Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 1 из 11



1

Вельмі многія называлі гэтую сям’ю Пабірахамі. Жыла сям’я ў невялікай хаціне, якраз пасярод вёскі, недалёка ад ручая, густа зарослага алешнікам. Сам гаспадар Рыгор Жылудовіч увесь час хварэў і памёр незадоўга перад апошняй вайною, пакінуўшы сіратою дачку Ганну і жонку Адарку. Больш у сям’і нікога не было. Адарка не вельмі каб была працаўніца, яе іншым разам брыгадзір ледзь не сілком вытурваў у поле. Ганна ж была малалетак, і таму кожны кавалак хлеба быў на ўліку, а якое-небудзь старое фабрычнае плацце лічылася каштоўным здабыткам. Гэткім жа здабыткам былі і добра паношаныя лодачкі, купленыя на рынку за чвэртку колішняй цаны, і катушка фабрычных нітак, і нават якая-небудзь адмысловая шпілька. Конаўка пры вядры і само вядро былі драўляныя, зробленыя з ліпы, у куце звычайна тырчэлі прасніца, матавіла, ды на акне ляжала яшчэ верацяно, бо Адарка заўсёды сеяла на агародзе лён. Калі трэба было што-небудзь зварыць або што-небудзь спячы, дык пачыналася беганіна па суседзях. На такую справу пасылалася Ганна.

— Цётачка,— звычайна прасіла яна,— ці не дасце вы нам свае патэльні?

Або:

— Цётачка, ці нельга пазычыць у вас чыгуна?

— Пабірахі забегалі, — казалі ў такія дні суседзі.

Свята Жылудовічы спраўлялі рэдка. Але калі выпадала спраўляць, то колькі было пасля гэтага гаворкі!

Неяк аднаго разу заехаў да іх далёкі родзіч — вельмі сталы гарадскі чалавек, добра апрануты, на новенькім веласіпедзе, што аж зіхціць. Адарка вельмі доўга мерала час гэтым наведвальнікам.

— А, помню, — казала яна субяседніцы, — гэта было за месяц, а можа і болей да таго, як прыязджаў да нас Яўген з горада.

Або:

— Ну, ну, як жа, помню! Якраз пасля таго праз тры дні і Яўген з горада да нас прыязджаў.

Духмяныя, харошыя вечары ў жніўні. 3 поля прыносіць вецер пах спелага жыта і добра напаленай за дзень зямлі. Далёка на тым баку ручая, за вольхамі, ужо зайшло сонца і ўвесь небасхіл палымнее. У валках, у снапах, у межах сярод грудаў завялай сурэпкі, у агародах, нават у двары дзе-небудзь пад шуляком на ўсе лады звоняць конікі. Не-не дый дыхне вецер блізкай восенню, бо даўно прайшла касавіца траў і ўжо не крумкаюць, як нядаўна, жабы ў ручаі і на паплавах і не крэкаюць таксама, жыруючы, дзікія качкі. Адно конікі як бы развітальныя песні спяваюць. I зоры пабольшалі. Іншая ліхтаром здаецца, плавіцца, мігціць. Невялікі дворык, абгароджаны частаколам, здаецца на дзіва ўтульным, робіцца дарагім. Ад невялікай ігрушы, якая часам шапоча лісцем, патыхае нечым вельмі родным, што і растлумачыць бадай немагчыма.

Вось у адзін з такіх вечароў Ганна і дастала тыя самыя лодачкі, што хаваліся ў спецыяльнай скрыні і якія і яна, і маці лічылі заўсёды вялікай каштоўнасцю. Падумала ды дастала яшчэ і тое фабрычнае плацце, якое заўсёды бераглося. Пры святле настольнай лямпы пераапранулася і таропка пачала пераплятаць косы. Потым закружылася перад люстэркам, аглядаючы сябе. Лодачкі былі велікаватыя, дый з непрывычкі цяжкавата было трымацца на высокіх каблуках. Але гэта нішто — не так і прыкметна. А вось плацце! Яно было настолькі не па росту, вялікае для яе, што рукавы ледзь не прыкрывалі пальцаў. Ганна падкасала іх — выйшла як быццам бы нішто. Плацце ў поясе скалола шпількаю — таксама нядрэнна. Яшчэ раз агледзела сябе, яшчэ раз прайшлася па хаце і выйшла пасля гэтага ў двор.

Па-ранейшаму палыхаў захад, а далёка ў вёсцы спявалі дзяўчаты і часам парыпваў гармонік. Ганна ўздыхнула і накіравалася на вуліцу. Нават у цемені ёй было сорамна, калі яна сустракала каго. Гэта ж яна ў новым плацці! Гэта ж яна ў лодачках!

