Страница 17 из 62
– «Падарожная кніжка» не мае адпаведнага артыкула! – загарачыўся ён.
Фольксваген глянуў Артуру праз плячо.
– Вядома ж, мае,- пачаў супакойваць ён зямляніна.
– Вунь дзе, у ніжняй частцы дысплэю, якраз пасля артыкула пра Зюзю Ангорскую, слынную трохгрудую прастытутку з планеты Эратыкон-6.
Артур прасачыў за пальцам Фольксвагена. Праз якое імгненне, калі на дысплэі з’явіўся тэкст, Артураў розум мала-што не закіпеў ад абурэння.
– Што?! «Бясшкодная»?.. І гэта ўсё?! . «Бясшкодная»! Адно слова?!
Фольксваген пацепнуў плячыма.
– Ну, разумееш, у Галактыцы існуе сотні мільярдаў зорак, а месца ў мікрапрацэсарах «Падарожнай кніжкі» – абмежаванае, – сказаў ён, – І ў дадатак, ясная рэч, пра вашу Зямлю вельмі мала хто ведае.
– Але далібог, спадзяюся, хоць ты трохі паправіш напісанае?
– Ну, натуральна. Я якраз збіраюся паслаць рэдактару «Падарожнай кніжкі» новую версію гэтага артыкула. Рэдактар, вядома, павінны крыху ўсё адрэдагаваць і скараціць, аднак мая праўленая версія будзе адназначна крокам наперад.
– І што ў гэтым артыкуле будзе напісана? – пацікавіўся Артур.
– «Пераважна бясшкодная», – выдаў Фольксваген і збянтэжана закашляўся.
-«Пераважна бясшкодная»?! – абурана перапытаўся Артур.
– Што гэта за шум? – засычэў Фольксваген.
– Гэта быў мой крык!
– Пры чым тут ты?! – перарваў Артура Фольксваген. Думаю ў нас пачынаюцца праблемы.
– Толькі пачынаюцца?!
Звонку, па-за дзвярыма, ясна пачуўся гук зладжаных крокаў.
– Дэнтрасы? – прашаптаў Артур.
– Не-а, боты падкаваныя сталлю, – адказаў Фольксваген.
У дзверы гучна пагрукаліся.
– Дык хто тады? – запытаўся зноў Артур.
– Ну, – сказаў Фольксваген,- калі нам пашчасціла, дык гэта толькі ахоўнікі, якія прышлі, каб выкінуць нас у адкрыты космас.
– А калі не пашчасціла?
– Калі не пашчасціла, – змрочна прамовіў Фольксваген, – дык заявіцца сам капітан, які, пэўна, абавязкова спраўдзіць свае пагрозы пачытаць нам перад выкіданнем у адкрыты космас уласныя вершы...