Страница 9 из 96
— Ну вось што, — сурова кажа Вацак. — Слязьмі гору не дапаможаш.
— Вядома, так.
— Яны там сабе б'юцца, а ў нас чубы трашчаць.
— Вось што, — кажа Наталі Вацлаў, — ты не плач… Я лічу, нам трэба сустракацца вось так. Скажам, кожны чацвер. Яны там як сабе хочуць, а я іхнім зажывошчам патураць не збіраюся.
— І я, — прыхліпае Наталя.
— Яны там няхай сварацца — гэта яшчэ не прычына, каб нам сварыцца, — кажа Стась, і ў яго трасуцца вусны.
Рукі дзяцей прасоўваюцца праз стылую бронзу агарожы, кладуцца адна на адну. Тры цёплыя камячкі ў стылых вялізных дрэвах…
III
Апошняй зімовай дарогай Таркайлы завезлі на арандаваную зямлю дрэва, цэглу і дзікі камень. Пачалі будаваць сховішчы, а насупраць, на былых клінах Браніборскага — бровар, баракі і домікі для вінакура і механіка.
Алесь цяпер часта ездзіў туды: спачатку санна, потым, калі сапсавалася дарога, — верхам. Амаль кожны дзень прыязджала туды і Сабіна.
Загорскі назіраў за выкананнем усіх правіл, прадугледжаных у кантракце, пікіраваўся з дасціпным чэхам-механікам, а яна з сядла слухала іх. Алесь не ведаў, як абвастраецца знаходлівасць, калі два мужчыны вастрасловяць не на жывот, а на смерць у прысутнасці дзяўчыны. Ён толькі пачаў рабіцца мужчынам, і гэта быў першы ягоны прадвесень.
Таму ён не ведаў, чаму халодныя Сабініны вочы цяплеюць, калі яна глядзіць на яго, і ў такія хвіліны адчуваў сябе няёмка.
Усё было скончана, і ён дзёўб сам сабе, што не хоча ранейшага, што яно непатрэбна яму, што ён больш не кахае. Хлусіў сам сабе, але прымушаў сябе забыць.
І ўсё адно ў такія імгненні ён, нават праводзячы Сабіну да дома Таркайлаў, раптам змаўкаў і глядеў на бязмежныя наздраватыя снягі — і праз іх — невідушчым шырокім позіркам.
Ёй хацелася спытаць: "Дзе ты?" — але яна толькі ўнутрана згіналася, з болем разумеючы, што ён побач і не побач, і побач ніколі не будзе.
I тады, думаючы, што разлука лепш за ўсё паможа, яна адпрасiлася ў дзядзькоў — пакуль не скончаць у новым пасёлку дом для яе — паехаць адсюль. У Пецярбург. Тыя вымушаны былi дазволiць. I Сабiна на некаторы час знiкла з Алесевых вачэй. Нечакана, так, як з'явiлася. Абое не думалi, што жыццё сутыкне iх, ды i як яшчэ сутыкне.
За дзень да ад'езду Сабіны з'явіўся ў Загоршчыну Мсціслаў Маеўскі, знерваваны да апошняга: дайшлі чуткі аб Алесевых прагулянках.
Пастрыжныя браты сядзелі на доўгай тахце. Белавалосы Мсціслаў з ледзь прыхаванай грымасай страшэннай агіды курыў бацькаву цыгару. Голас, звычайна такі прыемны, загучаў груба, калі ён урэшце кінуў першае слова:
— Суцешыўся?
— Чаму не, — халодна адказаў Алесь.
— Віншую, — сказаў Мсціслаў. — Памяць каціная… Калі ты і з сябрамі так…
— З сябрамі не так.
Алесева сэрца падала ад жалю. Але зрабіць нічога было нельга.
— Звязаўся з Таркайламі, — сказаў Мсціслаў. — А ты ведаеш, што пра іх кажуць? Ты ведаеш, хто яны? Гэтыя старасветчыкі, гэтыя святыя ды божыя старазаветныя шляхцюкі — яны горла за свае грошы перарваць гатовы. У іх замест сэрца — каліта, замест мозгу — каліта. Яны з тых страшненькіх, што добрыя-добрыя да чалавека, проста хоць ты іх да скулы кладзі… аж да таго часу, пакуль справа не дойдзе да іхніх інтарэсаў. І тут яны — заб'юць учарашняга сябра.
— Калі "звязаўся" азначае "адзін раз пабыў у доме", я сапраўды "звязаўся".
— Угу, — сказаў Мсцiслаў, — i кожны раз вас конных бачаць. Удвух. Ад Бранiборскiх былых клiноў да Таркайлавай павароткi. Чорт палову свету аббегаў, пакуль вас не знайшоў ды адзiн да адного не штурхнуў.
Алесь усміхнуўся:
— Трэба ж і чорта ўважыць, калі яму столькі бегаць давялося.
— Што ж, — сказаў Мсціслаў, — як сабе хочаш. Проста яшчэ і гэтыя чуткі дайшлі да Раўбічаў.
— Ну і што? Хіба там яшчэ нехта цікавіцца мною?
— Я думаю, да гэтага вас яшчэ можна было памірыць. Раўбіч таксама адышоў трохі. Зразумеў, што ўсё гэта не больш як брыдкія плёткі.
— Адкуль гэта ён раптам такі разумны стаў?
