Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 11



І адчувала, што ўвесь клуб пазірае на яе. Так, між іншым, на нейкі кароткі момант, убачыла пры парозе здзіўленую Рагіау і адразу забылася на яе. Як кружыліся, то Міцька лёганька прыціскаў яе да сваіх грудзей, і Ганна не адпіхвалася, як гэта рабіла Рагіна. Яна, пэўна, ганарылася ім, Міцькам, як ганарылася тым далёкім родзічам, які аднойчы да іх заехаў. Гэта відно было па яе вачах, па твары, па яе ўсмешцы. Яна была рада, што Міцька з ёю танцуе.

Як скончыўся танец, Міцька адвёў яе ў той жа куток і не адышоў, пакуль не зайгралі новага танца. Рагіну запрасіў на танец нейкі заезджы хлопец, але Міцька на гэта і ўвагі не звярнуў.

У перарыве між танцамі Міцька адвёў у бок свайго сябра Цупрона Дадовіча і шапнуў:

— А ведаеш што — правяду я сёння гэтую Ганну.

— Ды ці ты адурэў? — жахнуўся Цупрон.— Пабіраху?

— Ага. Яна, брат, дурнаватая — сама чэпіцца. Во пабачыш, адразіу абкручу. Не верыш?

— Ну ж і Міцька! — паківаў галавою Цупрон.— Не веру.

— Давай на заклад!

— Давай,— згадзіўся Цупрон.— Толькі як дакажаш?

— А і не трэба даказваць. Сама за мною бегаць будзе.

— Ну, добра. А на што?

— На два літры рускагоркай. Заўтра разап’ем у складчыну, а пасля ты яшчэ паставіш. Хо, такая тут справа! Ды я каго хочаш абкручу. Я столькі дзевак перабраў, што табе, Цупрон, і не снілася. Аднойчы з гэтай, з Матрунай,— і Міцька зашаптаў сябру на вуха.— А Рагіна — думаеш, яна святая? Як жа, трымай! Гэта яна толькі так, а па праўдзе, дык і не так. Ну, давай руку!

Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і Міцька зноў заспяшаўся да Ганны, бо зайгралі вальс.

— Табе ісці далёка, дык я правяду,— сказаў Ганне Міцька.— Там на мосціку ля ручая пасядзім удваіх, пагаворым. Цяпер там прыгожа,— загаварыў Міцька, успомніўшы, што з-за гэтае ж прычыны ён усё ўгаворваў пайсці туды Рагіну, ды тая наадрэз адмовілася.— Ужо вольхі во-во пачнуць асыпацца, а пад мосцікам ручай увесь час булькоча. Сёння ноч цёплая,— і ён міжвольна яшчэ мацней прыхінуў Ганну да сябе.

— Мама будзе непакоіцца,— сказала Ганна і дадала: — Добра, удваіх пойдзем.

— Пасля гэтага танца,— шапнуў Міцька,— Выйдзем як бы праветрыцца дый пойдзем. А чаго тут, у клубе?

— Ага,— сказала Ганна і кіўнула галавою.

Вальс нешта хутка скончыўся, Ганна змахнула хусцінкаю з твару пот, зусім так, як гэта рабіла нядаўна Рагіна, Міцька падхапіў яе пад руку, запыхкаў, як вожык, і ўсім было відно, як яны падаліся на двор. Толькі адышлі ад клуба, толькі выйшлі з паласы клубнага святла, як Міцька абхапіў рукою Ганну за стан, прыціснуў да сябе, і яны пайшлі.

— Глядзі, якія зоры!.. — сказаў Міцька.

Зоры і сапраўды былі яркія, прыгожыя. Ад небасхілу і да небасхілу пераміргваліся яны і нават як бы варушыліся. Захад даўно патух, на тым месцы было цяпер неба, як празрыстае цёмна-сіняе шкло.

— Гэта праўда, што ты зволіўся з кацера? — раптам запыталася Ганна.

— Зволіўся, — сказаў Міцька і, паклаўшы левую руку ёй на грудзі, пачаў хінуць яе галаву да сябе.

Так прайшлі яны крокаў з дваццаць.

— Цяпер у калгасе будзеш працаваць?

— Не, чаго там, — адказаў Міцька. — Хай маці працуе — у яе пляц. А я падамся ў горад грошы зарабляць.

— Нядобра, — па-гаспадарску сказала Ганна. — У нас жа новы старшыня, трыццацітысячнік. Цяпер будзе ў нас па тры кілаграмы хлеба на працадзень і па дзесяць рублёў грашыма. Сама працаваць. Я ўжо дзвесце працадзён зарабіла — болей, як хто. Я дарма што з выгляду...



— Хо! — даверліва сказаў Міцька і зноў пачаў хінуць яе галаву да сябе.

Рагіна даўно адпіхнула б яго і даўно ўцякла б, а Ганна саромелася, але ўвачавідкі радавалася гэтаму. Яе ў гэты час нават браў гонар за самую сябе. Тады Міцька спыніўся і пацалаваў яе ў губы. Ганна паціху войкнула, а потым паціху задаволена засмяялася. Так доўга ішлі яны пад жнівеньскімі зорамі, аж пакуль не дыхнула на іх сырасцю, пахам гнілога лісця, альховымі карчамі і вадой. Вольхі і сапраўды пачалі ўжо асыпацца, і гэта нават у цемені адчувалася. Міцька яшчэ раз памкнуўся быў пацалаваць Ганну, але яна сказала:

— Хопіць, Міця. Хопіць!

