Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 13 из 62



5

Нават на густ іншых воганаў Прастэтнік Воган Джэлц меў знешнасць не дужа прыемную. Ягоны кірпаты нос вытыркаўся па-над свінячай лабацінай. Ягоная балотнага колеру гумовая скура была дастаткова тоўстая, каб змагчы ацалець пасля варожых намераў і бясконцых інтрыг на галактычнай дзяржаўнай службе, і дастаткова непратачальная, каб пераносіць трохсотметровыя глыбіні без шкодных наступстваў для арганізму.

Не тое што Прастэтнік Воган Джэлц хоць раз выбраўся скупацца. Ягоны перагружаны графік абсалютна не дазваляў гэтай раскошы. Прастэтнік Воган Джэлц, быў такім, які ёсць, бо мільярды гадоў таму, калі воганы ўпершыню выбраліся са сваіх цягнучых першабытных мораў Ваганістану і распласталіся, цяжка дыхаючы, на некранутых берагах планеты... У час, калі першы промень светлага маладога вогнейка тым ранкам асвяціў іх, дык склалася ўражанне, што самі сілы эвалюцыі ў гэты самы момант узялі і адмовіліся ад воганаў назаўжды, у агідзе адвярнуліся і выкраслілі іх са сваіх спісаў як брыдкую і няўдалую памылку. Воганы ніколі не павінныя былі эвалюцыянаваць, воганы ніколі не павінныя былі выжыць.

Прычынай таго, што яны ўсё ж выжылі, была заўзятая, тупалобая ўпартасць гэтых істотаў. «Эвалюцыя? – казалі яны самі сябе. – Ды гары яна гарам!» І тое, што адмовілася рабіць для іх прырода, воганы зрабілі самастойна. На пэўным этапе яны нават навучыліся выдаляць свае ўсе самыя грубыя анатамічныя хібы шляхам хірургічнага ўмяшальніцтва.

Тым жа часам, каб хоць неяк залагодзіць памылку і скампенсаваць пакуты сваім няўдалым дзеткам, прырода на планеце Ваганістан працавала звышурочныя. Шпурляла воганам бліскучых крабаў, чые панцыры былі аздобленыя перлінамі. Крабаў воганы жэрлі, трушчачы панцыры жалезнымі дручкамі. Прырода садзіла неверагодна вытанчаныя, гонкія дрэвы, з шыкоўнай афарбоўкай, якія воганы спілоўвалі, каб падсмажыць на іх крабавае мяса. Прырода выгадвала зграбных сысуноў, падобных да газеляў, з шаўкавістай поўсцю і даверлівымі вачыма, якіх воганы лавілі і спрабавалі асядлаць. Раскошныя істоты былі цалкам непрыдатныя ў якасці сродка перамяшчэння, бо іх спіны, абцяжараныя вершнікам, амаль імгненна ламаліся, але воганы ўпарта залазілі на іх зноў і зноў.

Так на планеце Ваганістан міналіся нешчаслівыя тысячагоддзі, аж пакуль аднойчы воганы не вынюхалі пра прынцыпы міжпланетных пералётаў. За лічаныя гады воганы цэлым кагалам эмігравалі на Мегабранціс – сузор’е, дзе робіцца ўся палітыка Галактыкі, – і сфармавалі ў дзяржструктурах магутную воганскую групоўку.

Потым яны зрабілі спробу набыць веды, пачуццё прыгожага і далікатныя манеры, аднак у шмат якіх аспектах сучасныя воганы засталіся на ўзроўні сваіх першабытных прашчураў.

Штогод са сваёй роднай планеты воганы экспартуюць дваццаць сем тысяч бліскучых крабаў, чые панцыры аздобленыя каштоўнымі перлінамі, а ў вольны час ночы навылёт бавяцца алкаголем і трушчаннем крабавых панцыраў жалезнымі дручкамі.

Прастэтнік Воган Джэлц быў тыповым прадстаўніком свайго віду, то бок непапраўным мярзотнікам. У дадатак ён не любіў аматараў аўтаспыну.

Дзесьці там, у цёмнай кабінцы, згубленай глыбока ў вантробах флагманскага карабля армады Прастэтніка, дрыготкім святлом загарэлася сярнічка. Уладальнік, сярнічкі быў не воган. Аднак гэтая істота ведала пра воганаў усё-ўсенькае і таму красамоўна дэманстравала сваю дасведчанасць спалоханай дрыготкай сярнічкі. Звалі істоту Фольксваген Гольф.*

Фольксваген Гольф агледзеў кабіну, але ўбачыў няшмат: адно дзіўныя цені, якія пачварна вымалёўваліся і скокалі разам з зіхоткім агеньчыкам, дарма што наўкол панавала ціша.

Фольксваген выдыхнуў ціхую падзяку дэнтрасам. Дэнтрасы – дзікаватае племя гуманоідаў. Няўрымслівая, але прыязная раса, з якой воганы апошнім часам наймалі кухараў і афіцыянтаў на свае касмічныя эскадры. Пры гэтым воганы цалкам усведамляюць, што дэнтрасы – згуртаваныя хлопцы, якія не надта падпускаюць да сябе чужаніц.

