Страница 32 из 62
15
Вынятак з «Падарожнай кніжкі для аматараў Галактычнага аўтаспыну», старонка 634784, раздзел 5А. Назва артыкула – «Магратэя»;
«Некалі, у сутонні старадаўніх часоў, у вялікія векапомныя дні былой Галактычнай Імперыі, жыццё было бурлівае, заможнае і збольшага не абкладзенае падаткамі. Магутныя зоркалёты аралі касмічныя прасторы між экзатычных сонцаў, шукаючы ў далёкасяжных абшарах Галактыкі прыгодаў і ўзнагарод. У тыя дні дух быў бадзёры, працэнты па дэпазітах – высокія, мужчыны былі сапраўднымі мужчынамі, жанчыны – сапраўднымі жанчынамі, а маленькія футравыя істоты з Альфа-Цэнтаўры адпаведна – сапраўднымі маленькімі футравымі істотамі з Альфа-Цэнтаўры. Усе як адзін адважна сустракалі небяспеку тварам да твару, усім пагалоўна быў уласцівы нечуваны гераізм, і ў адзін пагодны дзень абсалютна ўсе даастатку без ваганняў і дакораў сумлення сталі мазаць масла проста на хлеб. Менавіта гэтак паўстала-выкавалася велічная Імперыя.
Вядома: шмат хто з людзей зрабіўся фантастычна багаты, але гэтае назапашванне капіталу было абсалютна натуральнай з’явай, якой не варта саромецца, бо горкіх бедакоў не існавала – прынамсі сярод вартых узгадаў асоб. Аднак жыццё ўсіх паспяховых бізнэсоўцаў і купцоў няўхільным парадкам пакрысе зрабілася нуднаватым і раздражняльным. Увесь цяжар за гэтую нуду багатыры ўскладалі на краявіды і клімат родных планет. Цяпер нічога не прыносіла ім задавальнення: то надвор’е адвячоркам нейкае не лагоднае, то дзень доўжыцца на паўтары гадзіны больш, чым трэба, то мора падчас заходу сонца няправільнага ружовага колеру...
Гэтак паўсталі перадумовы для ўзнікнення новага віду індустрыі: элітнай планетабудовы на замову. Калыскай элітнай планетабудовы зрабілася Магратэя. Тут, на Магратэі, каб стварыць планеты чыёйсьці мроі, гіперкасмічная інжынерыя высмоктвала матэрыю з белыхдзіраку касмічным вакууме. І выштукоўвала планеты з золата. Рабіла плацінавыя планеты, гумовыя планеты з частымі землятрусамі, – усё было старанна выбудоўвана з мэтаю задаволіць усё новыя і новыя прыхамаці самых заможных людзей Галактыкі.
Індустрыя элітнай планетабудовы квітнела, ажно па невялікім часе Магратэя сама зрабілася найзаможнейшай планетай усіх часоў, пакуль рэшта Галактыкі, даведзеная планетабудаўнікамі да торбы, ужо трэсла латкамі.
І тады сістэма ляснула: Імперыя развалілася, і панурая моўча апанавала мільярдамі галодных планет. Моўчу перарываў толькі рып асадак шкаляроў, якія ўначы карпелі над сваімі дапытлівымі рэферацікамі па ацэнцы планавай планетэканоміі.
Сама ж Магратэя знікла, і памяць пра яе хутка перасялілася ў сутонлівы лес легендаў. У нашыя высокакультурныя, асвечаныя дні, ясная рэч, абсалютна ніхто не верыць ў яе існаванне».