Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 16 из 62



6

«Гаў-гаў, буль-буль, гаў, буль, гаў-гаў-гаў-гаў, буль, гаў, буль-буль, гаў, буль-буль-буль, гаў, ням-ням, ...ям-ям... людзі павінныя весяліцца... Паўтараю паведамленне. Гаворыць капітан вашага карабля, і таму, калі ласка, спыніце ўсё, што б вы там ні рабілі, і ўважліва паслухайце. Па-першае, як паказваюць нашыя прыборы, у нас на борце завяліся два аўтаспыннікі. Прывітанне, падарожныя людзі, кім бы вы ні былі! Я толькі хачу расставіць усе кропкі над «і» – вас тут ніхто не чакаў!!! Я выжыльваўся з усяе моцы, каб апынуцца на тым месцы, дзе знаходжуся цяпер, і пасада капітана Воганаўскай будаўнічай эскадры не далася мне нагэтулькі лёгка, каб я дазволіў ператварыць свае караблі ў таксоўку для бадзячых дармаедзін. Я ўжо выслаў пошукавы атрад, і як толькі ён вас знойдзе, я вышпурну вас за борт. Калі вам пашчасціць, дык перад выкіданнем я, можа быць, прачытаю вам свае вершы...

...Па-другое. Неўзабаве мы маем зрабіць гіперкасмічны скачок да зоркі Барнарда. Па прыбыцці туды мы застанемся ў доках на трое сутак для рамонту і загрузкі. Падчас гэтай стаянкі ўсім чальцам экіпажу строга забараняецца пакідаць борт карабля. Паўтараю: усе звальненні на планету адмяняюцца. Мяне толькі што кінула каханка, і мне незразумела, чаму ў такі час іншыя людзі павінныя весяліцца. Канец паведамлення».

Брэхабульканне спынілася.

Артур з сорамам заўважыў, што сам ляжыць скручаны ў клубок на падлозе, а яго рукі абхопліваюць уласную галаву. Ён слаба ўсміхнуўся.

– Прыязная істота! – сказаў ён. – Шкада, што ў мяне няма дачкі, каб я мог урачыста забараніць ёй жаніцца з воганамі...

– Табе не давялося б, – адказаў Фольксваген. – Воганы выпраменьваюць прыблізна столькі ж сэксуальнай прывабнасці, колькі фотаздымкі з месца дарожнай аварыі. Не-не, не рухайся, – дадаў Фольксваген калі Артур пачаў выпроствацца. – Табе лепей падрыхтавацца да скачка ў гіперпрастору. Гэта непрыемнае пачуццё – усё роўна як п’янка.

– А што непрыемнага ў п’янцы?

– Пахмелле.

Артур задумаўся на гэты конт.

– Фольксвагене, – прамовіў ён.

– Ага?

– А што гэтая рыба робіць у маім вуху?

– Перакладае для цябе. Гэта вавілонская рыбка. Ка­лі хочаш, прачытай пра яе ў «Падарожнай кніжкі».

Артур адкінуў «Падарожную кніжку для аматараў галактычнага аўтаспыну» і потым зноў скруціўся ў позу эмбрыёна, рыхтуючыся да скачка.

У гэтае імгненне падлога, такое ўражанне, пачала знікаць. Артуравы зрэнкі дружна павярнуліся ў сярэдзіну. А ступакі чамусьці апынуліся ля галавы.

Каюта скурчылася, перакулілася, памяняла ўсе прапорцыі і каардынаты, спыніла існаванне і Артур паляцеў у сярэдзіну самога сябе. Карабель праходзіў гіперпрастору.

«Вавілонская рыбка, – пачала распавядаць «Падарожная кніжка для аматараў галактычнага аўтаспыну», – з выгляду маленькая, жоўтая і падобная да п’яўкі. Вавілонская рыбка – ці не самая дзіўная істота ў Сусвеце. Яна жывіцца энергіяй мазгавых хваляў людзей, якія знаходзяцца побач з яе носьбітам. Каб падсілкавацца, яна проста ўсмоктвае ўсе, свядомыя і несвядомыя, сігналы мазгавой энергіі атачэння. Потым вылучае тыя сігналы ў мозг свайго носьбіта ў выглядзе тэлепатычный матрыцы, у якой свядомыя думкі чаргуюцца з нервовымі сігналамі, якія ідуць з мазгавых цэнтраў прамоўцы. Практычнае значэнне гэтага ўсяго: запускаючы сабе ў вуха вавілонскую рыбку, вы зможаце разумець абсалютна ўсе мовы Сусвету. Тое, што вы чуеце, – гэта дэшыфроўка матрыцы чужых мазгавых хваляў, якія вылучыла для вас вашая вавілонская рыбка.

...Той факт, што нешта настолькі страшэнна карыснае можа развіцца ў выніку эвалюцыі, а іншымі словамі – абсалютна выпадкова, падбухторыў некаторых мысляроў палічыць гэты феномен канчатковым і абсалютным довадам неіснавання Бога.

