Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 45 из 62



Запанавала паўза.

– Ты хочаш сказаць... – пакрысе прамовіў Артур, намагаючыся трымаць сябе ў руках, – што першапачаткова Зямлю стварылі вы?

– Анягож! – адказаў Пердылюбібляйц. – Ты калі-небудзь быў у месцы, якое называецца... мусіць... Нарвегія?

– Не давялося, – прамовіў Артур.

– Шкада, – сказаў Пердылюбібляйц. – Маіх рук справа. Нават архітэктурную прэмію атрымаў за яе. Усе гэтыя мілыя зломы ф’ёрдаў. Калі я пачуў пра знос планеты, знішчэнне Нарвегіі мяне засмуціла найбольш.

– Гэта вас яно засмуціла?!

– Ага. Якія пяць хвілін – і ўсё пазбылася сэнсу. Так яны напартачылі – хавайся ў бульбу!

– Га? – перапытаў Артур.

– Мышы былі злосці поўныя косці.

– Злосці поўныя косці?.. М-мышы?!

– Ну, так, мышы, – мякка адказаў Пердылюбібляйц.

– Дык я мяркую, што ўззлавалі таксама і сабакі, і коткі, і качкадзюбы...

– Гэта ўсё так, але ж фінансавалі ўсё не качкадзюбы.

– Паслухайце, вам жа гэта ашчадзіць шмат клопату і часу, калі я з’еду з глузду проста тут і зараз? – пацікавіўся Артур.

Пэўны час лятак імчаўся ў няёмкай моўчы.

– Зямлянін, чалавеча! – паспрабаваў усё цярпліва патлумачыць Пердылюбібляйц. – Твая родная планета і кіравалася, і ўтрымлівалася, і нават была замоўленая мышамі. Яе разбурылі воганы за пяць хвілін да выканання задання, дзеля якога яе і будавалі. І вось цяпер мышы просяць нас пабудаваць яшчэ адну Зямлю.

Артур толькі і здолеў вымавіць:



– М-мышы?

– Так ёсць,чалавеча.

– Паслухай, я перапрашаю, мы з табой гаворым пра адное і тое ж: футравых жывуноў, дробных такіх, зацыкленых на сыры, ад якіх жанчыны лезлі на стол у тэлекамедыях пачатку шасцідзясятых?

Пердылюбібляйц далікатна кашлянуў.

– Чалавеча, сачыць за тваёй манерай выказвацца – не на мае зубы. Не забывайся, я ж праспаў унутры Магратэі пяць мільёнаў гадоў і трошкі не ў курсе пра гэтыя твае «тэлекамедыі шасцідзясятых». Гэтыя жывуны, якіх вы клічаце мышамі, – не тыя, за каго сябе выдаюць. Яны – злучальны масток у нашым вымярэнні са светам звышінтэлектуальных шматвымерных істотаў. Таму ўсе выбрыкі з сырам і піскам – суцэльнае замыльванне вачэй.

Пердылюбібляйц зрабіў паўзу і, спагадліва склаўшы бровы домікам, працягнуў:

– Баюся, яны ставілі на вас вопыты.

Цягам секунды Артур як след абдумваў гэтую фразу, і тут яго твар праясніўся.

– Ды не! – урэшце вымавіў ён. – Вось цяпер я бачу крыніцу непаразумення! Чуеце, усё наадварот: гэты мы ставілі вопыты на іх. Мышэй часцяком выкарыстоўвалі для вывучэння паводзінаў чалавека... Акадэмік Паўлаў і якія з ім... Дзеля гэтага мышы праходзілі ўсякія-розныя тэсты: вучыліся званіць у званочкі, бегалі па лабірынце і гэтак далей... Каб мы, людзі, даведаліся пра ўвесь працэс навучання. Каб з назіранняў за іхнімі паводзінамі змаглі зрабіць усякія-розныя высновы пра нас саміх...

Голас Артура перасёкся.

– Які вытанчаны разлік! – захоплена прамовіў Пердылюбібляйц. – Трэба аддаць мышам належнае.

– Чаго? – перапытаў Артур.

– Гэта ж найлепшы спосаб маскаваць сваю сапраўдную натуру і кантраляваць ход вашых думак. Вось уявіце: насуперак чаканню яны бягуць па лабірынце замест левага паварота направа, ядуць «няправільны» кавалак сыру, неспадзявана валяцца мёртвыя ад віруса міксаматозу. Калі ўсё разлічыць як след, дык сукупнае ўздеянне на чалавечую думку проста аграмаднае!

Пердылюбібляйц зрабіў тэатральную паўзу.

– Разумееш, чалавеча, мышы – надзвычай разумныя, звышінтэлектуальныя шматвымерныя істоты. Твая планета і людзі ўфармоўвалі матрыцу арганічнага камп’ютара, які выконваў даследчую задачу, чыя праграма была разлічана на дзесяць мільёнаў гадоў... Дай я табе ўсё распавяду. Паслухай мяне пэўны час...

– Час... – млява вымавіў Артур. – 3 ім у мяне на дадзеным этапе праблем няма...