Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 35 из 62



17

Пасля ранішняга зараду бадзёрасці розум Артура пачаў ачомвацца і ачуньваць ад кантузіі, якую пакінуў па сабе ўчорашні дзень.

Артур натрапіў на піксельмашаўскі аўтамат, які выкінуў пластыкавы кубачак. Кубачак запоўніла вадкасць, якая амаль цалкам, – але ж нельга сказаць, што на ўсе сто адсоткаў, – была непадобная да гарбаты.

«Стравамат» працуе па вельмі цікавым прынцыпе. Калі націскаюць кнопку «Пітво», агрэгат робіць імгненны, але скрупулёзны аналіз гастранамічных упадабанняў таго, хто націскае, а таксама спектраскапічны аналіз абмену яго рэчываў. Пасля пасылае лёгкі спробавы сігнал па нервовых ланцугах, што вядуць да цэнтраў смаку ў мазгу таго, хто націснуў, – з мэтаю вывучыць, як той сігнал прыме мозг. Аднак ніхто дакладна не скеміў, чаму «Стравамат» робіць гэтакія складаныя аперацыі, паколькі ён з упартай нязменнасцю наліваў сваім кліентам поўны кубачак адной і той жа вадкасці, якая амаль цалкам, – але ж нельга сказаць, што на ўсе сто адсоткаў, – была непадобная да гарбаты. «Стравамат» быў зроблены вытворчым аб’яднаннем усегалактычнага значэння «Піксельмаш», чыё аддзяленне па працы са скаргамі кліентаў захапіла цяпер пераважную большасць сушы трох першых планет сістэмы Таў сузор’я Сірыус.

Глытнуўшы напой, Артур у думках зазначыў, што той вяртае яго да жыцця. Артур зноў зірнуў на экран і ўбачыў тысячы кіламетраў неўрадлівай шэрасці, што слізгала ўпрочкі. Раптам яму ўскруцілася на розум адно пытанне, якое, відаць, моцна далося яму ў знакі.

– А тут бяспечна?

– Магратэя стаіць спустошаная якія пяць мільёнаў гадоў, – адказаў Зафод Біблброкс. – Дык, ясная рэч, тут бяспечна. Нават здані за гэты тэрмін паспелі б утаймавацца і абзавесціся сем’ямі.

На гэтых словах дзіўны няўцямны гук прымусіў капітанскі масток задрыгацець – гук нагадваў зык далёкіх фанфар: глухі, пранізлівы і прывідны. Пасля яго пачуўся голас: гэтаксама глухі, пранізлівы і прывідны. Голас сказаў:

– Вітаем вас...

Да іх звяртаўся нехта з мёртвай планеты.

– Гэй, камп’ютару! – закрычаў Зафод Біблброкс.

– Здароўкі, мальцы!

– Халера-венера, гэта хто такі?

– Ну, усяго толькі аўдыёзапіс пяцімільённай даўніны, які вяшчае нам сваё пасланне.

– Чаго?! Запіс?

– Ціхуце! – сыкнуў на іх Фольксваген. – Голас нешта кажа.

Голас быў стары, уважлівы, ветлівы, амаль чароўны, аднак узброены непрыхаванай і нават падкрэсленай пагрозлівасцю.

– Гэта аўдыёзапіс, – пацвердзіў голас. – Баюся, цяпер нас усіх няма дома. Гандлёвая Рада планеты Магратэя дзякуе вам за ваш такі важны для нас візіт...

(»Голас старажытнай Магратэі!» – выгукнуў Зафод, «Ну-ну», – адказаў Фольксваген).

– ...На жаль, у дадзены момант уся планета для бізнэс-візітаў зачыненая. Прыміце нашыя прабачэнні. Калі вы жадаеце пакінуць сваё імя і кантактны адрас вашай планеты, калі ласка, скажыце іх адразу пасля гудка.

Пачулася кароткае зумканне, потым запанавала ціша.

– Яны хочуць ад нас пазбыцца, – нервова прамовіла Трыліян. – Што будзем рабіць?

– Гэта ўсяго толькі запіс, – адказаў Зафод Біблброкс. – Не спыняемся. Ты, камп’ютару, чуў загад?

– Чуў я, – сказаў камп’ютар і прысцёбнуў рухавік зоркалёта.

Грамада занурылася ў чаканне.

Праз секунду-дзве другім разам загарлалі фанфары, і зноў пачуўся голас:

– Мы вас запэўніваем, што як толькі нашыя справы пойдуць на лад і ў нашых кліентаў зноў з’явіцца магчымасць выбіраць сярод найпрыгажэйшых ландшафтаў, мы адразу ж дамо абвестку ва ўсе прасунутыя часопісы і пятнічныя дадаткі.

Пагроза ў голасе ўзмацнілася:

– А пакуль што мы дзякуем наведнікам за іх зацікаўленне нашай планетай. Спадарства! Мы не выганяем, але просім вон. Зараз жа!

