Страница 46 из 62
25
Ясная рэч – жыццё родзіць процьму пытанняў, самыя папулярныя сярод якіх: «Чаму людзі нараджаюцца?», «Чаму яны паміраюць?» і «Чаму паміж наражэннем і смерцю яны бавяць да халеры часу з электроннымі гадзіннікамі на руках?»
Шмат-шмат мільёнаў гадоў таму pace звышінтэлектуальных шматвымерных істотаў – чые фізічныя абалонкі ў іхнім шматвымерным Сусвеце, трэба заўважыць, не вельмі розняцца ад нашых – настолькі абрыдлі бясконцыя спрэчкі пра сэнс жыцця, якія заміналі іхняй улюбёнай забаве – спаборніцтву ў бракійскі ультракрыкет (займальная гульня, у якой трэба насам-перш ударыць чалавека без дай прычыны, каб потым кінуцца ад яго на ўцёкі), – ажно тыя істоты пастанавілі сесці і развязаць гэтую праблему раз і назаўжды.
Дзеля гэтае мэты яны сканструявалі неверагодны памерамі звышкамп’ютар. Камп’ютар атрымаўся настолькі звышразумны, што ён, без падключэння да інфармацыйнае базы і аператыўнае памяці, вымавіў фразу: «Я мыслю, а знакам тым існую» і пакуль яго паспелі вымкнуць з электрычнай лычкі, выпрадукаваў аргументаванае апраўданне існаванню рысавай запяканкі і міністэрства інфармацыі.
Камп’ютар быў велічынёй з мястэчка.
Ягоны корпус усталявалі ў адмыслова спраектаванай рубцы. Прымацавалі да корпуса панэль кіравання, якую зрабілі з інфрачырвонага дрэва і аздобілі шыкоўнай ультрафіялетавай скурай.
Цёмнае дывановае пакрыццё казала аб густоўнай раскошы. На пакрыцці стаялі экзатычныя расліны ў гаршчках. Выграваваныя імёны галоўных праграмістаў ды іх сямейнікаў дыхтоўна аздаблялі сцены рубкі, а велічныя вокны выходзілі наўсаджаную дрэвамі плошчу.
У Дзень Вялікага Уключэння ў рубку моўчкі завіталі два ўрачыста апранутыя праграмісты з кейсамі ў руках. Яны цалкам усведамлялі, што гэты дзень мусіць увасабляць усю іхнюю расу ў яе найвялікшы момант, аднак, самавіта пасеўшы перад панэллю кіравання, тыя двое паводзіліся ціха і ўмеркавана: адно адамкнулі свае кейсы і дасталі з іх абцягнутыя скурай нататнікі.
Звалі праграмістаў Ланквіл і Фук.
Пэўны час яны сядзелі ў велічнай моўчы, а пасля Ланквіл, абмяняўшыся позіркам з Фукам, нахіліўся наперад і дакрануўся да чорнае клавіятуры.
Ледзь чутнае зумканне засведчыла, што вялізны камп’ютар цяпер цалкам перайшоў у працоўны рэжым. Пасля паўзы ён загаварыў з прысутнымі зычным, глыбокім голасам.
Ён сказаў:
– Дзеля якога задання я, другі найлепшы камп’ютар ва ўсім Сусвеце, быў створаны?
Ланквіл і Фук здзіўлена пераглянуліся.
– Тваё заданне, о Глыбакадумны... – пачаў быў Фук.
– Ды не – пачакай, пачакай хвілінку! – перарваў яго стурбаваны Ланквіл. – Мы адназначна распрацавалі наймагутнейшы камп’ютар у гісторыі, і таму ніякага «другога найлепшага» нам тут не трэба...
Тут Ланквіл звярнуўся ўжо да самаго камп’ютара:
– О Глыбакадумны! Дык што, ты не той, які мы распрацавалі? Ты не самы магутны камп’ютар усіх Галактык, часоў і народаў?
– Я даў сабе прыдомак «другі найлепшы», – нараспеў прамовіў Глыбокадумны, – бо гэткім я ёсць.
Два праграмісты яшчэ раз абмяняліся стурбаванымі позіркамі. Ланквіл запярхекаў.
– Тут, пэўна, нейкае непаразуменне, – прамовіў ён. – Ты чаго, не магутнейшы за Калоса Максімегалонскага, які ў змозе палічыць усе атамы на любой планеце за мілісекунду?
– Калоса? – перапытаў Глыбакадумны з непрыхаванай пагардаю. – Пры чым тут гэтыя не вартыя згадкі лічыльныя касцяшкі?! Дурань ён на гліняным трыножку, а не Калос!
Фук, падаўшыся ад раз’юшанасці наперад, працягваў сумоўе:
– Дык ты, відаць, саступаеш Гуглу-Шмуглу, кібермазгаўняку з Садружнасці Сямі Светаў Асветы, які вылічвае траекторыю палёту кожнай пясчынкі падчас пяцітыднёвай пясчанай завеі на Данграбад-Бэта?
