Страница 15 из 17
— Наперадзе быццам будынкі! — праз скавытанне ветру даносяцца да Чыжыка словы байца.
Так і ёсць — вёска. Нешта як бы абрываецца ў Чыжыка ў сярэдзіне. Напорыста пачынае біцца сэрца пад армейскім кажушком. I як не слёзы на вачах з-за таго, што напружана і падазрона даводзіцца ўглядацца ў вуліцу свае ж вёскі. Коні ідуць марудна і амаль нячутна. За шматлікія баявыя пераходы яны ўжо навучыліся трымаць сябе. Нават не фыркаюць, бо даўно знаёмы ім непрыемны посвіст куль. Але — маўчаць двары. Вось ужо і школа, а вось і свая хата. Чыжыку здаецца, што ўсё гэта ў сне. Ён саскоквае з каня, чапляе повад за агарожу і шпарка шыбае праз калітку. Баец застаецца на вуліцы, стаіць, углядаючыся, наставіўшы аўтамат.
Тры-чатыры ціхія ўдары ў шыбу. 3 таго боку ні гуку, ні шораху. Чыжык палахліва азіраецца і стукае мацней. Потым за акном заўважае бялёсы твар, што прыпаў да самай шыбы, і як бы паспявае разглядзець знаёмыя ямачкі на шчоках. I адразу здагадваецца, што яна чакае. Чакае яго, хоць і ўпэўнена, што ён далёка на ўсходзе і можа ўжо ніколі не вернецца, назаўсёды заплюшчыўшы вочы ад варожай кулі. Нічога, родная! Мы і самі страляць умеем, і першым ляжа вораг, а не мы! Во, бачыш, як адбылося. Іх і яшчэ нямала лягло, а я жывы і здаровы... Тая самая кашуля з карункамі быццам мроіцца яму за акном. Потым ён чуе слабы ўскрык, потым ляскат дзвярэй і таропкі тупат босых ног у сенцах.
Разгульвае вецер па двары, намятаючы пры агарожы гурбы снегу. Саламяным шэлестам і пахам гною нясе ад хлева. Б’е капытом конь у сцяну. Бразгаціць вядро ля студні. Усе гэтыя гукі адразу ўрываюцца ў свядомасць, гаворачы аб жыцці і шчасці.
Дзверы сянец з грукатам раскрываюцца, і Зося выскоквае на двор, кідаецца да яго, як была — неапранутая, босая.
«Дзіва, як толькі яна паспела пазнаць так адразу?, — не разумее Чыжык, хапаючы яе аберуч і амаль несучы ў хату.
У хаце ўжо мітусяцца бацька, маці, Гарпіна. Чыжык па чарзе абдымае ўсіх.
— Немцаў у вёсцы няма? — пытаецца ён пры гэтым.
— Няма, няма, сынку, — адказвае маці, а Зося толькі радасна ўсхлііпвае, абмацваючы ў цемені яго твар.
— Дык ты, значыць, не ў арміі, — нездаволена зазначае між тым бацька.
— Што вы, тата! — палахліва адгукаецца Зося. — Ці ж не бачыце: на ім жа ўсё армейскае і во — зорка на шапцы.
— Ага, значыць, як жа так — у арміі і тут? — не сунімаецца бацька, і голас яго робіцца непрыемным Чыжыку.
— Вы, тата, схадзіце ў двор, завядзіце нашых коней і паклічце байца.
— Ага, значыць, ты што ж — у выведцы, ці што?
— Не, дый гаварыць пра гэта не належыць. I нікому не прызнавайцеся, што я быў.
— Дык ты тады, можа, з тых самых лясных людзей. Кажуць, аб’явіўся тут адзін. Асілак. Цыркач. У цырку на кулакі біўся, дык цяпер дае немцам прыкурыць. Спачатку на дарозе два іхніх грузавікі ўзарваў, а тады і пайшло.
Чыжык упершыню чуе такое пра самога сябе і марудна садзіцца на ўслон, трымаючы Зосю за рукі.
— Та-ак... — цяігне ён. — Не, не адтуль я, бацька. А ты — змяніўся, сварлівы стаў, — зазначае ён, усё яшчэ ніяк не ачомаўшыся ад апошніх бацькавых слоў. Урэшце махае рукою: можа і не пра яго зусім?
— Станеш... А гэта, што на двары, твой таварыш, ці што?
— Таварыш,— кажа Чыжык. — Ты ўжо, калі ласка, завядзі яго ў хату, хай абагрэецца ды паесць. Мы заехалі не болей як на дзесяць якіх хвілін.
— Добра, добра, — і бацька тупае ў сенцы.
— Нешта з ім сталася, — кажа маці. — Так во ўвесь час і спіць апрануты. Усё лае гэтых, што ў палон паздаваліся.
Чыжык міжвольна ўспамінае Бондара. Пытаецца:
— Немцы часта наязджаюць?
— Два разы пасля таго, як ты пайшоў, былі. Больш не паказваюцца.
Чыжык праходжваецца па хаце, спыняецца ля маці, што ўжо завіхаецца пры чалесніку, загадвае:
— Агню не запальвайце. Не трэба частавання. Калі хто заўважыць, што ноччу да вас прыязджалі, дык скажыце, што незнаёмыя.
