Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 36 из 62



– Маеш, – адказаў камп’ютар.

Некалькі вялікіх прыборных панэляў, што асланялі пульты кіравання, адсунуліся і абсыпалі каманду шматкамі пухкага пенапласту для запакоўкі і камячкамі змятага цэлафану: пульты яшчэ ніколі не былі ва ўжытку.

Зафод утаропіўся на іх.

– Ну, Фольксвагене, прыступімся, – прамовіў ён. – Стары добры «поўны ўперад» і «дзесяць румбаў права стырна», неяк так...

– Шчаслівай дарогі, мальцы! – заціўкаў камп’ютар. – Трыццаць секунд да сутыкнення.

Фольксваген прыліп да прыборнай дошкі. Як на першы-хуткі позірк, некаторыя з рычажкоў падаліся яму прыдатнымі, і ён на іх націснуў. Калі рэактыўныя рухавікі зоркалёта паспрабавалі адначасова падштурхнуць яго ва ўсіх магчымых напрамках, дык корпус зоркалёта затросся і заскавытаў. Калі ж Фольксваген адпусціў ладную палову рычажкоў, дык зоркалёт апісаў малую пятлю і зноў вярнуўся на ранейшы курс, але цяпер насустрач ракетам, што няўмольна насоўваліся на яго.

Раздзьмуваючыся, выскачылі паветраныя падушкі. На колькі секунд сілы інерцыі трывала заціснулі сяброў экіпажа, прымусіўшы звівацца і круціцца, адно каб зрабіць уздых, прыгваздалі іх да сценкі. Зафод Біблброкс пачаў зацята звівацца і ўрэшце здолеў убрыкнуць маленькі пруток-рычажок, частку стырнавой сістэмы.

Пруток адламаўся. Зоркалёт раптоўна закруціла і панесла на ўздым. Каманду бязлітасна раскідала па капітанскай кабіне. Асобнік «Падарожнай кніжкі для аматараў Галактычнага аўтаспыну», які належаў Фольксвагену, адляцеў да процілеглай секцыі панэляў кіравання, і электронная кніга пачала голасам тлумачыць усім, хто жадаў слухаць, пра найлепшы спосаб правозіць кантрабандай з Антарэі гланды антарэянскіх чаюкоў-даўгахвосцікаў.

Экіпаж з цікавасцю даведаўся, што чаюковыя гланды на палачцы – агідная, але шалёна папулярная закуска-дэлікатэс, на якую грашавітыя дурні, хочучы ўразіць іншых грашавітых дурняў, выдаткоўваюць неймаверныя грошы.

Тымчасам зоркалёт каменем паваліўся з неба.

У гэтую самую секунду – плюс-мінус імгненне – нехта з каманды пасадзіў сіняк на перадплеччы. Пра гэта варта было згадаць, бо, як ужо высветлілася, ва ўсім астатнім усе выйшлі жывымі і здаровымі, а смерцяносныя атамныя ракеты такі не пацэлілі ў зоркалёт.

Бяспека экіпажа найперш.

– Мальцы, дваццаць секунд да сутыкнення, – сказаў камп’ютар.

– Дык уключай ужо, халера-венера, рухавік! – зароў Зафод Біблброкс.

– Вядома, будзе зроблена, мальцы, – сказаў камп’ютар. 3 далікатным пошумам рухавікі другім разам увамкнуліся, і, выйшаўшы са свайго піке, зоркалёт зноў апынуўся перад ракетамі.

Тым часам камп’ютар пачаў спяваць:

– Што мне снег, што мне гной, што па шапцы руберойд, – загугнявіў ён, – калі мае мальцы са мной!

Зафод Біблброкс крыкам загадаў камп’ютару заваліць дынамік, але яго голас патануў у шуме таго, што можна акрэсліць як «хуткі гамон».

– Што мне «кан-», што мне «-вой», што гасцініца «Савой»! – працягваў скавытаць Эдзі.

Карабель, які выйшаў з піке, па праўдзе кажучы, выйшаў з піке дагары нагамі, ажно цяпер прыціснуты да столі экіпаж быў не ў змозе дацягнуцца да панэляў кіравання.

– На мядзведзя я, мальцы, выйду не з-пад пугі, – зумкаў Эдзі.

Грымотна несучыся да зоркалёта, дзве ракеты самавітым чынам намаляваліся на экране.

-...Калі будуць там зайцы, што танцуюць бугі!



Па неверагодна памысным збегу акалічнасцяў яны не змаглі цалкам узгадніць свой курс з пакручастым курсам бязладнага зоркалёта, і таму ў гэты момант апынуліся проста пад ім.

– Цяжка ў шапцы, Манамах? Запрасі царэўну! Тут я штосьці не дапяў, там я штосьці не ўцяў – я дэбіл, напэўна!

І дадаў:

– Паводле новых, выпраўленых, звестак, пятнаццаць секунд да сутыкнення, мальцы...

Ракеты з гудам зрабілі шырокую пятлю і, даўшы нырца, селі зоркалёту на хвост.

Назіраючы за іхнімі віражамі, Артур зазначыў:

– Ну вось – цяпер ужо дакладны, безварыянтны капец.

– Ну, колькі можна не спускаць з языка: «нам капец, нам капец»?! – гняўліва азваўся Фольксваген.

– Добра, не буду больш. Але ж праўда, капец?

– 3 крыжыкам.

– Калі мае мальцы са мной! – зноў нараспеў прагугнявіў Эдзі.

Раптам у Артура завялася ідэя. Ён ускочыў на ногі.

– Слухайце, можа, давайце ўлучым гэты Рухавік Неймавернасці? – сказаў ён. – Мы ж калі вельмі захочам, дык зможам да яго дацягнуцца.

– Ты што, здурнеў? – ускінуўся на Артура Зафод Біблброкс. – Без належнага праграмавання ўсё можа пайсці дагары нагамі.

– Дык чаго ўжо баяцца? – закрычаў у адказ Артур.

– Што мне «ай», што мне «ой», што мне «я», «мяне» і «мной», – выводзіў свае спевы Эдзі.

Артур ускараскаўся на адныя, надзвычай вытанчаныя, літыя краткі, дзе крывая сцяны сустракалася са столлю.

– Калі мае мальцы са мной!...

– Можа, хто скажа, чаму Артур не можа ўлучыць Рухавік Неймавернасці? – закрычала Трыліян.

– Што мне дожджык з кіслатой! Пяць секундаў да сутыкнення. Прыемна было з вамі пазнаёміцца, мальцы! Хай дабраславіць і ўсцеражэ вас Бо... Ка-лі ма-е маль-цы са мной!

– Паслухайце, – падала голас Трыліян. – Можа, хто скажа ўрэшце...

Пасля гэтага адбыўся запамарочны выбух гуку і святла.