Страница 38 из 62
19
– Дык мы робата з сабою браць будзем? – запытаўся Фольксваген, пагардліва зірнуўшы на Марвіна.
Скурчаны ў недарэчнай паставе робат туліўся ў куце пад пальмачкаю.
Зафод Біблброкс глянуў у люстэрка. Яно адбівала панараму панурай планеты, на якую толькі што села «Залатое Сэрцайка».
– Каго, Андроіда-Параноіда? – перапытаў ён. – Так, возьмем абавязкова.
– Але на якое ліха нам маніякальна-дэпрэсіўны робат?
– Думаеш, праблемы ў аднаго цябе? – запытаўся Марвін такім тонам, нібыта звяртаўся не да жывога Фольксвагена, а да жыхара нядаўна занятай дамавіны. – А што рабіць, калі маніякальна-дэпрэсіўны робат ты сам, га? І, калі ласка, не трэба вымудроўваць годны адказ – я ў пяць тысяч разоў разумнейшы за цябе. Ад адных толькі спробаў мысліць на тваім разумовым узроўні ў мяне пачынацца мітрэнга!
Са сваёй каюты выбегла Трыліян.
– Мае мышкі зніклі, – паведаміла яна.
Выраз глыбокай стурбаванасці і клопату так і не змог апанаваць ніводным з двух твараў Зафода Біблброкса.
– Хай іх няхай, мышэй тваіх! – вылаяўся Прэзідэнт Галактыкі.
Трыліян кінула на Зафода Біблрокса засмучаны позірк і выйшла.
Цалкам верагодна, ейная навіна магла прыцягнуць большую ўвагу, калі б усе прысутныя валодалі інфармацыяй, што паводле сваіх інтэлектуальных здольнасцяў людзі займаюць на Зямлі толькі трэцяе месца, а зусім не другое, як заяўляе большасць незалежных назіральнікаў.
– Добры вечар, хлопчыкі!
Голас быў да болю знаёмы, але ўвадначассе страшна непазнавальны. Цяпер ён чамусьці набыў матрыярхальнай гугнявасці. Голас заявіў пра сваё існаванне ў той самы момант, калі экіпаж наблізіўся да ўваходнага люка. Люк мусіў выпусціць экіпаж на паверхню планеты.
Усе пераглянуліся, збянтэжаныя.
– Дык гэта ж наш камп’ютар! – патлумачыў Зафод Біблброкс. – Я паглядзеў: ён аснашчаны рэзервовай асобай, якая, спадзяюся, будзе працаваць лепей за папярэднюю.
– Пачынаецца ваш першы дзень на дзівоснай, таямнічай планеце, – працягваў новы голас Эдзі. – І таму ваш бартавы камп’ютар хоча, каб вы ўсе цёпленька ўхуталіся ў скафандрыкі і далі слова не задзіраць гэтых гідкіх жукавокаў.
Зафод Біблброкс нецярпліва паляпаў па люку.
– Страшэнна перапрашаю, – сказаў ён. – Але нам вельмі хочацца апынуцца звонку, каб пачаць абмер тэрыторыі.
– Так, так! – выгукнуў камп’ютар. – Хто гэта тут кажа?
– Гэй, камп’ютару, ці не зробіш ласку ўрэшце адчыніць уваходны люк? – вымавіў Зафод Біблброкс, намагаючыся не злавацца.
– Толькі калі нехта з вас дасць слова гонару, што ўсе зробяць, як я прашу, – настойваў Эдзі.
– Халера-венера! – прамармытаў Фольксваген, спаўзаючы па перагародцы адсека.
Ён пачаў лічыць да дзесяці. Яго заўсёды трывожыла, што аднойчы надзеленыя пачуццямі формы жыцця развучацца лічыць. Бо толькі лік дазваляе жывым істотам дэманстраваць сваю незалежнасць ад камп’ютараў!
– Дайце слова гонару, – патрабаваў Эдзі.
– Гэй. камп’ютару!.. – пачаў быў злавацца Зафод Біблброкс.
– Я чакаю. – перапыніў яго Эдзі. – І буду чакаць да самай ночанькі, калі спатрэбіцца...
– Камп’ютару! – ізноў пайшоў у атаку Зафод Біблброкс, выбудоўваючы ў думках вытанчаную контраргументацыю. якую можна было б годна падаць машыне.
Аднак урэшце Прэзідэнт Галактыкі пастанавіў не біць машыну ейнай жа зброяй і пачаў інакш:
– Гэй, ты, бляшанка! Калі зараз жа не адчыніш уваходны люк, я храсну па тваёй аператыўнай памяці, а потым перапраграмую цябе аграмаднай сякерынай, сцяміў?
Эдзі, ашаломлены, спыніў моўны фантан і моцна задумаўся.
Фольксваген працягваў ціхенька лічыць да дзесяці.
3 вуснаў Зафода Біблброкса прагучала ці не самая агрэсіўная пагроза, якую толькі можна сказаць камп’ютару – гэта ўсё роўна што падкрасціся да чалавека, нашэптваючы яму на вуха: «Кроў.... кроў... кроў... кроў...»
Урэшце Эдзі нягучна вымавіў: «Бачу, над аптымізацыяй нашых стасункаў нам яшчэ працаваць і працаваць», і люк адчыніўся.
Іх адразу адхвастаў сцюдзёны сівер. Хутаючыся ад холаду, экіпаж ступіў на трап, які вёў да неўрадлівага пылу Магратэі.
– Працэсарам чую – усё скончыцца слязьмі, – пракрычаў наўздагон Эдзі, бразнуўшы за імі люкам.
Праз пару хвілін ён адчыніў і зачыніў уваходны люк зноў – згодна з абсалютна нечаканай камандай, якая заспела яго знянацку...