Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 62



УСТУП

Далёка-далёка, проці ліха на ўзгорачку, у непапулярным кутку Усходняга рукава Галактычнай спіралі вісіць сабе блякла-жоўтае сонца сціплых памераў.

Вакол яго на адлегласці блізу ста сарака дзевяці мільёнаў кіламетраў круціцца някідкая, блакітна-зялёная планетка, чые разумныя формы жыцця настолькі прымітыўныя, што дагэтуль лічаць электронны гадзіннік эпахальным вынаходствам.

Гэтая планета мае – ці, дакладней, мела – адну праблему: досыць працяглы адцінак часу ладная частка ейных насельнікаў пачувалася нешчасліва. Гэтую праблему спрабавалі рашыць мноствам спосабаў, але большасць спосабаў была завязаная на перамяшчэнні ў прасторы маленькіх зялёных паперак – што не можа не выклікаць здзіўлення, бо, па вялікім рахунку, нешчаслівымі былі зусім не паперкі.

Такім парадкам, праблема засталася: шмат людзей паводзілася мярзотна і выглядала мізэрна – у тым ліку і шчаслівыя ўладальнікі электронных гадзіннікаў.

Ладны адсотак зямлян усё больш і больш схіляўся да думкі, маўляў, чалавецтва ўсё-ткі ўпарола вялікую памылку, першай справай спусціўшыся з дрэваў. Сярод людзей былі і тыя, хто сцвярджаў, што само карасканне на дрэвы было няўдалым крокам, і таму нават вылазіць з акіянаў было не варта.

І вось аднойчы ў чацвер, блізу дзвюх тысяч гадоў пасля таго, як аднаго хлопца прыбілі цвікамі да дрэва за заўвагу, маўляў, як жа гэта здорава дзеля разнастайнасці пабыць крыху прыязным да іншых, адна дзяўчына, якая самотна сядзела ва ўтульнай кавяраньцы Рыкмансворта, раптам усвядоміла, што ўвесь гэты час дзеілася не так. Яна знянацку зразумела, якім чынам нашая планета можа зрабіцца прыемным і шчаслівым куточкам. «На гэты раз, – мроіла дзяўчына, – усё пойдзе належным чынам: усё спрацуе і нікога больш не спатрэбіцца ні да чаго прыбіваць».

Аднак, на вялікі жаль, перш чым яна паспела ўзняцца і паведаміць каму-кольвек пра сваё адкрыццё па тэлефоне, здарылася жахлівая і недарэчная катастрофа, і дзявочая ідэя загубілася назаўжды.

Але гэтая гісторыя не пра дзяўчыну.

Гэтая гісторыя пра жахлівую і недарэчную катастрофу ды сякія-такія яе наступствы.

А яшчэ гэтая гісторыя пра кнігу – «Падарожную кніжку для аматараў Галактычнага аўтаспыну» – незямное выданне, ніколі не друкаванае на Зямлі. У дадатак, гэтай «Падарожнай кніжкі» – да жахлівай катастрофы – не бачыў (і не чуў пра яе) ніводны зямлянін.



Тым не менш, гэта адметная кніга.

Больш за тое, гэта, відаць, самае ўдалае выданне сярод усіх, што пабачылі свет у буйных выдавецтвах Малой Мядзведзіцы, пра якія ніводны зямлянін не чуў таксама.

Акрамя мастацкіх вартасцяў гэта кніга мела камерцыйны поспех, пабіўшы такія бестселеры, як «Зорны Дамастрой» і «Друіды страляюць ва ўпор». «Падарожная кніжка» прадавалася лепей за «Пустку пад белымі крыламі: 50 рэчаў, якімі можна заняць сябе ў міжпланетным лайнеры», і выклікала нашмат больш дыскусіяў за трылогію філасофскіх хітоў Валенштайн-Акудовіца «На якім этапе Бог памыліўся?», «Яшчэ трохі пра найвялікшыя пралікі Бога» і «Хто ён такі, гэты Бог?»

У шмат якіх больш расслабленых цывілізацыях Усходняга краю Галактыкі «Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» ўжо забрала ў Вялікай Галактычнай Энцыклапедыі ганаровае званне Афіцыйнай Крыніцы Мудрасці і тытул Агульнагалактычнай Скарбніцы Ведаў. Хоць у «Падарожнай кніжкі» і сустракаецца шмат лакунаў і яна змяшчае – варта прызнаць – безліч факталагічных памылак (ці, прынамсі, сур’ёзных недакладнасцяў), аднак яе ўсё ж лічаць аўтарытэтнейшай і грунтоўнейшай за «Энцыклапедыю», галоўным чынам, з дзвюх прычынаў.

Па-першае, яна крышачку таннейшая.

Па-другое, на сваёй вокладцы «Падарожная кніжка» змяшчае слова «СПАКУХА!», надрукаванае вялізным, прыемным воку шрыфтам.

Аднак гісторыя пра гэты жахлівы, недарэчны чацвер, яго надзвычайныя наступствы і тое, як гэтыя наступствы шчыльна спляліся з апісанай вышэй кнігай, пачынаецца вельмі празаічна.

Пачынаецца яна з дома.