Страница 54 из 62
31
Шырока вядома, што нядбала кінутыя фразы тояць у сабе небяспеку, аднак жа, далібог, публіка часта не ўсведамляе ўсяе глыбіні гэтай праблемы.
Да прыкладу, у тое самае імгненне, калі Артур сказаў: «Ну скажы, што за жыццё – ні куецца ні плешчацца!», у тканцы прасторава-часавага кантынууму нечакана адкрылася недарэчная чарвяточынка і адымчала прамоўленае далёка-далёка назад у часе, амаль праз усё бязмежжа касмічнага абсягу, да адной зацішнай Галактыкі, дзе вычварныя, узброеныя да зубоў істоты балансавалі на мяжы жудаснай міжзоркавай вайны.
Два кіраўнікі варожых бакоў у апошні раз сустракаліся за сталом перамоваў.
Жахлівая ціша панавала па-над тым сталом. Палкаводзец Ул’гёргскага войска – ён блішчэў чорнымі баявымі шортамі, упрыгожанымі каштоўным каменнем, – пыхліва глянуў на палкаводца Дж’дзугвунцкага ваярства (той жа лунаў у зялёнай аблачыне слодычных выпарэнняў і адчуваў за спінай падтрымку мільёна бліскучых і жудасных касмічных крэйсераў, якія па адным слове каманды былі гатовыя прынесці ворагу высакавольтную смерць), – і запатрабаваў ад свайго апанента, гэтага касмічнага выпаўзня, узяць назад словы, сказаныя наконт яго мамы.
Выпаўзень сваім рухам скалануў моташныя выпарэнні, што атачалі яго, і ў гэтае самае імгненне словы: «Ну скажы, што за жыццё – ні куецца ні плешчацца!» – праплылі па-над сталом перамоваў.
На вялікі жаль, па-ўл’гёргску гэтая фраза – найпякельнейшая лаянка, якую толькі можна сабе ўявіць, і варожым бакам не засталося нічога, як на стагоддзі працягнуць смертазабойчую вайну.
Па каторым часе пасля таго як большая частка тамтэйшай Галактыкі пакрышылася ў друзачкі, высветлілася, ясная рэч, што ўвесь вэрхал з абразай не варты і грызенай рэпы, і тады два варожыя касмафлоты, залагодзіўшы свой канфлікт, задзіночылі свае парадкам пашкуматаныя шэрагі з мэтаю нанесці агульны ўдар ужо па нашай Галактыцы, якая, як урэшце выявілася, і была крыніцай абразлівай заўвагі.
Яшчэ праз якую тысячу гадоў магутныя зоркалёты прадраліся праз пустэльныя абсягі космасу і ўрэшце з ваяўнічым воклічам абрынулі ўсю сваю збройную моц на першую-лепшую планету нашай Галактыкі – а ёй абсалютна выпадкова сталася Зямля. На Зямлі ж, дзякуючы жудасным памылкам у вылічэнні маштабаў, цэлы баявы флот прыхадняў з космасу незнарок праглынуў невялічкі цюцька.
Тыя, хто вывучае складаны суплёт і ўзаемны ўплыў прычынаў і наступстваў у гісторыі Сусвету, зазначаюць, што пададзеныя вышэй выпадкі надараюцца спрэс і штохвіліны, але ж мы не ў стане іх пазбегнуць.
– Што паробіш – жыццё, – кажуць тыя навукоўцы.
Пасля невялічкага падарожжа на летаку Артур і Пердылюбібляйц апынуліся ля нейкіх дзвярэй.
Яны вышлі з летака і наблізіліся да дзвярэй, што вялі ў пачакальню, поўную журнальных столікаў са шклянымі стальніцамі, і чые сценкі былі ўвешаныя ганаровымі граматамі, узятымі пад аргшкло. Амаль імгненна па-над дзвярыма ў процілеглым баку пакою запалілася святло. Яны зайшлі.
– Артуру, ты жывы! – пачуўся нечы голас.
– Няўжо?! – хутчэй спалохаўся, чым адрэагаваў на рэпліку Артур. – Ну, жывы дык жывы.
Асвятленне сляпіла вочы, і таму мінула каторая секунда, перш чым ён згледзеў Фольксвагена, Трыліян і Зафода Біблброкса. Яны сядзелі пры даўжэзным стале, шчодраўстаўленым дзіўнымі стравамі: няўцямнымі слодычамі і вычварнай садавіной – ды трускалі за абедзве шчакі.
– Што з вамі здарылася? – хацеў ведаць Артур.
– Ну... – пачаў Зафод Біблброкс, налягаючы на смажаную на вуглях рульку. – Гаспадары затуманілі нашыя мазгі газам, сцёрлі памяць – адным словам, тварылі з намі не разбяры-бяры што. І вось цяпер яны ў якасці кампенсацыі частуюць нас ад шчырага сэрца.
– На, пакаштуй вегетарыянскую катлетку з насарожаніны, – дадаў ён. – Ласы кавалак. Вядома, калі табе да душы такія прысмакі.
– Гаспадары? – перапытаў Артур. – Якія ‘шчэ гаспадары? Не бачу я ніякіх гас...
