Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 15 из 62



– Фольксвагене, – напіраў Артур. – Не ведаю, можа, гэта прагучыць як лухта, але што тут раблю я?

– Ну, як бы гэта правільна сфармуляваць... -адказаў Фольксваген. – Я выратаваў цябе з Зямлі.

– І што з ёй здарылася?

– А-а, бачыш, яе знеслі.

– «Знеслі»? – роўным голасам перапытаў Артур.

– Ага. І яна выпарылася ў адкрыты космас.

– Слухай, – сказаў Артур. – Я гэтым трохі засмучаны.

Фольксваген насупіўся: выдавала, што ён задумаўся.

– Так, я разумею, – адказаў ён нарэшце.

– Разумееш?! – выгукнуў Артур. – Разумееш!

Фольксваген узняўся.

– Зірні лепш на вокладку!

– Чаго?

– СПА-КУ-ХА!

– Я спакойны.

– Ды ты панікуеш!



– Добра, хай сабе – я панікую... Але што тут яшчэ можна зрабіць?!

– Пракаціцца са мною і весела прабавіць час. Галактыка – кайфовае месцейка. А зараз запусці сабе ў вуха гэтую рыбку.

– Што, прашу прабачэння?! – перапытаўся Артур як мага ветліва.

Фольксваген трымаў у руках невялікі слоік, у якім плавала невялікая залатая рыбка. Артур заміргаў. Як жа ён хацеў, каб перад яго вачыма апынулася што-небудзь простае і пазнавальнае, нешта, што ён зможа асягнуць сваім устурбаваным розумам! О, ён бы адчуў сябе спакойна і ўпэўнена, калі б побач з дэнтраскімі майткамі, дрыгвіскімі матрацамі і бетэльгейзіянцам, які трымаў у руках залатую рыбку і заахвочваў запхнуць яе ў вуха, з’явілася, скажам, запакоўка кукурузных шматкоў. На жаль, гэта адсутнічала ў Артуравым полі зроку, і таму ён заставаўся неспакойны і няўпэўнены.

Немавед адкуль абрынулася лавіна дзікага шуму. Артур цяжка задыхаў. Было ўражанне, што той шум рабіў чалавек, які адпалохвае зграю ваўкоў, спрабуючы пры гэтым папаласкаць рот.

– Ціху! – загадаў Фольксваген. – Слухай уважліва, гэта можа быць важным.

– В-важным?..

– Капітан воганскага карабля робіць абвестку па радыёгукальніку.

– Ты хочаш сказаць, гэты брэх – іхняя мова?!

– Не замінай слухаць!

– Але ж я па-іхняму не разумею!

– Ад цябе гэтага не патрабуецца. Проста запусці сабе ў вуха рыбку.

Бліскавічным рухам Фольксваген пляснуў даланёй па Артуравым вуху, і па целе зямляніна расцяклася млосць ад таго, што па вушным тракце склізнула жывая істота. Аднак праз пару секунд Артуравыя вочы акругліліся ад цікаўнасці. Са слыхам у яго адбывалася тое самае, што адбываецца са зрокам, калі чалавеку паказваюць карцінкі з двума чорнымі сілуэтамі, і раптам у абрысах твараў ён пачынае бачыць выяву белага падсвечніка. Або калі вам паказваюць процьму намаляваных кропачак на паперы, а яны раптам пачынаюць складацца ў лічбу «шэсць», з’яўленне якой у сваю чаргу азначае, што аптаметрыст спагоніць з вас кучу грошай для новай пары акуляраў.

Артур усё яшчэ прыслухоўваўся да брахлівых булькатанняў, хіба цяпер нейкім незразумелым чынам ён разумеў іх гэтаксама добра, як родную ангельшчыну.

І вось што ён пачуў...