Артур азірнуўся і ўбачыў знерваваныя твары сваіх сяброў.

– Можа, лепей, каб мы павярнулі назад?.. – прапанаваў ён.

– Ат, памаўчы лепей! – занатурыўся Зафод Біблброкс. – Няма тут чаго трывожыцца.

– Дык чаго тады ўсе так напяліся?

– Ім проста зрабілася цікава! – сарваўся на крык Зафод Біблброкс. – Гэй, камп’ютару, пачынай зніжацца ў атмасферу і падрыхтуйся да прымагратэйвання.

Гэтым разам фанфары прагрымелі поспехам, – адно дзеля фармальнасці, – а голас ператварыўся ў халодны метал:

– Вашая нічым не спыняльная настойлівасць наведаць нашу планету зрабіла на нас моцнае ўражанне, і таму мы даводзім да вашага ведама, што ў гэтую самую хвілю дзве кіраваныя ракеты вылецелі ў бок вашага зоркалёта. Гэта частка нашага эксклюзіўнага сэрвісу, які мы прадстаўляем асабліва настойлівым кліентам. А ўзведзеныя баегалоўкі на тых ракетах – невялічкі прыемны дадатак, адмыслова для вас. Рады будзем абслужыць вас у лепшым свеце. Дзякуй за ўвагу!

Голас перасекся.

– Ой! – сказала Трыліян.



– Э-э... – сказаў Артур.

– Ну і? – спытаў Фольксваген.

– Паслухайце, – прамовіў Зафод Біблброкс. – Вы што, не петрыце? Гэта аўдыёзапіс, гукавое паведамленне. Яму мільёны гадоў. Гэта яны не нам, зразумела?

– А як жа наконт ракет? – прамовіла Трыліян.

– Ракет?! Не смяшыце мяне!

Фольксваген паляпаў Зафода Біблброкса па плячы і паказаў на экран задняга агляду. У далечыні да зоркалёта праз атмасферу караскаліся два срэбныя дроцікі. Пры набліжэнні ў фокусе камеры намаляваліся дзве масіўныя баявыя ракеты. якія грымотна несліся праз нябёсы. Гэтая неспадзяванка ўвагнала прысутных у ступар.

– Далібог, яны прыпусцілі па нашы душы як след! – заўважыў Фольксваген.

Зафод Біблброкс ашаломлена ўтаропіўся на ракеты.

– Здохнуць можна, нехта там знізу намагаецца нас ухандохаць!

– Здохнуць можна, – пагадзіўся Артур.

– Ты што, не разумееш, што гэта азначае? – загарачыўся Зафод Біблброкс.

– Разумею: хутка нам капец.

– Так, згода, але акрамя гэтага.

– «Акрамя гэтага»?!

– Гэты запуск азначае, што мы знайшлі нешта вартае ўвагі!

– Як хутка ад гэтага нешта можна пазбыцца?

Дроцікі на экране буйнелі штохвіліны. Гэта былі саманаводныя ракеты – яны ўвесь час круціліся, бліжэй і бліжэй падладжваючыся пад зоркалёт, ажно неўзабаве іх гатовыя да сутыкнення баегалоўкі занялі ўвесь экран.

Трыліян прамовіла:

– Выключна з цікаўнасці пытаюся: што будзем рабіць?

– Стрэнем ворага з халодным сэрцам і чыстымі рукамі, – адказаў Зафод Біблброкс.

– І гэта ўсё? – закрычаў Артур.

– Не, мы зробім... э-э... падманны манеўр! – з раптоўным прыступам панікі ў голасе выгукнуў Зафод. – Камп’ютару, якія ёсць у нашым арсенале падманныя манеўры?

– Баюся, мальцы, ніякіх, – адказаў камп’ютар.

– ...Ці яшчэ які іншы хітрык?.. – прамармытаў Зафод Біблброкс. – Што-небудзь там...

– Нешта мне сталі муляць мае сістэмы навігацыі, – хутка вымавіў камп’ютар. – Сорак пяць секунд да сутыкнення. Калі гэта дапаможа вам разняволіцца. Дык можаце клікаць мяне проста Эдзі.

Зафод Біблброкс зрабіў спробу адначасова вырашыць праблему сямю рознымі шляхамі.

– Згода! – сказаў ён. – Трэба... э-э... перавесці зоркалёт на ручное кіраванне.

– А кіраваць ты ўмееш? – са спагадай у голасе запытаў Фольксваген.

– Не, а ты?

– Не.

– Трыліян, а ты?

– Не ўмею.

– Добра, хай сабе, – сказаў Зафод Біблброкс, разнявольваючыся. – Рабіцьмем гэта разам.

– І я не ўмею, – далучыўся Артур, які адчуў, што пара паказаць зубы.

– Нешта мне падказвала, што ты адкажаш менавіта гэтак, – зазначыў Зафод Біблброкс. – Добра, камп’ютару, давай ручное кіраванне.