Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 51 из 62



29

– Зафодзя! Прачынайся!

– Мммммээээўўўў?

– Давай, падымайся, хопіць спаць!

– Калі ласка, давер спаннё спецу, згода? – прамармытаў Зафод і, адвярнуўшыся да сценкі, працягнуў дрыхнуць.

– Дык, можа, задаць спецу перцу з імберцам? – пацікавіўся Фольксваген.

– А табе гэтага хочацца? – запытаў Зафод прыспаным голасам.

– Не.

– І мне не хочацца. Дык нашто тады? Хопіць назаляць ужо! – Зафод Біблброкс скруціўся ў клубок.

– Ён атрымаў падвойную дозу газу, – сказала Трыліян, пазіраючы на Зафода згары долу. – У яго ж два горлы.

– ...І хопіць трындоліць! – дадаў Зафод Біблброкс. – Заснуць проста немажліва. Грунт на гэтай планеце нейкі халодны і мулкі.

– Бо залаты, – сказаў Фольксваген.

3 неверагодным спрытам балеруна Зафод Біблброкс ускочыў на ногі і стаў узірацца за лінію далягляду, бо нагэтулькі далёка разлягалася залатая паверхня, абсалютна гладкая і непарыўная. Яна зіхцела ўсё роўна як... Досыць цяжка патлумачыць, усё роўна як што тая паверхня зіхцела, бо нічога ў цэлай Галактыцы не зіхціць усё роўна як планета, зробленая з чыстага золата.

– Хто гэта сюды прыцягнуў?! – заверашчаў Зафод Біблброкс, вытарашчаўшы вочы.

– Ціху, без нерваў! – сказаў Фольксваген Гольф. – Гэта ўсяго толькі каталог.

– Ката... што?

– Каталог, – паўтарыла Трыліян. – Ілюзія.

– Ды што ты такое кажаш?! – не сунімаўся Зафод Біблброкс, паваліўшыся на карачкі і ўткнуўшы вочы долу. Ён тыцнуў зямлю пальцамі. Яна была вельмі цяжкая і крыху мяккаватая – можна было пакінуць на ёй след пазногцем. Яна была вельмі жоўтая і вельмі зіхоткая. і калі Зафод Біблброкс дыхнуў на дол, дык ягонае дыханне выпарылася вельмі адметным шляхам – гэтак выпараецца дыханне з чыстага золата.

– Трыліян і я апрытомнелі трохі раней, – патлумачыў Фольксваген. – Мы крычалі і гукалі, пакуль не прыйшлі нейкія людзі, потым мы працягвалі крычаць і гукаць, ажно пакуль ім не надакучыла і яны не паставілі нас на сваім каталогу планет, каб мы не турбавалі іх у час іхняга абедзеннага адпачынку. Усё, што ты бачыш наўкола, робіць прыбор з назвай удавальнік.

Зафод глянуў на яго з горыччу.

– Халера-венера! – вылаяўся ён. – Вы разбудзілі мяне з майго дасканалага сну, а наўзамен упіхваеце чужыя мроі.

– Мы разбудзілі цябе толькі цяпер, бо папярэдняя планета была па калена ў рыбе, – дадала Трыліян.

– У рыбе?

– Некаторым людзям падабаюцца ўсялякія дзіўноты.

– А да рыбнай мы адведвалі плацінавую планету.

Нуднаватая трохі. Нам падумалася, што, можа, табе спадабаецца залатая.

Вакол, як кінуць вокам, расцілалася суцэльнае зіхценне.

– Хараство ж якое, – прабурчаў Зафод Біблброкс.

У небе з’явілася вялізная каталогавая лічба. Яна блішчэла і мяняла выгляд, а калі яны азірнуліся, дык наўкола зноў расцілаўся звычайны дол.



– Вой! – сказалі ўсе ў адзін голас.

Марская роўнядзь адлівала пурпурам. Пляж, на якім апынуліся вандроўнікі, быў ушпіляны жоўтымі і зялёнымі каменьчыкамі, з усяго відаць, страшэнна каштоўнымі. Горы на даляглядзе здаваліся пакатымі пагоркамі з чырвонымі ўзвышшамі. Зусім поруч стаяў пляжны столік, зроблены з чыстага срэбра, а побач тырчаў стракаты, ружова-ліловы, сонечны парасон бэзавага колеру, аздоблены махрой і кутасікамі.

У небе на замену каталогаваму нумару загарэўся вялізны надпіс:

«КУПЛЯЙЦЕ МАГРАТЭЯНСКАЕ!»

І потым пяцьсот абсалютна аголеных парашутыстак выскачылі з аблокаў.

Праз які момант усё знікла, і застаўся толькі веснавы выган. запоўнены статкам кароваў.

– Ой, мае мазгі! – запрычытаў Зафод Біблброкс.

– Ну, давай. кажы ўсё шчыра, – прамовіў Фольксваген.

– Дык вось, – пачаў Зафод Біблброкс, і ўсе трое селі, перастаўшы зважаць на ўсё новыя дэкарацыі, што паўставалі і знікалі вакол іх.

