Страница 48 из 62
26
– Страшэнна павучальная гісторыя, – падаў голас Артур, пасля красамоўнага аповеду Пердылюбібляйца. – Але я не сцяміў, якое дачыненне яна мае да Зямлі, мышэй і ўсяго астатняга?
– Гэта толькі палова гісторыі, зямлянін, – сказаў Пердылюбібляйц. – Калі ты хочаш даведацца, што адбылося праз сем з паловаю мільёнаў гадоў, у Дзень Таго Самага Адказу, дык ласкава запрашаю ў мой працоўны кабінет, дзе ты можаш перажыць падзею на маім 100D-плэеры. Або зноў жа, калі ты захочаш, замест прагляду плэера мы можам зрабіць шпацыр па паверхні Зямлі-2. На жаль, яна пакуль што не завершаная – мы яшчэ не закончылі закопваць у зямную кару штучныя шкілеты дыназаўраў, а потым яшчэ пакладзем пласты траццёвага і апошняга перыядаў Цэназойскай эры.
– Не, дзякуй, – сказаў Артур. – Не думаю, што яна будзе кропля ў кроплю як першая Зямля.
– Дазволь з табою не пагадзіцца, – адказаў Пердылюбібляйц. – Зямля-2 будзе кропля ў кроплю і пясчынка ў пясчынку як Зямля-1. – Ён развярнуў лятак і накіраваў яго да неймавернага муру.