Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 30 из 44



Я паклаў Хэры на стол, разарваў на яе грудзях халат, зiрнуў на заледзянелы дрыготкi твар, кроў замерзла ў роце, чорным налётам запяклася на растуленых губах, на языку блiшчалi крышталiкi лёду…

Вадкi кiсларод. У лабараторыi быў вадкi кiсларод, у сасудах Дзюара. Калi я паднiмаў Хэры, у мяне пад рукамi хруснула шкло. Колькi яна магла выпiць? Усё адно спалены трахея, гартань, лёгкiя; вадкi кiсларод мацненшы за канцэнтраваную кiслату. Яе скрыпучае, сухое, як гук разарванай паперы, дыханне замiрала. Вочы былi расплюшчаны. Агонiя.

Я паглядзеў на вялiзныя зашклёныя шафы з iнструментамi i лекамi. Трахеатамiя? Iнтубацыя? Але ж лёгкiх ужо няма! Яны спаленыя. Лякарства? Колькi лякарстваў! Палiцы застаўлены шэрагамi каляровых бутэлечак i пакецiкаў. Хрыпенне напаўняла ўсё памяшканне, з адкрытага рота Хэры iшла пара.

Грэлкi…

Я пачаў iх шукаць, кiнуўся да адной шафы, да другой, выкiдваў пакецiкi з ампуламi. Шпрыц? Дзе? У стэрылiзатары! Я не мог сабраць шпрыц, бо рукi замерзлi, пальцы здранцвелi, не гнулiся. Я шалёна стукаў рукой па стэрылiзатары, нiчога не адчуваючы. Хрыпенне стала мацнейшым. Я кiнуўся да Хэры. Вочы ў яе былi расплюшчаны.

— Хэры!

Мой голас прапаў, губы сталi непаслухмяныя.

Пад белай скурай ходырам хадзiлi рэбры, вiльготныя ад расталага снегу валасы рассыпалiся. Хэры глядзела на мяне.

— Хэры!

Больш нiчога сказаць я не мог. Стаяў як слуп, апусцiўшы непаслухмяныя скалелыя рукi; ногi, губы, павекi гарэлi ўсё мацней. Але я амаль не адчуваў гэтага. Кропля расталай ад цяпла крывi цякла па шчацэ Хэры, пакiдаючы крывую лiнiю; язык затрымцеў i знiк, Хэры ўсё яшчэ хрыпела.

Я ўзяў яе руку — пульс не адчуваўся; рассунуўшы полы халата, я прыклаў вуха да пранiзлiва халоднага цела ля грудзей. Праз шум, якi нагадваў трэск агню, я пачуў лiхаманкавы стук, шалёныя ўдары, такiя хуткiя, што iх нельга было палiчыць. Я стаяў, нiзка схiлiўшыся, вочы былi заплюшчаны. Штосьцi дакранулася да маёй галавы. Гэта Хэры пальцамi пашавялiла мае валасы. Я зазiрнуў ёй у вочы.

— Крыс, — прахрыпела яна.

Я схапiў яе за руку, Хэры адказала поцiскам, якi ледзь не раздрабiў маю кiсць. Страшная грымаса застыла на яе твары, памiж вейкамi блiшчалi бялкi, у горле захрыпела, цела закалацiлася ад ванiтаў. Я ледзьве ўтрымлiваў Хэры; яна спаўзла са стала, галавой бiлася аб бераг фаянсавай лейкi. Я падтрымлiваў яе, прыцiскаў да стала; пасля кожнай спазмы Хэры вырывалася з маiх рук. Я iмгненна спацеў, ногi сталi ватныя. Калi прыступы ванiтаў зменшылiся, я паспрабаваў пакласцi Хэры. Паветра свiстала ў яе ў грудзях. Нечакана на гэтым страшным скрываўленым твары засвяцiлiся вочы.

— Крыс, — захрыпела яна, — як… як доўга, Крыс?

Яна пачала задыхацца, на яе губах выступiла пена, зноў пачалiся ванiты. Я трымаў яе з апошняй сiлы. Хэры так рэзка ўпала тварам унiз, што ў яе нават застукалi зубы. Яна цяжка дыхала.

— Не, не, не, — хутка выдыхала яна, i кожны выдых здаваўся апошнiм.

Ванiты працягвалiся; Хэры зноў затрапяталася ў маiх руках, у час кароткiх перапынкаў мiж прыступамi яна ўцягвала паветра з такой цяжкасцю, што ў яе выступалi рэбры. Затым вейкi напалову прыкрылi яе невiдушчыя вочы. Хэры больш не варушылася. Я вырашыў, што гэта канец. Нават не спрабуючы сцерцi з яе губ ружовую пену, я стаяў, нахiлiўшыся над ёю, чуў далёкi гул вялiзнага звона i чакаў яе апошняга выдыху, каб пасля павалiцца на падлогу, але Хэры дыхала ўжо амаль без хрыпаў, дыхала ўсё больш спакойна, грудзi ўжо амаль не ўздрыгвалi, сэрца бiлася раўней. Я стаяў згорбiўшыся. Твар Хэры пачаў ружавець. Я яшчэ нiчога не разумеў. Мае далонi спацелi, мне здалося, што я станаўлюся глухiм: нечым мяккiм, эластычным былi забiтыя вушы, аднак я ўсё яшчэ чуў часты звон, ужо глухi, нiбыта звон трэснуў.

Хэры ўзняла павекi, нашы позiркi сустрэлiся.

«Хэры», — хацеў прамовiць я, але не мог пашавялiць губамi, нiбыта на маiм твары была мёртвая цяжкая маска; я мог толькi пазiраць.

