Страница 58 из 62
33
Аднак – от хоць ты што – канца ніяк не надыходзіла.
І тут абсалютна нечакана страляніна сціхла, і ўсталявалася раптоўная ціша, якая перарывалася здушаным булькатаннем і глухім пошумам.
Чацвёрка пераглянулася.
– Што здарылася? – запытаў Артур.
– Яны перасталі страляць, – сказаў Зафод Біблброкс, паціснуўшы плячыма.
– 3 якое прычыны?
– Ліха іх ведае. Можа, хочаш пайсці і спытаць?
– Не.
Яны сталі чакаць.
– Гэй, там! – не вытрымаў Фольксваген.
Ні гу-гу.
– Дзіўна...
– Можа, засада?
– Кемлівасці ім не хопіць.
– А што гэта быў за глухі пошум?
– Халера іх ведае.
Яны пачакалі яшчэ колькі імгненняў.
– Усё, пайду зірну, – паведаміў Фольксваген.
Ён агледзеў астатніх:
– Дык што, значыцца, ніхто не скажа: «Ой, не, Фольксвагене, не трэба табе туды хадзіць, давай лепей я замест цябе»?
Усе астатнія закруцілі галовамі.
– Ну і хай сабе, – сказаў ён і падняўся ў поўны рост.
Які момант нічога не адбывалася.
Потым. праз нейкую секунду ці блізу таго, нічога працягвала не адбывацца. Фольксваген углядаўся праз рэдкі дым, які тачыўся са спаленага камп’ютара. Фольксваген асцярожна вылез на адкрытую прастору.
І па-ранейшаму нічога не адбылося.
За метраў дваццаць праз дым Фольксваген неяк згледзеў аднаго з паліцыянтаў, апранутага ў скафандр. На адлегласці дваццаці метраў у процілеглым куце ляжаў другі паліцыянт. Нічога іншага ў поле зроку не трапляла.
Усё гэтыя дзіўноты Фольксвагена вельмі ўразілі.
Паволі, апасліва, ён пакрочыў да першага паліцыянта. Нягледзячы на набліжэнне Фольксвагена, паліцыянт зусім не зварухнуўся і працягваў ляжаць абсалютна нерухома, нават калі Фольксваген падышоў і паставіў нагу на смерцямёт, які быў па-ранейшаму заціснуты ў паліцыянцкіх пальцах.
Не сустракаючы супраціву, Фольксваген нахіліўся і падняў зброю.
Паліцыянт быў відавочна мёртвы.
Пры хуткім аглядзе выявілася, што мёртвы паліцыянт паходзіў з планеты Благулон-Капо. Ён быў метанадыхаючай формай жыцця, чыё выжыванне ў прарэджанай кіслароднай атмасферы Магратэі наўпрост залежала ад скафандра.
Выдавала на тое, што невялічкае прыстасаванне, якое кіравала забеспячэннем жыцця паліцыянта і месцілася ў ягоным заплечніку, нечакана раскалолася ад выбуху.
Фольксваген агледзеўся – яго здзіўленне толькі памацнела. Гэткія прыстасаванні заўсёды маюць поўную рэзервовую копію на галоўным бартавым камп’ютары, з якім яны злучаны субэфірнымі хвалямі. Такая сістэма можа сапсавацца ў адным-адзіным выпадку – калі знікне сувязь з караблём, што было абсалютна неверагодна.
Падбегшы да іншага цела, якое ляжала ніцма, Фольксваген выявіў, што гэтая неверагодная падзея адбылася адразу з двума паліцыянтамі, і адбылася, хутчэй за ўсё, адначасова.
Фольксваген паклікаў іншых, каб падышлі глянуць. Тыя наблізіліся: таксама ўразіліся, але засталіся абыякавыя да прычын незразумелага здарэння.
– Давайце дамо драла з гэтай дзюркі, – прапанаваў Зафод Біблброкс. – Нават калі тое, што я шукаю, знаходзіцца тут, дык трасца з ім.
Ён схапіў другі смерцямёт, спапяліў абсалютна бясшкодную ЭВМ, выбег з калідора навонкі, астатнія – за ім. Вонкі Зафод Біблброкс малай драбніцай не знішчыў летака, што чакаў іх за колькі метраў. Лятак стаяў пусты, аднак Артур успомніў, што той належыць Пердылюбібляйцу.
На прыборнай дошцы летака шпількай была прыколатая цыдулка ад Пердылюбібляйца. На цыдулцы дзядок намаляваў стрэлку, якая ўказвала на адную з кнопак на панэлі.
«Гэта, пэўна, найлепшая кнопка, якую ты можаш націснуць», – казала цыдулка.