Страница 11 из 11
У час стаянак на палубе кацера сумна гучала гітара і чуўся Міцькаў голас:
Выхожу один я на дорогу,
Сквозь туман кремнистый путь блестит...
Нарэшце, усё як след узважыўшы, Міцька сеў аднойчы за столік і, страціўшы некалькі аркушаў паперы, напісаў доўгае пісьмо. Напісаў і нецярпліва пачаў чакаць адказу. I ён, адказ гэты, прышоў. Дрыжачымі рукамі разарваў Міцька канверт, дастаў адтуль фатакартку і аж ахнуў ад здзіўлення. Гэта была Ганніна фатакартка, але якая то была Ганна! Разадзетая, непазнавальна прыгожая, з усмешкай на вуснах. У Міцькі Тачылы міжвольна ўзніклі тыя ж думкі, якія ўзніклі аднойчы ў Цупрона Дадовіча. Толькі думкі яго былі не злосныя, а прыязныя і шчаслівыя...
10
У канцы лістапада выпаў першы снег, а ў снежні па-сапраўднаму закруцілі зімовыя завірухі. Дарогу ад калгаса да горада занесла, штодзень на яе выязджалі снегаачышчальнікі. Ціснуў мароз, мерзлі канаплянікі на загарадзях, і па ўсім было відно, што зіма, не ў прыклад мінулым, будзе суровая і цяжкая. У адзін з такіх непагодлівых дзён Міцька Тачыла, паставіўшы на снег два аб’ёмістыя чамаданы, бадай, з поўдня прачакаў ля чыгуначнай станцыі аўтамашыны. Наставіўшы каўнер зімовага паліто, ён подбегам прахаджваўся перад будынкам вакзала. А снег сыпаўся і сыпаўся. Часам моцны вецер здзьмухваў яго з даху вакзала і тады наогул нічога не было бачна. Міцька Тачыла нерваваўся і непакоіўся. Неўпрыклад мінуламу, сёлета, як толькі стаў Дняпро, ён напрасіўся ў докі, на рамонт, і цяпер ехаў дадому, бо згодна загаду начальніка ўпраўлення яму прадаставілі адпачынак на месяц. Блізкая сустрэча з Ганнай непакоіла і радавала яго. У апошні час было столькі напісана пісьмаў! Канешне, Ганна не чакала яго. Міцька зрабіў так, як робяць і іншыя ў падобных выпадках: ён утоіў пра адпачынак, каб прыехаць і сустрэцца як быццам бы неспадзявана. I ён пасмейваўся, наперад прадбачачы гэтую неспадзяваную сустрэчу і ўспамінаючы, як летам вярталася яна пад вечар з поля адна, а ён чакаў яе, каб папрасіць прабачэння. Мілая, добрая Ганна! Ён апраўдаў сябе, і яго цяпер ставяць нават у прыклад іншым, а летам глядзі што пашлюць працаваць на вялікі параход. Хіба ж не шчасце гэта? I хіба не шчасце адчуваць, што там, за гэтай завірухай і снегам, чакае цябе чалавек, які раптам аднойчы стане блізкім табе і дарагім! I хіба не пра гэта спявае вецер, сыплючы і сыплючы снег! I хіба не пра тое самае папіскваюць застылыя на марозе канаплянікі! I вось толькі трохі сорамна ўспамінаць не вельмі каб прыгожае мінулае. Але Ганна разумее яго. Яна так і піша. Яна кажа, што галоўнае ў жыцці зразумець сваю памылку, выправіць яе і стаць на правільны жыццёвы шлях. Ён, Міцька, зрабіў гэта. Ён не тое, што Цупрон, якога, кажуць, нядаўна выгналі з рэстарана. Аднак усёроўна чамусьці сарамнавата.
Вось у час такога горкага роздуму, ахутаная снежным клубам, да вакзала і падкаціла грузавая аўтамашына. Міцька адразу пазнаў шафёра — гэта быў усходаўскі шафёр. Не пытаючыся дазволу і не вітаючыся, ён адразу пацягнуў свае чамаданы да кузава.
