Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 11



— Чакай, чакай,— перапыняе яго Адарка.— Мы табе гасцінца ад маці прывезлі, — і яна падае Цупрону вузельчык. — Там і пісьмо. А сама яна не можа прыехаць, бо прыхварэла.

— Няпраўда, — раптам кажа Ганна. — Маці твая, Цупрон, не хворая, толькі яна да цябе не паедзе. Не паедзе, бо ненавідзіць такіх, якія кідаюць калгас і працуюць, дзе лягчэй. I прасіла перадаць, каб ты адумаўся і вяртаўся, бо яна адна, старая. I прасіла ўведаць, што ты думаеш. Во!

Цупрон пахмурнее. Рука, якая трымае матчын вузельчык, прыкметна дрыжыць.

— Чакайце, — кажа ён і дастае з вузельчыка запіску, напісаную Рыгорам Драздовым.

Доўга і ўважліва чытае яе, час-ад-часу шавелячы губамі. Там напісана, што нягожа пакідаць адну старую маці, якая выпеставала і ўзрасціла яго, што не да дабра давядзе Цупрона вось такое жыццё, што калгас багацее, работы шмат і кожныя рукі на ўліку. Можа ён адумаўся б, кінуў гэты рэстаран, кінуў дапіваць за другіх гарэлку ды ўсё ж вярнуўся. Маці ж чакае яго!..

— Та-ак! — цягне Цупрон і пазірае на Ганну. Але позірк яго не так на ёй, як на яе плацці.— Справы!— зноў выдыхае ён, успомніўшы камсамольскія сходы і некалькі паседжанняў праўлення калгаса, куды, як і іншых, яго выклікалі яшчэ да здарэння на мосціку. Асалавелымі вачыма ён аглядае рэстаран і пытаецца: — Хто запіску пісаў?

— Рыгор Драздоў, — адказвае Ганна.

— Ну, яно і бачна. Маці такое не напісала б.

— Не, Цупрон. Гэта просьба маці, яе словы напісаны, — настойвае Ганна.

— У нас заўсёды крайнасці,— кажа Цупрон, відаць, паўтараючы чужыя словы. — Заўсёды на рабро, у тупік. Або туды, або сюды. Не вярнуся я ў вёску. Я працую там, дзе падабаецца, і маці за гэта крыўдаваць на мяне нельга. Так і скажыце. I я на яе не крыўдую. Чаго ж?

I ён устаўляецца вачыма на жанчын і зноў глядзіць на Ганну. «А гэты Міцька Тачыла не дурань, — разважае між іншым ён. — Нюх у яго гончы. Бач, і пад лахманамі змог угледзець такую прыгажосць!»

Не, не любіць ён Міцькі Тачылы!..

8

Пасля ўходу Зорыка Цэнтнера, Вальдамара Лусты і Цупрона Міцька Тачыла і сапраўды засумаваў. Праплывалі перад вачыма не так ужо і даўнія школьныя гады. Тады ён часта выходзіў за ваколіцу, спыняўся пры Дняпры і доўга тут прастойваў. Або іншым разам браў вуду і забіраўся ў кусты вудзіць акунёў. Вось так аднойчы вудзіў пад высокім гліняным берагам, а рыба нешта не бралася. Сядзеў-сядзеў Міцька дый рашыў, нарэшце, перабрацца на другое месца. Не спяшаючыся, зматаў вуды, забраў бляшанку з чарвякамі і толькі адышоўся ад таго куста, што над кручаю, як увесь той бераг — і куст, і тое месца, на якім сядзеў — раптам рухнулі, агаляючы размыты глеевы пласт. Тысячы пудоў зямлі на вачах у здзіўленага Міцькі сплылі ў Дняпро. Сплылі і закружыліся і пачалі асядаць на віры так, што тырчэлі некалькі хвілін з вады верхавіны высокага лазовага куста, што ўсё яшчэ не хацеў адыйсці ад роднага берага. А Дняпро лютаваў, вірыў, гнаў воды. Куст, вырваны ім з зямлі, раптам паплыў на сярэдзіну і там затануў.

