Страница 61 из 62
Уцешны дадатак. Давід І Галіяф
...Марвін стаяў ля перахода, які на вышыні пятнаццатага паверха мастом злучаў два сумежныя хмарачосы. Срэбнае тулава робата зіхцела ў запыленых промнях сонца і трэслася ад безупынных выбухаў, што грымотна скаланалі абодва будынкі і пераход.
Не тое што Марвін быў слабы, невысокі робат – о не! – аднак, выглядаў досыць вартым жалю, асабліва цяпер, калі да яго ўсутыч пад’ехаў велізарны робат-танк, які, дарэчы, і быў прычынаю выбухаў і агульнага трасення. Спыніўшыся пасярод маста-перахода, махіна з усіх бакоў абнюхала і абмацала Марвіна нейкім адмысловым прутком. Па каторым часе пруток увабраўся назад у корпус махіны.
Марвін застаўся на месцы.
– З дарогі, жалезка! – прагрукатала махіна.
– Баюся, – адказаў Марвін, – што мяне знарок паставілі тут, каб спыніць цябе.
З махіны зноў вылез пруток і, зрабіўшы хуткую пераправерку Марвіна, схаваўся ў корпусе.
– Паставілі цябе? Спыніць мяне? – прароўла махіна. – Не смяшы...
– Святая праўда – далі такі загад, настойваў Марвін.
– І чым цябе ўзброілі?
– А вось здагадайся!
Рухавік махіны загуў, аднак яе хуткасці замерлі. Мікраскапічныя рэле ў напрузе запстрыкалі.
– Здагадацца?! – перапыталася махіна.
– Ну, давай – скулля ж здагадаешся!
– Гммммм... – выціснула з сябе махіна, ажно вібруючы ад нечаканай прапановы.- Лазеры?
Марвін самазадаволена заматаў жалезнай галавой.
– Не лазеры... – грымотна прасіпела махіна. – Так-так, надта проста.
– Промні антыматэрыі? – другім разам паспрабавала здагадацца махіна.
– От жа дзе наіўнасць! – запярэчыў Марвін.
– Сапраўды, – трохі збянтэжана пагадзілася махіна. – А як наконт электраруінізатара?
Для Марвіна гэтая назва прагучала ўпершыню.
– Якога яшчэ руінізатара?
– А вось такога! – палка прагрукатала махіна: з яе вежы шугануў востры струмень, даўшы адзін-адзіны выбліск святла. Па-за Марвінам, скалануўшы наваколле, абрынулася сценка. За якое імгненне яна ператварылася ў купу пылу. Асеўшы паўсюль, пыл хутка развеяўся.
– Не, гэтым не ўзбройвалі, – прамовіў Марвін.
– Праўда ж, лялечка? – пахвалілася махіна.
– Любата!
– Ага, не пальцам пханая. Табе трэба абавязкова затарыцца гэтым ксанціянскім дэстабілізацыйным руінізатарам.
– Ну так, цацка нішто сабе.
– Дык чым жа цябе ўзброілі? – зноў гнула на свой капыл махіна.
– Здагадвайся давай...
– А-ёй жа, – амаль безнадзейна вымавіла махіна. – Тады гэта мусіць быць...
– Паслухай, ты мысліш не ў тым кірунку, – перарваў махіну Марвін. – Забываешся ўзяць у рахубу базавыя прынцыпы ўзаемаадносінаў паміж чалавекам і робатам.
– Ну, добра-добра, – сказала махіна. – Тады гэта, напэўна...
І махіна надоўга занурылася ў развагі.
– Давай мысліць лагічна, – прапанаваў Марвін. – Людзі пакінулі на абарону гэтага будынку мяне – звычайнага, свойскага робата, каб спыніць цябе – велізарную, несаступлівую баявую махіну, і ў дадатак, самі яны далі драпака. Дык чым у такім выпадку яны маглі мяне ўзброіць?
– О-хо-хо! – устурбавана прамармытала махіна. – Пэўна, нечым страшэнна забойчым.
– Думай! – загадаў Марвін. – Думай... Дык што, здаешся?
– Здаюся, – змірылася махіна.
– Нічым, – сказаў Марвін.
Паследвала напружаная паўза.
– «Нічым»?! – прагрымела махіна.
– Абсалютна нічым не ўзброілі, – урачыста паўтарыў Марвін. – Нават кішэннага шокера не далі!
Махіна ад раз’ятранасці дробненька завібравала.
– Нічым?! – зараўла яна.- Яны што там, зусім пазбыліся чалавечага аблічча?!
– І вось ён я, – ціхім рахманым голасам працягваў Марвін, – стаю тут, у дадатак да ўсяго, з гэтым дзікім шчыменнем дыёдаў у левым баку.
– Пачуваешся ламаччам?
– Абсалютна, – прачула адказаў Марвін.
– Халера-венера, як мяне гэта ўззлавала! – заклекатала махіна. – Зараз хочацца зруйнаваць вось гэтую сценку.
Электраруінізатар яшчэ раз выплюнуў полымя і проста змёў сценку побач з махінай.
– Уяўляеш цяпер, як мне паскудна? – з горыччу прамовіў Марвін.
– Далі драпака і пакінулі цябе аднаго? – усё ляскатала махіна.
– Ага.
– Тады я зараз разбуру таксама гэтую паганую столь!
І махіна пакрышыла столь перахода.
– Уражвае, дальбог... – прамармытаў Марвін.
– А зараз уразіць яшчэ больш! – паабяцала махіна. – Бо я пабуру ў дадатак гэтую падлогу, трасца на яе!
І махіна пабурыла падлогу.
– Халера-венера-а-а! – грымела махіна, пакуль падала пятнаццаць паверхаў і разляталася ў друзачкі далёка ўнізе.
«От дзе дурная махіна», – канстатаваў Марвін і, як заўсёды, прыгнечаны, пацёгся ў сярэдзіну хмарачоса.