Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 59 из 62



34

Лятак на хуткасці большай за 17Р адымчаў іх праз стальны тунэль, што вёў да аднатоннай паверхні планеты, якой ужо надзейна апанаваў яшчэ адзін нудны ранак. На глебе згусцілася прывідная шэрасць святла.

Літара «Р» кажа пра каэфіцыент хуткасці, які мае азначэнне «разумная хуткасць падарожжа, што залежыць ад трох асноўных параметраў: чынення шкоды здароўю, пагрозы душэўнаму спакою і спазненне не больш чым на пяць хвілін». Такім парадкам, у залежнасці ад абставінаў тут магчымыя амаль бясконцыя варыяцыі, паколькі першыя два фактары залежаць не толькі ад абсалютнай хуткасці, але таксама ад таго, як павядзе сябе трэці параметр. Калі не абыходзіцца з гэтым ураўненнем з належнай памяркоўнасцю і рахманасцю, дык справа можа скончыцца стрэсам, пашырэннем язвы, ці, барані Бог, заўчаснай смерцю.

Хоць 17Р – хуткасць не фіксаваная, але ясная рэч, што гэта дужа хутка.

Сягнуўшы хуткасці 17Р (і нават трохі перавысіўшы яе), лятак даставіў падарожнікаў да «Залатога Сэрцайка», якое вытыркалася з мёрзлай глебы, усё роўна як скамянелая костка. Потым, не вагаючыся і не важдаючыся, лятак прыпусціў у бок, з якога яны прыляцелі, мабыць, па сваіх пільных справах.

Працятыя дрыготкай, чацвёра падарожнікаў стаялі і пазіралі на свой зоркалёт.

За іх спінамі стаяў яшчэ адзін.

Гэта быў патрульны зоркалёт з планеты Благулон-Капо, падобны да перакормленай акулы, зеленаваты і ўшпілены чорнымі надпісамі розных памераў, формаў і ступеняў варожасці.

Кожнага, хто наважваўся тыя надпісы прачытаць, літары інфармавалі аб паходжанні зоркалёта, да якога паліцэйскага пастарунка ён прыпісаны і куды трэба падлучаць дроты сілкавання.

Аднак нават для карабля, чый экіпаж нядаўна задыхнуўся ў задымленым пакоі колькі кіламетраў пад зямлёю, сам зоркалёт быў ненатуральна цьмяны і занадта маўклівы. Гэта можа прагучаць трохі дзіўна і неверагодна, аднак заўжды можна адчуць, калі зоркалёт абсалютна мёртвы.

Фольксваген адчуў гэта і падумаў, што гэта хавайся ў бульбу якая загадка – зоркалёт і два паліцыянты проста ўзялі і склеілі дошчачкі. Ну, што тут сказаць – такога ў Галактыцы проста не можа быць!

Трое астатнія падарожнікі таксама адчулі нешта падобнае, але яшчэ больш яны адчулі люты холад і таму паспяшаліся ў «Залатое Сэрцайка», пакутуючы на востры прыступ абыякавасці.

Фольксваген жа застаўся і пайшоў агледзець благулонскі карабель сам. Наблізіўшыся, ён малай драбніцай не спатыкнуўся на нерухомае металічнае цела, якое ляжала тварам у стылую гразюку.

– Марвіне! – загукаў Фольксваген. – Ты што тут робіш?

– Калі ласка, не звяртайце на мяне ніякай увагі, – пачулася сцішанае бубенне.

– Але, пане Жалезка, ты сам як? – не адчапляўся Фольксваген.

– Як заўсёды – у глыбокай дэпрэсіі, – адказаў Марвін.



– Як маешся?

– Вельмі маюся, аж паміраю, – адказаў Марвін.

– А чаму ляжыш тварам у гразюку? – запытаўся Фольксваген, сядаючы на карачкі побач з робатам.

– Ну, гэта ці не самы эфектыўны спосаб дасягнуць стану прыгнечанасці, – адказаў Марвін. – І, калі ласка, не трэба ўдаваць, што хочаш пагутарыць, я цудоўна ведаю, што ты мяне ненавідзіш.

– Няпраўда.

– Праўда-праўда, мяне ўсе ненавідзяць. Так ужо ўладкаваны гэты Сусвет. Як толькі я пачынаю весці гутарку з кім-небудзь, як мяне адразу пачынаюць ненавідзець. Да мяне маюць непрыхільнасць нават робаты. Калі ты пастараешся на мяне не зважаць, дык неўзабаве перастанеш адчуваць маю прысутнасць.

Ён паддамкраціў самога сябе і падняўся, гледзячы кудысці ўбок.

– Гэты зоркалёт таксама ненавідзіць мяне, -тужліва прамовіў ён, паказваючы на зоркалёт.

– Гэты зоркалёт?! – раптам узрушыўся Фольксваген. – А ты, часам, не ў курсе, што з ім сталася?

– Ён узненавідзеў мяне, бо я паразмаўляў з ім.

– Ты з ім паразмаўляў?! У сэнсе? – не зразумеў Фольксваген.

– Усё проста: я нудзіўся і дэпрэсаваў, – пачаў Марвін.- І тады я падышоў і падключыў свой кабель сілкавання да ягонага раз’ёму. Мы, так бы мовіць, счапіліся з ім языкамі, пагаманілі трохі, і за гэты час я паспеў патлумачыць ямусваё погляды і сусветабачанне.

– І што здарылася потым? – напіраў Фольксваген.

– Ён скончыў жыццё самагубствам, – адказаў Марвін і пацягнуўся да «Залатога Сэрцайка».