Дэнтрасам кухарская праца выдатна пасавала, бо яны любілі воганаўскую валюту, адну з самых цвёрдых у Галактыцы. У той жа час дэнтрасы пагарджалі самімі воганамі. Адзіныя воганы, якіх любілі дэнтрасы, – воганы раздражнёныя. Менавіта дзякуючы гэтай акалічнасці Фольксваген не ператварыўся ў дымок, складзены з вадароду, азону і вокісу вугляроду.

Фольксваген пачуў лёгкі стогн. Пры сярнічкавым святле ён убачыў нязграбную постаць, што варушылася на падлозе. Фольксваген імгненна патушыў сярнічку, пашнарыў у кішэнях і знайшоў, што шукаў. Дастаўшы знаходку, ён надарваў ейную запакоўку і патрэс у паветры. Лёг на падлогу. Постаць зноў заварушылася.

Фольксваген Гольф сказаў:

– Я тут купіў трохі арахісу.

Артур Дэнт паварушыўся і застагнаў яшчэ раз, няўцямна нешта мармычучы.

– Бяры-бяры, – стаў налягаць на Артура Фольксваген. – Калі ты ні разу не трапляў у трансферны струмень матэрыі, дык, пэўна, згубіў крыху соляў і пратэіну. Хаця выпітае табой піва павіннае было трохі залагодзіць удар па арганізме.

– Хррррррр... – сказаў Артур і расплюшчыў вочы.

– Цёмна, – дадаў ён.



– Угу, – пацвердзіў Фольксваген, – цёмна.

– Няма святла, – працягнуў Артур Дэнт, – цёмна і няма святла.

Звычка ўвесь час сцвярджаць відавочныя факты. паўтараць такія фразы: «Якое цудоўнае сёння надвор’е!», ці «Ты такі высокі!», ці «Божа мілы, ты выглядаеш страшней за атамную вайну» была адной з тых звычак, якія Фольксваген Гольф найменш paзумеў у чалавечых істотах. Па першым часе ён нават выпрацаваў тэорыю, якая тлумачыла гэтыя дзіўныя паводзіны. «Калі чалавечыя істоты не будуць практыкаваць свае губы, – рабіў выснову Фольксваген, – дык іхнія сківіцы стануць заядаць». Пасля колькімесячнага роздуму і ўважлівых назіранняў ён адмовіўся ад гэтай тэорыі на карысць новай. «Як толькі людзі перастаюць карыстацца губамі, дык у іх пачынаюць працаваць мазгі». Праз каторы час Фольксваген адпрэчыў і гэтую тэорыю, а разам з ёю і сваю бясплённую мізантрапію, ды ўрэшце пастанавіў, што нягледзячы на некаторыя агаворкі, людзі ў цэлым яму падабаюцца. Фольксвагена хіба заўсёды моцна трывожыла неверагодна аграмадная колькасць элементарных рэчаў, якіх людзі проста не ведалі.

– Ну так, – пагадзіўся ён з Артурам. – Няма святла. – Потым пачаставаў Артура арахісам. – Як пачуваешся?

– Як казарма ў нядзелю – большая частка мяне просіцца навонкі, – адказаў Артур.

У цемры Фольксваген невідушча ўтаропіўся ў Артура.

Той запытаўся слабым голасам:

– Слухай, я, пэўна, моцна пашкадую. калі задам табе наступнае пытанне: «Дзе ж, чорт пабірай, мы знаходзімся?»

Фольксваген падняўся.

– Мы ў бяспецы, – адказаў ён.

– Ой, ну добра...

– Мы ў каюце, – дадаў Фольксваген, – аднаго з зоркалётаў Воганскага будаўнічага флоту.

– Што я чую! – прамовіў Артур. – У такім кантэксце слова «бяспека» яшчэ, здаецца, ніхто раней не ўжываў.

Каб знайсці выключальнік, Фольксваген чыркнуў яшчэ адной запалкай. Кругом па сценках зноўку заскакалі пачварныя цені. Здавалася, вакол Артура таўкуцца касмічныя прыхадні. Паветра было напоенае затхлымі пахамі, якія, неапазнаныя, праточваліся ў лёгкія. Праз абрыдлівы гуд на нізкіх рэгістрах мозг ніяк не мог засяродзіцца на мысленні.

– Як мы сюды трапілі? – спытаў Артур, а яго цела праняла лёгкая дрыготка.

– Прагаласавалі, – адказаў Фольксваген.

Артур загарачыўся:

– Выбачай, што?! Ты хочаш сказаць, што мы выпрасталі нашыя рукі з паднятым угору вялікім пальцам, і якаясьці зялёная пачвара з жучынымі вачамі высунула галаву з кабіны і крыкнула: «Здароўкі, мальцы! Лезьце ў кабіну. Падкіну вас да першага светлафору!»?!