Страница 49 из 62
27
У працоўным кабінеце Пердылюбібляца панаваў вэрхал – усё роўна як пасля выбуху бомбы ў публічнай бібліятэцы. Калі яны зайшлі ў сярэдзіну, Пердылюбібляйц спахмурнеў.
– Жудасная аварыя – у адным з камп’ютараў, які забяспечвае жыццёвую дзейнасць, згарэў дыёд. Калі мы паспрабавалі ўключыць нашыя прылады для прыбірання, дык выявілі, што яны ўжо трыццаць тысяч гадоў як зламаліся... Хто ж целы прыбірацьме, хацелася б дазнацца?.. Слухай, а чаму б табе не сесці вунь на гэтае крэсла і не дазволіць мне цябе ўвамкнуць?
Ён жэстам указаў на крэсла, што выглядала быццам зробленае з грудзіны стэгазаўра.
– Яно зробленае з грудзіны стэгазаўра, – патлумачыў Пердылюбібляйц. Гаворачы гэта, ён рабіў млявыя намаганні вычапіць кавалкі нейкага дроту з-пад хісткіх стосаў паперы і якіясьці малявальныя прылады.
– Вось, вазьміся за іх! – загадаў Пердылюбібляйц Артуру, працягнуўшы два канцы аголенага дроту.
У той самы момант, калі Артур схапіў драты, проста праз ягонае цела прашылася нейкая птушка.
Артур адчуў, як пухка ўзлятае ў паветра і робіцца абсалютна нябачным самому сабе. Пад ім разлягаўся зграбны пляц, аточаны дрэвамі. Наколькі акінуць вокам, з усіх бакоў высіліся белыя бетонныя будынкі, разложыстыя і вытанчаныя. Хіба некаторыя з іх былі ўжо не новыя – шмат якія карпусы пабітыя расколінамі і заплямленыя злівамі. Аднак сёння зіхцела сонца, гуллівы ветрык злёгку гайдаў галіны дрэваў, ад будынкаў сыходзіў нейкі пошум, пэўна, вынікала ад таго, што да пляцу і ўсіх вакольных вулак, як вада, плыў гаманлівы, узрушаны натоўп. Дзесьці граў музычны гурт. Ад павеваў ветрыка трапяталіся пярэстыя сцягі, а паветра брыняла атмасферай карнавалу.
Лунаючы амаль бясплотнай зданню па-над усім гэтым, Артур адчуў самоту. Аднак датуль як ён паспеў занурыцца на гэты конт у рэфлексію, па-над пляцам пракаціўся голас, які папрасіў грамадскай увагі.
Праз гукальнік да людзей звяртаўся мужчына. Ён стаяў на раскошна ўбраным памосце перад пабудовай, што яўна дамінавала на плошчы.
– Народзе, які чакае ў цені Глыбакадумнага! – звярнуўся да натоўпу мужчына. – Вельмі шаноўныя нашчадкі Фрумвондэля і Амфібія, Найвялікшыя і Самыя вартыя галовы, якіх толькі ведаў Сусвет! Час Чакання скончыўся!
Натоўп узняў шквальны гул ухвалы. Сцягі, вымпелы, радасны свіст залуналі ў паветры. Прылеглыя да пляца завулкі нагадвалі шматножку, якая перакулілася на спіну і шалёна дрыгае ў паветры сваімі канцавінамі.
– Сем з паловаю мільёнаў гадоў нашая раса чакала гэты Вялікі і Шматабяцальны Дзень Прасвятлення! – закрычаў прамоўца-агітатар. – Дзень Таго Самага Адказу!
Грымотнае «ўра!» сарвалася з вуснаў захопленай публікі.
– Больш ніколі, – працягваў драць глотку прамоўца, – мы не будзем прачынацца, стурбаваныя думкамі: «Хто я?», «У чым сэнс жыцця?», «Ці ж нешта зменіцца ў планетарных маштабах, калі я не падымуся гэтым ранкам з ложка і не пайду на працу?» Сёння раз і назаўжды мы ўрэшце атрымаем просты і ясны адказ на ўсе гэтыя назольныя пытаннечкі пра Сэнс Жыцця, Сусвет і Усё Такое!
Пасля таго як натоўп зноўку выбухнуў эмоцыямі, Артур адчуў, што слізгае ў паветры і спускаецца да аднаго вялікага, раскошнага акна на першым паверсе пабудовы. Пабудова знаходзілася за памостам, з якога прамоўца звяртаўся да публікі.
Заплываючы проста ў акно, Артур на хвілю запанікаваў. Аднак паніка мінула, калі праз якую секунду ён адчуў, што прашыўся праз зробленую з цвёрдага шкла шыбу, яўна з ёю не сутыкнуўшыся.
Ніхто ў пакоі не заўважыў ягонага, такога нестандартнага, прыходу – яго ўсё роўна як не было. Ён ужо пачаў здагадвацца, што навакольныя падзеі – відэазапіс, які шасціканальна праектуецца ў яго мозг.
