Страница 2 из 96
У кожных вачах дрыжала полымя, і гэта было незвычайна і страшнавата.
За колам стаялі хлопцы. Вясёлы Кандрат падышоў да Алеся, памарудзіў, а потым, зразумеўшы, што Мсціслаў не збіраецца кідаць сябра, відаць, наважыўся і ціха сказаў Загорскаму:
— Навіну чуў?
— Не.
— Кроер рашыў учыніць згон. Змалаціць усе сцірты леташнія.
— Падумаеш, навіна… Грошай, відаць, на банкетаванне не хапіла…
— От яму і ўчынілі банкетаванне, — сказаў Кандрат.
— Што такое?
— Вы ж ведаеце, хлопцы, — сказаў Кандрат, — мужыкі на Кроера яшчэ з часоў півошчынскай вайнішкі зацяліся. Ну вось. З'явіліся яны на згон, чалавек каля сотні. Працуюць як мокрае гарыць. Аж раптам з лесу шусь чалавек. У кажусе касмылямі наверх, сам зарослы. У руцэ мядзведжая фузія. "Працуеце?" пытае. "Працуем". "Памагаеце?" "Але". "Каб людажэр вас зноў татарамі пачаставаў?" Мужыкі маўчаць… Аж тут да купкі прыганяты шыбуе: "Чаго кешкаецеся, мямлі?! Ану за цапы, патаўпешкі!" Убачыў чалавека і аж збялеў. Чалавек да яго: "Аюц, свіння нясмаленая!" Прыганяты задкаваць. А той яму: "Не дрыжы, забіваць, пакуль тое, не буду. Мне твая душа не трэба, сваю маю. Толькі каб эч-эч! нагі тваёй тут не было". Прыганяты ўцякаць. А чалавек да мужыкоў: "Што, мужыкі? Ворагу памагаеце? А ваш хлеб дзе? А слёзы сірочыя вам на сэрца не пaлі? Улезлі ў сваю квэку дый седзіцё, баязліўцы паршывыя". Тыя маўчаць. Потым дзед Груша асмеліўся: "Ды здохне ж ён скора. Пра волю чуткі ходзяць. Каму гэта ахвота на бойку натыкацца? Каб зноў жалезным бобам пачаставалі? Лухта, тым часам. Сабе дзешавей. Не ўсёй жа хатай тры дні паншчыну адрабляць. Адной душою". Гэх, як узвіўся чалавек. "Якой, пытае, душою? Тваёй? А ці яна ў цябе, парахня старая, ёсць, ці на паншчыне згніла?!" Мужыкі ў вочы яму не глядзяць. А ён тады: "Баіцёся? Валі ўсё на мяне. Мне траціць няма чаго". Ды з крэсівам пад сцірты. І тады хлопцы за ім. Каб ужо адным разам усю паншчыну скончыць.
Кандрат усміхнуўся.
— Так за гадзіну якую і пашабашылі.
Алесь маўчаў. Глядзеў на стракаты ланцуг.
— Табе што, нецікава? — спытаў Кандрат.
— Чаму, цікава.
— А хто чалавек — нават і не пытаеш.
— Я ведаю, — спакойна сказаў Алесь. — Нашто мне пытаць? Корчак уцёк з катаргі. Памятаеце, як я вам расказваў пра Паківачову адрыну? спытаў Алесь. Ну, яшчэ дуб сухі амаль над нашай галавою разваліла. От тады і чуў.
— І нікому не сказаў? — здзівіўся Мсціслаў. — Такога страху нацярпеўшыся?
Па Алесевым твары скакала чырвонае зарыва ад бадняку. Загорскі падумаў, уздыхнуў і расказаў хлопцам пра пачутую размову.
— Потым, ужо едучы, я і здагадаўся, якога Будзіміра яны па чыёйсьці страсе пускаць хацелі. Гэты дуб мяне і навёў на думку. Будзімір той, хто мір, свет будзіць. Певень.
— А Варган? — спытаў Мсцілсаў.
— Кот Варган. Дым. У кожную шчыліну пралезе. Мяккі такі, ласкавы. Агонь яго выпусціць вось ён і папаўзе да божых авечак, да аблокаў… Я падумаў, хто з наваколля яшчэ ў Сібіры шышкі еў з бясхлебіцы? Адзін Корчак. Значыцца, ён і ўцёк.
Загорскі сумна ўсміхнуўся.
— Я мужык, — ціха сказаў ён. — Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне відушчым зрабіла. Вярнула да майго народа. Да гнанага, да абрэханага кожным сабакам. І я цяпер з ім, што б ні здарылася.
Кола цякло паўз іх, чорнае з аднаго боку, бліжэйшага, барвянае за бадняком.
Нехта падкінуў пад бадняк вялікі ахапах галля. Полымя пацьмянела.
— Дзівішся майму ўчынку з Корчакам, — сказаў Алесь. — Ты не бачыў, а я на свае вочы бачыў, як Кроер яго забіваў. Але не Кроер яго дабіў, нават не кат на сухадольскай плошчы. Дабіла яго ваша, мужыкі, няпраўда.