Міцьку не толькі ўразіла ўсё гэта. Яго зачаравала суровасць ракі, яе патаемная сіла, якой ён раней зусім і не заўважаў. Вось тады ўпершыню і з’явілася думка пайсці працаваць на параход або кацер. А так як вучыўся ён дрэннавата, то думка гэтая ўсё больш і больш займала яго. У час вясновых іспытаў ён раптам кінуў школу і паступіў на курсы матарыстаў пры Дняпроўска-Дзвінскім параходстве. Праз паўгода Міцька быў на практыцы, а пасля яго прызначылі на кацер. Вазілі на прычэпах баржы, плыты і за кароткі час плавання Міцька яшчэ больш зжыўся з ракою.



Яшчэ да здарэння на мастку яго выклікалі ў праўленне. Старшыня калгаса Ілья Максімавіч Касцюкевіч, нядаўні рэдактар абласной газеты — чалавек пажылы, лысы, з пасмамі сівых валасоў за вушамі, у празрыстых акулярах з надзвычай тонкай сярэбранай аправай — проста і ва ўпор запытаўся ў яго:

— Чаму не працуеш?

Міцьку не было чаго адказваць на гэтае пытанне, і ён маўчаў. Тады Касцюкевіч устаў з-за стала і пачаў хадзіць з кута ў кут, з кута ў кут, паціраючы рукамі, як гэта заўсёды ён рабіў, калі пачынаў хвалявацца.

— Не, вы зірніце на гэтага хлопца. Ма-атрос! — і ён многазначна падняў угору ўказальны палец правай рукі.— Плечы — касы сажань,— развёў ён убакі рукі, паказваючы гэты сажань, — кулакі пудовыя, шыя бычыная, а не працуе. Маці, старая, ходзіць штодня ў поле, а гэты асілак, а ў сапраўднасці лодыр, адлежваецца. Не працуе — і ўсё тут! У Цэнтнера ў краме аціраецца, з Цэнтнерам п’е, з Лустай ды Цупронам на танцы ходзіць і чхаў ён на калгас. Не, браце Тачыла. Так не будзе! Працаваць прымушу! А не будзеш працаваць — адміністратыўным парадкам вытуру з матчынай хаты. Складу пратакол, увесь калгас падпішацца і, як без пэўнага занятку, здам міліцыі. А дойдзе да суда — у мяне ўсе сведкамі пойдуць. Не хочаш тут працаваць — калі ласка, працуй на Калыме. Там таксама зямля і таксама людзі. Ды не хочацца мне гэтага рабіць, бо хлапец ты — шчыра скажу — вельмі ўжо цікавы. Ну, дурэеш, дык я сам некалі быў такім — ведаю, разумею. Але, таварышок, хопіць! Час, як кажуць, і за розум брацца. Каб заўтра ж быў у полі.

Міцька пасля такой размовы, хоць і выйшаў на двор чырвоны, як вараны рак, і потны, аднак ні назаўтра, ні ва ўсе наступныя дні на працу не пайшоў. Пасля заметкі ў «Нашым вожыку» яго выклікалі ў праўленне яшчэ раз, але Міцька, успомніўшы, з кім будзе мець размову, махнуў у адчаі рукой і сказаў сам сабе:

— Не пайду!

Пасля ўцёкаў Цэнтнера, Вальдамара і Цупрона яму перадалі, што Касцюкевіч напісаў на яго вялізны пратакол і ўсіх, хто заходзіць да яго, просіць пад гэтым пратаколам падпісвацца. Міцька і пасля гэтага не выйшаў у поле і з нецярплівасцю пачаў чакаць свайго сумнага канца. Вось у гэты час і пачало здавацца, што яго лёс падобны на лёс таго змытага ракою куста. Спачатку ён абураўся, лаяў усяляк Касцюкевіча, не мог трываць, калі пры ім называлі імя гэтага чалавека, а потым на яго напаў вельмі чуллівы настрой. Бяссоннымі начамі выйдзе Міцька ў поле, услухаецца ў абшары, надыхаецца наваколлем і пачынае мармытаць песню, якая стала вельмі блізкай:

Выхожу один я на дорогу,

Сквозь туман кремнистый путь блестит.

