Страница 3 из 62
1
Дом стаяў на невялікім адхоне ў самым канцы вёскі. Стаяў наводшыбе, і з яго адкрываўся краявід на неабсяжныя гоні Заходняга графства.
Далібог, дом як дом. Яго пабудавалі гадоў трыццаць таму, – ці то квадратны, ці то круглы. Мураваны з цэглы, дом меў чатыры акны і няясныя прапорцыі.
Ці цешыў той дом вока мінакоў? Ды наўрад ці.
Адзінай асобай, якой дом падаваўся адметным ува ўсіх аспектах, быў мужчына па імені Артур Дэнт, і тое толькі таму, што ён, як высвятляецца, быў адзіным, хто ў доме жыў. Артур Дэнт жыў у ім гады тры, з таго самага часу, як пераехаў з Лондана, паколькі той яго нерваваў і раздражняў. Артуру таксама было трыццаць гадоў, ён меў чорныя валасы і быў не ў ладах з самім сабою. Ягоны душэўны спакой найбольш трывожыла тое, што людзі безупынку пыталі ў яго з якое прычыны ён выглядае гэтак устрывожана. Працаваў Артур на мясцовым радыё, а гэты занятак, як ён любіў казаць сваім сябрам, не нейкае абы-што, як яны прывыклі сабе думаць. Так яны і думалі – сябры рабілі рэкламістамі.
З вечара ў сераду ішла моцная зліва, вуліцу затапіла граззю, але ў чацвер ранкам вызірнула сонца, кідаючы на Артураву камяніцу зыркія промні, як высветліцца далей, у апошні раз.
Артур неяк не ўзяў да галавы, што гарадская ўправа хоча зруйнаваць ягоны дом і пабудаваць на тым месцы праезд.
У чацвер а восьмай ранку Артур пачуваўся не вельмі што. Прачнуўся, як у тумане, і падняўся з ложка, як у тумане пахадзіў-паторкаўся па пакоі. Адчыніў акно, убачыў бульдозер, знайшоў тэпці і паклэпаў у лазенку мыцца.
Зубную пасту на шчотку – чвяк! Чысцім.
Люстэрка на ваннай шафцы глядзіць у столь. Ён папраўляе яго. Люстэрка на якую хвілю праз паказвае вакно лазенкі і другі бульдозер. Ужо ўсталяванае як мае быць, люстэрка дэманструе Артуру ягоную шчэць. Артур голіцца, потым спалосквае твар, выціраецца ручніком і клэпае ў кухню па які прыдатны для закідання ў рот ласунак.
Імбрык, вада, лядоўня, малако, кава. Млосна.
У нейкае імгненне слова «бульдозер» павандравала праз мазгавыя клеткі Артура, шукаючы, да чаго б там прыляпіцца.
Бульдозер за кухонным акном быў досыць буйным экзэмплярам.
Артур уперыўся ў яго.
«Жоўты», – падумаў ён і паклэпаў у спальню апранацца.
Мінаючы лазенку, завітаў туды выпіць вялікую шклянку вады. Потым яшчэ адну. Артур пачаў нават падазраваць, што пакутуе на пахмелле. Скуль гэта, ні з пушчы ні з поля, пахмелле? Можа, ён учора браў чарку?
Цалкам можа быць. Ён злавіў у ванным люстэрку бліскучы адбітак.
«Жоўты», – падумаў ён і паклэпаў далей – у спальню.
Пастаяў-падумаў. «Карчма! – узгадаў ён. – Госпадзе, далібог, карчма!» Ён цьмяна прыгадваў, як на штосьці злаваўся, на штосьці, што тады падавалася важным. І ён, здаецца, казаў пра гэта людзям, тлумачыў папулярна, з усімі дэталямі: самая ясная карцінка ў памяці – шкляныя позіркі іншых людзей. Нешта пра новы праезд, пра які ён тады толькі даведаўся. Праезд, высвятляецца, быў у распрацоўцы не адзін месяц, але, здаецца, ніводная жывая душа пра яго не чула.
Ніводная – проста камедыя! Ён зрабіў вялікі глыток. Ідыятызм! Каму пры цвярозым розуме трэба хуткасны праезд? Гарадская ўправа не мае права... Ідыятызм!
Божа, якое мярзотнае яго мучыць пахмелле! Ён глянуў у люстэрка, што мацавалася на дзверках шафкі. Высалапіў язык. «Жоўты,» – падумаў ён. Слова «жоўты» стала вандраваць у ягонай галаве, шукаючы, да чаго б там прыляпіцца.
Праз пятнаццаць секунд, Артур ужо быў знадворку, лежачы перад вялікім жоўтым бульдозерам, які прасоўваўся па садовай сцежцы.