К таму часу, як яна дайшла да пагулянкі, калгасны клуб быў ужо расчынены, пад столлю палыхалі вялізныя лямпы, іграў гармонік і пары танцавалі. Ганна прабралася ў куток і тут спынілася, спакваля разглядаючы ўсіх. Божа ты мой, якое плацце было на Рагіне Маеўскай! Крэпжаржэтавае, у зялёную з чорным кветку, на нагах туфлі самае малае за трыста рублёў. Капа светлаватых валасоў хвалямі спадала і рассыпалася па яе плячах. Высокая, стройная, з курносым бледнаватым тварам, яна была прыгажэйшай за ўсіх на вячорцы. А з ёю танцаваў Міцька Тачыла — хлопец вясёлы, прыгожы, паўнатвары, у форменнай вопратцы. На яго шапцы ўспыхвае белая какарда — ледзь не рулявога таго самага кацера, што акуратна праз дзень прабягае па Дняпры. На заваротах ён так грукае наваксаванымі чаравікамі, што міжвольна ўяўляецца, які гэта моцны і адважны чалавек. Жыве ён добра, бо да таго агарода і сада, які мае ў калгасе маці, да тых парсюкоў, што кормяцца ў двары, кожны месяц прыносіць палучку. Прапіць яму пяцьдзесят або сто рублёў зусім нічога не значыць, і ён часта бывае во такім, як цяпер, веселаватым. Ганна ведае, што многія дзяўчаты мараць пра Міцьку, а Рагіна і яе маці, дык гэтыя ўвачавідкі ўвесь час бамбардыруюць яго, ды пакуль што не маюць поспеху. Некалькі дзён назад Міцька зволіўся з кацера, і цяпер Рагіна кожны дзень прахаджваецца з ім па вуліцы — на зайздрасць вельмі многім, бо да таго ж кажуць, што Міцька падшукаў ужо новую зручную работу ў горадзе. Калі Рагіна гаворыць пра Міцьку, то яна як не плача — так ён ёй падабаецца. Але дзяўчына з разлікам і асцярожнічае — калі і прахаджваецца, дык удзень, ва ўсіх на вачах, а вечарам заўсёды скіруе яго да свайго двара, дзе як бы незнарок выйдзе пасядзець на лавачцы яе маці. Міцька з-за гэтага злосны і нездаволены і заўсёды адварочвае ад яе пахмуры свой твар. Ён, глядзі, і абцасамі грукае з-за гэтае свае злосці. Але раптам Міцька весялее, ухмылка праходзіць па яго шчоках, ён паварочваецца да Рагіны і кажа:

— Глядзі,— ківае галавою ў дальні кут.

А там, у дальнім куце, стаіць Ганна ў сваім плацці і лодачках. Косы ў яе нейкія выцвілыя, тонкія, твар пачарнелы, худы, а рот як не да вушэй. Страшыдла, а не дзеўка.

Рагіна ўсміхнулася, зірнула на Міцьку і зажмурылася.



А Міцька зноў сваё:

— Ды зірні лепей. Зірні на руку!

А на руцэ ад кісці і як не да локця тлустая чорная пісяга — гэта, калі яна круцілася перад люстэркам з падкасанымі рукавамі, дык незнарок чыркнулася ў чалесніку аб качаргу і вымазалася ў сажу. Хіба ж ёй заўважыць гэта, калі ўся яе ўвага — увесь слых і зрок — занятыя вячоркай, так што аж вочы ўспыхваюць, а рот сам сабою раскрываецца.

— Ох! — піснула Рагіна.

— Хо, — сказаў Міцька Тачыла. — А рот — аў, сапраўднае страшыдла. Нездарма ў іх на агародзе ні аднаго канапляніка не ўбачыш — баяцца.— I Міцька паспрабаваў прыціснуць да сябе Рагіну, але тая ўчас паспела непрыкметна адпіхнуцца ад яго.

Між тым Ганна стаяла і зайздросціла Рагіне. Вось скончыўся вальс, Рагіна выцерла хусцінкаю твар і пачала цягнуць Міцьку да выхаду — прайсціся. Але Міцька нешта занатурыўся, спыніўся, павярнуўся да хлопцаў і пачаў з імі гаварыць. Рагіна пастаяла-пастаяла дый падалася адна да выхаду. Тады Міцька агледзеўся вакол і пачаў прабірацца ў кут, абыходзячы групкі хлапцоў і дзяўчат.

«Да каго ж гэта ён? — міжвольна падумалася Ганне. — Ой, няўжо да мяне?»

Міцька ішоў і пазіраў на яе, і Ганна, не верачы, адвярнулася. Раптам лёгкі, як вецер, дотык яго рукі да пляча.

— Добры вечар, Гануся,— сказаў ён.

— Добры вечар,— выдыхнула Ганна, і вочы яе ўспыхнулі радасцю.

Міцька незадаволена агледзеў дзяўчат, што стаялі блізка, незадаволена сказаў «хо!» і, узяўшы Ганну за локаць, прашаптаў:

— У цябе, Гануся, уся рука ў сажы. Гэтыя верціхвосткі,— і ён яшчэ раз незадаволена зірнуў на дзяўчат,— трасцу скажуць.

Спагадаю, замілаванасцю свяціліся яго вочы, калі яна, пачырванелая, неўпрыкмет ад другіх сцірала з рукі сажу і ўдзячна пазірала на яго.

Зайгралі кракавяк, і Міцькавы вочы ўспыхнулі.

— Танцаваць умееш? — запытаўся ён.

— Умею,— адказала Ганна.

— Пойдзем станцуем!..

Зусім не адмаўлялася, не адпіхвалася Ганна, як гэта заўсёды рабіла Рагіна, а паслухмяна падала яму руку і — выйшла. У першай пары!