Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 12 из 17



Твары яснелі, лагаднелі.

— Хлопцы, свой! — гукнуў Бабарыка. — Не вешайце насоў, чэрці. Цяпер лягчэй будзе.

— Колькі вас? — запытаўся Чыжык.

— Дванаццаць, — адказаў Бабарыка. — Быў трынаццаты — Дзямід Бондар — ды тры дні назад прапаў.

— Як гэта прапаў? — здзівіўся Чыжык.

— А так і прапаў. Прадзіраліся хмызнякамі. Выбраліся ў лес, а яго няма. Па праўдзе сказаць, дык і самі не ведаем добра, прапаў ён у тых хмызняках ці раней, бо трапілі мы тады ў такое балота, што ледзь выбраліся. I тое: каб ён тануў, дык крыкнуў бы.

— 3 бялёсымі вачыма і ўвесь час падкатвае іх пад лоб?

— Во-во, — падхапіў Бабарыка.

— I на левай шчацэ стары рубец.

— А што, вы яго бачылі?

— Ну, дык непакоіцца вам нечага, — злосна сказаў Чыжык. — Падаўся ваш трынаццаты ў вёску. Ён мне ў лесе сустрэўся. Так і сказаў: пайду ў якую вёску, да бабы прыстроюся. I мяне ўгаворваў — усё роўна, кажа, перайсці фронт немагчыма.

— Ну, бачыш, Саўчанка, — павярнуўся Бабарыка да напарніка. — Я ж табе казаў: нездарма ён усё плявузгаў, што цяжка.

Саўчанка, ніжэйшы, чымся Бабарыка, махнуў рукой,

— Ліха яго бяры. Там таксама не дурні, — і запытаўся:— А вас колькі? Гукні сваіх!

Чыжык сумеўся. Кашлянуў.

— Во што, хлопцы, — прызнаўся ён. — Я буду ў вас трынаццаты. Я — адзін.

— Адзін? — расчаравана працягнуў Бабарыка.

— Адзін, — зноў сцвердзіў Чыжык. — I зброі, брат, у мяне няма. Усё гэта ваенная хітрасць. А вы і паверылі...

— Та-ак! — мнагазначна працягнуў Саўчанка. — А я ўжо ўзрадаваўся — вялікай групай прарывацца лягчэй. А гэта што ў цябе? — і тыцнуй рукой за спіну.

— Мех, — адзначыў Чыжык. — А ў мяху — харчы. Кліч сваіх хлопцаў — хай падсілкуюцца. Вы ж, пэўна, галодныя?

— А то як жа, — сказаў Бабарыка.

— Тодькі варту, дружкі вы мае, пакіньце. Вартавога пасля накормім.

Сядзеў пасля, пазіраў, як людзі елі сала.

Ой, туманы мае, растуманы!

Усе дванаццаць былі з розных часцей. Былі двое з танкавых, да арміі — трактарысты, з пяхоты, з артылерыі, не было толькі з авіяцыі. Трактарысты абодва былі сержанты. Старэйшы — Рыгор, уралец, быў высокі, касцісты, з запалым даўгаватым тварам; маладзейшы — Даніла — наадварот, меў вельмі малы рост, танклявы голас. Танкі іхнія разбіла варожая авіяцыя яшчэ ў гарнізоне. Нейкі час яны адстрэльваліся з вінтовак, а як убачылі, што іх акружаюць, адышлі. Так увесь час і ішлі, адбіваючыся, пакуль не давялося і зусім хавацца. Хоць і з розных часцей, а трымаліся адной дружнай групай. Да Гомельшчыны дайшло іх толькі трынаццаць. Рэшта палягла на палях пад Баранавічамі, пад Мінскам, ля Бабруйска. Трынаццаты, Дзямід Бондар, родам аднекуль з Беларусі, як і ўсе, хадзіў у атакі, як і ўсе, гарэў жаданнем вырвацца да арміі і толькі ў апошні час пачаў нездаволена бурчэць, падымаўся з начлежак неахвотна і во раптам зусім кінуў. Пайшоў адседжвацца дадому або і сапраўды да якой бабы: маўляў, пры пераходзе фронта могуць і забіць, часці свае ўжо ўсё роўна няма, дык чаго лезці на ражон — лепш счакаць. А там... А там можна будзе і ў партызаны падацца, калі толькі яны арганізуюцца — хіба ж ён супраць?