— З ім Біскуповіч гаварыў. Сур'ёзна. Пасля твае прамовы. А тут ты з Сабінаю. Трымаў ты сябе проста як хлапчынка. Чуткі дайшлі да Міхаліны. Усё, відаць, з той самай крыніцы ведаюць…
— Што?
— …што ты нібыта аддаў пустку па такой таннай цане, бо спадзяешся ў хуткім часе парадніцца з Таркайламі… І нібыта з панам Юрыем даўно дамоўлена і ягоная згода ёсць, бо ён слова не сказаў наконт арэнднай платы, прапанаванай табе.
Алесь збялеў:
— Як?
— "На вечныя часы", — сказаў Мсціслаў. — "З умовай пабудовы сховішчаў…" Цяпер нават тыя, што верылі наконт таго, што ты з Геленаю невінаватыя, — маўчаць.
У Загорскага перахапiла дыханне. Удар быў разлiчаны i страшны. Ён ускочыў з месца.
— Я ж нічога!.. Яна заўтра…
I асекся. Усё адно нiчога нельга было растлумачыць людзям, якiя не верылi яму, а верылi абрыдлiваму паклёпу.
— Няхай, — цяпер гнеў біў і яго. — Чорт з ёю, калі так. Медальён вярнуць?
— Не, — здзівіўся Мсціслаў.
— І добра. Я ўсё адно не аддаў бы. Плёткам пра мяне паверыла. Не хачу я такіх… Не хачу!.. Не было ў мяне нічога з Сабінаю… Але ўжо калі яны так — я з самай беднай дзяўчынай ва ўсім Прыдняпроўі ажанюся… Простай, добрай…
Мсціслаў сядзеў сур'ёзны: паверыў Алесю.
— Ты пачакай, — глухім голасам сказаў ён. — Ты спачатку дачакайся Майчынага вяселля.
Алесь ляснуў зубамі і сеў.
— З кім?
— З Іллём Хаданскім…
— Як з Хаданскім?
— Так, — Мсціслаў казаў гэта, нібы яго душыў нейкі клубок. — Пасля весткі аб гэтай пустцы… яна як драўляная хадзіла з тыдзень… Пазаўчора гэты… з'явіўся… Прызнаўся ў каханні.
— І што?
— Дала згоду. Праз месяц заручыны.
Алесь глядзеў у кут. Потым барва кiнулася яму ў твар. Ён адчуў млосную гарачыню ва ўсiм целе. На хвiлiну здалося, што ён вар'яцее.
— Ну, — сказаў ён. — Ну… ну… ну гэтага я і чакаў. Несправядлівасці… Самай абрыдлівай… У іх гэта заўсёды так…
— Не смей яе!..
Алесь убачыў, як пастрыжны брат шаруе адной рукой па кісці другой, нібы сцягваючы пальчатку.
— То што?
— Што… хочаш… Каго хочаш… Заўтра ж… Але яе… не смей! Заб'ю!
Мсціслаў раптам асекся. Угледзеў аблічча Алеся. Ён яшчэ ніколі не бачыў, як людзі плачуць без слёз.
— Мсціслаў, братка! То ты так кахаў яе?!
З хвіліну вісела маўчанне. Потым Алесь паклаў рукі на плечы Мсціславу.
— Даруй. Ты ідзі да яе. Ідзі. Разбуры ім усё. Адбі ад Хаданскага. Ідзі.
— Ніколі, — сказаў Мсціслаў.
Назаўтра Мсціслаў паспрабаваў расказаць Міхаліне Раўбіч аб сапраўдным жыцці Алеся, аб разлічанай знявазе, якую чыніў яму невядомы вораг, аб тым, што лепей бы прымірыцца, разарваўшы непатрэбныя заручыны, але сустрэў крыўду, схаваную за вонкавай абыякавасцю. Заручыны разрываць было нібыта "позна". Размова скончылася нічым.
Суцяшаў дзед. Калі ўнук вяртаўся вечарам у Вежу (не мог больш у Загоршчыне), стомлены, пасінелы ад дзённай скачкі па нівах і пушчах, галодны, часам мокры вышэй калена (шукаў дарогі каню), пан Даніла сядаў ля яго ў бібліятэцы і, паглядаючы ў агонь, казаў:
— Я ведаю, табе зараз здаецца, што ўсё мінула, усё скончана.
Алесь ніколі не дазволіў бы такой размовы з бацькам. А дзеда не трэба было саромецца. Ад яго нічога не трэба было хаваць. Дзед ведаў: тут нічым не паможаш, і кожны павінен сам прайсці гэта, стаць мужчынам, сам знайсці выхад. Ён толькі чакаў, каб якраз у гэты момант — не раней і не пазней — даць параду. Крызіс — ён разумеў гэта — яшчэ не прыйшоў.
— А тым часам нічога не скончана.
— Яны хутка заручацца.
— Хутка, — стомленыя вочы дзеда глядзелі ў вочы хлопцу. — Заручыны — гэта не вяселле. І нават вяселле яшчэ не канец. Разумееш, на зямлі існуе адзіная непапраўнасць, адзіная незваротнасць. Гэта смерць. Пакуль яна не прыйшла — усё можа змяніцца тваёй воляй або капрызам лёсу.
— Але ж нашто так мучыцца тады?