Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 27 из 62



12

Кожны раз, калі Зафоду Біблброксу ўдавалася злавіць хвалю якой-небудзь субэфірнай радыёстанцыі, – а ён хацеў паслухаць навіны пра сябе, – моцнае бразгатанне джанк-музыкі напойвала адсекі «Залатога Сэрцайка». Кіраваць радыёпрымачом – той яшчэ галаўны боль. Шмат гадоў радыё наладжвалі, націскаючы кнопкі і круцячы ручкі. Потым тэхналогіі ўдасканаліліся: панэль зрабілі сэнсарнай. Сёння ж вам варта ўсяго толькі з надзеяй на лепшае памахаць рукой у неакрэсленым кірунку – і досыць. Гэта, ясная рэч, ашчаджае энергію цягліцаў, аднак адсюль вынікае, што калі вы маеце жаданне заставацца на адной хвалі, вам давядзецца – псіхуй-не псіхуй, – аднак, сядзець абсалютна нерухома.

Зафод паварушыў рукой – усталяваўся новы канал. Фастфуд-музыкі на ім было больш, аднак цяпер яна зрабілася адно фонам для навін.

Тэкст на гэтым канале бязлітасным чынам падладжвалі пад музычны рытм.

– ...Суб-эфірнае радыё вяшчае для вас дваццаць чатыры гадзіны на содні. Стоадсоткавая зона пакрыцця па Галактыцы, – загарлала радыё. – Скажам сваё шчырае, сардэчнае «прывітанне» ўсім разумным формам жыцця ў Сусвеце... А таксама ўсім астатнім адстальцам. Любыя аўтсайдэры! Самы галоўны сакрэт поспеху – ляснуць каменем па камні... І, вядома, найгучнейшая навіна на сёння – сенсацыйнае выкраданне дзіва над дзівамі, цуда над цудамі – эксперыментальнай мадэлі зоркалёта з Рухавіком Бясконцай Неймавернасці! Выкраданне здзейсненае нікім іншым як Прэзідэнтам Галактыкі Зафодам Біблброксам! І пытанне, над якім чухае патыліцу ўся-ўсенькая Галактыка: «Няўжо Вялікі Бібл нарэшце ўкляпаўся па самыя вушы ці ён выкруціцца зноў?» Так-так, той самы Зафод Біблброкс, які ўласнаручна вынайшаў Пангалактычны Мазгатрушч, колішні махляр і аферыст, мужчына, якога Зюзя Ангорская назвала ў сваіх мемуарах «сэкс-тытанікам», бо яго полавая моц саступае адно Саюз-Апалону Бельведэрскаму. Біблброкс, які перамагаў у «Еўрасабачанні» сем разоў, з лёгкасцю перасабачыўшы сваіх канкурэнтаў... Ці ёсць яму што сказаць у сваю абарону і апраўданне гэтым разам? На гэтае пытанне адказвае Зафодаў асабісты мазгазнаўца Зіг Мундфройд.

На імгненне, падчас галавакрутнай трэлі, музыка спынілася. У эфір уварваўся другі голас, напэўна, мундфройдаўскі. Ён зазначыў: «Такі так! У гэтым увесь наш кляйнэ Зафодзік, ферштэйн?...»

Але далей пачуць нічога не ўдалося, бо праз зону, у якой наладка радыёпрымача рэагуе на рухі, праляцеў электраловак. Зафод абярнуўся і, раз’ятраны, згледзеў Трыліян – аловак шпурнула менавіта яна.

– Э-э! Ты што творыш? – абурыўся Зафод.

Трыліян пагрукала пальцамі па экране, поўным нейкіх лічбаў.

– Я сёе-тое прыдумала,- адказала яна.

– І што, праз гэта трэба перарываць выпуск навінаў, які інфармуе пра мяне?

– Ты ўжо ведаеш пра сябе дастаткова.

– Мяне аблажылі з усіх бакоў. Трэба быць напагатове.

– Можа, пакінем тваё эга хоць на хвіліну ў спакоі?

Ёсць важнейшыя справы.

– Калі тут ёсць хоць што, важнейшае за маё эга, я хачу, каб гэтае штосьці неадкладна злавілі і расстралялі.

Зафод зноў зірнуў на яе і рассмяяўся.

– Слухай, – прамовіла яна, – тыя два хлопцы, якіх мы падабралі...

– Якія яшчэ два хлопцы?

– Якіх мы падабралі.

– А, тыя двое... – выдыхнуў Зафод Біблброкс.

– Падабралі мы іх у Сектары ЭЭ7, Масіве Э-Альфа...

– І? – вымавіў Зафод і міргнуў.

Трыліян ціха спытала:’

– Табе гэта хоць што-небудзь кажа?

– Гмм, – прамычаў Зафод. – Сектар ЭЭ7, Масіў Э-Альфа... Сектар ЭЭ7, Масіў Э-Альфа...

– І?

-Э-э... А што азначае «Э»? – спытаў Зафод.

– Якое з іх?

– Ды любое!

