Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 1 из 96



Уладзімір Караткевіч

Каласы пад сярпом тваім

Кніга другая

Сякера пры дрэве

Ужо і сякера пры корані дрэва ляжыць:

кожнае дрэва, што не прыносіць добрага плода,

ссякаюць і кідаюць у агонь.

I

Прыйшлi каляды. Куцця. Напярэдаднi падвалiла мокрага сняжку, але за ноч падмарозiла, а ранiцай нападаў другi снег: глыбкi, пульхны i сухi. З акон загоршчынскага дома падалi на гурбы аранжавыя плямы святла. Ялiны стаялi ў сувеях усе цёплыя i густа, амаль без прасветаў засыпаныя мяккiм белым снегам: нагадвалi начных вартаўнiкоў.

Насупраць ганка стаяў вылеплены Мсціславам снегавы балван. Ён быў вышэйшы за чалавека, і ў яго была самая смешная з усіх балваноў на зямлі пыхатая пыса.

Мсцілаў вылепіў балвану і грудзі, але прыйшоў гер Фельдбаўх, няўхвальна паглядзеў на гэтую вольнасць, паківаў галавою і ўласнаручна адрэдагаваў балвана.

Снег. Яліны. Снежны балван. Агеньчыкі ў вокнах. Гэта нагадвала б калядную карцінку, каб не існавала ў натуры.

Не ведаў балван, што з часам ледзяное неба стане сіняе і па ім паплывуць другія балваны, вылепленыя невядома кім. Яны будуць такія сляпуча-белыя, аж гарачыя. І яму раптам нясцерпна, упершыню за ўсё доўгае снегавое жыццё, захочацца не стаяць на месцы, а ўзняцца да іх і быць такім самым гарачым і белым. І плаваць і грувасціцца разам з імі.

Ён зробіць гэта. Але нішто не зменіцца, і людзі, падымаючы галовы ад сярпа, будуць казаць:

— Балваны якія сёння. Каб толькі не пайшоў дождж.

Ён пацягнецца да братоў у небе і адчуе боль і слабасць. А потым ад яго застанецца толькі купка бруднага снегу, дубец і два вугалькі, былыя вочы, што, напэўна, прасочаць яшчэ яго палёт угору.

Алесь стаяў ля балвана без футра і шапкі і глядзеў на яго. Балван пазіраў на Алеся з адценнем пагарды, і Алесь засмяяўся такое гэта было шчасце: снягі, аранжавыя вокны, яліны і балван. І, вядома, агеньчыкі яліны ў акне залы. І тое, што Майка тут.

Ён стаяў так доўга і ўжо трохі змёрз, калі пачуў рып снегу.

— Імя? — спытаў голас.

— Алесь.

— Я жартую, — падыходзячы, сказала Майка. — Варажыць рана.

Яна нічога нават не накінула. Так і была ў туфліках, з голымі рукамі і шыяй.

— Дурніца, — войкнуў ён. — Застудзішся.

— Нічога не зробіцца, — засмяялася яна

Не ведаючы, што рабіць, ён абняў яе і паспрабаваў прыкрыць яе голыя рукі сваімі.

— У дом, — сказаў ён. — Хутчэй у дом.

— Пачакай, — сказала яна. — Пачакай. Тут хораша.

Бліжэй прыціснулася да яго.

— Баламутнае дзяўчо, — сказаў ён.

Трымаў яе далонямі за плечы. А яна сагнула рукі, і цяпер яны былі між ёю і ім.

— У дом.

— Не, — усміхнулася яна. — Яму ж не халодна.

— Ён — снегавы балван. Вясною ён пойдзе да нябесных балваноў. А ўзімку зноў выпадзе снегам, і з яго зноў скачаюць балвана. Так ён і будзе век хадзіць у балванах… А ты чалавек. Мой чалавек.

Майка ўздыхнула і схіліла галаву яму на плячо. Алесь глядзеў на яе аблічча, бледнае ў сінім святле зор, і яму нічога не хацелася бачыць, акрамя яго, халоднага ад марозу, але цёплага такой глыбокай унутранай цеплынёй.



Ён адчуў гэта, прыпаўшы вуснамі да яе вуснаў.

Не бачыў ён ні дома, ні таго, што дзверы на тэрасу адчыніліся і нехта падышоў да парэнчаў, пастаяў так хвіліну, а потым паспешліва вярнуўся ў дом. Яму не было да гэтага клопату.

Калі ён на імгненне адрываў вусны ад яе вуснаў, ён бачыў толькі адно: рэзкую іскру нізка над зямлёй, амаль адразу за яе плячом.

Ззяў над гарызонтам ледзяны, ярасна-блакітны Сірыус.

…Калі яны зайшлі ў пярэднюю юнакі і дзяўчаты ўжо апраналі футры, шапкі і капары, а тыя з хлопцаў, якія павінны былі ехаць за фурманоў, высокія белыя вайлакі ці унты з ваўчынай шкуры.

Алесь абвёў вачыма вясёлую кампанію і раптам заўважыў, што дзве пары вачэй глядзяць на яго вельмі суха. Ля дзвярэй у гардэробную стаялі, апранутыя ўжо, Франс Раўбіч і Ілля Хаданскі.

