Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 11 из 62



4

Вельмі далёка адтуль, у процілеглым рукаве Галактыкі, у пяцістах тысячах светлавых гадоў ад зоркі з імем Сонца, Зафод Біблброкс, Прэзідэнт Імперскага Галактычнага Урада, ляцеў праз моры планеты Дамогран, а яго трохкутны катар на іоннай цязе міргаў і зіхцеў у промнях дамогранскага сонца.

Гарачы Дамогран, зацішны Дамогран, амаль нікому не вядомы Дамогран.

Дамогран, патаемнае сховішча «Залатога Сэрцайка».

Катар ляцеў па вадзе. Дамогран нагэтулькі кепска ўпарадкаваная планета, што страчваеш процьму часу, перш чым лодка сягае месца прызначэння. Рэч у тым, што Дамогран складаецца адно з пустэльных выспаў, малых і большых, адасобленых адна ад адной маляўнічымі, але надзвычай шырокімі акіянскімі абсягамі.

Катар імчаўся.

Дзякуючы сваёй тапаграфічнай нягегласці Дамогран заўсёды заставаўся планетай незаселенай. Вось чаму Імперскі Галактычны Урад выбраў яе для свайго праекту «Залатое Сэрцайка»: Дамогран – такі бязлюдны, а праект «Залатое Сэрцайка» – такі сакрэтны.

Са свістам і з падскокамі катар ляцеў па моры, што ляжала паміж асноўнымі выспамі адзінага прыстойнага архіпелага на гэтай планеце. Зафод Біблброкс імчаўся з маленечкага касмапорта на Вялікодняй выспе (гэтая назва – абсалютнае супадзенне: на галактчыне, міжпланетнай гаворцы, «вялікодняе» азначае «нешта рудое, маленькае і пляскатае») да выспы, дзе хавалі «Залатое Сэрцайка». Выспы, якая па другім, не менш выпадковым і неверагодным супадзенні, называлася Францыяй.

Адным з пабочных эфектаў працы над праектам «Залатое Сэрцайка» была цэлая чарада досыць выпадковых і неверагодных супадзенняў.

Але ні ў якім разе супадзеннем не было тое, што на сённяшні дзень, дзень урачыстага адкрыцця, дзень здачы пад ключ, калі «Залатое Сэрцайка» прадэманструюць зачараванай Галактыцы, прыпаў ключавы момант у жыцці Зафода Біблброкса. Менавіта дзеля гэтага дня ў свой час ён і вырашыў балатавацца ў Прэзідэнты Галактыкі.

Тады гэтае рашэнне ўзняло хвалі здзіўлення па ўсёй Імперыі: «Зафод Біблброкс?! У Прэзідэнты?! Той самы Зафод Біблброкс?! У тыя самыя Прэзідэнты?!»

Шмат хто бачыў у гэтай навіне неаспрэчны доказ таго, што ўся вядомая нам светабудова беззваротна лузнулася з глузду.

Зафод выскаліўся і ўтапіў педаль газу.

Зафод, Біблброкс – авантурнік, былы хіпан, гуляка, (аферыст? – не выключана!), паганы сябар і паскудны муж, заўзяты самапіяршчык з рэпутацыяй псіхічна хворага.

І Прззідзнт?

Мы ж, далібог, пакуль пры цвёрдай памяці – прынамсі, што тычыцца ўсенародна абранага.

Толькі шэсць чалавек у цэлым Сусвеце разумеюць, як кіруецца Галактыка насамрэч, і таму тое, што калінебудзь Зафод Біблброкс абавязкова абвесціць пра свае намеры балатавацца, прымалі як само сабой зразумелае. На прэзідэнцкай гонцы ён будзе ідэальным хлопчыкам для збіцця!*

Адзінае, чаго не разумелі ўтаямнічаныя, – з якой прычыны Зафод Біблброкс рашыўся на гэта.

Зафод, Біблброкс спрытна прыстаў да берага, адкінуўшы бурлівую хвалю, якая засланіла сонца. Усё вырашыцца сёння. Менавіта сёння ўсе яны пабачаць, на што здатны Зафод Біблброкс. Дзеля сённяшняга дня яго двухсоты дзень нараджэння, але тое сталася ён і зрабіўся Прэзідэнтам. Да таго ж, сёння быў яшчэ адным абсалютна выпадковым супадзеннем.



Калі Зафод Біблброкс гнаў катар па Дамогранскіх морах, дык сам сабе ўсміхаўся, уяўляючы, які ж гэта будзе шыкоўны, галавакрутны дзянёк. Ён разняволіўся і млява заклаў рукі за спінку сядзення. Кіраваў Зафод трэцяй рукой, якую ён нядаўна прырабіў побач з правіцай, каб палепшыць свае спартовыя паказнікі ў боксабіятлоне.

– Гэй! – шапнуў Прэзідэнт Галактыкі Зафод Біблброкс самому сабе. – Ты сапраўдны суччын сын, Зафодзе Біблброксе, але ж мой суччын сын!

Аднак яго нервы спявалі песню, шчымлівейшую за самыя інтымныя сабачыя скавытанні на Месяц.