Потым яны сядзяць з Зосяй у бакавым пакоі адны і ніяк не могуць наглядзецца. Змянілася Зося. Прыгожы тварык як бы падпух, вочы пазмрачнелі. Яна ўвесь час хапае Чыжыка за руку, шэпча:
— Во-во, паслухай...
Гэта — пра тое, што жыве ўжо ў ёй. На двары вайна, пустэча, смерць, і для Чыжыка гэты факт набывае асабліва важнае значэнне. Зося — гэта яго шчасце. Ён не можа прыпомніць нават самай нязначнай драбязы ў ёй, якая яму калі-небудзь не спадабалася б. Усё ў яе толькі прыгожае і толькі добрае. I вось яна — ужо маці. Толькі ўсё скончылася б добра, толькі не забілі б гітлераўцы! Хутчэй, хутчэй бы выгнаць іх з роднай краіны...
I Чыжык гладзіць Зосіны валасы, амаль зусім забыўшыся, што блізка маці, бацька і ўвесь напружаны ў слых знаёмы баец.
Вельмі цяжка развітвацца, і Чыжык некалькі разоў то падымаецца, то зноў садзіцца ля Зосі. Нарэшце, ён моцна абдымае Зосю і да болю цалуе ў прыпухлыя губы.
— Ніколі не забуду цябе, — кажа ён,— калі давядзецца і памерці...
— I я таксама,— шэпча яна, — не забуду, Ваня, мілы, бывай! Ой, беражы сябе, Ваня... А заехаць яшчэ не зможаш?
— Не ведаю, — уздыхае ён.
— Толькі помні, што я нікога, нікога, апроч цябе, не любіла. I не палюблю ніколі. Чуеш, Ваня?
— Чую, — кажа ён. — Бывай. Глядзі сябе. Беражыся.
I ён разгінаецца. За акном бушуе вецер. Сыплецца снег у шыбы, як шрот. Там, у гэтай цемені, змагаюцца цяпер з завеяю яго людзі, якіх чакае наперадзе нялёгкі бой. Там, наперадзе, ляжыць яго шлях, напоўнены баявымі справамі і неверагоднымі пакутамі. Трэба спяшацца, трэба ехаць. Бывай, Зося, — мілая, дарагая, якую я люблю, як і ўсю зямлю, як і самое жыццё, як і радзіму нашу.
Над кручамі
У той год у канцы снежня ў адзін з завірушлівых халодных надвячоркаў к пустому доміку бакеншчыка на беразе Дняпра гітлераўцы падвезлі ў санях скрываўленага чалавека. Рукі яго былі моцна сцяты на спіне рамянямі, на галаве мелася абпаленая чырвонаармейская шапка з пяціканцовай зоркай. Полы яго некалі белага кажуха таксама былі абпаленыя, кірпаносы твар, аброслы барадою, абдзёрты. Рукі на марозе замерзлі і былі белыя, толькі вочы, налітыя крывёю, узблісквалі і гаварылі аб празе жыцця і помсты.
Калі яго завялі ў домік, дзе гарэла буржуйка, з яго ног, абутых у валёнкі, з кажуха і шапкі пачаў стайваць снег і па твары пацяклі крывавыя струмені. Гітлераўцы, не спяшаючыся, распраналіся, толькі вартавыя ды вязень стаялі нерухома пры дзвярах. Гітлераўскі афіцэр скінуў шапку і футру, павесіў іх на крук ля ўваходу і марудна сеў на драўляны ўслон ля стала. Ён пачаў гаварыць пасля гэтага на той ламанай рускай мове, якая ўваходзіла ў яго ўжо ў звычай.
— Цябе прывезлі сюды, каб расстраляйт. Ты можаш выпрасіць жыццё. Так мне сказалі. Трэба толькі прызнацца, адкуль ты і хто ты. Трэба сказаць, якая часць дзейнічае ў нас у тыле і хто ёю камандвае. Пасля гэтага адпусцім цябе. Ты тады вольная птаха. За некалькі слоў — жыццё. На роздум — ноч. Не скажаш — раніцаю расстраляйт. Гэта апошняя наша ўмова. Ну?
Чалавек цяжка пераступіў з нагі на нагу. Рукі яго адтайвалі, невыносна пачыналі балець, але чалавек ужо не звяртаў на боль аніякай увагі. Гэта было прыкметна нават па яго змардаваным твары. Ён адкрыў прыпухлы рот, у якім не было відаць зубоў, і глуха сказаў:
— Я нічога не ведаю.
Гітлеравец хацеў падхапіцца, але ўтрымаўся. Ён ужо ведаў яго. Ды і трэба было дзейнічаць згодна дадзенай напаследак інструкцыі. Таму ён толькі пабарабаніў пальцамі па стале і адмоўна закруціў галавою:
— Нікс! Ты ўсё ведаеш. У цябе вунь савецкая зорка, і цябе захапілі ў беспрытомнасці пасля выбуху ў баі. Не будзеш жа ты адмаўляць гэтага?
Палонны прамаўчаў.
— Гавары!
— Нічога не ведаю.
Гітлеравец зноў памкнуўся падхапіцца і зноў утрымаўся.
— Мы пасадзім цябе ў пуню — там многа сена і цёпла. Да раніцы як след абдумай. Не скажаш — будзем страляйт! Ні на што не спадзявайся! Не спадзявайся на цуд і на святога бога! Гэтага месца ніхто з вашых не ведае і ведаць ніколі не будзе! — I ён павярнуўся да вартавога: — Развяжы яму рукі!