Ядвінька Клейна адвярнулася ад усіх і глядзела ў акно. Святло жырандолі трапятала на яе попельных валасах, сабраных у высокую прычоску. Тварык быў сумны.

І тады Алесь, нібы праз сон, успомніў, як адчыніліся дзверы на балюстраду, калі ён і Міхаліна стаялі ля балвана. Стала ясна, хто выходзіў.

Ядвіння, значыцца, злавала на яго. А гэтыя двое таксама. Ілля за Майку, Франс за Ядвіню.

…Сыпанулі на веранду, а потым уніз, сходамі, да санак, якія стаялі ўжо на крузе гонару доўгім паўколам. Мсціслаў з Анэляй і Янкам напярэймы з іншымі кінуліся да першай тройкі. Беглі як апантаныя.

— Хапай хто што можа! — крычаў Маеўскі.

Ён кінуўся на козлы проста жыватом, і праз хвіліну рэзкі ўсплёск званочкаў разарваў цішыню. Аддаляючыся, яны спявалі ўсё больш утрапёна. Першая тройка знікла ў алеі.

Алесь не спяшаўся. Ён пасадзіў Майку ў чацвёртыя сані, захутаў яе ногі мядзведжай апонай і працягнуў лейцы на вольнае месца побач з ёй: збіраўся ехаць без вазніцы. І тут, здалёк, ён убачыў, што ў Ядвінькі і Франса адбылося нешта непрыемнае. Франс падышоў да яе санак, дзе сядзеў на козлах далёкі госць Усяслаў Грыма, асабліва нязграбны ў ваўчыным футры, і сказаў нешта. Вусны лялечнага наіўнага роціка Ядвіні сціснуліся. Яна адмоўна паківала галавой.

Франс рэзка крутнуўся і пайшоў уздоўж ланцуга саней.

— Братка, да нас, — сказаў яму Алесь.

Франс не адказаў, нават не зірнуў на іх невідушчымі вачыма. Прайшоў, топчучы снег, да санак у хвасце. І хоць ён трымаўся годна і роўна, як заўсёды, яго матавае аблічча яшчэ больш збялела.

Зазвінелі званочкі. Майка сядзела пад апонаю, адчуваючы плячом Алесева плячо. Заплюшчыла вочы. Напярэдадні яна з Тэкляю варажыла ў начной лазні. Тэкля глядзела ў місу з вадой, шаптала нешта. Дзве свечкі адбіваліся ў вадзе і цьмяным люстэрку. Пахла венікамі і прывялай мятай.

…А зараз побач сядзіць ён, пра якога яна думала ўчора.

Зірнула праз прыплюшчаныя павекі. Сядзіць. Моцна трымае лейцы. Пасма пушыстых каштанавых валасоў выбілася з-пад шапкі і паспела ўжо заінець, нібы юнак пасівеў. Шэрыя строгія вочы глядзяць на дарогу. Вось павярнуў галаву, глядзіць на яе. Трэба заплюшчыцца яшчэ больш, але не зусім, а толькі каб не бачыць яго.

Паплылі, спляліся ў вачах вясёлкавыя ніці. А з ніцей яго голас:

— Ну не прыкідвайся, калі ласка. Унь, веі трапечуць. Не смей заплюшчваць вачэй. Глядзі на мяне.

Засмяялася. І, нібы ў адказ, смех званочкаў, бо коні рванулі.

А ўчора Тэкля шаптала такое дзівоснае і, здаецца, нібы забароненае. Ліўся, застываў у вадзе перакручаны, перавіты воск. Нібы ў місе ўставалі гарады і дзівосныя звяры.

А ў люстэрку, між двух агнёў, яна бачыла бясконца паўтораныя, нібы ў доўгім, загнутым налева калідоры, сваё бледнае аблічча і ўзбуджаныя трывожныя вочы.

— Толькі ён такі, той, аб кім думаеш, — шаптала Тэкля. — Толькі з ім. Не адмаўляйся, усё адно не атрымаецца. А век до-оўгі…

— Гадамі доўгі? — шэптам пытала яна.

— Не ведаю. Але на сто жыццяў, ясачка, хопіць. Усё тут, і гора са шчасцейкам поўны мех, і лапцявая пошта ды звады, і ўсё-ўсё.

— А хто раней памрэ?

— Хто? — голас Тэклі трохі сеў. — Гэта ўсё адно. Усё адно адзін без другога не здолее.

Спявалі бомы. Плыла перад напаўзаплюшчанымі вачыма раўніна.

Мсцілаў гнаў пярэднюю тройку і ўспамінаў, як напярэдадні ездзілі да Кагутоў у Азярышча, як у прасторнай новай хаце "жанілі Цярэшку" і Янька надзела на яго, насуперак усім звычаям, бацькаву шапку. Заўважыла, чарцяня, што ён не мае намеру надзець ёй на галаву сваю. І выбрала яго сама.

А перад хатай, на вуліцы, зырка палаў смалісты бадняк, корч вялізнай сасны, абкладзены дрывамі. І карагоды звіваліся каля агню, які шугаў у чорнае неба. У барвяным зарыве здаваліся ружовымі белыя світкі, вайлакі і магеркі хлопцаў. Наміткі жанчын, калі карагод звужаўся, раптам наліваліся трапяткой чырванню.