Спадару Л. Просэру, як той казаў, нішто чалавечае не было чужое. Іншымі словамі, спадар Просэр уяўляў сабою двухногую форму жыцця на вугляроднай аснове, якая вядзе радавод ад малпаў. Калі канкрэтней – спадар Просэр меў сорак гадоў, пульхнае ды прысадзістае цела, а таксама працу ў гарадской управе. Досыць цікавая акаличнасць: хоць сам спадар Просэр быў не ў курсе, але ён быў прамым нашчадкам Чынгіз Хана па мячы. Аднак напластаванне пакаленняў і змяшэнне расаў гэтак перакартавалі ягоныя гены, ажно спадар Просэр страціў усе заўважныя рысы мангалоіда. Ці не адзіныя рудыменты, што дасталіся спадару Просэру ад магутнага продка, – ягоная яўная плячыстасць на жывот і моцная цяга да маленькіх футравых шапачак.
Разам з тым спадара Просэра ні ў якім разе нельга было назваць адважным ваяром: ён быў хутчэй знерваваным і ўстурбаваным абывацелем. Сёння яго асабліва нервавала і ўстурбоўвала з’яўленне рэчаў, якія ўносілі разлад у ягоную працу. Працай жа спадара Просэра было пракантраляваць, каб дом Артура Дэнта знік з месца будучага праезду да заходу сонца.
– Кіньце вы, спадару Дэнце, дурное! – прамовіў спадар Просэр. – І падымайцеся. Вам ну ніяк не перамагчы. А бясконца ляжаць перад бульдозерам няможна.
Ён паспрабаваў надаць вачам пачварнага бляску, але вочы не падпарадкаваліся.
Артур, які ляжаў у гразюцы, хлюпнуў у адказ.
– Я вас не баюся! – загаласіў ён. – Мы яшчэ пабачым, хто першы заржавее.
– Баюся, вам давядзецца змірыцца, – сказаў спадар Просэр, мацаючы футравую шапачку і круцячы яе ў сябе на макаўцы, – гэты праезд мусіць быць пабудаваны, і ён будзе пабудаваны!
– Упершыню пра гэта чую, – адказаў Артур. – І нашто яго будаваць?
Спадар Просэр крыху пагразіў пальцам, потым спыніў рух і прыбраў руку.
– Як навошта?! – здзівіўся ён. – Гэта ж праезд!
Праезд – гэта прыстасаванне, якое дазваляе некаторым людзям з вялікай хуткасцю перанесціся з пункта А ў пункт Б, тым часам як іншыя людзі з такой самай хуткасцю шмыгаюць з пункта Б у пункт А. Людзей, якія жывуць у пункце В, што стаіць размешчаным якраз на паўдарозе паміж двума вышэй прыгаданымі пунктамі, часта здзіўляе, што ж такога файнага ў пункце А, раз так шмат людзей з пункта Б гэтак прагне трапіць у яго, і што ж такога файнага ў пункце Б, раз так шмат людзей з пункта А гэтак прагне трапіць у яго? Звычайна людзі з пункта В жадаюць, каб людзі з пунктаў А і Б раз і назаўжды пастанавілі для сябе, дзе ж яны, кадук іх бяры, хацелі б знаходзіцца!
Спадар жа Просэр хацеў знаходзіцца ў пункце Г. Пункт Г не меў акрэсленых каардынатаў ды мог знаходзіцца ў любым прымальным месцы, але адзіная ўмова – ён мусіў быць страшэнна далёка ад пунктаў А, Б і В. Спадар Просэр хацеў бы мець які файны катэджык у пункце Г, са старадаўнімі баявымі сякерамі на дзвярах, і бавіць ладны кавалак свайго часу ў пункце Д, які з’яўляўся б найбліжэйшай да пункта Г піўніцай. Ягоная жонка, ясная рэч, жадала на дзверы ерусалімскую ружу, але ён настойваў на баявых сякерах. Спадар Просэр не ведаў, чаму ў яго без дай прычыны завялося такое жаданне – але ж падабаюцца сякеры, хоць ты рэж,
Ад здзеклівага ашчэру бульдазерыстаў спадару Просэру ў шчокі ўдарыла чырвань. Ён перанёс вагу з адной нагі на другую – аднак зручней яму не зрабілася. Хтосьці тут страшэнна не адпавядаў займанай пасадзе, і ён маліўся да Бога, каб гэтым кімсьці не палічылі яго.
Спадар Просэр сказаў:
– Слухайце, спадару Дэнце, вы ж маглі выказаць свае пратэст і незадавальненне ў належны час.
– У належны час?! – раз’ятрыўся Артур. – Належны час? Першы раз я пачуў пра знос учора, калі работнік управы прыйшоў да маіх дзвярэй. Я спытаў яго, можа, ён адмыслова прыехаў, каб памыць мне вокны, а той адказаў, што не, паколькі мэтай ягонага візіту было збурыць мой дом. Вядома, адразу ён не прызнаўся. Дзе там! Спярша памыў пару шыбаў і спагнаў за іх пяцёрку. І толькі тады расказаў пра ўсё.
– Але паслухайце, спадару Дэнце, планы забудовы былі даступныя ў найбліжэйшай праектнай канторы апошнія дзевяць месяцаў!