Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 28 из 62



– Малаваценька, – працягваў Зафод Біблброкс, злёгку прысвіснуўшы.

– Ага, – пагадзілася Трыліян і гулліва глянула на яго.

– Гэтую вялікую таямніцу Неймавернага трэба яшчэ патлумачыць. Бачу, неймавернасць разгулялася тут напоўніцу. І калі мы атрымалі такі мізэрны вынік, дык, пэўна, мусіла адбыцца нешта фантастычна неверагоднае.

Зафод Біблброкс нашкрэбаў колькі лічбаў, закрэсліў іх, потым адшпурнуў аловак.

– Халера-венера, не падлічыць!

– Ну, і што далей?

Зафод Біблброкс у раздражненні сутыкнуў дзве свае галавы і заскрыгатаў зубамі.

– Добра, хай сабе, – раптам прамовіў ён справавым тонам. – Камп’ютару!

Галасавыя ланцугі вярнуліся да жыцця.

– Чагоські? Здароўкі! – сказалі яны і адразу ж выскачыла білетная стужка. – Мой клопат – зрабіць ваш дзень лепшым, прыгажэйшым, дасканалейшым...

– Ясна, добра. Завалі дынамік і палічы сёе-тое для мяне.

– Ды як рэпу згрызці, – загаманіў камп’ютар. – Вы хочаце прагноз імавернасці, які грунтуецца на...

– Ага, давай, падлічы імавернасць.



– Файна, – працягнуў камп’ютар. – Крыху цікавай інфармацыі: вам ніколі не прыходзіла да галавы, што людскія жыцці кіруюцца тэлефоннымі нумарамі?

На адным з твараў Зафода Біблброкса – а неўзабаве і на другім – з’явілася грымаса пакуты.

– Ты што, зусім з працэсараў з’ехаў?

– Пакуль не, але вы сам глузданецеся, калі даведаецеся, што...

У Трыліян заняло мову. Яна стала націскаць кнопкі на кібер-штурмане Рухавіка Неймавернасці.

– Тэлефоннымі нумарамі? – перапытала яна. – Гэтая агрэгаціна сказала «тэлефоннымі нумарамі»?

На экране высвеціліся лічбы.

Камп’ютар з ветлівасці зрабіў паўзу, але хутка прыпусціў ізноў:

– Я толькі хацеў сказаць...

– Не хаці! – парабіла яго Трыліян.

– Зірні, што гэта? – выгукнуў Зафод Біблброкс.

– Не ведаю, але тыя два прыбышы ўжо ідуць на капітанскі масток разам з нашым нікчэмным робатам... – адказала Трыліян. – Ці можам мы іх злавіць на якую-небудзь камеру?