Ночь тиха, пустыня внемлет богу,

И звезда с звездою говорит.

Зоры пераміргваюцца і сапраўды як бы шапочуцца. Сівее ў нізінах туман. Пачынае здавацца, што цярністы жыццёвы шлях сапраўды пралёг праз гэты туман. Хочацца распасцерціся на зямлі і, адчуваючы яе, заплакаць, як бы растварыцца ў ёй і драмаць у вечным спакоі, як гэтае неба, як сама яна, зямля. Растварыцца і адчуваць усё гэта, — і зразумелае, і вельмі многае незразумелае — вечна. I тады міжвольна ўяўляецца Каўказ, якога ён, яшчэ і не бачыў, і адзінокі сярод людзей, прыгожы, дарагі і блізкі чалавек Лермантаў. Не, ніхто не разумее яго, Міцькі. Усе бачаць у ім толькі таго прайдзісвета, што завёў на масток Ганну, а ў сапраўднасці ён лепшы за ўсіх, і ніхто не ведае, што як не плача ён па начах, дыхаючы ўсім наваколлем і ўсё больш убіраючы яго ў сябе. Не, ніхто не разумее і не зразумее! Вось хіба толькі Ганна! Як бы назаўсёды застаўся на яго вуснах той пацалунак і назаўсёды запомінілася прыгажосць яе сумных вачэй. Глядзі, закахаешся, Міцька, закахаешся ў гэту дзяўчыну, якую ўсе некалі называлі Пабірахай! Але ж ён, Міцька, яшчэ больш няшчасны, і таму кахання ніякага не можа быць. Дый і наогул — ці існуе яшчэ яно, гэтае каханне? Так, людзі сыходзяцца з-за агульнасці інтарэсаў, а сапраўднага, шчырага кахаяня няма, яно было магчыма толькі некалі і вельмі ж даўно. Толькі тады людзі і хінуліся адзін да аднаго, па-сапраўднаму кахаючы, толькі тады хлопец мог па-сапраўднаму і вянуць і сохнуць, калі дзяўчына яму падабалася.

Вось да якіх думак давёў Міцьку яго панылы настрой. Песня, складзеная можа сто гадоў назад, як бы клікала яго ў вялікі свет, а такім светам для Міцькі было толькі плаванне па Дняпры. Яго ж не пускалі ў гэтае плаванне, ставілі яму безліч перашкод, абыйсці якія было немагчыма. Нарэшце, Міцька не вытрымаў. Неяк увечары выпіў употай чацвярцінку, расхінуў форменку, паказаўшы свету матроскую цяльняшку, зайшоў на кватэру да самога Рыгора Драздова ды і выклаў там усё, што адчуваў і што думаў. На вялікае яго здзіўленне, гэты грозны Рыгор Драздоў думаў і адчуваў зусім жа так, як і ён, Міцька. I што заснуць можна нейкім вечным, але надзвычай успрыймальным сном, і што ён лепш за ўсіх, а сапраўднага кахання ў яго ўсё няма, і што ён многім падобны на Лермантава, і што ён таксама ніяк не можа надыхацца абшарамі. Вось толькі ў адным яны не сыходзіліся: яму, Рыгору Драздову, калі і ставіў хто ў мінулым перашкоды, дык ён, Рыгор Драздоў, змагаўся, перамагаў іх і выйшаў у вялікі свет, або ў вялікае плаванне, а такім вечным вялікім плаваннем для яго з’яўляецца камсамол. I ў заключэнне гэтага свайго душэўнага прызнання Рыгор Драздоў паляпаў Міцьку па плячы і сказаў: