Страница 11 из 96
— Не пабівайся так. Не трэба.
Алесь ішоў — і нібы ўсе людзі праплывалі, уставалі перад ім. І ад раптоўнай любві да іх, замілавання і вялікага жалю ў яго нешта дрыжала ў горле.
Бледны, са змарнелым абліччам і бяскроўнымі вуснамі, ён ішоў бліжэй і бліжэй да адчыненых дзвярэй, да скляпенчатай аранжавай плямы, адкуль даляталі спевы.
Нехта асцярожна ўзяў яго за плячо. Азірнуўся — Кандрат Кагут. Светла-сінія, з добрай хітрасцю вочы.
— Юж по вшысткем, — іранічна сказаў Кандрат, — по мшы і по казаню[11].
— Здароў, братка, — узрадаваўся Алесь.
— Здароў. Хадзем са мною. Нашы там.
Кагуты-малодшыя прымасціліся трохі ў баку ад алеі, не сталі праціскацца за бацькамі і дзедам Данілам у царкву. Але яшчэ да таго, як Алесь і Кандрат дайшлі да іх, з-за дрэў выступіла танклявая зграбная постаць Андрэя Кагута.
— Ты з кім, Кандраце? — сказаў, бы праспяваў.
— Вось, — сказаў Кандрат. — Загорскі. Градзе, як жаніх у палунашчы.
— Што я, страшны суд? — адказаў жартам Алесь.
Нечаканыя словы Кандрата зачапiлi яго. Ён сапраўды прыйшоў, як жанiх у палуначы, хацеў убачыць Майку.
— Ну, не зусім страшны, — сказаў Андрэй. — А трохі ёсць. — Нясмела ўсміхнуўся, сціпла прыкрыў доўгімі веямі вочы. Алесь не спадабаўся яму.
І амаль адразу Алесь трапіў у абдымкі. Адусюль у вочы лезла адно і тое: залацістыя патлатыя валасы, дзікаватыя сінія вочы, простыя насы, белазубыя ўсмешкі. Ага, вось нехта іншы: Марта, Стафанава жонка. А вось і сам Стафан з маладымі, але густаватымі ўжо вусамі — ціхі, вады не скаламуціць, Стафан.
— З велікоднай ночкаю вас.
Адзін Стафан з усіх Кагутоў перайшоў на "вы", калі Алесь скончыў гімназію.
— Ты што, пазней не мог?
Бацюхны, Паўлюк, гарачы часам, але такі часцей за ўсё салідны Паўлюк! Павёлка, равеснік, вясковы сябра! І гэта за які месяц стаў такі, што не пазнаеш, перайшоў мяжу да дарослага хлопца: кучаравяцца маленькія залацістыя вусікі. Світка на адно плячо, быццам рыхтуецца біцца на кулаках; магерка зухавата заламана назад.
— Гэй, а мяне? — разважлівы голас ззаду.
Нехта торгае за рукаў, Юрась.
— Юраська-Юраська, — смяецца Алесь. — А хто быў галыш мужаска полу?
— Ды ну цябе, — з паважным дакорам кажа пятнаццацігадовы, ладны хлапец.
— Што "ну цябе"? — смяецца Кандрат. — А каму яшчэ ўчора… што?.. Ну што, Алесь?
— Каму яшчэ ўчора бондачку[12] давалі? — падкусвае Алесь.
Рогат.
— Цiха вы, — паважна кажа Марта. — До ўжо. Во, грэх якi. Пахрыстосуемся загадзя, Алесь Юр'евiч.
Вочы маладзіцы смяюцца. Яна выцірае хусцінкай рот.
— А хрыстосавацца загадзя — не грэх? — пытае Стафан.
Алесь стаіць сярод іх і адчувае, што горла нібы сціснула. Яму было так дрэнна ўсе апошнія дні, што ён, трапіўшы раптоўна ў сваё, у роднае кола, трымаецца з апошніх сіл.
— Кагосьці яшчэ няма, — глухім голасам сказаў Алесь.
— Мяне, — і з паўзмроку выйшла Янька Кагут у беленькіх чаравічках і сіненькім кабаціку.
Алесь жартам узняў яе, — ого!
Янька глядеза на яго сур'ёзна і строга. Удалася яна не зусім у Кагутоў. Рот маленькі, а вочы ўдвая большыя, чым у іх. Ужо цяпер у яе была тоўстая каса, ледзь не з руку таўшчынёй.
На сцежцы пачуліся крокі.
— Хто гэта тут маю нявесту чапае? — прагучаў юначы прыемны голас.
— Мсціслаў, — віскнула Янька і кінулася да яго.
Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут.
Мсціслаў ускінуў вейкі, і на вуснах ягоных з'явілася ўсмешка:
— Вялікая ноч?
— Вялікая ноч, дружа.
І гэта гучала, як: "Па-ранейшаму?" — "Давай па-ранейшаму, дружа".
І адразу, нібы пакарыстаўшыся гэтай магчымасцю і хочучы замацаваць яе, Мсціслаў сказаў з іроніяй:
— То чаго гэта пан Загорскі прыехаў у царкву Мокрай Дубровы?
— Бо тут Кагуты, — сказаў Алесь.
— Во шчасце якое, — наiўна сказала Янька. — А мы якараз хацелi ў Мiлае ехаць, каб цябе ўбачыць, Алеська.
Кандрат лёгка штурхнуў яе ў бок. Янька не зразумела і адказала брату штуршком, так, што ўсе заўважылі, і сціпламу Андрэю стала няёмка.
