакоў узвышалiся абы-як зваленыя кучы радыёдэталяў, тэрмiчныя акумулятары i розны iнструмент, паставiў туды крэсла i сеў, абапiраючыся спiнай на эмалiраваныя дзверцы.

Наша маўчанне станавiлася дзiўным. Я засяроджана прыслухоўваўся да цiшынi, што панавала ў калiдоры, дзе засталася Хэры, але адтуль нiчога не было чуваць.

— Калi ў вас усё будзе гатова? — спытаўся я.

— Мы маглi б пачаць хоць сёння, але запiс запатрабуе яшчэ крыху часу.

— Запiс? Ты маеш на ўвазе энцэфалаграму?

— Ага, ты ж згадзiўся. А што?

— Ды так, нiчога.

— Я слухаю цябе, — прамовiў Снаўт праз нейкi час.

— Яна ўсё ведае… пра сябе, — ледзь чутна прамовiў я.

Бровы Снаўта палезлi ўгору.

— Ведае?

Мне здалося, што Снаўт толькi прытвараецца здзiўленым. Чаму ён прытвараецца? У мяне адразу прапала жаданне гаварыць, але я перасiлiў сябе. Трэба быць хоць бы лаяльным, падумаў я, калi нiчога iншага не застаецца.

— Яна пачала здагадвацца, вiдаць, пасля нашай размовы ў бiблiятэцы, назiрала за мной, супастаўляла факты, пасля знайшла магнiтафон Гiбарыяна i паслухала запiс…

Снаўт па-ранейшаму абапiраўся на шафу, але ў яго ў вачах загарэлiся iскры. Я стаяў ля пульта насупраць дзвярэй, прачыненых у калiдор. Я працягваў яшчэ цiшэй:

— Сёння ноччу, калi я спаў, яна спрабавала скончыць самагубствам. Вадкi кiсларод…

Нешта зашамацела, я сцiшыўся, прыслухаўся — гук даносiўся не з калiдора. Дзесьцi зусiм блiзка шкрэблася мыш… Мыш? Глупства! Адкуль тут мышы? Я пiльна зiрнуў на Снаўта.

— Слухаю цябе, — спакойна прамовiў Снаўт.

— Вядома, ёй гэта не ўдалося… ва ўсякiм разе яна ведае, хто яна.

— Навошта ты расказваеш пра гэта мне? — раптам спытаўся Снаўт.

Я не адразу скемiў, што яму адказаць.

— Хачу, каб ты арыентаваўся… каб ведаў, што адбываецца, — прамармытаў я.



— Я папярэджваў цябе.

— Iнакш кажучы, ты ведаў. — Я мiжволi павысiў голас.

— Не. Вядома ж, не. Але я тлумачыў табе, як усё адбываецца. Кожны «госць», калi ён з’яўляецца, амаль што фантом, нягледзячы на бязладную мешанiну ўспамiнаў i вобразаў, атрыманых ад свайго… Адама… «госць», па сутнасцi, пусты. Чым больш знаходзiцца ён з табой, тым больш ачалавечваецца i становiцца ўсё больш самастойным, вядома, да пэўнай мяжы. I чым даўжэй гэта працягваецца, тым цяжэй…

Снаўт памаўчаў, паглядзеў на мяне спадылба i абыякава спытаўся:

— Яна ўсё ведае?

— Так, я ж сказаў табе.

— Усё? I тое, што адзiн раз была тут, а ты…

— Не!

Снаўт усмiхнуўся:

— Паслухай, Кельвiн, калi гэта зайшло так далёка… што ты думаеш рабiць? Пакiнуць Станцыю?

— Так.

— З ёй?

— Ага.

Снаўт змоўк, разважаючы над маiмi адказамi, але ў яго маўчаннi было нешта яшчэ… Што? Зноў быццам штосьцi зашамацела зусiм блiзка, за тонкай перагародкай. Снаўт заёрзаў на крэсле.

— Выдатна, — прамовiў ён. — Чаму ты пазiраеш на мяне так дзiўна? Ты лiчыў, што я буду перашкаджаць табе? Рабi як хочаш, мой дарагi. Ну i малайцы мы з табой, калi б пачалi яшчэ i прымушаць адзiн аднаго! Я не збiраюся ўгаворваць цябе, скажу толькi — ты iмкнешся ў нечалавечых умовах застацца чалавекам. Мо гэта i прыгожа, але зусiм недарэчна. Зрэшты, я нават не ведаю, цi прыгожа. Хiба глупства можа быць прыгожым? Не ў тым справа. Ты адмаўляешся працягваць эксперыменты, хочаш адступiцца, забраўшы яе? Так?

— Так.

— Але гэта таксама… эксперымент. Чуеш?

— Што ты маеш на ўвазе? Цi здолее… яна?.. Калi разам са мной, то не бачу…

Я гаварыў усё больш павольна, пасля зусiм сцiх. Снаўт уздыхнуў:

— Кельвiн, усе мы, як страўсы, хаваем галаву ў пясок, але мы ва ўсякiм разе ведаем пра гэта i не разлiчваем на высакароднасць.

— Я нiчога не хачу i не разлiчваю.

— Добра. Я не хацеў цябе пакрыўдзiць. Свае словы пра высакароднасць я забiраю назад, але словы пра страўсаў застаюцца ў сiле. Асаблiва гэта датычыць цябе. Ты падманваеш не толькi яе, але i сябе, галоўным чынам сябе. Ты ведаеш умовы стабiлiзацыi сiстэмы, пабудаванай з нейтрыннай матэрыi?

— Не. Ты таксама не ведаеш. Нiхто не ведае.

— Безумоўна. Але нам вядома адно: такiя сiстэмы няўстойлiвыя i могуць iснаваць толькi дзякуючы няспыннаму прытоку энергii. Я ведаю гэта ад Сарторыуса. Энергiя ўтварае вiхравае стабiлiзацыйнае поле. Цiкава, цi з’яўляецца гэтае поле ў адносiнах да «госця» знешнiм? Цi мо яно ўзнiкае ў яго ў арганiзме? Разумееш рознiцу?

— Разумею, — паволi адказаў я. — Калi яно знешняе, дык… яна. Тады… такiя…

— Тады пад час аддалення ад Салярыс сiстэма распадаецца, — закончыў Снаўт за мяне. — Мы не можам гэтага прадбачыць, але ж ты паставiў дослед. Ракета, якую ты запусцiў… па-ранейшаму круцiцца вакол планеты. У вольную хвiлiну я нават падлiчыў параметры яе руху. Можаш паляцець, выйсцi на арбiту, састыкавацца i паглядзець, што сталася з… пасажыркай…

— Ты звар’яцеў! — выдыхнуў я.

— Ты так лiчыш? Ну… а калi… вярнуць яе, тваю ракету? Гэта магчыма. Яна мае дыстанцыйнае кiраванне. Мы вернем ракету i…

— Перастань!

— I гэта табе не падабаецца? Ёсць яшчэ адзiн спосаб, вельмi просты. Нават не трэба вяртаць яе на Станцыю. Няхай сабе лётае. Мы проста звяжамся з ёю па радыё, калi яна жывая, то адгукнецца i…