Выспа Францыя была кіламетраў трыццаць удоўжхі, восем кіламетраў ушыркі, спясочаная, у форме сярпа, Хаця, здавалася, яна існавала не як звычайная выспа, а хутчэй як матэрыял для ўфармавання аграмаднай затокі, прыбярэжнай касы ды мысаў. Гэтае ўражанне ўзмацнялася той акалічнасцю, што берагавая лінія ўнутры сярпа складалася са стромых скал. З іншага боку вяршыні скалы адхонна апускаліся на восем кіламетраў – аж да супрацьлеглага берага.

На вяршыні скал размясцілася прыёмная камісія.

Камісія збольшага складалася з інжынераў і даследчыкаў, якія і пабудавалі «Залатое Сэрцайка». Пераважная частка іх была гуманоідамі, але пракідваліся і атамшчыкі-рэптылоіды, два ці тры кентаўроідныя максімегагалактолагі, які адзін васьміногападобны псіхалагістык, – ці, можа, нават два, – і ў дадатак гулуву (звышразумнае адценне блакіту). Усе яны, за выключэннем гулуву, красаваліся ў сваіх парадных лабараторных халатах, а гулуву з гэтай нагоды часова пераломліваўся ў адасоблена стаячай прызме.

Усімі апанавала моцная ўзрушанасць. Супольна і ў невялічкіх працоўных групах яны перасягнулі межы фізічных законаў, рэарганізавалі фундаментальную тканку матэрыі, расцягнулі, перакруцілі і разарвалі законы верагоднасці і неверагоднасці, але выдавала на тое, што найвялікшую ўзрушанасць выклікала іхняя хуткая сустрэча з чалавекам, які падпярэзваецца аранжавым пасам (паводле традыцыі, аранжавы пас носіць Прэзідэнт Галактыкі). Аднак калі б ім распавялі пра тое, якой уладай Прэзідэнт Галактыкі валодае насамрэч (ніякай зусім), дык гэтае з’яўленне, пэўна, не рабіла б на іх вялікага ўражання.

Толькі шэсць чалавек у Сусвеце ведаюць, што абавязак Прэзідэнта Галактыкі – не браць уладу ў свае рукі, а ўсяляк старацца адцягваць ад яе ўвагу.

Зафод Біблброкс выдатна выконваў свае абавязкі.

Калі ў затоку, абагнуўшы мыс, шугануў прэзідэнцкі катар, навукоўцам заняло мову і асляпіла вочы ад сонца і майстэрства стырнавога. Слізгаючы па марской паверхні і робячы шырокія бакавыя заносы, катар блішчэў і зіхцеў.

Па шчырасці, заносы і пырскі – гэта занадта, бо катару ўвогуле не трэба было дакранацца да вадзяной паверхні. Яго падтрымлівала мглістая падушка іонаў, але дзеля прыліку корпус катара аснасцілі тонкімі плаўнікамі, якія можна было апускаць у ваду. Калі катар імчаўся ўздоўж затокі, плаўнікі з сыканнем рассякалі паверхню вады, пакідаючы ў моры глыбокія парэзы, якія з буяннем разыходзіліся і потым, успененыя, зарасталі ў кільватары.

Зафод Біблброкс любіў парысавацца: пазёр ён быў першарадны.

Ён імкліва крутануў стырно. Катар панесла юзам. Зафод Біблброкс зрабіў неверагодны віраж перад самімі скаламі і спыніўся, пагойдваючыся на ўсхваляванай вадзе.

Праз якое імгненне ён спрытна выбраўся на палубу: памахаў рукою і выскаліўся тром мільярдам чалавек. Трох мільярдаў людзей на гэтай выспе, вядома ж, не было, але яны сачылі за кожным рухам Зафода Біблброкса праз вочка мініятурнай трохвымернай камеры, якая лісліва лунала поруч. Штукарствы Прэзідэнта заўсёды выдатна глядзеліся ў трохвымеры: бо дзеля гэткіх выбрыкаў тое 3D і вынаходзілі.

Зафод зноў выскаліўся. Тры мільярды і шэсць чалавек яшчэ не ведалі, але сёння ён мусіць адпаліць найвялікшую штуку, якую толькі можна сабе ўявіць.

Лятучая камера вярнулася да буйнога плана адной з дзвюх галоваў Зафода (той, якая мела большы рэйтынг папулярнасці). Зафод зноў памахаў рукою. Калі не браць пад увагу другую галаву і трэцюю руку, Зафод Біблброкс найбольш нагадваў гуманоіда. Меў светлыя ўскудлачаныя валасы, што тырчэлі ва ўсе бакі. Яго сінія вочы зіхцелі абсалютна неспасцігальным бляскам, а яго шчокі амаль заўсёды заставаліся непаголеныя.

Да яго катара падплыў шасціметровы празрысты шар-пухір, круцячыся і пагойдваючыся, а таксама зіхочучы пад промнямі брыльянцістага сонца. У сярэдзіне шара стаяла шырокая паўкруглая канапа, абабітая раскошнай чырвонай скурай: чым больш шар пагойдваўся і круціўся, тым больш канапа здавалася непарушнай, усё роўна як якая абцягнутая скурай скала. Як і ўсё астатняе, гэты пухір быў зроблены для рысоўкі.