Саўчанка быў тэхнік-інтэндант другога рангу, і таму па старшынству яму ўсе падначальваліся.



Прабіраючыся лясамі, яны апошнія трое сутак амаль нічога не елі, а хлеб бачылі толькі тыдзень назад. Можна. было б што-небудзь здабыціь у немцаў, але Саўчанка баяўся выяўляць сябе ў прыфрантавой паласе. 3-за гэтага ў яго з Бабарыкам заўсёды пачыналіся спрэчкі.

Світала. Чыжык абыякава пазіраў, як з’ядаюць рэшткі яго запасаў. Ён найбольш дзівіўся на схуднелыя твары новых сяброў, на абтрапанае, бруднае адзенне, на абутак, з-пад падэшваў якога відаць былі босыя ногі, — і павага і гонар да іх напаўнялі яго душу. I чым больш во так ён сядзеў моўчкі, тым больш узнікала ў яго спачуванне. Нарэшце, усё ўзважыўшы, ён запытаўся:

— Патронаў шмат?

— Па абойме, — прахроп Бабарыка.

— А гранат?

— Больш нічога няма.

— Ну, дык тады слухайце мяне, — сказаў Чыжык. — Я быў у пераплётах яшчэ горшых, чым вашы. (Тут Чыжыку яшчэ раз давялося падняць кашулю і паказаць усім скрозь спаласаванае цела.) Там такое было, што і ўспамінаць не хочацца. Фронта нам во так не перайсці. Патрэбны ну хоць бы пяць-шэсць аўтаматаў, патроны і гранаты. Трэба і самім падкарміцца, адпачыць. Усё можна ўзяць у немцаў. Яны тут не вельмі каб пільныя. Чэснае слова, каб у мяне былі гранаты, я адзін падарваў бы не адзін іхні танк, а адбіць ад абозу якіх два-тры грузавікі — зусім лёгка. Ну, падумайце самі: як жа так пайсці, калі рукі свярбяць. Тут побач ідзе вораг, а мы туляемся. Тут толькі з лесу даць залп, дык адразу паніка. Пакуль яны там адумаюцца, мы чорт ведама дзе будзем — паспрабуй знайсці во па такіх кустах! А танкі? Ідуць на фронт. Ну, як прапусціць такое? Як ісці, не скарыстаўшы такога выпадку. Партызаншчыну — ну яе, я пра яе і не думаю, няма ў нас на гэта камандзірскага загаду — аднак жа дурні мы бўдзем, калі не ўдарым па іх колькі разоў. Во пабачыце — і людзі знойдуцца, сустракаў я па дарозе нямала акружэнцаў. А вялікай групай прабірацца, канешне, лягчэй.

— Во, так і я казаў, — адгукнуўся Бабарыка. — Паўз нас немцы вязудь каўбасы ды адзенне, а мы ўжо і на людзей не падобны. Ды і зброя і адпачынак патрэбны.

Танкісты згодна заківалі галовамі, буркнулі:

— Каб во не ён — Саўчанка...

Чыжык пазіраў на Саўчанку непрыязна. Гэты чалавек з абпаленым, нервовым тварам не падабаўся яму.

Зноў паляглі спаць. Але Саўчанка не спаў. Варочаўся, уздыхаў, нарэшце падхапіўся, адмахваючыся ад камароў, сказаў:

— Надакучылі вы мне сваімі размовамі. Хоць няма маёй згоды, а скажу так: рабіце як хочаце.

Усе заварочаліся, некаторыя пачалі падымацца. Аказалася, што ніхто і не спаў.

— Хе... — бадзёра адгукнуўся Бабарыка. — Усе разам як-небудзь разбярэмся. Не ўпершыню.

— Я такога загаду не даю, не згодны, — зноў загаварыў Саўчанка. — Дэмаскіраваць сябе ва ўмовах прыфрантавой паласы — гэта значыць, пайсці на смерць. Мы павінны прайсці нябачна, ціха, і абоймы на чырвонаармейца для гэтага зусім дастаткова. Калі і мала, дык і тады няма выгады дэмаскіраваць сябе.

