Страница 14 из 17
Зноў Саўчанка раскрывае вочы, і на гэты раз у іх гарыць незнаёмая для іншых настойлівасць:
— Загад на вайне закон, — кажа ён. — Я вас вёў, я і перад смерцю за вас адказваю. Як пачне цямнець, каб рушылі.
— Вось табе і на... — шэпча Бабарыка, адступаючыся. — Пакінуць аднаго на верную смерць...
I ва ўсіх на змораных тварах таксама разгубленасць. Кожнаму немагчыма нават і ўявіць такое. Адзін Чыжык загадкава паглядае на ўсіх.
— Ну, а ты што скажаш? — пытаецца ў яго Саўчанка.
— Я чалавек у вас новы, — перадыхнуўшы, кажа Чыжык. — Толькі скажу праўду: я пабачыў і не такое, як сёння. Камандзіра пакідаць нельга. Перанесці яго цераз лінію фронта таксама нельга. Але ж раней, чымся ён сказаў ісці, ён аддаў загад мне камандаваць. Побач рухаецца вораг, і яго добра можна біць з тылу. Тут яшчэ блізка многа дарог і вайна выгадная. Пакуль Саўчанка ачуняе, мы паспеем добра адпомсціць гітлераўцам.
Саўчанка доўга разглядае чырвонаармейцаў, што абступілі яго, зморана шэпча:
— Добра. Я цяпер ужо не камандзір. Піць...
Боль, відаць, падступіўся да яго.
I першы, і другі, і трэці налёты. У лесе з’явіліся зямлянкі, коні, павозкі, новыя людзі.
Восень была багатая грыбамі, апалым лісцем і — туманамі. Чыжык, налятаючы на нямецкія заслоны, на абозы, збіраў людзей. Ён усё яшчэ спадзяваўся перайсці пасля разам з усімі цераз лінію фронта да сваіх войск. Ён толькі чакаў для гэтага зручнага выпадку. Але баявыя справы ўвесь час затрымлівалі яго. Саўчанка паздаравеў, у нямецкім фрэнчы і галіфэ ён хадзіў па лясным лагеры, абапіраючыся на кіёчак. Ён яшчэ не мог удзельнічаць у баявых аперацыях і таму заняўся новай, найбольш блізкай і прыемнай яму справай: перабіраў і рабіў улік захопленага варожага дабра. Як і Чыжык, спадзеючыся, што ў хуткім часе прыдзецца пераходзіць да сваіх, ён грунтоўна перапісваў, што за кожны дзень зрабіла група: колькі было забіта гітлераўцаў, якія ўзяты ад іх дакументы — асабліва афіцэрскія, каб пасля, калі давядзецца адчытвацца за свае дзеянні, было відаць, што яны не туляліся па лясах дарэмна.
Вайна ўваходзіла ў звычай, гарачка першых дзён міналася, фронт рабіўся не такім хуткацечным, пачынала адчувацца, што на немцаў усё часцей находзіць дыхавіца. I разам з тым не так ужо надзейна можна было сядзець у лясах.
Група Чыжыка — больш сотні чырвонаармейцаў — жыла ўсё ж нядрэнна. I харчаванне, і вопратка, і абутак былі найбольш нямецкія, і асаблівай нястачы ва ўсім гэтым не было. Замест чырвоных зорак на шапкі пачалі нашываць чырвоныя стужкі.
Чыжык вельмі пахуднеў за гэты час, некалі бялёсы твар яго пачарнеў ад ветру і доўгага сядзення ля кастроў, губы патрэскаліся і распухлі. Галіцца не было калі, раслі чорная барада і вусы. Звычайна ноччу група ішла на баявую справу і вярталася раніцою. Удзень жа разведвалі, дзе і як рухаецца вораг і які ён. Чыжык увесь час быў у турботах. Упершыню на яго плечы неяк як бы сама сабой звалілася вялікая адказнасць камандаваць дзесяткамі людзей. Чыжык аднак не адчуваў з-за гэтага ні зморанасці, ні асаблівых цяжкасцей. Ён і сам не мог зразумець, адкуль усё гэта магло прыйсці колішняму хлапчуку з вёскі ля Дняпра, — толькі самыя, здавалася б, складаныя баявыя задачы ён вельмі хутка вырашаў правільна і трапна. I патроху да яго пачыналі звяртацца за парадамі нават і ў нязначных справах. Яго аўтарытэт сталеў і рос, так што аднойчы пасля бяссоннай ночы — знішчылі тады нямецкі батальён у адной з вёсак — Саўчанка прыкульгаў да яго ў зямлянку, абапіраючыся на свой кіёчак, і далажыў:
— Я тут без твайго дазволу вяду ўлік трафеяў і страт ворага...
— Што ж, вядзі, — адказаў Чыжык. — Будзь як бы начальнікам штаба. Гэта таксама трэба.
Ужо даўно трэба было ісці далей на ўсход, але Чыжык марудзіў. Ды ці можна было ўрэшце ісці, калі тут так зручна нападаць на нямецкія калоны, што ўвесь час ішлі к фронту? Ніяк не мог Чыжык адарвацца ад такой справы. Не лічачы тэхнікі, яго група за якіх паўтара мееяца знішчыла больш палка гітлераўцаў. Чыжык толькі пасмейваўся, праглядаючы запісы Саўчанкі. Турбавала яго толькі адно: яны дзейнічалі без чыйго-небудзь дазволу, нікому не падначаленыя. Чыжык рашыў звязацца са штабам фронта. Для гэтага ён выбраў Бабарыку. Сказаў, што і як там растлумачыць, і цішком ад усіх паслаў разам з адным чырвонаармейцам за лінію фронта.