Яе вочы агледзелi пакой, яна павярнула галаву. Было надзвычай цiха. За мной, у нейкiм iншым, далёкiм сусвеце, капала вада з незакручанага крана. Хэры паднялася на локцях. Села. Я адступiўся. Хэры сачыла за мной.

— Што? — сказала яна. — Што?.. Не… удалося? Чаму?.. Чаму ты так пазiраеш?..

I раптам яна страшна закрычала:

— Чаму ты так пазiраеш!!!

Наступiла цiшыня. Хэры паглядзела на свае рукi. Паварушыла пальцамi.

— Гэтая?.. — спыталася.

— Хэры, — прамовiў я бязгучна, аднымi губамi.

Хэры падняла галаву.

— Хэры?.. — паўтарыла яна.

Хэры марудна спаўзла на падлогу i ўстала. Пахiснулася, але ўтрымалася на нагах. Зрабiла некалькi крокаў. Усё гэта яна рабiла як загiпнатызаваная, пазiраючы на мяне сляпымi вачыма.

— Хэры? — паволi паўтарыла яна яшчэ раз. — Але… я… не Хэры. А хто я?.. Хэры? А ты, ты?!

Нечакана вочы яе расшырылiся, засвяцiлiся, ледзь прыкметная здзiўленая ўсмешка мiльганула па твары.



— Мо i ты таксама? Крыс! Мо ты таксама?!

Са страху я прыцiснуўся спiнай да шафы i стаяў моўчкi. Рукi Хэры апусцiлiся.

— Не, — сказала яна. — Не, бо ты баiшся. Але паслухай, я больш не магу. Нельга так. Я нiчога не ведала. Я i зараз нiчога не разумею. Гэта ж неверагодна? Я, — яна прыхiнула да грудзей сцiснутыя белыя рукi, — нiчога не ведаю, нiчога, я ведаю толькi адно: я — Хэры! Ты думаеш, што я прытвараюся? Не, не прытвараюся, святое слова гонару, не прытвараюся.

Апошнiя словы прагучалi як стогн. Хэры з плачам упала на падлогу. Гэты крык нешта зламаў у мяне, я падскочыў да яе, схапiў за плечы, Хэры супрацiўлялася, адштурхоўвала мяне, плакала без слёз, крычала:

— Пусцi! Пусцi! Я гiдкая табе! Я ведаю! Я не хачу так! Не хачу! Ты ж бачыш, сам бачыш, што гэта не я, не я, не я…

— Маўчы! — крычаў я, трасучы яе.

Мы абое крычалi як звар’яцелыя, стоячы адно перад адным на каленях. Галава Хэры стукалася аб маё плячо. Я з усяе моцы прыцiскаў Хэры да сябе. Раптам мы сцiхлi, цяжка дыхалi. Вада па-ранейшаму капала з крана.

— Крыс… — мармытала Хэры, уцiснуўшыся тварам у мае плячо, — скажы, што я павiнна зрабiць, каб я знiкла, Крыс…

— Перастань! — выгукнуў я.

Хэры падняла галаву, уважлiва паглядзела на мяне.

— Як?.. Ты таксама не ведаеш? Нiчога нельга зрабiць? Нiчога?

— Хэры… злiтуйся нада мной…

— Я хацела… Ты ж бачыў… Не. Не. Пусцi: я не хачу… Не дакранайся да мяне! Табе гiдка.

— Няпраўда!

— Хлусня. Павiнен гiдзiцца. Я… я сама… таксама. Калi б я магла. Калi б я толькi магла…

— Ты забiлася б?

— Ага.

— А я не хачу, разумееш? Не хачу! Я хачу, каб ты была тут, са мной, i больш мне нiчога не трэба!

Вялiзныя шэрыя вочы спынiлiся на мне.

— Як ты хлусiш… — зусiм цiха прамовiла Хэры.

Я адпусцiў яе i ўстаў. Хэры села на падлогу.

— Скажы, што мне зрабiць, каб ты паверыла? Я кажу тое, што думаю. Гэта праўда. Другой праўды няма.

— Ты не мог сказаць мне праўду. Я не Хэры.

— А хто ты?

Яна задумалася. Падбародак у яе задрыжаў. Апусцiўшы галаву, Хэры прашаптала:

— Хэры… але… але я ведаю, што гэта няпраўда. Ты не мяне… кахаў там, даўно…

— Так, — сказаў я. — Тое, што было, мiнулася. Памерла. Але тут я кахаю цябе. Разумееш?

Хэры пакруцiла галавой:

— Ты вельмi добры. Не думай, што я не магу ацанiць усё, што ты зрабiў. Ты стараўся рабiць як мага лепш, але ўсё дарэмна. Тры днi таму ранкам я сядзела каля цябе i чакала, пакуль ты прачнешся. Тады я нiчога не ведала. Мне здаецца, што гэта адбывалася даўно, вельмi даўно. Я была як звар’яцелая. У галаве стаяў нейкi туман. Я не разумела, што было раней, а што — пазней, нiчому не здзiўлялася, як пасля наркозу або пасля цяжкай хваробы. Я нават думала: мо я хварэла, а ты не хочаш мне пра тое сказаць. Але розныя факты ўсё больш i больш наводзiлi мяне на думку. Ты ведаеш, якiя факты. У мяне штосьцi мiльганула ў галаве пасля тваёй размовы там, у бiблiятэцы, з гэтым, як яго, са Снаўтам. Ты мне нiчога не захацеў сказаць, таму я ўстала ноччу i ўключыла магнiтафон. Я падманула цябе адзiн-адзiны раз, а магнiтафон я пасля схавала, Крыс. Той, што гаворыць, як яго завуць?