Страница 11 из 17
— Дык куды ж ты цяпер? — запытаўся нарэшце ён.
— А і сам не ведаю, куды, — адказаў той. — Во хіба знайду якую ціхую вёску ды прыстану да якой удавы ці салдаткі. Яны не чапаюць, калі жанаты. Яшчэ і хваляць —гут, кажуць, жыві.
— А ты адкуль ведаеш? — насупіўся Чыжык.
— Расказвалі, — няпэўна адказаў чырвонаармеец.
— «Расказвалі», — перадражніў Чыжык. — Расказваць усякае могуць. Заварочвайся ды пойдзем удваіх. Пабачыш — прабярэмся. Ты з якога палка?
Чырвонаармеец памарудзіў, збіраючыся з думкамі, відаць, не адважваючыся незнаёмцу паведаміць нумар часці.
— Ладна, не трэба, — махнуў Чыжык рукою. — Не гавары. Дык удваіх пойдзем, ці што?
— Не прабярэмся, — выдыхнуў чырвонаармеец. — Ні за што не прабярэмся. У нас аўтаматы былі і то не прабіліся.
— А дзе ж твая зброя? — запытаўся Чыжык.
— Дык навошта яна, калі без патронаў. Толькі нашкодзіць, калі выпадкам трапішся. Ты часам не тутэйшы?
— Не, — адказаў Чыжык. — Гэта я выпадкам касцюм знайшоў, бо абмундзіраванне маё яшчэ горшае за тваё было.
— Дык заварочвай. Удвух весялей будзе. Пойдзем у тую вёску, папросімся да якіх баб — яны цяпер, д’яблы, будуць падкія да мужчын. А пасля відаць будзе, як і што. Га?
Чыжыку міжвольна прыгадалася Зося — заўсёды паслужлівая, падатлівая. Непакоіла, што дарэмна, прайшоўшы шмат кіламетраў, давядзецца вяртацца пасля, як во гэтаму чырвонаармейцу. А тут, у тыле, можна будзе арганізаваць пасля і партызанскі атрад.
Сумненне апякло яго. У такі час ды сядзець дома? I ён адмоўна закруціў галавой.
— Я, дружа, к фронту пайду. А ты — як хочаш. Толькі скажу табе шчыра — не можа быць такога, каб нельга было прайсці. Трэба толькі настояць на сваім. Не пашанцавала раз, то ў другі пашанцуе. Там, за Добрушам, пачынаюцца лясы. Балотамі якімі пралезу.
— У яго, брат, суцэльны там фронт, — уздыхнуў сустрэчны. — Усё танкі, браневікі. Пяхоты зусім не відаць — на машынах.
— Гм! — гмыкнуў Чыжык. — Хай сабе! Пайду!
I пакрочыў у гушчар, абыходзячы незнаёмца. Ужо як адышоў на колькі гоняў, пачуў ззаду сябе слабы крык:
— Дружа, а дружа! Можа ў цябе кавалак хлеба ёсць? Двое сутак не еў.
Чыжык спыніўся. Злосць, а найбольш крыўда распякалі яго. Ідзе ў той бок, адкуль ідзе ён, Чыжык, які пакінуў для гэтага бацькоў, маладую жонку, і яшчэ просіць есці.
— Да баб прыстрайвайся! — што моцы гукнуў Чыжык. — Яны, небаракі, падкормяць!
— А вёска блізка? —данеслася з-за кустоў, бо, відаць, чырвонаармеец успрыняў яго словы ўсур’ёз. — Чакай, раскажы, дзе вёска, — і пад яго нагамі зноў забрынчэла ламачча.
Чыжык сарваўся з месца і нырнуў у хмызняк.
«Хто яго ведае, што там у яго ў галаве», — разважаў ён.
...Праз дзень фронт ужо грымеў на ўсе застаўкі. У небе ўвесь час гулі самалёты. Часам нават і ў далёкія лагчыны залятаў лязгат гітлераўскіх танкаў. Чыжык здагадваўся, што блізка дарога і паварочваў убок. Іншым разам хацелася падабрацца бліжэй, пасачыць. Тут, з лесу, можна было кінуць і гранату пад гусеніцы, ды толькі дзе ж яе возьмеш. Чыжык амаль спыняўся ў замяшанні. Авалодваў той жа настрой, які быў там, у крэпасці. Сустрэчны чырвонаармеец пачаў забывацца. Грукат вайны ўзбадзёрваў Чыжыка. Як перад Зосяй ён быў упэўнены, што вернецца жывы, быццам нават прадбачыў гэта, так і тут пачынаў прадбачыць, што пяройдзе фронт. Галоўнае было выбраць правільны напрамак. Лепш за ўсё гэта павінны ведаць мясцовыя жыхары.
Ноччу Чыжык забраўся ў кусты, даўшы сам сабе слова, што заўтра ж выб’ецца да якога-небудзь паселішча. Было халаднавата, Чыжык драмаў седзячы. Уверсе глуха шумелі сосны. Сярод начы ён раптам убачыў агонь наперадзе. Вогнішча было раскладзена пэўна ў яме, водбліскі скакалі па камлях дрэў. Мільгалі цені, узблісквалі штыкі.
Чыжык напружыўся. Няўжо свае? Але магло быць і так, што гэта былі немцы. Які-небудзь вартавы пост замёрз і па неахайнасці расклаў вогнішча. На кароткі час, каб толькі трохі сагрэцца. Вогнішча і сапраўды хутка затухла. Чыжык не мог так адсюль пайсці. Калі гэта былі свае, дык яны яму патрэбны. Калі немцы — дык яму патрэбна была цяпер іхняя зброя. Не ісці ж яму з голымі рукамі да варожых акопаў.
