Страница 60 из 62
35
У тую ноч, калі «Залатое Сэрцайка» займалася тым, што пакідала між сабою і Туманнасцю Конская Галава некалькі светлавых гадоў, Зафод Біблброкс рассеўся на капітанскім мастку пад невялічкай пальмаю, намагаючыся давесці сваю галаву да ладу пры дапамозе ладнай колькасці Пангалактычнага Мазгатрушчу. Пасеўшы ў куце, Фольксваген і Трыліян абмяркоўвалі жыццё, а таксама праблемы, з ім звязаныя.
Артур пайшоў у ложак пагартаць Фольксвагенаў асобнік «Падарожнай кніжкі для аматараў Галактычнага аўтаспыну». Яму падумалася, што паколькі ён меўся тут жыць, дык яму варта лепш дазнацца пра ваколіцы.
У «Падарожнай кніжцы» ён натрапіў на адзін артыкул:
«Гісторыя ўсіх вялікіх галактычных цывілізацыяў, – казалася ў тым артыкуле, – зазвычай праходзіць праз тры выразна акрэсленыя фазы: «Выжыванне», «Зацікаўленне» і «Рафінаванне», гэтаксама вядомыя як «Як-фаза», «Чаму-фаза» і «Дзе-фаза». Да прыкладу, першая фаза характарызуецца пытаннем: «Як нам дастаць ежу?», другая: «Чаму мы мусім даставаць ежу?» і трэцяя: «Дзе мы будзем есці ланч?»
Артур не паспеў прачытаць больш, паколькі ў ягонае жыццё прарэзлівым званком прарваўся радыёгукальнік.
– Салют, зямлянін! Ты, хлопча, там не галодны? – пачуўся голас Зафода Біблброкса.
– Ну, так, духі крыху падвяло.
– Выдатна, юнача! Запраўляй у планшэты касмічныя мапы! – прамовіў Зафод Біблброкс. – Мы трымаем курс да страўні «На канцы свету».