Страница 55 из 62
– Ды не! – запярэчыў Артур. – Я хацеў сказаць «Нашто вам гэтыя пошукі трэба?»
– А-а! – скеміла мышаня Фрэнкі. – Ну, калі быць шчырым, дык думаю, мы пакрысе папрывыкалі. То ж бо: нам да вусікаў абрыдла ўсё гэтае валадаранне, і цяпер, пасля таго выпадку з гэтымі апантанымі воганамі, толькі ад думкі паўтарыць увесь цыкл развіцця, у мяне кошкі на сэрцы шкрабуцца, уцяў? У той дзень мы працавалі толькі да абеду і таму паспелі пакінуць Зямлю, а потым вярнуліся на Магратэю пры дапамозе тваіх сяброў.
– Магратэя – праход у нашае вымярэнне, – прыткнула свае тры шэлегі мышаня Бэнджы.
– І стуль, – працягваў яго пацукаваты сябрук, – мы атрымалі проста раскошную прапанову зрабіць у пяцівымеры аўтарскае ток-шоў і медыя-турнэ па нашым родным вымярэнні. Няма чаго казаць, тлустая прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца.
– Я б не адмовіўся, – мройна вымавіў Зафод Біблброкс.
– Ды з рукамі адарваў бы! – пагадзіўся Фольксваген.
Артур зірнуў на яго, узважваючы, да чаго яны хіляць.
– Але для гэтага мы мусім мець тавар на руках, уцяў? – сказала мышаня Фрэнкі. – То бок, нам па-ранейшаму да зарэзу трэба Вялікае Пытанне да Таго Самага Адказу, у той ці іншай форме.
Зафод Біблброкс нахіліўся да Артура.
– Разумееш, – сказаў ён, – калі яны будуць проста сядзець у студыі, разняволеныя і паблажлівыя, і кінуць у публіку, што даведаліся Той Самы Адказ аб Сэнсе жыцця, Сусвеце і Усім Такім, а потым ім давядзецца ўдакладніць, што гучыць ён як «сорак два», дык іхняе ток-шоў вельмі хутка завяршыцца. Ніякіх табе абгавораў і дыскусій у студыі...
– І таму нам трэба адказ, нейкая фраза, якая будзе гучаць прыстойненька, – сказаў Бэнджы.
– «Фраза, якая будзе гучаць прыстойненька?» – абурыўся Артур. – Вялікае Пытанне на Той Самы Адказ, якое «будзе гучаць прыстойненька»? Вялікае Пытанне, якое мае агучыць падчас ток-шоў пара мышэй?
Поўсць на мышыных спінках стала дыбарам.
– Не, ну, ясна: мы прыхільнікі ідэалістычных памкненняў, мы кажам «так» бязмежнай пашане да чыстага эксперыменту, «так» – пошукам навуковай праўды ва ўсіх яе праявах... Аднак гады лятуць, і настае такі момант, у які, на жаль, ты пачынаеш падазраваць, што калі тая навуковая праўда і існуе, дык яна ў тым, што ўсёй шматвымернай бясконцасцю Сусвету амаль напэўна кіруе банда вар’яцкіх маньякаў. І тут ужо «або-або»: або правесці наступныя дзесяць мільёнаў гадоў, шукаючы пацверджанне сваёй тэорыі пра маньякаў, або загрэбсці грошы і даць драпака. І другі варыянт мне больш да сэрца, – заключыла мышаня Фрэнкі.
– Але ж... – бездапаможна прамармытаў Артур.
– Гэй, зямлянін! Ты хоць сцяміў, што тут да чаго? – перарваў яго Зафод Біблброкс. – Ты прадукт апошняга пакалення гэтай камп’ютарнай матрыцы, чуеш, і ты быў на ёй да апошняга моманту яе існавання, пакуль твая планета не склеіла дошчачак, ясна?
– Э-э... – толькі і змог сказаць Артур.
– І таму твае мазгі з’яўляюцца арганічнай часткай амаль канчатковай версіі той камп’ютарнай праграмы, – дадаў Фольксваген, больш люта і бязлітасна, чым яму падалося.
– Ясна? – перапытаў Зафод Біблброкс.
– Ну-у... – толькі і змог няпэўна вымавіць Артур. Ён і не ведаў, што адчуваць сябе арганічнай часткай чаго-кольвек – абсалютна нармальная і звыклая справа (ён жа заўсёды лічыў, што гэткае адчуванне – прыкмета вар’яцтва!).