— Вярзі яшчэ…
— А то не? Што, не звалілі півошчынцы на Корчака ўсяе правіны? Звалілі. Ну добра, здарылася так. Дык майце ж сумленне. Забяспечце жонку з малымі дзецьмі. А півошчынская сходня, замест таго каб зрабіць такое, нібы ўзрадавалася, што ўдава адна не здолее зямлю абрабіць, дый абрэзала ёй той загон няшчасны напалову. Кавалка той зямлі вашым скупіракам, шэрым князям, не хапіла. Не нажэрліся. Што, няпраўду я кажу?
Кандрат апусціў вочы.
— Я ведаю, ад галечы такая прагнасць. Але за кошт братняй крыві ды слёз не збагацееш. Ягонай зямлёй мізэрнай не наліжашся. Значыць, ёсць і на вашай вялікай праўдзе свой бруд. І потым Кроер…
Раўлівы агонь узвіўся вышэй стрэх. Скуру сцягвала ад гарачыні. Алесь закасаў рукаў і моцна пацёр запясце. На ім выступіў ледзь прыкметны шнар.
— Першы раз у жыцці мяне ўдарылі. Я такіх рэчаў не забываю. Хай сабе Корчак ходзіць. Яго пакрыўдзілі, не ён. Сапраўдным людзям гэта толькі на руку. Хай ведаюць: не ва ўсіх яшчэ душа згніла.
Размову спыніў віск дзяўчат. У кола ўвайшоў басаногі, з голай грудзінай і ў доўгім белым кажусе бог холаду, Зюзя. Ільняныя вусы закінуты за плечы, ільняная грыва валасоў падае аж ніжэй лапатак. Зюзя пагрозна рыкаў, сварыўся на людзей пальцам, пляваў на агонь, босымі нагамі ўзвейваў у паветры снег, нібы хацеў зрабіць завіруху. Зюзевы вочы смяяліся. Гэта быў пераапрануты азярышчанскі пастух Данька. Каб ногі не адчувалі холаду хапіў тры кручкі гарэлкі. Граць ужо, дык граць. Усім жа вядома, што Зюзя босы. Ад гарэлкі Даньку было весела.
— Замарожу, — рыкаў ён. — Як мядзведзь, навалюся.
За ім валасатая варта несла саламянае чучала Каляды. Каляда павярнулася спіною да бадняка, глядзела ў змрок плоскімі намаляванымі вачыма. Хлопцы і дзеўкі кідаліся на варту, каб павярнуць Каляду тварам да агню, і ляцелі ў снег, адкінутыя ёю. Роў над сумятнёй і калатэчай збор вясковых музыкаў. Гулі дзве скрыпкі, пявуча вохкаў бас, мядзведзем раўла дуда, пяшчотна сапла жалейка, звонка ўдаралі цымбалы, і, вышэй за ўсё іншае, узлятаў, заліваўся і ўздыхаў бубен. У Азярышчы быў найлепшы збор музыкаў. І музыка ўзлятала вышэй за хаты, проста аж, здавалася, пад самыя цёплыя зоры.
Данька прытупваў нагамі па снезе, хапаў вісклівых дзяўчат, цалаваў і запіхаў за каўнер кожнай жменю снегу.
— Падыходзь, з кожнага снежнага балвана зраблю. З кожнай хаты — ваўкаўню.
Але тут моладзь сыпанула на варту, вырвала Каляду з рук і павярнула-такі яе тварам да полымя. А дзеўкі кінуліся да Данькі і павалілі яго ў снег, пачалі казытаць.
— А дзевачкі, а таечкі, — мядзведжым голасам роў Данька, здзіраючы чырвоныя пяты. — Дальбог, не буду. Хай ужо вясна, хай…
Хлопцы адбілі яго, панеслі разам з Калядою ў хату. Даньку паіць гарэлкай, Каляду схаваць, каб потым, на масленіцы, калі зіма не толькі павернецца да сонца, але і адступіць, спаліць яе на тым самым месцы.
…Мсціслаў усміхаўся ўспаміну, думаў. Не звяртаў увагі на тое, аб чым гамоняць Мнішкава Анэля і Янка.
— Клейна мяне ўсынавіла. Цяпер я брат Ядвіньчын і ўсім, здаецца, раўня. А мяне смокча. То шчаслівы, а то ўспамінаю, што чорны як бот, і ну хоць ты плач.
— Вядома, — мяккім галаском казала Анэля. — На радзіме табе лягчэй было б, там усе такія. Але што ж зробіш, калі ўжо сюды трапіў? Ты ж нават сам не ведаеш, дзе твая радзіма.
— Тут, — сказаў арап. — Мне ўжо там усё было б чужое. Я і мовы сваёй не помню. Некалькі слоў, можа. Тут мая і мова і зямля.
— А ты ані-ні не пабялеў з таго часу? — пацікавілася яна.
— Не. Гэта ўжо назаўсёды. Такая ўедлівая штука.
— Ну і кінь, — суцяшала Анэля. — Ну і што, што чорны? Ты ж добры. Ты цяпер дваранін. І дзеці такія будуць.
Яна ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Узвысіць простым і няпростым прызнаннем ягоных вартасцей.
— Ты харошы… Вунь Хаданскі. Белы, а вочы б на яго не глядзелі.
— А дзявочае кола?
— Ды ты ж прыгожы. Па-адумаеш! Бескаляровыя, па-мойму, горш. Пра рыжых я ўжо і не кажу. А яны вясёлыя, і ў вус не дзьмуць. І ты будзь вясёлы.