Яму стала смешна, але ён стрымаў сябе.

Селі на нізкія парэнчы мосціка. Над мосцікам булькатала вада. У вадзе купаліся неба і зоры. Міцька прыхінуў Ганну, накрыў нават яе крысом свайго пінжака, і абаім стала ўтульна і добра. Міцька паклаў ёй руку на калені і ведаў, што яна нічога не скажа, і яна сапраўды нічога не сказала. Тады ён яшчэ шчыльней прытуліў яе да сябе і ўзяў яе рукі. Блізка нікога не было, адно плескатаў ручай. Міцьку ніякавата стала ля гэтай даверлівай Ганны, але ён успомніў Цупрона, абяцаных два літры гарэлкі. I вось у гэты самы час нават у цемені ён убачыў, як Ганніны вочы ўспыхнулі раптоўным страхам. Яна раптам падхапілася, з усяе сілы штурхнула яго ў грудзі і, не аглядаючыся, кінулася бегчы ў бок свайго двара.

Дзяўчаты і Цупрон, што вярталіся з пагулянкі і падыходзілі да лога, міжвольна жахнуліся, калі паўз іх праімчалася Ганна.

— Глядзіце, Пабіраха як смалянула. 3-за чаго б гэта? — сказаў Цупрон.

Але ў гэты час пярэднія дзяўчаты спалохана закрычалі і падаліся назад.

— Ой, дзевачкі, што гэта? — крыкнула адна з іх.

У ручаі, пад мастком, і сапраўды нешта варушылася і плёхалася ў гразі жывое. Вось яно выбралася на бераг і пайшло амаль на чацвярэньках, пыхкаючы, равучы.

— Мядзведзь! — як не з плачам крыкнула Рагіна.

— Мядзведзь! — адразу падхапіла некалькі галасоў, бо ўсе ўспомнілі, што блізка запаведнік, дзе мядзведзяў водзіцца нямала.

I ўся пагулянка кінулася наўцёкі ўслед за Ганнай.

А мядзведзь тым часам выбраўся на бераг і ў злосці пачаў адплёўвацца.

— Вось чорт! — сказаў нарэшце ён. — Ах ты, Пабіраха!

Пальцамі выкалупаў неяк з вушэй гразь, азірнуўся навакол і хуценька нырнуў у агароды.

2

У новым адпрасаваным касцюме матроса рачнога флоту, у высокай кепі з какардаю, у гамашах, што аж зіхацяць, Міцька Тачыла ідзе ў госці да Цупрона Дадовіча. Ён ведае, што там яго ўжо даўно чакаюць, і не адзін Цупрон, а з ім і яшчэ чалавекі чатыры або пяць, якім Цупрон палічыў патрэбным расказаць пра спрэчку і заклад. Чакаюць з нецярплівасцю, бо кожны ведае, што значыць для Ганны Пабірахі прайсціся з такім хлопцам, як Міцька Тачыла — па ім самыя найлепшыя прыгажуні млеюць і сохнуць.

Адчуваючы ўсё гэта, Міцька Тачыла ідзе спакваля, пагардліва аглядаючы вуліцу. Зайшоўшы ў двор Дадовічаў, ён на момант спыняецца ля каліткі, потым паварочваецца і нарачыта доўга пачынае зачыняць яе. Зачыніўшы, пазірае на вокны, задаволена ўсміхаецца. У вокнах усе тыя, хто чакае яго прыходу: крамнік Зотык Дуга, па вясковай мянушцы (за тлустасць) Цэнтнер; гарманіст і выпівака Вальдамар Луста, нейкі яшчэ хлопец, што танцаваў учора з Рагінай, і сам Цупрон Дадовіч. Усе ўсміхаюцца. Усміхаецца і Міцька, аднак і моршчыцца незадаволена: колькі сабралася іх на два нейкіх літры.

У хаце ён з кожным здароўкаецца за руку, прычым так цісне рукі, што ва ўсіх як не слёзы на вачах выступаюць. Не паддаецца адзін толькі той самы незнаёмы хлопец, што танцаваў з Рагінай. Яго вялікія карычневыя вочы ўсяго толькі большаюць, калі Міцька з усяе сілы цісне яму руку.

— Малайчына!— кажа Міцька і аглядае яго невысокую, але каранастую паставу ў напаўвайсковым адзенні. — Як клічуць?

— Завуць Рыгорам, а прозвішча маё Драздоў,— весела адказвае хлопец.

— Хо! — гукае Міцька.— Добра. А мяне — Міцька Тачыла. Зачакаліся? — і ён лезе рукою ў кішэню штаноў.— Во грошы, Цупрон, мая частка. Па нядзельнаму дню — вып’ем!

Маці Цупрона, жанчына ціхая, старэнькая, крэкчучы, злазіць з палацяў і тупае ў сенцы. Адтуль яна прыносіць рынку смятаны. міску з застудзінамі.

— Не траба, мама,— кажа Цупрон, калі яна ставіць усё гэта.— Я сам, вы схадзіце куды-небудзь пагуляйце.— I дастае са стала хлеб ды лыжкі. Цэнтнер між тым падаецца ў парог, дзе на круку яго пінжак, і выцягвае з кішэняў дзве літроўкі. Ён патрасае імі ў паветры, а ўся кампанія радасна лемантуе.