Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 39 из 62



20

Па неўрадлівым грунце павольна сунуліся пяць постацяў. Грунт сям-там быў панура-шэры, у іншых месцах – панура-руды, рэшта ж яго – яшчэ менш цікавай воку каляровай гамы. Наваколле выглядала як балота пасля меліярацыі: пазбаўленае хоць якой расліннасці і пакрытае трохсантыметровым слоем пылу. Было сцюдзёна.

Найбольш гэты краявід прыгнятаў Зафода Біблброкса. Ён валачыўся, не паспяваючы за астатнімі, і неўзабаве знік з вока за невялічкім грудком.

Вятрыска джаліў Артуравы вочы і вушы, а цяжкае прарэджанае паветра сціскала горла. Аднак найвялікшым раздражняльнікам для хлопца стаўся ўласны мозг.

– Апупенна... – вымавіў Артур, і гук яго ўласнага голаса непрыемна завібраваў увушшу.

Прарэджанае паветра кепска праводзіла гук.

– А па мне – дзіч і пустка! – заныў Фольксваген. – Сярод кашэчых гаўняшак і то цікавей.

Фольксваген адчуў, як мацнее яго раздражненне. Чаму з усёй процьмы зорных сістэм у Галактыцы – а большасць іх кішма-кішэла жыццём, экзотыкай і прыгодамі, – пасля пятнаццаці гадоў турмы яго собіла трапіць у гэтакую глухмень?! Ні табе хоць шапіка з хотдогамі на даляглядзе. Ён пахіліўся і зачарпнуў камяк зямлі – пад камяком таксама не было нічога вартага падарожжа даўжынёю ў тысячу светлавых гадоў.

– Не дуры, – пачаў абараняць планету Артур. – Ты што, не разумееш, я ўпершыню стаю на паверхні іншай планеты?.. На паверхні абсалютна чужога свету! Адно шкада: гэты новы свет – поўныя дзюркавічы.

Трыліян скурчылася ад холаду. Яе працялі дрыжыкі. Яна насупілася. Яна гатовая была паклясціся, што краёчкам вока згледзела амаль незаўважны шпаркі рух. Аднак азірнуўшыся, убачыла адно зоркалёт, нерухомы і маўклівы, за сто метраў за іхнымі спінамі.

Супакоілася Трыліян праз якую секунду, калі злавіла вокам Зафода Біблброкса, што стаяў на краі стромы і махаў, запрашаючы астатніх падысці.

Выдавала на тое, што Біблброкс быў чымсьці моцна ўзрушаны. аднак ніхто не дачуў, што ён там крычаў – усё праз прарэджаную атмасферу планеты.

Падышоўшы да краю стромы, усе зразумелі, што ейны бераг выгінаўся колам, уфармоўваючы вырвішча метраў сто пяцьдзясят у папярэчніку. Зямля на сценках вырвішча была спярэшчаная чорнымі і чырвонымі камякамі. Усе спыніліся і зірнулі ў цэнтр. Змесціва нагадвала вадкую гуму. 3 агідаю вандроўнікі выявілі, што гэта свежае мяса кашалота.

На краі вырвішча яны сустрэліся з Зафодам Біблброксам.

– Зірніце, – сказаў ён, паказваючы ў сярэдзіну.

Там самотна ляжаў раскіданы шкілет кашалота. Жывёліна не паспела пажыць дастаткова, каб расчаравацца ў жыцці. Цішу парушалі адно гукі міжвольных прыступаў млосці, якія вырываліся з горла Трыліян.

– Спадзяюся, закопваць гэтага кашалота няма сэнсу, – прамармытаў Артур і тут жа пашкадаваў пра свае словы.

– Хадзем, – сказаў Зафод Біблброкс і пачаў першы спускацца ў вырвішча.

– Чаго, туды, на дно? – спытала Трыліян з непрыхаванай гідотаю.

– Туды, – пацвердзіў Зафод Біблброкс. – Я вам сёе-тое пакажу.

– Мы і так сёе-тое бачым, – занатурылася Трыліян.

– Ды не кашалота пакажу, – настойваў Зафод Біблброкс. – Іншае сёе-тое. Давайце, хадзем.

Усе завагаліся.

– Гайда, уперад! – напіраў Зафод Біблброкс. – Я знайшоў уваход.

– Уваход? – з гідлівасцю ў голасе перапытаў Артур.

– Уваход у нутро планеты! Падземны лёх. Ад сутыкнення кашалота з паверхняй з’явіўся пралом – таму нам туды. У самыя кішкі часу, куды не ступала нага жывой істоты, мусіць, пяць мільёнаў гадоў...

Марвін зноў пачаў свае саркастычныя напевы.

Зафод Біблброкс даў Марвіну плескача і той заваліў дынамік.

Працятыя дробнымі дрыжыкамі вандроўнікі з гідлівасцю паследвалі па схіле за Зафодам Біблброксам, спрабуючы не глядзець на гаротнага творцу вырвішча.

