Страница 37 из 62
18
А пасля выбуху здарылася тое, што «Залатое Сэрцайка» працягнула сваё падарожжа ў цалкам звыклым рэжыме – бадай з крыху палепшаным інтэр’ерам. Капітанская каюта зрабілася прасторнейшай, а сценкі і столь атрымалі вытанчаныя пастэльныя адценні зялёнага і блакітнага. Пасярэдзіне каюты ўзвышаліся пакручастыя сходы, аплеценыя папараццю і нейкімі жоўтымі кветкамі. Сходы нікуды асабліва не вялі. Побач з імі на каменнай пліце, падмурку якогасьці сонечнага гадзінніка, стаялі клавіятура і дысплей галоўнага камп’ютара. Па-майстэрску ўсталяваныя па ўсёй каюце свяцільнікі і люстэркі стваралі ілюзію аранжарэі, нібыта сузіраеш шырокі прасцяг вытанчана падстрыжанага саду. Па абводзе аранжарэі на далікатных каваных ножках стаялі столікі з мармуровымі стальніцамі. Калі вы пачыналі пільна ўзірацца ў іх паліраваную мармуровую паверхню, паўпразрыстыя прылады, ледзьве абмаляваныя, рабіліся бачнымі, а як толькі вы дакраналіся да стала, дык прылады матэрыялізоўваліся ў вашай руцэ. Зазірнуўшы ў люстэрка пад розным вуглом, можна было ўбачыць адлюстраванне ці не ўсіх патрэбных камп’ютарных звестак (дарма што было няўцям, з якой паверхні яны адлюстроўваюцца). Адным словам, шыкбляск, вачэй не адвесці.
Седзячы разняволена ў пляжным плеценым фатэлі, Зафод Біблброкс прамовіў:
– Халера-венера, што зараз адбылося?
– Ну, наколькі я разумею, дык пускач гэтага Рухавіка Неймавернасці знаходзіцца тут во, – сказаў Артур, разваліўшыся на шэзлонгу побач з невялічкай сажалкай. Рукой ён паказваў на месца, дзе, як меркаваў, знаходзіўся пускач. Цяпер там стаяў вазон з раслінаю.
– Але дзе мы цяпер? – запытаўся Фольксваген.
Ён сядзеў на пакручастых сходах з келіхам Пангалактычнага Мазгатрушчу, ахалоджанага як мае быць.
– Думаю, там жа, дзе і былі, – адгукнулася Трыліян.
Тым часам люстэркі па-над імі раптам паказалі неўрадлівыя, шэрыя краявіды Магратэі, бо карабель па-ранейшаму ляцеў па-над гэтай планетай.
Зафод Біблброкс хапатліва ўзняўся з фатэля:
– А што сталася з ракетамі?
Новы краявід, што цяпер плыў па люстэрку, не мог не здзіўляць.
– Выдае на тое, што яны ператварыліся ў гаршчкі з петуніямі, а таксама ў вельмі адметнага кашалота, – няпэўна адказаў Фольксваген.
– Фактар Неймавернасці, – улез са сваімі пяццю грошыкамі Эдзі. Ягоны голас якраз ані на каліва не змяніўся. – Адзін супраць васьмі мільёнаў сямсот шасцідзесяці трох тысяч ста дваццаці трох.
Зафод Біблброкс глянуў на Артура:
– Зямлянін, ты сам да гэтага дадумаўся?
– Ну, як сказаць... – адказаць Артур. – Я толькі...
– Мазгаўня ў цябе першарадная. Уключыць Рухавік Бясконцай Неймавернасці без падлучэння абаронных экранаў.... Чалавеча, ці ты ў курсе, што толькі што выратаваў нашыя жыцці?!
– Ну, я, далібог, нічога такога асаблівага не рабіў... – засаромеўся Артур.
– Нічога не рабіў? – наструніўся Зафод Біблброкс. – Ну, тады лічы, што я табе нічога такога прыязнага не казаў... Добра, камп’ютару, давай ужо прымагратэйвайся.
– Але ж... – паспрабаваў быў Артур.
– Паўтараю: я табе нічога не казаў.
І яшчэ адна падзея прайшла незаўважанай – яўленне з нябыту кашалота за колькі міляў ад паверхні таямнічай планеты, яўленне, якое адбылося насуперак усяму.
І паколькі лунаць у паветры кашалоту неўласціва, гаротная жывёліна амаль не мела часу, каб усвядоміць сваю кашалотавую тоеснасць, а таксама каб змірыцца з думкаю, што хутка кашалотам яна быць перастане.
Ніжэй пададзеная поўная стэнаграма кашалотавых думак ад моманту ягонага нараджэння да моманту смерці.
«А-а!!! Што адбываецца?» – думаў кашалот.
«Э-э, выбачайце, хто я такі?»
«Ёсць тут хто?»
«Чаму я тут? У чым сэнс майго жыцця?»
«Што я маю на ўвазе, калі кажу: «Хто я такі?»
«Ціха, спакойна, дайце мне засяродзіцца... О-о! Далібог, цікавае пачуццё. Што гэта? Такое трымценне, шчымленне ў маім... маім... ну, думаю, самы час мне адшукаць назвы для рэчаў, калі я хачу прасунуцца ў тым, што я – дзеля агульнай карысці – назваў бы «пазнаннем свету», і таму я назаву гэтую рэч «страўнікам».
«Выдатна. Ух ты! Трымценне і шчымленне трохі ўзмацняюцца. І, слухайце, што наконт свісцячага гуду, які праходзіць праз тое, што я зараз абсалютна нечакана назаву маёй... «галавою»? Я назаву той гуд... «ветрам»! Нармалёвая ж назва? Ну, можа, з часам я назаву яе нейкім іншым імем – гэта калі я ўжо дакладна высветлю, якое ў таго ветру прызначэнне. Напэўна, ён – нейкая істотная штука, бо тут яго проста плойма наляцела! Гэй, а гэта што такое? Назавём гэтую штуку «хвастом», далібог – «хва-стом»! Я ж магу ім хвастаць і сцябаць! Ух ты! Хвастоўная штучка! Поўны хвасцец! Ну, не тое што я шмат з гэтага хваста атрымаў, але, можа быць, у будучым я даведаюся пра яго сапраўднае прызначэнне. Так, дык урэшце, ці выбудаваў я агульнае ўяўленне пра свет?»
«Не».
«Ат, не бяры да галавы! Проста незямное ўзрушэнне – так шмат чаго трэба дазнацца, так шмат чаго трэба зведаць, у мяне аж галава круціцца ад прадчуванняў...»
«Ці тое цісне вецер?»
«Яго ж тут проста плойма!»
«І бач, ух ты! Што гэта за камлыга, якая імкліва насоўваецца на мяне гэтак хутка?.. Вельмі-вельмі хутка? Такая вялікая, і пляскатая, і круглая, ёй трэба даць якое-небудзь грунтоўнае імя, такое як... э-э... Ям... Зям... Зямля! Анягож! «Зямля» – назва як мае быць!»
«Цікава, мы пасябруем?»
І ўрэшце, пасля грымотнага плюху, навісла ціша.
Цікава, што адзіная думка, якая працяла мозг гаршчка з петуніямі, калі ён ляцеў долу, гучала так: «Не-е-е, ну колькі можна!»
Многія лічыць, што калі б мы маглі чытаць думкі гаршчкоў з петуніямі, мы б ведалі пра прыроду Сусвету непараўнальна больш, чым цяпер.