Довад гучыць неяк так:

«Бог кажа:

– Я адмаўляюся даказваць, што я існую, паколькі любы доказ адмаўляе веру, а без веры я нішто».

– Аднак, – адказвае яму чалавек, – вавілонская рыбка выдае Цябе з галавой, ці не так? Далібог, яна не магла развіцца выпадкова. Яна даказвае, што Ты існуеш, і адсюль вынікае, – паслугуючыся Тваімі ж уласнымі доказамі, – што Ты не існуеш. Што і патрабавалася давесці.

– О, Божа, – кажа Бог, – я не падумаў пра гэта!

І вокамгненна знікае ў смузе логікі.



– Ну, гэта было няцяжка, – прамаўляе чалавек і ідзе давесці самому сабе, што белае – гэта чорнае, і на першай-лепшай «зебры» яго збівае аўто.

Большасць вядучых тэолагаў палічыла гэты аргумент лухтой непадсяванай, але іх меркаванне не спыніла Валенштайна-Акудовіца загрэбсці не абы-якую капейчыну, калі ён выкарыстаў гэты аргумент у якасці цэнтральнай тэмы свайго апошняга бэстсэлера «Вось і ўсё (што я хацеў сказаць пра Госпада Бога)».

Тым часам вавілонская рыбка, што разбурыла ўсе моўныя і культурныя бар’еры паміж рознымі расамі і народамі, урэшце спрычынілася да большай колькасці міжэтнічных войнаў і канфліктаў, чым любая іншая істота ў гісторыі разумнага жыцця».

3 Артура вырваўся глухі рык. Ён з жахам выявіў, што скачок праз гіперпрастору яго не забіў. Цяпер ён знаходзіўся на адлегласці шасці светлавых гадоў ад месца, на якім магла б знаходзіцца планета Зямля ў выпадку, калі б яна яшчэ існавала.

Зямля.

Вобраз Зямлі кісельнай млосцю расцёкся па яго і так знуджаным розуме. Яго ўяўленне было, ясная рэч, не ў стане перастрававаць той факт, што ўся планета Зямля спыніла сваё існаванне – для яго гэта было занадта. Артур паспрабаваў падсцёбнуць сваё ўяўленне думкамі, што ягоных бацькоў і сястры больш няма. Ніякай рэакцыі. Потым ён падумаў пра аднаго абсалютна незнаёмага чалавека, за якім ён стаяў у чарзе два дні таму і адчуў шчыменне ў грудзях – таго супермаркета больш няма, усе, хто быў у ім, – зніклі таксама.

Трыумфальнай калоны адмірала Нэльсана больш няма! Калона Нэльсана знікла, і ніхто не будзе абурацца з нагоды яе знікнення, бо не засталося больш аніводнага чалавека, які змог бы тое абурэнне выказаць. Згэтуль калона будзе існаваць толькі ў ягонай, Артуравай, памяці. Англія існуе толькі ў яго памяці – яго, які цяпер захрас у гэтым смярдзючым, вільготным, абшытым сталлю зоркалёце. Хваля клаўстрафобіі захлынула яго.

Англіі больш не існуе. Ён перастрававаў гэты факт – неяк агораў. Амерыка, падумаў ён, знікла. Яму не ўдалося асягнуць гэта розумам. Ён зноў намысліў пачаць з меншага. Нью-Ёрк знік. Ніякай рэакцыі. Усё роўна ён ніколі ўсур’ёз не верыў у існаванне гэтага мегаполіса.

«Даляр, – падумаў ён, – страціў моц назаўсёды».

Яго працяла лёгкая дрыготка. «Усе кінастужкі з удзелам Хэмфры Богарта сцёртыя», – сказаў ён сабе.

Гэта яго моцна ашаломіла.

«Макдональдс», – падумаў ён. – Няма больш такой рэчы як Біг-мак.

Ён знепрытомнеў. Вярнуўшыся праз якую секунду да цямы, ён усвядоміў, што плача па маме. Хапатліва ўзняўся на ногі:

– Фольксвагене!

Фольксваген зірнуў на Артура з кута, дзе сядзеў, зумкаючы самому сабе пад нос. На яго думку, у міжпланетных падарожжах самым цяжкім этапам быў уласна пераезд.

– Ага? – адгукнуўся ён.

– Калі ты карэспандэнт і палявы даследчык у гэтай кніжкі і пабываў на Зямлі, дык ты, мусіць, сабраў пра нас які-ніякі матэрыял?

– Ага, думаю артыкул «Зямля» для новага выдання «Падарожнай кніжкі» я сапраўды крыху перараблю.

– Дай паглядзець, што пішуць пра Зямлю ў старым выданні.

– Трымай, калі ласка.

Фольксваген перадаў кнігу.

Артур схапіў яе і паспрабаваў утаймаваць шалёныя дрыжыкі ў руках. Знайшоў адпаведную старонку. Дысплэй выбліснуў, застракацеў – на ім з’явілася як бы выдрукаваная старонка. Артур упіўся вачыма ў напісанае.