Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 29 из 62



13

Марвін валачыўся па калідоры, працягваючы енкі:

– І, вядома, з левага боку яшчэ дыёды зашчымелі...

Артур, ідучы побач, змрочна перапытаў:

– Што, праўда баліць?

– Ага, – адказаў Марвін. – Я ж прасіў замяніць мяне, але ўсім напляваць.

– Я цябе разумею.

3 вуснаў Фольксвагена зляцеў няўцямны свіст і зумканне.

– Касмічныя ўгоднікі! – ціхенька выгукнуў Фольксваген. – Зафод Біблброкс...

Знянацку Марвін, спыніўшыся, выпрастаў руку.

– Вы ж, пэўна, ведаеце, што зараз адбудзецца?

– Не, і што ж? – перапытаў Артур, які, вядома, не меў аніякага жадання таго ведаць.

– Мы падышлі да яшчэ адных дзвярэй.

Гэта былі рассоўныя дзверы-люк, якія вялі ў калідор. Марвін падазрона зіркнуў на іх.

– І?.. Дык мы пойдзем праз іх ці што? – пацікавіўся Фольксваген, трацячы цярплівасць.

– «Пройдзем праз іх», – здзекліва пераняў Марвін голас Фольксвагена. – О, так! Гэта ж уваход на капітанскі масток... І мне загадалі даставіць вас сюды. Я ўвогуле не здзіўлюся, калі канваяванне станецца самым інтэлектуальна складаным заданнем для мяне за ўвесь сённяшні дзень.

Пакрысе, з вялікай агідаю, ён наблізіўся да дзвярэй, усё роўна як нейкі паляўнічы, што пільнуе сваю ахвяру. Дзверы імкліва рассунуліся.

– Дзякуй вам, – сказалі дзверы, – за тое, што зрабілі звычайныя дзверы вельмі шчаслівымі.

У металёвай грудзіне Марвіна ўсё заклекатала.

– Здурнець можна! – жалобным рэчытатывам прамовіў Марвін. – Толькі ты пачынаеш думаць, што горш ужо няма куды, як раптам робіцца яшчэ паганей.

3 апошніх намаганняў ён прапхнуўся праз дзверы, пакідаючы Фольксвагена і Артура пазіраць адзін на аднаго і пацепваць плячыма. Яны пачулі Марвінаў голас, які сыходзіў з наступнага памяшкання:

– Вось, калі ласка, прыбышы з космасу, – сказаў ён. – Дык як вам лепей: каб я сеў у кут і заіржавеў там, ці застаўся на месцы і пакрысе разваліўся стоячы?

– Ага, Марвіне, давай іх сюды, – пачуўся голас некага яшчэ.

Артур глянуў на Фольксвагена і са здзіўленнем заўважыў, што той усміхаецца.

– А чаго ты?..

– Ціху! – сыкнуў на яго Фольксваген. – Заходзь.

І прайшоў на капітанскі масток.

Артур, знерваваны, паследваў за ім. Ягонаму здзіўленню не было межаў, калі ён убачыў чалавека, які гойдаўся на крэсле, паклаўшы ногі на кантрольную дошку, і чысціў зубы сваёй правай галавы левай рукой. Правая галава, здавалася, заглыбілася ў свае справы, але левая ашчэрылася шырока, разняволена, бестурботна. Колькасць рэчаў, якіх не магло быць у прынцыпе, – зашкальвала. Артур адчуў, што яго сківіца ўдарылася ў грудзі.

Тады той дзіўны чалавек лена хітнуў Фольксвагену і з манернай абыякавасцю вымавіў:

– Фольксвагене, прывітанкі, як сам? Малайчынка, што заскочыў у госці.

Фольксваген не завініўся і гэтаксама манерна вымавіў:

– Зафодзік! Касмічна рады бачыць, выглядаеш на пяць зорачак, дадатковая рука табе фантастычна пасуе. А ад твайго новага скрадзенага зоркалёта воч не адвесці!

Артур стаяў як мыла з’еўшы.

– Ты хочаш сказаць, што ведаеш яго? – запытаўся ён, тыцнуўшы пальцам у кірунку Зафода.

– Ці ведаю яго я?! – выгукнуў у адказ Фольксваген. – Ды ён жа... – тут яго голас перасекся, бо ён падумаў, што варта пачаць знаёмства з іншага канца.

– Зафодзік, гэта мой сябар Артур Дэнт, – прамовіў ён. – Я выратаваў яму жыццё, калі зносілі ягоную планету.

– Ясна, ясна, – адгукнуўся Зафод. – Салют, Артуру!

Рады, што ты паспеў даць драпака.

Яго правая галава азірнулася, кінула «Добры дзень» і адвярнулася ў бок, каб да схочу пакалупацца ў зубах.



Фольксваген працягваў:

– Артуру, пазнаёмся: гэта мой стрыечны швагер Зафод Бібл...