Янька глядзела на Мсціслава сінімі вачыма, бліскучымі, як мокрыя каменьчыкі: лавіла словы.
Мсціслаў стаяў і смяяўся.
— Я гэта чаму, — з удаванай наіўнасцю сказаў ён. — Я цябе хацеў знайсці. Я ў Загоршчыну — няма. Я ў Мілае — няма. Куды, думаю, цяпер?
У гэты момант удар звона пракаціўся над голымі яшчэ, але жывымі дрэвамі, паплыў пад свежыя і празрыстыя зоры.
— Пачынаецца, — сказаў Андрэй.
Яны рушылі бліжэй да царквы. Натоўп плыў туды ж і хутка адцёр Кандрата з Андрэем і Мсціслава з Алесем ад іншых.
— Ты малайчына, — сказаў Мсціслаў на вуха Алесю. — Значыцца, вырашыў: мір. Добра, памірым… Яна тут. Я назнарок праціснуўся ў царкву і паглядзеў.
І тут Алесь адчуў, што ён сапраўды больш за ўсё на свеце жадае міру і злагады.
— Зараз званы ўдзярбаняць, — сказаў Кандрат. — Асцярожна, хлопцы. Кажуць, часам ад такой прычыны з цвінтарных дрэў чэрці падаюць.
— Лухта якая! — скзаў Мсціслаў.
— Я і не кажу, што праўда.
— Людзі вераць, — сказаў Андрэй. — Таму што нібыта як людзі ў чысты чацвер свечкі дахаты данясуць і крыжы на ўсіх дзвярах паставяць, то нячысцікі з хат уцякаюць. Куды ім падзецца? На цвінтарныя дрэвы. Сядзяць галодныя, халодныя, бо злезці баяцца. Ну, а як бомкне велікодны звон — валяцца яны з дрэў, як грушы. Шмяк-шмяк! Некаторыя ногі выкручваюць.
— Ты глядзі, — сказаў Мсціслаў, — за гэткія ерэтычныя забабоны атрымаеце вы ад папа.
Ягоныя вочы смяяліся, і ў тон яму Андрэй сказаў:
— І няхай. Усё адно падаюць. Сачы, Алесь, можа, якога за хвост ухопіш.
— А ў яго хаданская мыза, — сказаў Мсцiслаў.
У Кандрата захадзілі жаўлакі на шчоках.
— Тады мы ўжо табе, Алеська, дапаможам. Ты яго толькi ў хмызы з Мсцiславам завалачы… каб начальства нас не бачыла. А там мы яго, каб вам рукi не пэцкаць, асвенцiм.
Зоры віселі над галавою. Прыціхлі дрэвы. З цвінтара спускалася рознакаляровая стужка людзей. Нібы з расплаўленага металу, цяклі і зіхацелі і пераліваліся рызы папоў. Ззяла на золаце крыжоў чырвонае зарыва ад соцень свечак. І над усім гэтым густа плыў бас дыякана:
— "Уваскрэсенне твае, Хрысце спасе, ангелi пяюць на небясех: i нас на зямлi спадобi чыстым сэрцам цябе славiцi".
Пад зоркамi мiж снежных бяроз, якiя сталi цяпер аранжавыя знiзу, плыло, агiнаючы царкву, шэсце: нiбы нехта павольна рассыпаў чырвоны мiгатлiвы жар.
Алесь зноў убачыў дзяўчыну ў сiняй з золатам хусце. Яна нiбы iмкнулася да агнёў, як сiнi i залаты сумны махаон. I раптам у яго адлягло ад сэрца: не магло здарыцца нiчога дрэннага, пакуль на зямлi iснавала надзея.
— Раўбічы, — голас Мсціслава ўпаў.
І адразу ўпала Алесева сэрца. Ён убачыў.
…Пан Яраш з Эвелiнай, Франсам, Стасем i Юллянам Раткевiчам iшлi паперадзе. Моцная Ярашава рука сцiскала свечку, змрочныя вочы глядзелi паўзверх галоў: ён, вiдавочна, думаў пра iншае. I такi ён быў моцны сярод гэтага натоўпу, i так клалiся на яго аблiчча i аблiччы суседзяў, на блiскучы жалезны бранзалет мяккае святло i змрок, што Алесь раптоўна здрыгануўся ад замiлавання да яго i да ўсёй гэтай сям'i.
Набліжалася Майка. Свечка ў тонкай руцэ злёгку нахілена — аплывае жаўтаваты воск. Вочы, як у бацькі, глядзяць паўзверх галоў, ці на белыя, як яе рукі, галіны бяроз, ці на агеньчыкі зор.
Маленькі рот зараз зусім не ганарысты, а добры і ласкавы.
"Майка. Майка. Майка".
Мінаюць. Зараз спыніць нязручна. Побач з ёю Стах. (Алесь не ведаў, што Стах узрадаваўся б.) Пераліваецца кранутая сям-там срэбрам белая кашміровая сукня.
— Шэсце жон-міраносіц, — сказаў ціха Кандрат.
І, забыўшыся, падтрымаў блюзнерства непапраўны Мсціслаў. Склаў бондачкай вусны і сказаў тонам старой ханжы-дзеўкі:
11
Ужо ўсё… Скончылася набажэнства і казані (польск.)
12
Бондачка — хвосцік каўбасы з завязкай. Даюць маленькім дзецям, каб не грашылі пад сябе.