Страница 1 из 17
Няскораная крэпасць
Двое сутак крэпасць маўчала, але гітлераўцы не адважваліся зайсці ў яе. Амаль два месяцы днём і ноччу няспынна грукаталі тут стрэлы, ірваліся міны і снарады, цяжкія бомбы скаланалі зямлю. I раптам усё заціхла. Адно чадзіла крэпасць. Пыл памалу асядаў, агаляючы пакалечаныя і абпаленыя даўніх часоў сцены, груды цэглы і вылізаную агнём вакол зямлю. Мясцовы жыхар, пазіраючы на ўсё гэта, толькі ўспамінаў, што нядаўна тут цвіло, дыхала прыгожае, зайздроснае жыццё; што ля сцен крэпасці, пад зялёнымі каштанамі і ліпамі, зачыналася каханне; вечарамі сюды, як бы незнарок, прыходзілі дзяўчаты. Як бы незнарок таксама сядзелі пад дрэвамі на лавах вайскоўцы. Гучала гітара, рыпеў гармонік, чуўся дзявочы смех. Шумелі маладым лісцем дрэвы, пахлі ліпы. Ад гарнізоннага клуба з рэпрадуктара ліліся песні. I колькі пар можна было сустрэць тут нават пад раніцу!
Мясцовы жыхар, успамінаючы усё гэта, міжвольна пачынаў адчуваць, што гэта не крэпасць дыміць, а нешта жывое, дарагое і блізкае канае на яго вачах.
На трэція суткі заціхлі адзінокія стрэлы, і апоўдні аднекуль з руін крэпасці выпаўз увесь скрываўлены, абдзёрты чалавек. Дапоўз да рэчкі, прыпаў да вады і прагна пачаў піць. Напіўшыся, адпоўз і заціх. Калі нямецкі палкоўнік і група афіцэраў падбеглі да яго — чалавек ужо быў мёртвы. Тады ўсе зразумелі, што гэта быў бадай апошні абаронца крэпасці. Нямецкі палкоўнік, бледны, як смерць, падняў угору руку і аддаў загад займаць крэпасць. Салдаты ў мышыным адзенні атрад за атрадам пачалі знікаць у воблаках пылу і дыму„ сярод руін зачасцілі аўтаматныя стрэлы, але крэпасць на іх ужо не адказвала.
Праз паўгадзіны з падвала крэпаснога збудавання, у двор, гітлераўцы пачалі выганяць параненых. Тыя выходзілі і жмурыліся ад дзённага святла. Ішлі, хістаючыся, павязкі на руках і на тварах былі скрываўлены, кроў цякла на зямлю. Наперадзе ўсіх ішоў высокі чалавек, на пятліцах камандзірскай гімнасцёркі ў яго было па чатыры «шпалы», а на рукаве гарэла пяціканцовая зорка палітработніка.
Нямецкі палкоўнік, убачыўшы яго, адразу ўздрыгнуў і пабляднеў яшчэ больш, быццам гэты палкавы камісар быў яму некалі знаёмы. У вачах гітлераўца ўспыхнулі радасна-жорсткія агеньчыкі. Усё больш прыглядаючыся да палкавога камісара, гітлеравец неспакойна пачаў перабіраць пальцамі. а выраз яго твару рабіўся ўсё больш грозным — пэўна ад нястачы нейкай патрэбнай у такую хвіліну сілы.
Забінтаваныя рукі палкавога камісара былі ў крыві. Бялёсы твар з запалымі шчокамі быў спакойны, а вочы быццам усё яшчэ не ўсведамлялі ўсяго таго, што адбывалася. Калі з падвала вывалаклі цяжка параненых, ён абвёў вачыма рэшткі свайго гарнізона і хрыпата сказаў:
— У вялікім няшчасці ніколі не забывайцеся на таварыша!..
Тыя, што чулі, успрынялі яго словы, як загад.
На твары гітлераўскага палкоўніка ўсё больш пачала прасвечвацца радасць, урачыстасць пераможцы. Усё прыкметней рабілася, што палкавы камісар яму знаёмы. Нарэшце, калі обер-лейтэнант войск СС, нізкі і тоўсты, як шуляк, далажыў, што параненыя ўсе вынесены з падвала, ён пракрычаў даўно падрыхтаваны загад:
— Параненых эвакуіраваць, а палкавога камісара — у штаб!
Адразу з’явіўся канвой.
Варожыя тэлефаністы цягнулі ўжо дрот да касцёла, які стаяў на цэнтральнай плошчы крэпасці. Палкавы камісар ішоў пахістваючыся. Праз бінт на руках усё больш прабівалася крыві. I гітлераўскі палкоўнік, і ён, і канвой хутка зніклі ў сутарэннях крэпасці. Гадзіны прыкладна праз дзве, калі ўсе параненыя былі ўжо вывезены з крэпасці, палкавога камісара зноў вывелі, яшчэ больш акрываўленага і збялелага.
Няшчадна пякло сонца, асядаў пыл, агаляючы далёкае неба ў смузе.
