Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 40 из 62



– Навуковы пошук. Дзяржаўныя архівы. Выведка. Пара дзёрзкіх здагадак. Усё геніяльнае – простае.

– І потым, каб мець магчымасць дабрацца да адшуканай планеты, ты і скраў «Залатое Сэрцайка»?

– Я скраў «Сэрцайка», каб адшукаць усякае-рознае, не толькі Магратэю.

– Усякае-рознае?! – здзівіўся Фольксваген. – Што, напрыклад?

– Не ведаю.

– Чаго?!

– Я не ведаю, што шукаю.

– Чаму не ведаеш?

– Бо я... Думаю, гэта, пэўна, таму, што калі б я ведаў дакладна, што шукаю, дык я б, хутчэй за ўсё, нічога не шукаў.

– Зафодзя, ты што, псіх?

– Гэта цалкам магчымае развіццё падзей – то бок я гэтага не выключаю, – ціхім голасам адказаў Зафод Біблброкс. – Я ведаю роўна столькі, колькі мой мозг можа дазволіць сабе ў яго цяперашнім стане. А яго цяперашні стан досыць паскудны.

Пакуль Фольксваген занепакоена ўзіраўся ў абліччы Зафода Біблброкса, навокал панавала моўча.

– Слухай, любы дружа, калі ты захочаш... – урэшце вымавіў Фольксваген.

– Хвілінку, пачакай, дай мне нешта сказаць, – перапыніў яго Зафод Біблброкс. – Я заўсёды быў ветрам падшыты. Завялася ў мяне нейкая ідэя, дык бач: з думкай «Чаму ж не?» я ўжо яе здзяйсняю. Закруціла ў галаве зрабіцца Прэзідэнтам Галактыкі? Трах-бах, і я – у прэзідэнцкім фатэлі. Хутка і лёгка. Намысліў скрасці зоркалёт? Вырашыў знайсці Магратэю? Усё спраўджваецца. Так, вядома: спярша мне даводзіцца распрацоўваць грунтоўны план дзеянняў – ёсць такое, але той план няўмольна робіцца паспяховым. Гэта ўсё роўна як мець банкаўскую крэдытку, якая ў любы час і ў любой сітуацыі дзеіць безадказна, дарма што ты ніколі не папаўняеш рахунку. І калі я іншым разам спыняюся і пачынаю задумвацца: «Нашто мне ўсё гэта?», «Як я гэта так удала правярнуў?», то ў мяне ўзнікае магутнае жаданне больш падобных пытанняў не задаваць, я адчуваю, што нібыта іду супраць вады. Акурат во як цяпер. Мне толькі што зрабілася вельмі цяжка ўсё гэта абмяркоўваць.

Зафод Біблброкс замаўчаў. Некаторы час панавала ціша. Потым ён нахмурыўся і сказаў:

– Мінулай ноччу я праз гэта ўсё не спаў. Праз думку, што частка майго мозгу хутчэй за ўсё не працуе як мае быць. 3 часам яшчэ прыйшло да галавы, што нехта іншы, без майго ведама і згоды, карыстаецца маім жа мозгам, каб прадукаваць слушныя ідэі. Я супаставіў дзве думкі разам і прыйшоў да высновы, што хтосьці іншы наўмысна заблакаваў частку майго мозга – вось чаму я не магу ёй паслугавацца. І вось я ўрэшце задаўся пытаннем, ці можна нейкім чынам даведацца, так гэта ці не...

Зафод Біблброкс працягваў:

– Я пайшоў у медпункт нашага зоркалёта і зрабіў сабе энцэфалаграму. Я зрабіў усе асноўныя віды сканаванняў сваіх абедзвюх галоваў. Вынікі ўсіх іншых тэстаў, якія я прайшоў пад кіраўніцтвам дзяржаўных медыкаў перад вылучэннем сваёй кандыдатуры ў прэзідэнты, былі агалошаныя публічна, але яны не выявілі анічога. Прынамсі, нічога новага і нечаканага. Яны пацвердзілі, што я лёгкі на язык спрытнюга, зацяты фантазёр, здрадлівы пазёр, – адным словам, нічога новага. І ніякіх іншых анамалій. Тады я пачаў рабіць сабе новыя аналізы, абсалютна адвольна – і зноў нічога ніякага. Тады я паспрабаваў перакласці вынікі тэстаў з адной галавы на другую. Нуль, пуста-пуста. Урэшце я адмовіўся ад новых захадаў, палічыўшы, што ўся гэтая ад’яда сэрца – адно прыступ параноі. Апошняе, што я зрабіў, перш чым канчаткова здацца: я ўзяў здымак з накладзенымі адзін на адзін вынікамі і паглядзеў на іх праз зялёны спектр. Памятаеш, калі я быў малым хлопчыкам, я заўсёды меў забабоны наконт зялёнага колеру? І адначасова заўсёды хацеў зрабіцца пілотам на зоркалётах бетэльгейзіянскай гандлёвай выведкі?



Фольксваген кіўнуў.

– І раптам усё стала на свае месцы, – працягнуў Зафод Біблброкс. – У сярэдняй частцы абодвух мазгоў два кавалкі мазжачкоў злучаліся толькі адзін з адным і ні з якімі іншымі часткамі вакол сябе. Нейкія мярзотнікі электрычнасцю перапалілі ўсе сумежныя сінапсы і гэтак зрабілі ліха цэламу кавалку мозга.

Фольксваген глянуў на яго агаломшана. Трыліян спалатнела.

– Ты думаеш, нехта залез табе ў галаву?

– Ага.

– Але ты, можа, ведаеш, хто гэта зрабіў? Ці з якое прычыны?

– 3 якое прычыны – я толькі магу здагадвацца. Аднак я даведаўся, як іх завуць.

– Даведаўся іхнія імёны?! Якім чынам?

– Яны выгравіравалі свае ініцыялы на прыпаленых кончыках нервовых сінапсаў. Схацелі, відаць, каб я тыя ініцыялы прачытаў.

Фольксваген, ашаломлены, зіркнуў на Зафода і адчуў, як па яго скуры пабегла дрыготка.

– Ініцыялы? На паверхні тваіх мазгоў?

– Ага...

– Дык кажы ты ўжо якія!

Які момант Зафод Біблброкс моўчкі пазіраў на іх. Потым адвёў позірк.

– «З.Б.», – ціха вымавіў ён.

У гэтае самае імгненне за іхнімі спінамі заструменіліся долу стальныя жалюзі, і ў пакойчык пачаў паступаць газ.

Пакуль усе трое трацілі прытомнасць, Зафод Біблброкс здушаным голасам вымавіў: «Рэшту я распавяду потым».