Пачыналіся ўжо дажджы. Холадна і сыра было ў лесе. Часта снілася Зося. Засмуткаванымі вачыма пазірала на яго, нешта гаварыла незразумелае. Неспакойна білася ўстурбаванае сэрца. Што з ёю, як маецца? Што там у вёсцы і як жывуць бацька з маці, Гарпіна? А можа і не патурбавалі іх яшчэ гітлераўцы?
Думаць пра гэта не хацелася, бо выходзіла, быццам ён, Чыжык, у гэты цяжкі час больш непакоіцца аб сваіх, чымся аб агульнай справе. Толькі думкі ўсё роўна прыходзілі самі сабою.
А восень усё больш убіралася ў сілу. Ужо ўвесь лес быў голы. Няспынны дождж. На дарогах — гразь і вада. I раніцаю цяжкія сны і непраходныя, як і гэты лес, туманы.
Зноў Зося
Дзе яна, Зося, што з ёю? Ці жывая, ці чакае яго? А можа і яе няма зусім, і вёскі няма, як і гэтай, з якой яны толькі што выехалі, пакінуўшы сярод абгарэлых двароў дзесяткі фашысцкіх трупаў.
Ноч. Дзьме вецер, несучы валуны яшчэ незляжалага снегу. Пад камандзірам партызанскай групы Чыжыкам ёкае селязёнкай рослы конь. Наперадзе чарнее яшчэ адзін коннік, то набліжаючыся, то аддаляючыся. Як ні аднекваўся Чыжык, а ўсё ж угаварыў Бабарыка ўзяць з сабою напарніка.
Мінуў тыдзень, як вярнуўся Бабарыка з-за лініі фронта. I не адзін. Разам з ім прыйшлі два радысты з перадатчыкам, батальённы камісар, а на другую ноч пасля таго, як звязаліся з Масквой, прыляцеў самалёт і скінуў цюкі з зімовым абмундзіраваннем. Цяпер група падначальвалася не толькі Маскве, а і падпольнаму абкому партыі. Заданні атрымлівалі па радыё, і ад іх выканання залежала многае. Цяпер група ішла на бліжэйшую чыгуначную станцыю — на тую станцыю, якую Чыжык добра ведаў яшчэ з самага маленства. Праходзілі блізка ад роднай вёскі, і вось Чыжык не вытрымаў. Ад сувязных даведаўся, што ў вёсцы гітлераўцаў няма, і парашыў завярнуць туды.
Ён ведаў, што гэта нядобра — адлучацца ад групы хоць бы і на якую гадзіну, але зрабіць іначай не мог. Наперадзе яго чакалі новыя бойкі, новыя заданні, і невядома было яшчэ, калі і ці выпадзе яшчэ такое — ісці за якіх два кіламетры ад сваёй вёскі ў глухую, завірушлівую ноч.
Ён не сказаў Бабарыку пра жонку, сказаў толькі, што заверне да бацькоў на якую гадзіну, адчуваючы ніякаватасць. Ён наадрэз адмовіўся таксама і ад кавалерыйскага ўзвода, бо лічыў сябе нявартым такой увагі. Апрача Бабарыкі, ніхто не ведаў, што ён адлучаецца. Думаючы цяпер і над гэтым, Чыжык не вінаваціў сябе. Аднак жа і тут пачыналі з’яўляцца сумненні і тут ён пачынаў задумвацца: а ці добра ўсё ж гэта? «Добра», — адказваў ён сам сабе і адчуваў, што маніць, крывіць душою перад самім сабою.
Так ці іначай, а Чыжык цяпер камандзір групы і наперадзе, апрача іншых, бачыць ён вялікую задачу самавыхавання і самаперавыхавання і вялікія нябачныя перашкоды ўласнага росту. Тое, што было на захадзе, калі ён пазіраў на самога сябе, як на перадавую моладзь — адышло, стала пройдзеным зтапам. Цяпер жыццё прымушала яго падняцца яшчэ на адну, вышэйшую, ступень, і зрабіць гэта трэба было абавязкова. Нездарма ж і батальённы камісар, які нядаўна прыйшоў у групу разам з Бабарыкам, і нават начштаба Саўчанка, не-не ды і неўпрыкмет падкладуць яму якую-небудзь брашурку або кніжку: чытай, Чыжык.
Дапраўды, цяжкая гэта ўсё ж справа — камандаваць групаю. Непазбежна трэба быць прыкладам для ўсіх выключна. А які з яго пакуль што прыклад?.
I Чыжык уздыхаў. I з радасцю лавіў сябе на тым, што ўздыхае знарок, бо перашкоды ён умее перамагаць і пераможа.
Вецер дзьме ў твар, і наперадзе нічога не відаць, апроч конніка. Вакол ляжыць у цемрадзі зямля — родныя палі. Нідзе ні агеньчыка, ні жылля. Але Чыжык адчувае, што вёска блізка. Вось коні ўвайшлі ў лог, увесь занесены снегам. Дарогі таксама няма, коні ідуць па калені ў снезе. Зноў узгорак, і коннік прыпыняецца. Чыжык пад’язджае да яго.