Страница 10 из 96
У глыбокiх вачах нараджалiся хiтрыя iскры.
— А ты што — зручнасцi хацеў? Яна ж зненавiдная сапраўднаму каханню, лёгкасць гэтая, зручнасць.
Усмешка, нiбы не вытрымаўшы, з'яўлялася на вуснах.
— Авідзій не дурань быў, калі даваў параду.
— Якую?
— Заходзіць праз акно, нават калі нішто не перашкаджае заходзіць праз дзверы. Quod datum ex, — скандаваў ён, — facili longum male nutrit amorem — тое каханне, што лёгка дораць, не цягнецца доўга.
І, станісты, ганарыста-моцны, схіляўся да агню.
— Вось агонь. Часам ён бывае далёка. Але ўсё адно, ідучы па гурбах, радуйся, што бачыш яго. Няхай пакуль што далёка. З часам дойдзеш… І я табе кажу, чым болей змерзнеш, тым большае будзе шчасце працягнуць да яго рукі.
— А калі зусім замерзнеш?
— Глупства! Ідзі! Мужныя не гінуць…
Дзед ўсё разумеў. І рабілася лягчэй.
…Хмары, якiя дзень i ноч цягнулiся над раўнiнамi i ярамi, паступова з'ядалi снягi. На самых высокiх курганах з сонечнага боку сышоў снег, i ў праталiнах звiсалi пасмы сухой травы ды курэла вiльготная зямля.
Чарнелі бакі курганоў. Бацькі дыхнулі цяплом з магіл.
Ад паўдня і да першай зоркі звінелі над зямлёй галасы: ля сціртаў і на курганах дзеўкі і хлопцы гукалі вясну. Стаялі тварамі на поўдзень і кідалі ў празрысты абшар страсныя воклічы.
У душу закрадалася дзiўная знямога i мука.
Алесь нiбы ашалеў за гэтыя днi. З самай ранiцы шукаючы палёгкi, часта не снедаючы, сядаў на каня i аб'язджаў многiя i многiя абшары. Ахрыплы ад ветру, з цяжкай ад сонца галавой, ён гайсаў ад пушчы да пушчы, пазбягаючы вёсак i вялiкiх дарог, нiбы ачмурэлы ад першай сапраўднай вясны ваўчок-пераярак, сам не ведаючы, куды яго цягне i што яму трэба.
Вакол было сонца, раставалі пад ім шэрыя наздраватыя сумёты, бялелі далечы. Дарогі нібы падымаліся вышэй палёў. І ў гэтым вялікім свеце толькі яму не было месца.
Першы жаўрук захлынаўся над снягамі, і яму было добра, бо гэта ён толькі што прынёс і падарыў нівам сонца.
Трывожна крычаць гракi, быццам дражняць чымсьцi невядомым.
Вось на вітахмоўскай стайні гігоча жарабец. Дзікім, не такім, як заўсёды, гікам. Такое ржанне, што нездарма, відаць, паверыла дурная баба з казкі словам мужыка: "А гэта, любая, нашага пана чэрці дзяруць, то вось ён і раве дурным голасам".
Коцікі вярбы. Коцікі, коцікі, коцікі вярбы. Зялёная на злом галінка вішні, якую, едучы верхам, можна трымаць у роце, заплюшчыўшы вочы, адчуваючы вільготны водар, свежую горыч і яшчэ штосьці невядомае.
І раптам амаль спуджана ўскінуць вейкі ад трубнага, гарластага клічу:
Здалёк, з вёскі, нібы ў тон воклічу, адказвае хрыплы, дрымотны крык пеўня.
…Першая зорка ў вышыні. Празрыста-сіняе неба над густа-сіняй зямлёй. Але мяккая свежасць паветра не прыносіць спакою. Далячынь трывожыць, хвалюе, кліча. І, куды б ты ні павярнуў каня, насустрач табе з курганоў лятуць і лятуць трывожныя галасы:
Зноў лёт каня. Але здалёк, з другога кургана адклікаецца другі голас:
Баліць галава, і не знікае знямога, і чаканне поўніць грудзі, і вецер свішча ў вушах, але скакаць няма куды.
Вось, з трэцяга кургана:
І яшчэ аднекуль, зусім здалёк:
Куды ўцякаць, калі веснавымі вечарамі, прагнучы нязнанага, лямантуе з курганоў аб вялікім сонцы ўся родная зямля?
IV
Я пачаў гэтую кнігу два гады назад. За спіною былі дванаццаць год жыцця ёю, думак аб ёй, ненапісанай. Былі ўспаміны людзей, кнігі зачытаныя і кнігі, да якіх на працягу амаль стагоддзя не дакраналася нічыя рука, акрамя маёй. Я трымаў у руках халодную сталь інсургенцкіх кордаў і канфірмацыі расстрэлаў, якія, здавалася, сачыліся крывёй…
Чаму магла навучыць кніга, якой было сто год і адзіны экземпляр якой так і астаўся з неразрэзанымі старонкамі? Не ведаю. Але гэта была нібы замураваная частка памяці цэлай эпохі. І мне здавалася, што на кожнай вокладцы — варта толькі ўгледзецца — напісана: "Хто згубіў сваю памяць — згубіў усё…"
Нечапаны аркуш паперы ляжаў на стале. За вокнамi вялiзнага пакоя стаяў цёплы i цёмны вечар канца сакавiка. Познi вечар быў у садзе за двума вокнамi; познi вечар быў i на цiхай вулiцы, за iншымi вокнамi.