Чыжык дачакаўся блізкага золаку і пачаў асцярожна паўзці наперад, сціскаючы ў руцэ нож. Пад адной з ялін ён прыкмеціў цень чалавека.
«Ага, гэта ў іх вартавы», — сказаў сам сабе Чыжык і яшчэ больш стаіўся.
Вартавы драмаў, стуліўшы галаву ў калені, і вызначыць, хто ён — немец ці наш, было цяжка. Вінтоўка тырчэла між ног.
«Перш за ўсё трэба вырваць вінтоўку, — разважаў Чыжык, — а тады ўжо зблізку будзе відаць, хто ён такі».
Чыжык лёгка прапоўз якіх дзесятак крокаў і стаіўся за вялікім пнём. Адсюль ён нейкі момант пільна разглядаў сваю ахвяру, думаючы, між іншым, што добра было б і зусім звесці гэтага вартавога, калі толькі ён вораг. Але як? Прыгразіць штыком, паказаць знак рукою, каб маўчаў. Не, усё роўна паспее крыкнуць. Усё роўна давядзецца заблытваць свае сляды па кустах. У цемені трасцу пацэляць, дый яны ж спяць, калі выставілі вартавога.
У яміне пачуліся галасы. Вартавы ўздрыгнуў і выпрастаўся. Ад яміны ў яго бок рухалася цень, бразгаючы рэмнем вінтоўкі. Чыжык як не ўціснуўся ў зямлю. Ён нават схаваў галаву за пнём, слухаючы. I як не ўскрыкнуў ад радасці. 3-пад яліны пачуўся хрыпаты прастуджаны голас:
— Не сон, а адно мучэнне. Хоць бы дзяругу якую дастаць — усё цяплей было б. Гэты Саўчанка, д’ябла, усё гне сваё — не выходзь на дарогу. А я ўжо і смажанінай з гітлераўскай кухні разжыўся б. Двум тым кухарам па кулі б — во табе і ежа. А там у іх коўдры былі — сам бачыў, калі наглядаў. Бач, нявыгадна! Не страляй, бо якраз тут перадавая. А яны вазьмі дый махані за дзень кіламетраў на дваццаць. Цяпер даганяй. Ну, як, — нічога не чутно, усё спакойна?
— Усё, — адказаў з-пад яліны вартавы.
— Не ўсё, — адгукнуўся тады з-пад пня Чыжык. — Я яшчэ тут.
Цені адбегліся, закляцалі затворамі. Ляглі.
Глуха шумеў лес уверсе. Пахла мохам, грыбамі, спарахнелым дрэвам. Сыпалася раса. Было холадна, і чамусьці стала страшнавата.
— Не страляйце — свой, — падаў голас Чыжык. — Вы хто, — акружэнцы?
Наперадзе пашапталіся, гукнулі:
— Акружэнцы.
— Да сваіх дабіраецеся?
— А табе што?
— Чуў, што да сваіх. Мы таксама. Нас тут ззаду група, — на ўсякі выпадак зманіў Чыжык. — Мяне паслалі выведаць. Так што не страляйце. Калі б мы вас хацелі знішчыць, дык знішчылі б, калі вы раскладалі вогнішча. Падпусціце — пагаворым, пазнаёмімся.
Тады зноў зашапталіся, і, нарэшце, той голас, які нядаўна буркліва скардзіўся на нейкага Саўчанку, сказаў:
— Выходзь.
— А страляць не будзеце?
— Калі адзін — не будзем.
— Ладна! — махнуў Чыжык рукою. — Апрануты я ў цывільнае, так што не дзівіцеся.
— Мы і самі хто ў чым, — пачулася ў адказ.
— Ісці са зброяй ці без зброі?
— Без зброі.
Чыжык падняўся з-за пня. Падумалася: лепш было б дачакацца да раніцы ды прыгледзецца, ці мала ўсякіх людзей можа цяпер бадзяцца па лясах. Дзе-нідзе і з турмаў паўцякалі. К немцам не падаліся, але і да сваіх не прысталі. Усё гарачка праклятая. Толькі адступаць цяпер было позна. Канешне, гэта свае. Дзе там да такога злачынцам.
— Угавор, — сказаў ён на ўсякі выпадак. — Калі што якое — па вас адкрыюць агонь.
— Ладна, — незадаволена прагучаў хрыпаты голас. — Свае ў сваіх не страляюць, свае сваіх не б’юць. Вунь немец кроў смокча, а ён...
Двое паволі падняліся з зямлі. Падышлі. Абодва былі ў зашмальцаванай чырвонаармейскай форме. Насцярожана трымалі вінтоўкі.
— Ну ж і вартуюць у вас, — сказаў Чыжык. — Я за вашым вартавым з паўгадзіны сачыў. Чырвонаармейскія кніжкі ёсць?
— Есць, — адказаў хрыпатым голасам адзін з дваіх. — У мяне захавалася. А вы адкуль ідзяцё?
— 3 граніцы. А вы?
— I мы таксама. 3 Беластоку.
Чыжык назваў сваё месца.
Утраіх зайшлі ў яміну. Хрыпаты выцягнуў аднекуль з-пад падэшвы дакумент. Падзьмулі на сухую яловую галіну. Успыхнуў агонь. Чыжык убачыў зарослыя шчаціннем, змардаваныя твары. На галовах — пілоткі, на каўнярах пяхотныя пятліцы. У руках была сапраўдная чырвонаармейская кніжка з пячаткаю на імя Бабарыкі Ігната Барысавіча. Тады Чыжык дастаў з халявы сваю.