Адна з праблемаў, якую зазнала Трыліян у сваіх стасунках з Зафодам, палягала ў тым, што было даволі цяжка адчуць розніцу паміж сітуацыямі, калі той:

а) проста ўдаваў тупалобага, каб ад яго адчапіліся;

б) знарок удаваў тупалобага, бо не хацеў пераймацца думаннем і жадаў, каб за яго падумаў нехта іншы;

в) удаваў жудасную тупалобасць, намагаючыся прыхаваць тое, што ён нічагуткі не цяміць, што адбываецца ў дадзены момант;

і ўрэшце



г) ён проста дэманстраваў ва ўсёй красе ўсю сваю адпрыродную і непапраўную тупалобасць.

Маючы рэпутацыю неверагодна мудрага чалавека, Зафод Біблброкс такім, ясная рэч, і быў, але толькі – у пэўныя, вельмі кароткія моманты. Гэты факт яго дужа трывожыў і, знакам тым, прымушаў дзейнічаць. Ён хацеў, каб яго персона бянтэжыла і сустрэча з ім ставіла людзей у тупік, а не выклікала пагарду і пачуццё паблажлівасці. Усе гэтыя прыведзеныя вышэй хітрыкі падаваліся Трыліян праўдзівай праявай тупалобасці, але ў яе больш не ставала моцы, каб спрачацца на гэты конт.

Каб палегчыць жыццё Зафоду, Трыліян, уздыхнуўшы, загрузіла зорную мапу на экран. А ў чым канкрэтна палягае прычына ягонага нежадання сцяміць, што тут да чаго, – неістотна.

– Вунь дзе, – паказала яна пальцам, – тут.

– А... Ну, так! – вымавіў Зафод.

– І?

– Што «і»? – перапытаў Зафод.

Адна палоўка мозга Трыліян раўла на другую. Трыліян ціхутка прамовіла:

– Гэта той самы сектар, дзе мяне падабраў ты.

Ён глянуў на яе і потым зноў стаў пазіраць на экран.

– А, ну так, здурнець можна! – прамовіў ён. – Мы апынуліся ў самай сярэдзіне Туманнасці Конская Галава. Як жа ж мы тут апынуліся?! То бок, гэта ж галактычныя задворкі!

Трыліян абышла гэтую рэпліку ўвагай.

– Рухавік Бясконцай Неймавернасці, – сказала яна цярпліва. – Ты ж сам мне ўсё патлумачыў. Сам сказаў, што з ім ёсць верагоднасць наведаць абсалютна любы пункт Сусвету.

– Але ж гэта хавайся ў бульбу якое супадзенне!

– Ну, так.

– Падабраць аўтаспынніка на тым самы месцы?! 3 усёй аграмаднасці Сусвету мы апынуліся ў тым самым месцы! Гэта, ведаеш, вельмі... Дык я хачу высветліць, як жа гэтак сталася. Гэй, камп’ютару!

Піксельмашаўскі карабельны камп’ютар, які кантраляваў і кіраваў кожнай частачкай зоркалёта, пераключыўся ў рэжым зваротнай сувязі.

– Здароўкі! – павітаўся ён бадзёрым голасам і адначасова выплюнуў маленечкі жмуток білетнай стужкі. На стужцы красаваўся надпіс: «Здароўкі!»

– Каб цябе! – вылаяўся Зафод Біблброкс. Ён зусім нядоўга паслугаваўся гэтым агрэгатам, але паспеў зненавідзець яго ўсім сэрцам.

Кампутар працягнуў размаўляць, нахабны і імпэтны, нібыта ўпіхваў чарговаму кліенту найноўшы мыючы сродак:

– Я хачу, каб вы ведалі: якая б праблема вас ні дапякла, я тут, каб дапамагчы.

– Божа літасцівы! – сказаў Зафод Біблброкс. – Відаць, давядзецца палічыць у слупок.

– Ды калі ласка, – адказаў камп’ютар. Адначасова ён выплёўваў надрукаваныя стэнаграмы сваіх выказванняў у сметніцу. – Абсалютна зразумелае жаданне. Калі вы захочаце, дык...

– Завалі дынамік! – не вытрымаў Зафод Біблброкс і, схапіўшы аловак, сеў побач з Трыліян.

– Добра-добра, – замармытаў камп’ютар пакрыўджаным тонам і зноўку зачыніў свае маўленчыя каналы.

Зафод і Трыліян засяродзіліся на лічбах, якія ім моўчкі пастаўляла на дысплэй навігацыйная сістэма Рухавіка Бясконцай Неймавернасці.

– Ці можна вылічыць, – запытаў Зафод Біблброкс, – чаму раўняліся іхнія шанцы выжыць?

– Так, гэта канстанта, – сказала Трыліян. – Адзін супраць дзвюх у ступені дзвесце семдзесят шэсць тысяч сямсот дзевяць.

– Мушу канстатаваць – ім моцна пашэнціла. Гэтая лічба – невялікае што.

– Згода.

– Але адносна таго, чым займаліся мы, калі «Зала-тое Сэрцайка» падабрала іх?

Трыліян пагрукала па клавіятуры. Камп’ютар высвеціў адзін супраць дзвюх у ступені бясконцасць мінус адзін. (Ірацыянальная лічба, якая мае ўмоўнае значэнне адно ў фізіцы неверагоднага.)