– Пяцітыднёвай пясчанай завеі? – грэбліва перапытаўся Глыбакадумны. – Ты кажаш гэта мне, камп’ютару, які пралічыў наперад кожны вектар атама ў Вялікім Выбуху? І слухаць не хачу пра гэты кішэнны калькулятар!
Якое імгненне два праграмісты сядзелі ў няёмкай цішы. Потым Ланквіл зноў нахіліўся ўперад.
– Дык ты горшы за перадавіка прамоўніцкага ўмалоту, усенародна абранага кармільца-гаварыльца планеты Альбарутэнікус-94, ротарнага аратара Мялеція Матрыцкага, Вялікага і Немажлівага?
– Усенародна абранага кармільца-гаварыльца планеты Альбарутэнікус-94? – з пагардаю перакотваючы ў паражнечы кібернетычнага рота кожны склад, паўтарыў словы Глыбакадумны. – Ён можа ўмовіць Арктурыянскую мегаасліцу ссунуцца з месца, але толькі я моцай свайго слова ў стане прымусіць яе яшчэ і вырушыць на працу.
– Дык у чым, – працягнуў Фук, – тады, уласна кажучы, праблема?!
– Няма праблемаў, – прамовіў Глыбакадумны з велічным пазвоньваннем. – Я проста другі найлепшы камп’ютар ўсіх Галактык, часоў і народаў, і кропка.
– Але чаму «другі»?! – упінаўся Ланквіл. – Чаму ты безупынку чаўпеш: «Другі, другі, другі»? Табе ж, пэўна, даўся ў знакі Яго Шматвектарнасць Упуставажаны Поўнабрэх? Ці можа, сам Цыцэроніус? Ці нават...
Пагардлівыя агеньчыкі прабеглі па панэлі кіравання Глыбакадумнага.
– Мне шкада выдаткаваць нават адзін-адзіны байт інфармацыі на гэтых кібер-дурняў, – прагуў ён. – Я кажу пра камп’ютар, што прыйдзе пасля мяне...
Фук пачаў траціць цярплівасць. Ён адкінуў нататнік убок і прамырчаў:
– Усё гэта патыхае махровым месіянствам.
– Ад вас будучыня сукрыта, – заявіў Глыбокадумны. – А вось мае электрычныя схемы кішма кішаць дэльта-струмянямі магчымых варыянтаў будучага развіцця падзей. І я ўжо бачу, што пасля мяне мусіць прыйсці камп’ютар, чый самы маленькі аперацыйны параметр я нават не варты прыблізна ацаніць. Аднак я маю наканаванне – стварыць яго.
Фук цяжка ўздыхнуў і зіркнуў на Ланквіла.
– Можа, працягнем і пяройдзем уласна да пытання? – прапанаваў ён.
Ланквіл на мігах папрасіў яго пачакаць.
– І што гэта за камп’ютар, пра які ты кажаш? – перапытаў ён.
– Я зараз ні слова больш пра яго не прамоўлю, – адказаў Глыбакадумны. – Дык вось, чым яшчэ я магу быць вам карысны? Уважліва слухаю.
Навукоўцы, пераглянуўшыся, пацепнулі плячыма. Фук прымусіў сябе супакоіцца.
– О Глыбакадумны, – пачаў ён. – Вось заданне, дзеля якога мы распрацавалі цябе. Мы хочам, каб ты даў нам... – ён зрабіў паўзу, – ...Той Самы Адказ.
– Той самы адказ? – перапытаў Глыбакадумны. – Адказ на якое пытанне?
– Пра Сэнс Жыцця!.. – выгукнуў Фук.
– ...Пра Сусвет...- дадаў Ланквіл.
– ...І Усё Такое, – сказалі яны хорам.
Глыбакадумны ў одуме замаўчаў.
– Хвацкае пытанне! – урэшце вымавіў ён.
– Але ты адужаеш?
І зноў жа, эфектная паўза.
– Так, – сказаў Глыбакадумны. – Адужаю.
– Атакі адказ увогуле існуе? – спытаў задыханы ад узрушанасці Фук.
– Просты адказ, – дадаў Ланквіл.
– Так, – адказаў Глыбакадумны. – Пра сэнс жыцця, сусвет і ўсё такое. Адказ існуе. Але, – дадаў ён. – мне трэба падумаць.
Вэрхал, што ўсчаўся ні стуль ні ссюль, сапсаваў веліч гэтага імгнення: дзверы разнасцежыліся і два раздражнёныя чалавекі ў грубых блакітных халатах Універсітэта Паўднёвага Крыжа, падпярэзаныя блакітнымі пасамі, уварваліся ў рубку, адштурхоўваючы небараку-сакратара, які спрабаваў заступіць ім дарогу.
– Мы патрабуем доступу! – загарлаў маладзейшы, заехаўшы пагляднаму маладзенькаму сакратару локцем у горла.
– Вы чулі ці не? – закрычаў старэйшы. – Вы не маеце права нас не пускаць!
Ён адпіхнуў маладзейшага да дзвярэй.
– Мы настойваем, што вы не маеце права нас не пускаць! – закрычаў маладзейшы, нягледзячы на тое, што ўжо апынуўся ўсярэдзіне, і ніхто больш не думаў даваць яму адпору.