– Ласкава запрашаем на перакусон, зямлянін! – пачуўся таненькі галасок.
Артур азірнуўся і ўскрыкнуў:
– Фу! Мышы на стале!
Усе шматзначна паглядзелі на Артура, і ў пакоі ўсталявалася няёмкая ціша. Ён утаропіўся на дзвюх белых мышэй. Яны сядзелі ў ёмістасцях, якія нагадвалі шклянкі з-пад віскі. Артур пачуў маўчанне і азірнуўся на сваіх спадарожнікаў.
– Ой! – раптам скеміў ён. – Ой! Я прашу прабачэння, я быў не гатовы да...
– Давай я цябе пазнаёмлю, – сказала Трыліян. – Гэта мышаня Бэнджы.
– Салют! – сказала адна з мышэй.
Яе вусікі дакрануліся, мусіць, да адчувальнай на дотык клавіятуры, што, пэўна, знаходзілася знутры шклянкі, і тая крыху пасунулася наперад.
– А гэта мышаня Фрэнкі.
– Рады пазнаёміцца, – павіталася другое мышаня і таксама трохі пасунула сваю шклянку наперад.
Артур адступіў.
– Дык гэта тыя...
– Так, – адказала Трыліян, – гэта тыя мышы, якіх я ўзяла з Зямлі.
Яна зазірнула яму ў вочы, і Артуру падалося, што яна сарамліва прызналася, маўляў, я і сама нічога не разумею.
– Ці не меў бы ты ласку перадаць вось тую місу з тоўчанай мегаасляцінай? – папрасіла Трыліян.
– Э-э, выбачайце... – Пердылюбібляйц з ветлівасці кашлянуў.
– А, сапраўды! Дзякуй, Пердылюбібляйцу, ты можаш ісці, – сказала мышаня Бэнджы.
– Га?.. Э-э, добранька... – адказаў Пердылюбібляйц, падаючыся крыху назад. – Тады я сапраўды пайду – хацелася давесці да ладу пару-тройку ф’ёрдаў.
– Ат, хутчэй за ўсё табе больш не трэба будзе тут завіхацца, – сказала мышаня Фрэнкі. – Выдае на тое, што новая Зямля нам больш не спатрэбіцца.
Мышаня павяло з боку на бок сваімі ружовымі вочкамі:
– Прынамсі, не спатрэбіцца цяпер, калі мы адшукалі тубыльца, які знаходзіўся на планеце за лічаныя секунды перад ейным руйнаваннем.
– Вы што, сур’ёзна?! – абурыўся Пердылюбібляйц. – У мяне ўжо тысячу ледавікоў стаяць адбалансаваныя і гатовыя для ўсталявання на афрыканскім мацерыку.
– Ну, можа быць, перад дэмантажом ледавікоў ты яшчэ паспееш пакатацца па іх на лыжах, – з’едліва заўважыла мышаня Фрэнкі.
– Вы што, здзекуецеся – якія катанні?! – працягваў злавацца Пердылюбібляйц. – Гэтыя ледавікі – рукатворныя шэдэўры! Дзіўныя выгіны, вытанчанае хараство спічастага лёду, шляхетныя цясніны! Катацца па такіх творах мастацтва – блюзнерства і здзек!
– Дзякуй, Пердылюбібляйцу, ты ўсё сказаў, – сувора перарвала яго мышаня Бэнджы.
– Так ёсць, камандзіру! – холадна адказаў Пердылюбібляйц. – Дзякуй вялікі за ўсё. Ну, да пабачэння, зямлянін! – звярнуўся ён да Артура. – Спадзяюся, у цябе ўсе будзе кавацца і пляскацца.
Хапатліва кіўнуўшы на развітанне рэшце кампаніі, Пердылюбібляйц павярнуўся і панура выйшаў з пакою.
Артур глядзеў яму ўслед, не ведаючы, што тут сказаць.
– А цяпер будзьма думаць, – вымавіла мышаня Бэнджы.
Пачуўшы гэтыя словы, Фольксваген і Зафод Біблброкс стыкнулі свае чаркі.
– Будзьма!!! – грымнулі яны.
– Выбачайце, што? – не зразумеў Бэнджы.
Фольксваген азірнуўся:
– Я думаў, вы тост прапанавалі.
Два мышаня нецярпліва заварушыліся ў сваіх шкляных транспартных сродках. Урэшце яны сабраліся з сіламі, і мышаня Бэнджы падалося наперад, каб пагаварыць з Артурам.
– Дык вось, зямлянін,- сказала мышаня Бэнджы. – Сітуацыя такая: як ты ведаеш, у апошнія дзесяць мільёнаў гадоў менавіта мы збольшага кіравалі тваёй планетай, маючы на мэце знайсці гэтае Тое Самае Пытанне да Таго Самага Адказу, хай яго няхай.
– Навошта? – рэзка запытаў Артур.
– Не-а, мы ўжо абмяркоўвалі гэты варыянт,- уплішчылася ў размову мышаня Фрэнкі. – Але ён не пасуе да адказу. Пытанне: «Навошта?» Адказ: «Сорак два». Бачыш – не падыходзіць.