– Іншымі словамі, існуе вялікая верагоднасць таго, што Вялікае Пытанне на Той Самы Адказ зашыфравана ў тваіх мазгах, – сказала мышаня Бэнджы, якое на сваім вычварным транспартным сродку лунала па-над Артурам. – І таму мы хочам яго ў цябе выкупіць.
– Што выкупіць, пытанне? – спытаў Артур.
– Так! – адказалі Фольксваген і Трыліян у адзін голас.
– За вялікія грошы, – дадаў Зафод Біблброкс.
– Ды не, – запярэчыла мышаня Фрэнкі, – мы хочам купіць мазгі.
– Чаго?!
– Ты ж сказаў, што можаш прачытаць ягоныя мазгі пры дапамозе электронных прыстасаванняў, – запратэставаў Фольксваген.
– Так, можам, – адказала мышаня Фрэнкі, – але спярша мы мусім іх дастаць. Мазгі ж трэба падрыхтаваць.
– Апрацаваць, – дадало мышаня Бэнджы.
– Пакраіць на кавалачкі...
– Дзякуй! – закрычаў Артур, у страху адхіснуўшыся ў сваім крэсле ад стала.
– Ды іх заўсёды можна замяніць, – пераканаўча ўмаўляла Артура мышаня Бэнджы. – Калі табе гэтыя мазгі такія неабходныя.
– Ну, так, замяніць на электронныя мазгі, – сказала мышаня Фрэнкі. – Якая-небудзь базавая мадэль мазгоў – і твая праблема вырашаная.
– «Якая-небудзь базавая мадэль мазгоў»?! – заскавытаў Артур.
– Ага, – пацвердзіў Зафод Біблброкс і раптоўна нядобра ашчэрыўся. – Табе дастаткова запраграмаваць свае новыя мазгі паўтараць: «Чаго?», «Я не зразумеў» і «Дзе тут гарбата?», і дай веры – падмены ніхто не заўважыць.
– Чаго?- перапытаў Артур, гэтым разам адхінаючыся ад стала ўсё далей.
– Вось, калі ласка! Наглядны прыклад, – заўважыў Зафод Біблброкс і закрычаў ад болю, які ў гэты самы момант прычыніла яму Трыліян.
– Я заўважу, – заўпарціўся Артур.
– Дзе там! – сказала мышаня Фрэнкі. – Мы ж запраграмуем твой мозг не заўважаць.
Фольксваген узняўся і пашыбаваў у бок дзвярэй.
– Слухайце, мышы, жывёлкі мілыя, тут такая рэч... – пачаў ён. – Баюся, мы не дамовімся.
– Яшчэ як дамовімся, – хорам сказалі мышы, а з іхніх галасоў знікла ўся мульцяшная харашмянасць.
3 пранізлівым енкам іхнія падобныя да шклянак транспартныя сродкі падняліся з паверхні стала і прыпусцілі ў бок Артура, які адхапіўся назад і забіўся ў самы кут, абсалютна няздатны да супраціву.
Трыліян адчайна схапіла Артура за руку і паспрабавала зацягнуць яго ў бок дзвярэй, якія беспаспяхова сіліліся адчыніць Фольксваген і Зафод, аднак той аблёг мёртвым грузам – здавалася, яго загіпнатызавалі лятучыя шклянкі, што кружлялі вакол яго.
Трыліян прыкрыкнула на яго, аднак Артур адноў сшэрх з растуленым ротам.
Яшчэ адзін удар – і Фольксваген і Зафод расчынілі дзверы. За дзвярыма стаяў гурт дужа выродлівых людзей, у якіх можна было беспамылкова пазнаць вышыбал-магратэйцаў. Прывабнасцю не вылучаліся не толькі яны: медычны рыштунак, які яны трымалі ў руках, таксама не выклікаў прыемных пачуццяў. Бамбізы пакрысе насоўваліся.
Дык вось. Артуру збіраюцца адкаркаваць чэрап, Трыліян тут рады не дае, а Фольксвагена і Зафода хутка скруціць купка ўзброеных да зубоў бамбізаў.
Адным словам, вялікім паратункам было тое, што ўсе сірэны магратэянскай сістэмы бяспекі прарэзалі атмасферу планеты сваім віскатам.