— Таварыш тэхнік-інтэндант, — не сцярпеў Чыжык. — Ну, як жа так прайсці, калі побач такое. Душа не вытрымлівае! А наконт дэмаскіроўкі — не турбуйцеся: ім не да нас. Ад граніцы да Гомельшчыны на іх нападалі можа сотні разоў. Нападалі і знікалі. Так і мы зробім.

— Ваша справа, — сказаў Саўчанка і пачаў згортваць цыгарку.

Рукі ў яго трэсліся.

Чыжык павесялеў. Ён загаварыў горача пра тое, як яны нападуць на гітлераўцаў, кіем малюючы ў яме на пяску дарогу і лес. Трэба біць па канцу, па хваставых машынах. Пакуль пярэднія спахопяцца — захапіць усё, што трэба, і знікнуць.

— Давай сваю торбу, — рашуча патрабаваў Бабарыка. — З’ямо ўсё, а абедаць будзем трафеямі.

Усё, што заставалася — паўколца каўбасы, сала, цыбуля, соль і хлеб — было выкладзена на траву і падзелена на трынаццаць роўных частак. Дзяліў Саўчанка.

— Пасля гэтага паспім якую гадзіну, — сказаў ён.

Чыжыку цяпер падабаліся ўсе, нават і гэты самы Саўчанка.

Саўчанка адразу неяк абмяк, запалыя, пачырванелыя ад бессані яго вочы сталі яшчэ больш безуважлівымі і панылымі. Ён быў родам з Саратаўскай вобласці і цяпер употай, відаць, думаў, што ўсе гэтыя людзі, якія сабраліся вакол яго — і Бабарыка, і Чыжык, і той баец, што пайшоў, і іншыя адзінаццаць найбольш родам з Гомельшчыны і Браншчыны — хочуць проста затрымацца ля родных сваіх месц. Аднак відаць было, што гэты яго настрой нетрывалы, што ён выкліканы незадаволенасцю прынятым рашэннем, што гэта кароткая ўспышка схаванага ад усіх гневу. Апрача таго, як тэхніку-інтэнданту другога рангу, яму непрыемна было падначальвацца тым, хто яшчэ не так даўно не мог яму пярэчыць. Вайна і гэтыя неверагодныя абставіны, у якіх ён апынуўся, увачавідкі пачыналі сціраць розніцу між ім і радавым чырвонаармейцам, а разам з тым губляліся і ўсе тыя выгады, якія ён, як камандзір, меў. Яго суцяшала толькі думка, што ён усё ж не страявы камандзір, а гаспадарчы. Разам з тым Саўчанка, які паспеў скончыць і тэхнікум і ваеннае вучылішча, добра і разумеў і адчуваў, што ў жыцці яго, як і ў жыцці многіх падобных яму, цяпер адбываецца вельмі важная падзея: ён, магчыма, саступае месца іншым, больш здольным і больш рашучым. Хоць ён быў і ўпэўнены, што рашэнне ягонай групы неразумнае, аднак за час адыходу ад заходняй граніцы не мог не заўважыць шматлікіх выпадкаў, калі радавы баец або сержант камандаваў батальёнам або ротай. Ён ужо тады задумваўся над гэтым, прыпамінаючы падобныя выпадкі з часоў белафінскай кампаніі. Як чалавек, які раз і назаўсёды вырашыў звязаць усё сваё жыццё з арміяй, ён пачаў улічваць усё гэта і напорыста вёў сваю групу на ўсход, праяўляючы пры гэтым нямала і кемлівасці і хітрасці. I вось тут, ужо ля самай лініі фронта, яму раптам пачалі пярэчыць. Калі б гэта былі людзі, якія наўмысля не хочуць рухацца далей, Саўчанка ведаў бы, як з імі размаўляць. Ён паспрабаваў бы сагітаваць іх, а калі б гэта не ўдалося, пакінуў бы іх. Аднак ён добра ведаў, што гэта не такія людзі. Адзіным выключэннем з усіх іх быў і застаўся Бондар. Больш такіх не было. За некалькі кіламетраў адсюль былі ўжо свае, і Саўчанка рашыў ні ў што не ўблытвацца, прадаставіўшы падзеям самім вырашыць іхні лёс.