Пакой быў збольшага такі самы, як яго апісаў Пердылюбібляйц. За сем з паловаю мільёнаў гадоў яго як след даглядалі і прыблізна што стагоддзе прыбіралі і мылі. Панэль з ультрачырвонага дрэва паспела абслізгацца па беражку, кілім крыху выцвіў, але вялікі камп’ютарны працэсар у сваім глянц-парадку ўзвышаўся на скуры, якая абцягвала верх панэлі, гэтак, нібыта яго зрабілі ўчора.
Два строга апранутыя чалавекі самавіта занялі свае месцы перад працэсарам і сталі чакаць.
– Час амаль што прыспеў, – сказаў адзін, і Артур са здзіўленнем заўважыў, што ў прарэджанай карцінцы ля шыі прамоўцы раптам матэрыялізавалася два словы. Словы былі «сп. Ланквілоўскі». Паміргалі пару разоў і зніклі без следу. Да таго, як Артур паспеў перастрававаць убачанае, загаварыў другі мужчына, і словы «сп. Пшык» з’явілася ўжо ля ягонай шыі.
– Семдзясят пяць тысяч пакаленняў таму нашыя прашчуры запусцілі гэтую праграму, – сказаў другі мужчына. – І за ўсе гэтыя мільёнагоддзі мы зробімся першымі, хто пачуе, як камп’ютар прамаўляе.
– Здурнець можна, Пшыку, – згадзіўся першы чалавек. і знянацку да Артура дайшло, што ён глядзіць відэазапіс з субтытрамі.
– Мы зробімся першымі, хто пачуе Той Самы Адказ, – прамовіў Пшык. – Адказ на Вялікае Пытанне пра Сэнс Жыцця...
– Сусвет, – дадаў Ланквілоўскі.
– І Усё Такое!..
– Ціху! – засычэў Ланквілоўскі, дапамагаючы сабе жэстам. – Здаецца, Глыбакадумны будзе гаварыць!
На імгненне запанавала ціша, падчас якой панэль кіравання, што знаходзілася перад працэсарам, стала паволі вяртацца да жыцця. Загарэліся і зноў патухлі лямпачкі, выпрабоўваючы ўласныя сілы і наструньваючыся на працоўны лад. 3 камунікатыўных каналаў данёсся далікатны погуд.
– Добры дзень, – нарэшце павітаўся Глыбакадумны.
– Э-э... Дабрыдзень, о Глыбакадумны, – усхваляваным голасам вымавіў Ланквілоўскі. – Дык ці маеш ты той самы... э-э...
– Адказ? – велічна перапыніў яго Глыбакадумны. – Так, маю.
Двух мужчын працяла дрыготка нецярплівасці. Недарма яны чакалі!
– Той Самы Адказ? – выдыхнуў Пшык.
– Туды Самей няма куды, – запэўніў Пшыка Глыбакадумны.
– Адказ пра Усё Такое?.. Адказ на Вялікае Пытанне пра Сэнс жыцця, пра Сусвет і Усё Такое?
– Так.
Абодва мужчыны былі напагатове. Іх папярэдняе жыццё было адным доўгім падрыхтоўчым курсам: адразу пасля нараджэння іх адмыслова абралі на гэтую ролю, каб яны зрабіліся дыпламаванымі сведкамі гэтага імгнення. Але – от хоць ты што: калі тое імгненне настала, ім абодвум проста заняло мову. Ланквілоўскі і Пшык пачуваліся не раўнуючы як усхваляваныя першакласнікі.
– І ты гатовы даць яго нам? – выціснуў з сябе Ланквілоўскі.
– Гатовы, – адказаў Глыбакадумны.
– Зараз?
– Зараз.
Абодва мужчыны аблізнулі перасохлыя губы.
– Але мне падаецца, што вам ён не спадабаецца, – дадаў Глыбакадумны.
– Пляваць! – загарачыўся Пшык. – Нам трэба яго ведаць! Зараз жа!
– Зараз? – перапытаў Глыбакадумны.
– Так, зараз!
– Ну, добра, – пагадзіўся камп’ютар і зноў заглыбіўся ў моўчу. Мужчыны засоўгаліся ад нецярплівасці. Іх пачуцці напяліся дазвання.
– Вам ён, праўда, не спадабаецца, – зноў заўважыў Глыбакадумны.
– Кажы ўжо!
– Добра, – сказаў Глыбакадумны. – Той Самы Адказ на Вялікае Пытанне...
-Так!
– ... пра Сэнс Жыцця, пра Сусвет і Усё Такое... – працягваў Глыбакадумны.
– Так!!!
– ...Вось такі... – вымавіў Глыбакадумны і зрабіў паўзу.
– Давай!!!!!!!
– Такім чынам...
– Ну?!!!!!
– Сорак два, – з бязмежнай веліччу вымавіў Глыбакадумны і замаўчаў.