Палкавы камісар пазіраў у той бок, дзе налітае сінню неба абяцала блізкую навальніцу. Там, за гэтай сінню быў бясконцы свет і — ён адчуваў — заставалася часцінка яго змардаванай душы. Ён успомніў, што ў жыцці кахаў, любіў зямлю, спеў птушак, шум жыта і лесу. Цяпер, успомніўшы ўсё гэта і прыглядаючыся да смугі на небасхіле, ён успрыймаў смерць таксама па-свойму. Ён успрыймаў яе так, што ён не памірае, а ўсяго толькі раствараецца ў наваколлі, якое любіў, пакінуўшы свае адчуванні і разуменні тысячам людзей. Цяпер, пасля яго смерці, яго адчуванні і разуменні будуць жыць (а значыць, будзе жыць і ён) у гэтай смузе, у паласе жыта, у прыгажосці кветак і во ў гэтым адчуванні навальніцы, якая збіраецца і ўсё яшчэ не можа сабрацца, хоць даўно і просяць яе палі і людзі, і ў любові да родных мясцін і да свайго самага лепшага горада ў свеце, якая раптам і яшчэ з большай сілай успыхнула ў ім. Хіба ж не вечнае ўсё гэта? Ён жа ўсяго толькі адыдзе ў іншы матэрыяльны свет, дый — ці адыдзе яшчэ?
Яго паставілі ля крэпасной сцяны, і тоўсты обер-лейтэнант узняў угору руку. Канвой па гэтай камандзе падняў вінтоўкі, кляцнуў затворамі.
Обер-лейтэнант нарыхтаваўся падаць наступную каманду. Канвой застыў у чаканні. Твар нямецкага палкоўніка перасмыкнуўся, вочы заззялі помслівай урачыстасцю. Запанаваў той момант, калі «плі» не было яшчэ сказана і ўказальны палец ворага лёг на курок. Чуць-чуць націснуць — і прагучыць стрэл.
Палкавы камісар вельмі добра адчуў гэта. Ён падцягнуўся і, пазіраючы гітлераўцу ў вочы, сказаў.
— Няхай жыве Камуністычная партыя!..
Суха трэснуў залп.
Палкавы камісар быў з беднай сям’і і паступіў на службу ў армію адразу пасля грамадзянскай вайны. Там ён уступіў у партыю, там выхоўваўся.
Яму даводзілася ваяваць з басмачамі і іншымі бандамі. Палкавы камісар за доўгі час службы ў арміі, — у паходах, на прывалах, дома ў кабінеце, — як і ўсякі іншы чалавек, любіў памарыць.
Мары былі ўсякія. Але найбольш думалася пра тое, што, калі давядзецца памерці пад кулямі, дык ён прыме смерць стоячы, пазіраючы ёй у вочы, з адкрытымі грудзямі. Тады ўся постаць яго выпроствалася, грудзі ўздымаліся і ён пачынаў пазіраць горда і строга. За доўгі час службы ў арміі ён і не падазраваў, наколькі ўвабраў усё гэта ў сябе.
Увесь зрашэчаны кулямі, увесь акрываўлены, мёртвы, ён не пахіснуўся, не ўпаў. Ён стаяў пры сцяне, шырока расставіўшы ногі, як жывы, кроў лілася з яго ран і бледнасць усё больш пакрывала яго шчокі. Гітлераўскі палкоўнік, тоўсты обер-лейтэнант і салдаты пашарэлі з твару, пазіраючы,
як мёртвы стаіць перад імі, не вельмі каб абапёршыся на крэпасную сцяну.
— Майн гот! — спалохана ўскрыкнуў набожны обер-лейтэнант, шпарка падбег і піхнуў палкавога камісара ў плячо. Палкавы камісар пахіснуўся і марудна лёг пад сцяною на правы бок.
Тоўсты обер-лейтэнант шпарка нагнуўся над ім, намагаючыся нешта зрабіць, але ў гэты час ля паўднёвых варот крэпасці, сярод руін, пылу і дыму, суха трэснуў адзінокі стрэл. Обер-лейтэнант шпарка перагнуўся, ляпнуў сябе правай рукой па паясніцы, паспрабаваў ухапіць ротам паветра і бразнуўся вобзем. Зноў і зноў зачасцілі адзінокія стрэлы, і некалькі гітлераўскіх салдат закурчыліся, размазваючы па зямлі кроў.
Зноў замітусіліся па руінах атрады. Зноў затрашчалі стрэлы і нават дзе-нідзе пачалі рвацца гранаты. Праз паўгадзіны гітлераўскаму палкоўніку далажылі, што ў крэпасці нікога не знайшлі, а калі толькі і быў яшчэ хто, дык ён — забіты.
Але ў той час, як усё гэта гаварылася, прыбег яфрэйтар і далажыў, што толькі што трапным стрэлам забіты салдат. Стралялі з аднаго боку — з боку паўднёвых варот, дзе найбольш руін і рознага жалезнага ламачча.
Наплываў вечар, грузавікі вывозілі з крэпасці трупы.
Ноччу пры святле ракет гітлераўцы яшчэ раз прачасалі ўчастак паўднёвых варот, але, як і ў першы раз, нікога не выявілі.