— Здароў, Міця! — крыкнуў, вылазячы з кабіны, шафёр.
— Здароў,— адказаў Міцька і ўсміхнуўся.
— Кладзі чамаданы ды забірайся ў кабіну, — крыкнуў шафёр. — Ты сёння першы і апошні пасажыр! А я збегаю ў вакзал да буфета — падсілкавацца трэба.
I вось ён ужо на знаёмай дарозе. Матор гудзе на ўсю моц, машына ўвесь час прабіраецца праз сумёты, і Міцьку здаецца, што так яны і да вечара не пераадолеюць тыя дзесяць кіламетраў, што аддзяляюць ад свайго калгаса. Ён коратка адказвае на пытанні шафёра: быў там, рабіў тое, еду ў адпачынак — увесь час пазірае наперад. Хочацца яму распытаць пра Ганну Жылудовіч, але ён стрымліваецца: так, не пытаючыся, лепш думаецца. За горадам — неабсяжная роўнядзь палёў, схаваная ад вока снегападам.
— Снег падае — да ўраджаю,— заўважыў шафёр.— Нашы снегазатрымальнікі цяпер ставяць.
Міцька ведае гэта. Ведае з пісьмаў Ганны, ведае, што яе звяно таксама ставіць снегазатрымальнікі, але змоўчвае. Ен толькі пытаецца:
— I сёння ставяць?
— I сёння. Раніцою, калі вёз туды пяньку, дык бачыў.
I Міцьку робіцца шкада Ганны. Ён уяўляе, як яна цяпер працуе ў полі, і чамусьці думаецца, што і рукі і ногі ў яе замерзлі, зусім так, як вось цяпер у яго. I ўспамінаецца яшчэ чамусьці і свой дом, і цёплая печ, на якую добра было б забрацца ды задрамаць, ды паслухаць нуднае скавытанне ветру ў трубе.
Перад самаю вёскаю праз завею відаць, як завіхаюцца людзі ў полі, як у моры.
— А гэта ж, глядзі, працуюць,— кажа шафёр, дыхнуўшы параю.
— Не ведаеш, не звяно Ганны Жылудовіч? — пытаецца Міцька, бляднеючы пры апошніх словах.
— Не ведаю. А бадай што і яе. Больш няма каму на такім холадзе. А дзяўчына гэтая Жылудовіч, брат, дужа ж працавітая.
Міцьку прыемна, што ён ужо не называе яе так, як некалі называлі ўсе яны — Пабірахаю. Ён нечакана кажа:
— Ты едзь у вёску адзін. Як будзеш праязджаць ля нашага двара, то аддай маці чамаданы. А я прайдуся ў поле, пабачу.
— Можна,— згаджаецца шафёр і спыняе машыну.
Міцька выбіраецца з шафёрскай кабіны, напаследак пакінуўшы шафёру папяросу «Беламорканал» і запалкі.
Снег глыбокі, часам нават вышэй кален. Ісці цяжка. Але Міцька не зважае на гэта, спяшаючыся наперад, да людзей, што працуюць. Занятыя сваёй справай, людзі таксама не заўважаюць Міцькі. Але вось адна дзяўчына, у кароткім кажушку і валёнках, захутаная ў хустку, усю аблепленую снегам, раптам разгінаецца і адразу паварочваецца тварам да Міцькі. Няўжо яна?
Ох, і сыпле снег, ох, і сыпле! Ніяк не вызначыш, хто гэта. Толькі пачне праясняцца, толькі паўстане перад табою постаць, як новы белы валун закрывае яе. I міжвольна прыгадваецца жаласная песня пра паштавіка. Але ж жанчына як бы ідзе яму насустрач! Ці то ўсё плыве так перад вачыма? Не, гэта дарагія засмуткаваныя вочы ўвесь час неадрыўна пазіраюць на яго скрозь завею. Дыхнула нечым блізкім і нават як бы родным. Мацней усхадзілася сэрца і забалела.
— Ты? — запыталася, дайшоўшы, яна.
— Я, Гануля,— адказаў Міцька і, радуючыся, ухапіў яе за цёплыя рукі.