Страница 31 из 44
— Гiбарыян.
— Ага, Гiбарыян. Тады я зразумела ўсё, хоць, калi казаць праўду, па-ранейшаму нiчога не разумею. Я не ведала аднаго: што я магу… што я… што гэта так скончыцца, што гэтаму… няма сканчэння. Пра гэта ён нiчога не казаў. Зрэшты, мо i гаварыў, але ты прачнуўся, i я выключыла магнiтафон. Але ўсё адно я пачула шмат, каб зразумець, што я не чалавек, а толькi iнструмент.
— Што ты кажаш, Хэры!
— Так, iнструмент. Для вывучэння тваiх рэакцый. Ну, штосьцi накшталт гэтага. У кожнага з вас ёсць такi… такая, як я. Усё грунтуецца на ўспамiнах або на ўяўленнi… Зрэшты, ты ведаеш лепш, чым я. Ён расказаў такiя страшныя, неверагодныя рэчы, i, калi б усё не супадала, я не паверыла б!
— Што супадала?
— Ну, што мне не трэба спаць i я павiнна быць заўсёды каля цябе. Учора ранiцай я яшчэ думала, што ты мяне ненавiдзiш, i таму была нешчаслiвая. Божухна, якая я была дурная! Але скажы, скажы сам, цi магла я сабе ўявiць?.. Гiбарыян зусiм не ненавiдзеў гэтую сваю, а што ён пра яе гаварыў! Толькi тады я зразумела: што я нi зраблю, не мае нiякага значэння, бо хачу я альбо не хачу, а для цябе гэта ўсе роўна пакуты. Не, нават горай, бо крынiца пакут гэта штосьцi нежывое. Яна нi ў чым не вiнаватая, як i камень, якi можа ўпасцi i забiць. А што крынiца пакут можа хацець дабра i кахаць, гэтага я i ўявiць не магла. Мне хацелася б табе расказаць, што я адчувала пасля, калi зразумела, калi слухала плёнку. Мо табе спатрэбiцца. Я нават паспрабавала запiсаць…
— Таму ты запалiла святло? — спытаўся я, з цяжкасцю прамаўляючы гэтыя словы.
— Так. Але нiчога не атрымалася, бо я шукала ў сабе, ведаеш… iх — нешта зусiм iншае, я проста вар’яцела, павер мне! Часам мне здавалася, што пад скурай у мяне няма цела, што ўнутры ў мяне штосьцi такое… што я… што я толькi абалонка. Каб падмануць цябе. Разумееш?
— Разумею.
— Калi ноччу ляжыш без сну, да чаго толькi не дадумаешся! Да сама неверагодных рэчаў, ты ж i сам ведаеш…
— Ведаю…
— Але я адчувала сваё сэрца i памятала, што ты зрабiў аналiз маёй крывi. Якая ў мяне кроў, скажы, скажы праўду. Цяпер жа ты гэта можаш.
— Такая, як i ў мяне.
— Праўда?
— Клянуся.
— Што гэта азначае? Я пасля думала, мо гэта схавана недзе ўва мне, што яно… магчыма, вельмi маленькае. Але я не ведала дзе. Зараз я думаю, мо ў рэшце рэшт гэта была хiтрасць з майго боку, бо я вельмi баялася таго, што хацела зрабiць, i шукала iншага выйсця. Але, Крыс, калi ў мяне такая ж кроў… калi ўсё так, як ты гаворыш, тады… Не, гэта немагчыма. Бо тады я памерла б, праўда? Значыць, нешта ўсё-такi ёсць, але дзе? Мо ў галаве? Але ж я думаю зусiм нармальна… i нiчога не ведаю… калi б я гэтым думала, то павiнна была б адразу ўсё ведаць i не кахаць цябе, толькi рабiць выгляд i разумець, што раблю выгляд… Крыс, скажы мне, калi ласка, усё, што ты ведаеш, мо ўдасца хоць нешта зрабiць?
— Што iменна?
Хэры маўчала.
— Ты хочаш памерцi?
— Бадай што так.
Наступiла цiшыня. Хэры сядзела, скурчыўшыся, ля маiх ног. Я разглядваў залу, белую эмаль абсталявання, рассыпаныя блiскучыя iнструменты, нiбыта шукаў штосьцi вельмi патрэбнае i не мог адшукаць.
— Хэры, можна i мне сказаць?
Яна чакала.
— Так, праўда, ты не зусiм такая, як я. Але гэта не азначае, што ты горшая за мяне. Наадварот. Можаш думаць, што хочаш, але дзякуючы гэтаму… ты не памерла.
Нейкая дзiцячая, бездапаможная ўсмешка з’явiлася ў яе на твары.
— Я… несмяротная?
— Не ведаю. Ва ўсякiм разе ты не такая смяротная, як я.
— Як страшна, — прашаптала Хэры.
— Мо не так страшна, як табе здаецца.
— Але ты мне не надта зайздросцiш.
— Хэры, гэта хутчэй пытанне… аб тваiм прызначэннi, я так назваў бы гэта. Ведаеш, тут, на Станцыi, тваё прызначэнне ўрэшце гэткае ж невядомае, як i маё, як i кожнага з нас. Тыя будуць працягваць эксперымент Гiбарыяна, i можа адбыцца ўсё…
— Або нiчога.
— Або нiчога, i павер, я згадзiўся б, каб нiчога не адбылося, нават не таму, што баюся (хоць страх, бадай, i адыгрывае пэўную ролю), а таму, што гэта нiчога не дасць. Вось тое адзiнае, у чым я перакананы.
— Нiчога не дасць? Чаму? З-за… Акiяна?
Хэры сцепанулася ад агiды.
— Так. З-за кантакту. Думаю, што, па сутнасцi, усё вельмi проста. Кантакт азначае абмен нейкiм вопытам, паняццямi, ва ўсякiм разе вынiкамi, нейкiмi высновамi, а калi нiчога для абмену няма? Калi слон — не вялiзная бактэрыя, то i Акiян не можа быць вялiзным мозгам. З абодвух бакоў, вядома, могуць адбывацца пэўныя дзеяннi. У вынiку аднаго з iх я зараз бачу цябе i стараюся растлумачыць табе, што ты мне даражэйшая, чым дванаццаць гадоў жыцця, аддадзенага планеце Салярыс, я хачу знаходзiцца з табой i надалей. Мо тваё з’яўленне павiнна было стаць пакараннем, мо шчасцем, а мо толькi мiкраскапiчным даследаваннем. Доказам дружбы, злосным ударам, здзекам? Мо ўсiм гэтым адначасова альбо, што больш верагодна, — нечым зусiм iншым. Але ў рэшце рэшт нас не датычаць задумкi нашых бацькоў, якiя зусiм не падобныя мiж сабою. Ты можаш сказаць, што ад iх задумак залежыць наша будучыня, i я пагаджуся з табой. Але я не магу прадбачыць будучыню. Гэтаксама, як i ты. Я нават не магу сцвярджаць, што буду кахаць цябе заўсёды. Калi ўжо гэтулькi здарылася, то можа адбыцца ўсё, што хочаш. Мо заўтра я ператваруся ў зялёную медузу? Тут мы бяссiльныя. Але пакуль можам, мы будзем разам. А гэта не так мала.
— Паслухай, — сказала Хэры. — Я хачу спытацца. Я… я… вельмi падобная на яе?
— Была вельмi падобная, — адказаў я, — а цяпер не ведаю.
— Што?
Хэры ўстала. Яна пазiрала на мяне шырока расплюшчанымi вачыма.
— Ты яе ўжо засланiла.
— I ты перакананы, што ты не яе, а мяне кахаеш? Мяне?..
— Так. Менавiта цябе. Не ведаю, баюся, што, калi б ты сапраўды была ёю, я не мог бы цябе кахаць.
— Чаму?
— Бо я паступiў несправядлiва…
— У адносiнах да яе?..
— Так. Калi мы былi…
— Не трэба…
— Чаму?
— Я хачу, каб ты ведаў, што я — гэта не яна.
РАЗМОВА
Пасля абеду наступнага дня я знайшоў на стале ля акна запiску Снаўта. Ён паведамляў, што Сарторыус перапынiў працу над анiгiлятарам, каб апошнi раз выпрабаваць уздзеянне жорсткага выпраменьвання на Акiян.
— Каханая, — сказаў я, — мне трэба схадзiць да Снаўта.
Чырвоная зорка гарэла ў шкле i дзялiла пакой на дзве часткi. Мы знаходзiлiся ў блакiтным ценi. За мяжой ценю ўсё здавалася медным, i, вiдаць, калi б кнiга ўпала з палiцы, яна зазвiнела б.
— Гаворка пра эксперымент. Я толькi не разумею, як лепш. Ведаеш, я хацеў бы… — я змоўк.
— Не апраўдвайся, Крыс. Я вельмi хацела б… Хiба толькi не доўга?..
— Гэта зойме пэўны час, — адказаў я. — Паслухай, а мо ты пойдзеш са мной i пачакаеш мяне ў калiдоры?
— Добра. А калi я не вытрымаю?
— Што з табой, уласна, адбываецца? — спытаўся я i адразу ж дадаў: — Я пытаюся не з цiкавасцi, вядома, але, магчыма, калi разбярэшся, ты з гэтым i сама справiшся.
— Я баюся, — адказала Хэры i збялела. — Я не магу табе сказаць, чаго я баюся, нават не баюся, а проста раствараюся. Апошнiм часам я адчуваю гэткi сорам… Як табе растлумачыць… А пасля ўжо нiчога, пуста. Таму я думала, што я хворая… — Хэры здрыганулася.
Апошнiя словы яна прамовiла ледзь чутна.
— Мо такое адбываецца толькi тут, на гэтай чортавай Станцыi, — прамовiў я. — Я пастараюся зрабiць усё, каб мы як мага хутчэй пакiнулi яе.
— Ты лiчыш, гэта мажлiва? — Хэры шырока расплюшчыла вочы.
— Цалкам. Зрэшты, я ж не прыкуты… Дарэчы, трэба спачатку дамовiцца са Снаўтам, а там паглядзiм. Як ты думаеш, колькi ты можаш быць адна?
— Хто яго ведае… — апусцiўшы галаву, паволi пачала Хэры. — Калi я буду чуць твой голас, то, бадай, спраўлюся.
— Я хачу, каб ты не слухала, пра што мы гаворым. Я не маю нiякiх сакрэтаў, але я не ведаю, не магу ведаць, што скажа Снаўт.
— Не працягвай. Я разумею. Добра. Я буду стаяць так, каб чуць толькi твой голас. Больш мне нiчога не трэба.
— Зараз я пазваню яму з лабараторыi. Я не буду зачыняць дзвярэй.