Страница 10 из 62
Перад тым як Зямля спыніць сваё існаванне, яе па-каралеўску пацешаць выкшталцонай аўдыёсістэмай, наймагутнейшым у гісторыі чалавецтва гучнагаварыльнікам. Але гэтая сістэма мае перадаваць не канцэрт, не музыку, нават не фанфары – адно сухую абвестку.
– Жыхары Зямлі, калі ласка, хвіліну ўвагі, – сказаў голас. Прагучаў ён, далібог, велічна.
Вытанчаны квадрафанічны гук з такім малым узроўнем скажэння мог змусіць плакаць любога адважнага чалавека.
– З вамі размаўляе Прастэтнік Воган Джэлц з галактычнай управы па жыллёва-камунальным упарадкаванні, – працягваў голас. – Як вы ўсе тут, без сумневу, ведаеце, планы па развіцці аддаленых рэгіёнаў Галактыкі вымагаюць пабудовы гіперкасмічнага хуткаснага праезду, які мусіць прайсці праз Сонечную сістэму. На вялікі жаль, вашая планета адна з тых, якую ўправа вызначыла пад знос. Увесь працэс зойме крыху менш за вашыя дзве зямныя хвіліны. Дзякуй за ўвагу.
Сістэма апавяшчэння змоўкла.
Неймаверны жах апанаваў зямных насельнікаў. Ён рухаўся паволі праз вялікія купы людзей так, нібыта яны былі жалезным пілавіннем на аркушы кардону, пад якім перасоўвалі магніт. Паніка шырылася, чорная, безаглядная паніка, якая змушала бегчы куды вочы глядзяць. Але куды ты адсюль уцячэш?
Назіраючы за ўзрушэннем на зямной паверхні, воганы зноў уключылі сваю сістэму апавяшчэння:
– Не варта тут крыўляцца, маўляў, вы шчыра здзіўленыя навіной. Чарцяжы і дыяграмы па зносе планеты Зямля віселі на дошцы абвестак у вашай праектнай управе на Альфа Цэнтаўры пяцьдзясят зямных гадоў, і ў вас было дастаткова часу скласці і падаць афіцыйную скаргу. І таму падымаць вэрхал цяпер позна.
Сістэма апавяшчэння ізноў замоўкла, і рэха пайшло гуляць па Зямлі. Вялізарныя караблі павольна, але нязмушана развярнуліся ў паветры. На днішчы кожнага адчыніліся люкі, агаліўшы чорныя квадраты пустаты.
Тымчасам нехта з людзей урэшце выцягнуў радыё-перадатчык, наладзіўся на патрэбную хвалю і звярнуўся да воганаў з хадайніцтвам за Зямлю. Ніхто не дачуў, што там кажа дамарослы адвакат, але ўсе змаглі выслухаць адказ воганаў.
Сістэма апавяшчэння ўключылася ізноў. Азваўся раздражнёны голас:
– Што значыць «вы ніколі не былі на Альфа Цэнтаўры»?! Напрамілы Бог, людцы, гэта ж усяго толькі чатыры светлавыя гады адсюль! Я шчыра прашу прабачэння, але калі вы самі не жадаеце дбаць пра свае інтарэсы ў мясцовых органах улады, дык гэта толькі пад вашу адказнасць... Актывізаваць разбуральныя промні!
З люкаў разлілося святло.
– Што тут скажаш? – прамовіў праз сістэму апавяшчэння голас. – Млявая і абыякавая да ўласнага жыцця планетка, зусім яе не шкада.
І гукальнік вырубіўся.
І была толькі жахлівая ціша.
І быў толькі жахлівы гуд.
І была толькі жахлівая ціша.
Воганскі Будаўнічы флот выправіўся ў чарнільна зіхоткую пустэчу.