І раптам за вокнамі з'явіліся агні. Спачатку адзін, потым два, потым маленькае, як стажары, сузор'е, потым два сузор'і, тры, пяць, дзесяць.
Яны рухаліся вуліцай, здалёк і паўз мяне. Я не ведаў, што гэта такое, я проста бачыў, што гэта ўначы людзі нясуць агонь. Так, як вынес яго калісьці на сходы чалавек у белай сарочцы, з мужным і горкім тварам.
Людзі ішлі, ішлі, прыкрываючы далонямі цёплыя агеньчыкі свечак, якія мог згасіць нават слабы подых ночы. І ўсё ж яны ішлі за першымі, і далоні ў іх былі ружовыя, таму што іх наскрозь прасвечваў агонь. І кожны агеньчык быў слабы, але разам яны стваралі зарыва, якое пераможна плыло ў ноч.
І ніколі потым, як бы цяжка ні было, я не сказаў слоў старадаўняга пісца, запісаных ім на палях нейкага там "Апостала": "Кніга-кніга, ужо мі ад табя моташна". Заўсёды яна заставалася для мяне ўлюбёным дзіцем, бо кожны раз я ўспамінаў ноч, у якой спачатку з'явіліся першыя, а потым усё людское мора, залітае агнём.
І я помню іх, людзей, што ішлі ў ноч, прыкрываючы жывымі, цёплымі далонямі агонь. Помню.
Над бярозамі, што абступалі царкву, віселі халаднаватыя і празрыстыя зоры. З вокнаў і шырока адчыненых дзвярэй лілося на цвінтар і натоўп аранжавае святло. Зрэдку, калі галасы пеўчых узляталі асабліва высока, — у шатах бяроз, у гнёздах сонна ўскрыквалі і хрыпелі гракі.
У царкве вёскі Мокрая Дуброва, самай блізкай да Раўбічаў і Азярышча, ішла паўночніца па вялікай субоце. Вялікі натоўп тых, што не праціснуліся ў храм, стаяў на цвінтары, слухаў спевы. Сёй-той часам уставаў на пальчыкі і, выцягнуўшы шыю, заглядаў у агністую пячору. Бачыў адчыненую царскую браму, светлыя рызы папоў і зноў апускаўся, пагойдваючы галавой і ўсім выглядам паказваючы, што ўсё як мае быць, як заведзена: ведаем, бачылі, а значыць, можна пастаяць і на цвінтары, і няма асаблівай прычыны, каб дужа шчаміцца ў храм.
Сям-там гаманiлi: аб вясне, аб тым, як ачуняла азiмiна, i аб тым, у чым благалепiе лiтургii вялiкай суботы i ў чым яе адрозненне ад благалепiя лiтургii велiкоднай.
Алесь прывязаў каня да агарожы і павольна пайшоў праз натоўп па галоўнай алеі.
Ідучы праз натоўп, ён усміхаўся. Выхаваны старым Вежам, Алесь ніколі не задумваўся аб сутнасці абрадаў. У гімназіі даводзілася выконваць. Можна з імі, а можна і без іх. І цяпер яго кранала хутчэй не тое, дзеля чаго людзі сабраліся тут, а самі людзі і тое, што яны сабраліся.
Вось адзін ціха цягне "ліцы ангельсціі", выцягваючы шыю і найсаладзейшым чынам заводзячы пад лоб вочы. Астатнія стаяць і глядзяць яму ў рот… Вось скрыўлены рот бабулі… Белагаловы мужык стаіць на каленях, нібы перад плахай, безнадзейна звесіўшы галаву…
Плача, горкімі слязьмі заліваецца баба ў намітцы.
— Чаго ты?
— Ды я-як не плакаць… Пла-ашчаніцу зараз у алтар панясуць. Сорак дзён ён, бацюхна, па зямлі хадзіць будзе… Бачыць будзе ўсіх, усё наша… бачыць.
Чародка дзяўчат і хлопцы вакол яе. Відавочна чакаюць хрыстосавання.
А вось дзяўчына ў сіняй з золатам старадаўняй хустцы. Стаіць, скрыжаваўшы рукі. Тварык закінуты ўгору, рот прыадкрыты. Слухае, а ў вялізных вачах — слёзы… Б'ецца, пабіваецца галавой аб зямлю нейкі шляхціц. Укленчыў, і такое, відаць, нясцерпнае гора, што калоцяцца плечы.