– Я зразумеў: што б там ні здарылася з маім мозгам, гэта зрабіў я. І зрабіў такім чынам, што ніякі аналіз, зыніцыяваны Галактычным Урадам, не ў стане мае ўмяшанні выявіць. І, ясная рэч, сам я пра свае ўмяшанні таксама нічога не ведаю... Я ж лухту вярзу?

Астатнія двое кіўнулі на знак згоды.

– Дык скажыце, напрамілы Бог, што такога сакрэтнага я ведаю, што не адкрываю нікому: ні Галактычнаму Ураду, ні нават сабе самому. Адказ на гэта мусіць быць: «Я не ведаю што». Далібог. Але я супаставіў факты і пачаў кеміць, што тут да чаго... Вось калі я пастанавіў балатавацца ў Прэзідэнты Галактыкі? Неўзабаве пасля смерці Прэзідэнта Юдэна Варанкса... Ты, Фольксвагене, памятаеш Юдэна?

– Памятаю, – адказаў Фольксваген. – Гэта той мужык, якога мы сустрэлі, калі былі дзецьмі. Капітан зоркалёта, газападобны арктурыянін. Ён даў нам пражаных каштанаў, калі ты праламіў уваходны люк у ягоны мегакарабель. Ён яшчэ казаў, што ты самы дзівосны хлопчык, якога ён толькі бачыў.

– Вы пра што? – запытала Трыліян.

– То даўняя гісторыя, – сказаў Фольксваген. – Мы гадаваліся разам на Бетэльгейзэ. Арктурыянскія мегакараблі займаліся перавозкамі аб’ёмных грузаў паміж галактычным Цэнтрам і зацішнымі закуткамі Сусвету. Бетэльгейзіянская гандлёвая выведка шукала для іх новыя рынкі збыту, каб паводле іхняй наводкі арктурыянцы змаглі дастаўляць туды сваю прадукцыю. Піраты былі тады істотнай праблемай (потым іх усіх павынішчалі ў бітве ля Фіялетавай Вады), і таму кожны мегакарабель аснашчалі ўсімі перадавымі абарончымі сродкамі, вядомымі галактычнай навуцы. Мегакараблі былі злавеснымі махінамі, вялізныя што жах. Трапіўшы на арбіту якой-небудзь планеты, яны маглі спрычыніцца да сонечнага зацьмення.

Фольксваген зрабіў паўзу.

– Аднойчы малы Зафодзя вырашыў скрасці адзін такі мегакарабель. І намысліў здзейсніць гэта на трохтурбінным аэраскутары, распрацаваным для работ у стратасферы. Ён быў такая мартышка-гарэза! А дакладней, дурная малпа. Я паехаў з Зафодзем, бо пайшоў з ім жа ў заклад, што ён гэтага не зробіць, і таму не хацеў, каб ён ашукаў мяне і прынёс фальшывыя доказы свайго ўчынку. І што здараецца? Мы сядаем на трохтурбіннік, на якім Зафод паставіў магутны рухавік, агорваем тры парсекі за якія пару-тройку тыдняў, урываемся на мегакарабель – аж я дагэтуль не разумею якім чынам, – праходзім на капітанскі масток, махаючы цацачным бластарамі і патрабуем ад тамтэйшага капітана, якога звалі Юдэн Варанркс, пражаных каштанаў. Больш недарэчнае і ідыёцкае патрабаванне ўявіць цяжка. Усё гэта каштавала мне пазбаўлення кішэнных на цэлы год. І за што? За каштаны.

– А той капітан, гэты Юдэн Варанкс, – штосьці неверагоднае, – прамовіў Зафод Біблброкс. – Пакарміў нас, наліў па пяцьдзясят – усе гэтыя дзіўныя трункі з розных куткоў Галактыкі – трактаваў купу пражаных каштанаў, вядома. і мы файна прабавілі час. Потым ён тэлепартаваў нас назад. У самае змрочнае крыло бетэльгейзіянскай дзяржаўнай турмы, тое, у якім узмоцненая ахова. Шырокай душы быў чалавек.. Зрабіўся потым Прэзідэнтам Галактыкі.

Зафод Біблброкс зрабіў паўзу.

Наваколле запанурылася. Паўсюль кружляў чорны туман, абрысы чагосьці мядзведзеватага і нязграбнага цьмяна хаваліся ў ценях. Паветра час ад часу напаўнялася галасамі ілюзорных істотаў, якія выбівалі духі з іншых ілюзорных істотаў. Па гэтай планеце з каталога можна было зрабіць выснову, што шмат каму з замоўцаў падобныя пошумы прыпадаюць да сэрца.

– Фольксвагене, – ціхутка звярнуўся да Гольфа Зафод Біблброкс.

– Ага?

– Перад самай смерцю Юдэн прыйшоў да мяне.

– Чаго?! Ты ніколі не распавядаў.

– Не распавядаў...

– І што ён сказаў? Навошта прыходзіў да цябе?