– Мы знаёмыя, – перарваў Фольксвагена Артур.

Калі вы ляціце па шашы ды элегантнымі манеўрамі абмінаеце колькі ціхаходаў (і пачуваецеся пры гэтым усцешана і самазадаволена) і нечакана пасля чацвёртай хуткасці пераключаецеся на першую замест трэцяй, дык у гэты момант вы маеце магчымасць бачыць, як ваш рухавік выскоквае з капота і як вас самога магутным штуршком шпурляе з сядзення прэч, – нешта падобнае адбылося і з Фольксвагенам Гольфам, якога гэтаксама знянацку выбіла з раўнавагі Артурава рэпліка.

– Што ты сказаў?!

– Я сказаў, што мы знаёмыя.

Зафод Біблброкс адразу састроіў дурня.

– А, праўда? Знаёмыя? Дык...

Ён закусіў губу за дзясну.

Фольксваген абярнуўся да Артура – яго вочы ярасна палалі. Ён адчуў, што зноў апынуўся на Зямлі, дзе па другім разе вымушаны няньчыцца з гэтым першабытным невукам, які абазнаны ў галактычных справунках столькі, колькі камар з Ілфардскіх ставоў ведае пра жыццё ў Пекіне.

– Што значыць, вы знаёмыя?! – ускінуўся на Артура Фольксваген. – Гэта ж Зафод Біблброкс з Бэтельгейзэ-5, разумееш, а не Піт Бірулькін з Дубліна.

– Ды пляваць, адкуль ён, – холадна прамовіў Артур. – Мы знаёмыя і сустракаліся. Ці ж не, Зафодзе Біблброксе? Ці мне лепей клікаць цябе Філам?

– Чаго?! – выкрыкнуў Фольксваген.

– Нагадай мне, калі ласка, – папрасіў Зафод Біблброкс, – а то ў мяне дрэнная памяць на расы.

– Сустрэліся мы на вечарынцы... – працягваў Артур.

– Ды не можа быць, – запярэчыў Зафод Біблброкс.

– Артуру, адчапіся ты ад яго! – ціснуў Фольксваген.

Аднак Артура было не спыніць, не стрымаць.

– На вечарынцы, паўгода таму. На Зямлі... У Англіі.

Зафод Біблброкс паківаў галавой, усміхнуўшыся і зрабіўшы вусны вяровачкай.

– У Лондане, – гнуў на свой капыл Артур. – раён Айлінгтан.

– А-а! – вымавіў Зафод. збянтэжана перасмыкнуўшыся. – На той вечарынцы!

Выгляд у Фольксвагена быў досыць варты жалю. Ён пераводзіў позірк з Артура на Зафода.

– Чаго?! – перапытаў Фольксваген. – Толькі не кажы мне, што ты таксама бавіўся на гэтай нікчэмнай планетцы!

– Вядома ж не, – хуценька вымавіў Зафод Біблброкс. – Ну, можа, скокнуў на пару гадзінак, па дарозе кудысьці там...

– А я там на пятнаццаць гадоў захрас!...

– Ну, далібог, я быў не ў курсе...

– Але ты што там рабіў?

– Швэндаўся, сёе-тое...

– Ён пралез на чужую пагулянку і сапсаваў вечарынку-маскарад, – злосці поўныя косці прамовіў Артур, – раздурэўся і ўсё пайшло дагары нагамі...

– Дык на Зямлі і без Зафодзіка такія штукі адпальвалі спрэс і штодня, – уставіў Фольксваген.

– ...На гэтай вечарынцы, – працягваў Артур, – была адна дзеўчына... Хаця якая цяпер розніца!.. Усё роўна ўвесь наш шарык пайшоў з дымам, дык што цяпер...

– Зямля ды Зямля! Колькі можна распавядаць казаную казку пра адну недарэчную планету? – заўважыў Фольксваген. – І як тую дзеўчыну звалі?

– Ат, няважна... Добра, згодны, паводзіўся я з ёю не найлепшым чынам. Але стараўся, увесь вечар. Далібог, дзеўчына што трэба: прыгожая, абаяльная, страшэнна разумная... Нарэшце на нейкі момант я здолеў прыцягнуць яе ўвагу і пачаў быў нават нешта распавядаць, але тут на нас наляцеў гэты твой таварыш і сказаў: «Салют, красуня! Што, гэты гіцаль – люты зануда? Дык, можа, пераключышся на мяне – я прыляцеў з іншай планеты». І больш я яе не бачыў.

– Гэта быў Зафод? – выгукнуў Фольксваген.

– Так, – сказаў Артур, зіркаючы на Зафода і намагаючыся не выглядаць няўдахам. – Але тады ў яго было толькі дзве рукі і ўсяго адна галава, і называў ён сябе Філам, і я...

– ...І ты мусіш прызнацца, што ён сапраўды прыляцеў з іншай планеты, – прамовіла Трыліян, падышоўшы да іх з іншага боку капітанскага мастка.