Марвін горка заўважыў:

– Жыццё... Яго трэба ненавідзець ці не заўважаць, бо любіць не ўдасца.

У месцы, дзе кашалот ударыўся аб планету, абсыпаўся грунт, адкрываючы вокусетку галерэяў і праходаў, загрувашчаных валунамі і кашалотавымі вантробамі. Зафод Біблброкс пачаў быў расцярэбліваць уваход у адзін з такіх праходаў, але Марвін даў рады значна хутчэй. 3 цёмных праломаў тхнула вільгаццю. Калі Зафод пасвяціў туды ліхтарыкам, у пыльнай імгле яны толкам нічога не ўбачылі.



– Паводле паданняў магратэйцы большасць свайго жыцця бавілі пад зямлёю, – зазначыў Зафод Біблброкс.

– А што, паверхня планеты зрабілася забруджанай? – запытаў Артур. – Ці народу гэтак размножылася, аж зямля не падымала?

– Наўрад ці, – адказаў Зафод Біблброкс. – Думаю, ім проста не дужа падабалася паверхня планеты.

– Ты хоць ведаеш, што робіш? – пацікавілася ў Прэзідэнта Галактыкі Трыліян, трывожна ўзіраючыся ў цемру. – Мы ўжо зведалі лабавую ракетную атаку, калі ты памятаеш...

– Слухай, цукерачка, мамай і таткам клянуся, што наяўнае насельніцтва гэтай планеты – абнулены нуль плюс нас чацвёра. Дык гайда, давайце залезем туды. Як табе такі план, зямлянін?

– Артур, – удакладніў Артур.

– Ага. Будзь ласкавы, чалавеча, не спускай вока з гэтага робата, паавартуй яго тут, пакуль мы не вернемся. Згода?

– Павартаваць? – перапытаўся Артур. – Ад каго? Ты ж сказаў, што там нікога няма...

– Ну, павартуй на ўсякую бяду, згода? – упрошваў Зафод.

– На чыю бяду, тваю ці маю?

– Дзякуй, хлопча, ты малайчынка. Добра, мы пайшлі.

Зафод Біблброкс праціснуўся ў пралом, а за ім паследвалі Трыліян і Фольксваген.

– Непрыемнай вам прагулкі, – выразіў сваю незадаволенасць Артур.

– Не хвалюйся, ім, далібог, будзе пагана, – запэўніў яго Марвін.

Праз лічаныя секунды тройка знікла з вока.

Уззлаваны, Артур пахадзіў-паторкаўся, аднак урэшце вырашыў, што кашалотавы магільнік – не дужа адпаведнае месца для праходак. Марвін стаў панура сачыць за ім, але потым сам сябе выключыў.

Зафод Біблброкс імкліва прамаршыраваў праз лралом. Ён быў моцна знерваваны, але маскаваў гэта тым, што ступаў цвёрда, самавіта.

Зафод Біблброкс акінуў наваколле святлом ліхтарыка. Сценкі пакрывала цёмная, халодная на дотык кахля. а паветра было напоена пахам заняпаду і гнілля.

– Не бяды, праўда ж? – прамовіў ён. – Магратэя – зацішная планетка.

І пакрочыў праз пыл і кахляны друз, што ўсцілаў падлогу.

Антураж, ясная рэч, нагадаў Трыліян лонданскую падземку – хіба што тут панавалі яшчэ большыя дзіч і заняпад.

Раз-пораз кахля на сценках саступала месца аб’ёмнай мазаіцы – простыя геаметрычныя ўзоры ў светлых танах. Трыліян спынілася і стала вывучаць адзін з арнаментаў, аднак адчытаць ёй нічога не ўдалося. Яна паклікала Зафода Біблброкса.

– Слухай, ты, можа, ведаеш. што гэта за дзіўныя сімвалы?

– Ну, на маю думку, гэта пэўны від дзіўных сімвалаў, – адказаў Зафод Біблброкс, не надта паглядаючы назад.

Трыліян пацепнула плячыма і паспяшалася за ім.

Час ад часу калідор хіліўся то ўлева, то ўправа, у маленькія пакойчыкі, якія – як высветліў Фольксваген – поўніліся пакінутым камп’ютарным абсталяваннем. Бетэльгейзіянец зацягнуў Зафода Біблброкса ў адзін з такіх пакойчыкаў – агледзець усё. Трыліян паследвала за імі.

– Глядзіце! – сказаў Фольксваген. Потым дадаў: – Дык ты па-ранейшаму мяркуеш, што гэта Магратэя?

– Ну, так, – адказаў Зафод Біблброкс. – Мы ж усе чулі той голас...

– Добра: дапусцім, на хвілінку, што я даў веры, і гэта сапраўды Магратэя. Але ты пакуль што не распавёў, як пасярод усяго гэтага галактычнага бязмежжа ты выйшаў на след гэтай планеты. Магу пабіцца аб заклад, што ў зорныя атласы ты не зазіраў...