Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 47 из 62



– Вы хто? – перапытаў узлаваны Ланквіл, падымаючыся з крэсла. – Што вам трэба?

– Я Амфібій, – абвесціў старэйшы.

– А я настойваю, што я Фрумвондэль! – заверашчаў маладзейшы.

Амфібій павярнуўся да Фрумвондэля.

– Цішэй! – гняўліва загаварыў ён. – Табе не абавязкова на гэтым настойваць.

– Рацыя! – заверашчаў Фрумвондэль, пляснуўшы па першай-лепшай панелі. – Я Фрумвондэль, і на гэтым я не настойваю, а канстатую відавочны факт! Мы настойваем і патрабуем відавочных фактаў.

– Не, нам няма чаго на іх настойваць, – раздражнёна перапыніў яго Амфібій. – Вось іх мы якраз і не патрабуем.

Ледзьве паспеўшы зрабіць уздых, Фрумвондэль загаласіў ізноў:

– Мы не настойваем на цвёрдыхфактах, а настойліва патрабуем адсутнасці цвёрдых фактаў! Я настойваю, што магу быць ці магу не быць Фрумвондэлем!

– Хто вы, халера-венера, такія? – выгукнуў раз’ятраны Фук.

– Мы – філосафы,- адказаў Амфібій.

– А раўназначна можам імі не быць, – дадаў Фрумвондэль, пагрозліва махаючы пальцам у бок праграмістаў.

– Не, мы адназначна філосафы, – настойваў Амфібій. – Мы цалкам акрэсленым парадкам знаходзімся тут у якасці прадстаўнікоў Хеўрасаюза, амальгамнага задзіночання філосафаў, мудрацоў, асветнікаў, светачаў ды іншых мыслярных асоб. І мы патрабуем, каб гэтую махіну вымкнулі, і зрабілі гэта зараз жа!

– А што такое? – пацікавіўся Ланквіл.

– Я скажу вам, хлопцы, што такое, – прамовіў Амфібій. – Катлеты – асобна, мухі – асобна, вось што такое!

– Мы настойваем, – загалёкаў Фрумвондэль, – каб размежаванне паўнамоцтваў увялі – ці не ўводзілі – у ранг праблемы!

– Вам толькі можна даваць махіне падлічваць усякае-рознае, – дадаў Амфібій. – А вось мы, з вашае вельмі ласкавае згоды, заапекуемся нязменнымі ісцінамі. Але вы ж, хлопцы, пэўна, хочаце запытацца, што там з прававымі нормамі? Я скажу вам. Дык вось, паводле Закона аб Праўдзе, пошук ісціны – прэрагатыва вашых пакорных служак, ударнікаў разумовай працы. А кожнаму электроннаму тарантасу, які будзе шукаць і ўрэшце тую ісціну знойдзе, мы адаб’ем ягоныя электронныя пячонкі... Пра што гэта я? Якая рацыя ў нашых сядзеннях да цёмначы і ў зацятых філасофскіх спрэчках, што можа быць Усявышнім, а што – не, калі ні з пушчы ні з поля з’яўляецца гэтая махіна са сваімі лічбавымі махінацыямі ды наступным ранкам проста выплёўвае адказ з электроннага чэрава?!

– Слушна! – загарлаў Фрумвондэль. – Мы патрабуем спыніць гвалтоўную аўтаматызацыю ў гал і не сумненняў і нявызначанасці!

Раптам грымотны голас скалануў сцены рубкі.



– Ці можна на гэтым этапе зрабіць заўвагу? – запытаўся Глыбакадумны.

– Усё, мы абвяшчаем страйк! – загаласіў Фрумвондэль.

– Ага, страйк! – сугучна яму гарлаў Амфібій. – Вы такі атрымалі ўсе галактычны страйк філосафаў!

Узровень шуму скокнуў у надхмар’і, калі запрацавала колькі дадатковых басовых узмацняльнікаў. Яны былі ўштукаваныя ў разьбяныя і лакаваныя аўдыёкалонкі па перыметры рубкі і заглушылі галасы філосафаў тым, што дадалі Глыбакадумнаму крышачку больш магутнасці.

– Я толькі хачу сказаць, – прагрымеў камп’ютар, – што мае схемы пачалі незваротна рыхтаваць Той Самы Адказ на Вялікае Пытанне пра Сэнс Жыцця, пра Сусвет і Усё Такое.

Ён зрабіў паўзу і, задаволена адзначыўшы сам сабе, што здолеў дабіцца грамадскай увагі, працягнуў ужо цішэйшым голасам.

– Але вылічэнне Пытання патрабуе трошачкі часу.

Фук з нецярплівасцю зіркнуў на гадзіннік.

– Колькі?

– Сем з паловай мільёнаў гадоў, – адказаў Глыбакадумны.

Лунквіл і Фук пераглянуліся, заміргаўшы.

– Сем з паловай мільёнаў гадоў! – выгукнулі яны ў адзін голас.

– Так, – пацвердзіў Глыбакадумны. – Трэба ж усё абдумаць як след? Тут мне прыйшло да працэсара, што гэтае чаканне створыць неверагодную шумечу вакол усёй філасофскай навукі. Усе завядуць свае ўласныя тэорыйкі наконт таго, як будзе гучаць мой адказ, і будуць ісці ў заклад, хто разумнейшы: філосафы ці камп’ютар? Тым жа часам на рынку ідэй верхаводзіць будзеце вы. Прытыкаючы спрэс і паўсюль свае тры грошыкі, выказваючы апанентам сваё канцэптуальнае «фэ», даючы адзін аднаму ў прэсе інтэлектуальнага прачуханца, намнажаючы і намнажаючы сабе духоўных спадкаемцаў і заўзятых паслядоўнікаў, вы будзеце жыць паўнакроўным жыццём філасофскай эліты. Як вам такі варыянт?

Два філосафы зіркнулі на камп’ютар.

– Халера-венера! Вось што я называю глыбокім думаннем! – усцешыўся Амфібій. – Фрумвондэлю, і чаму мы не дабралі розуму раней?

– А космас яго ведае, – адказаў Фрумвондэль драматычным шэптам. – У нас, відаць, ператрэніраваныя мазгі, даражэнькі Амфібію.

Кажучы гэта, яны павярнуліся на абцасах і выйшлі за дзверы, дзе іх чакала жыццё, якое яны бачылі толькі ў сваіх самых смелых мроях.