Страница 27 из 75
Макмэрфі сьціпла махае рукой, доктар ківае яму і працягвае.
— Але я адказаў, што раней атрымоўваў скаргі ад некаторых маладзейшых пацыентаў: маўляў, радыё ўжо настолькі гучнае, што замінае размовам і чытаньню. Макмэрфі сказаў, што пра гэта не падумаў, але дадаў, што сапраўды шкада, бо тыя, хто хоча пачытаць, ня могуць пайсьці ў ціхае месца і пакінуць радыё для тых, хто хоча слухаць. Я пагадзіўся зь ім, што сапраўды шкада, і ўжо хацеў перайсьці да іншай тэмы, калі мне ў галаву прыйшла думка пра старую купальню, дзе мы складуем сталы падчас сходу аддзяленьня. Мы зусім не выкарыстоўваем гэтага пакою ў іншы час; больш няма патрэбы ў гідратэрапіі, для якой ён быў прызначаны, бо ў нас цяпер ёсьць сучасныя лекі. Дык ці хацела б нашая група мець купальню ў якасьці другога дзённага пакою, гульнёвага пакою, скажам так?
Група маўчыць. Усе ведаюць, чый цяпер ход. Яна складае Гардынгаву тэчку на левы бок, кладзе на калена і скрыжоўвае над ёй далоні, аглядаючы пакой, нібы нехта можа асьмеліцца нешта сказаць. Калі робіцца зразумела, што ніхто нічога ня скажа раней за яе, яна паварочвае галаву да доктара:
— Ваш плян гучыць цудоўна, доктар Спайві, і я ўдзячная містэру Макмэрфі за ягоны клопат пра іншых пацыентаў, але я вельмі баюся, што мы ня маем пэрсаналу на другі дзённы пакой.
Яна ўпэўненая, што на гэтым усё скончана і пачынае зноў разгортваць тэчку. Але доктар пралічыў усё глыбей, чым яна меркавала.
— Я таксама пра гэта падумаў, міс Брыдар. Але паколькі тут, у дзённым пакоі з дынамікам, застануцца пераважна хранічныя пацыенты, большасьць зь якіх прыкутая да крэслаў ці да вазкоў, дык адзін санітар і адна мэдсястра здолеюць без праблемаў здушыць любы бунт ці паўстаньне, якія тут могуць здарыцца, як вы думаеце?
Яна не адказвае і ня дужа радая ягонаму жарту пра бунты і паўстаньні, але ейны твар не мяняецца. Усьмешка застаецца на абліччы.
— Такім чынам, іншыя два санітары і дзьве мэдсястры змогуць кантраляваць тых, хто будзе ў купальні, магчыма нават лепей, чым у вялікім памяшканьні. Што вы думаеце на гэты конт, шаноўныя? Рэальная ідэя? Мне дык яна вельмі нават даспадобы, таму лічу, што варта паспрабаваць, паглядзім, як яно пойдзе, некалькі дзён. Калі ня пойдзе, ну што тут, мы ж маем ключ, каб зноўку той пакой замкнуць, хіба не?
— Праўда! — кажа Чэзўік, стукаючы кулаком у далонь. Ён усё яшчэ стаіць, быццам баіцца зноў набліжацца да адзінца Макмэрфі. — Праўда, доктар Спайві, калі ня пойдзе, мы маем ключ, каб зноўку той пакой замкнуць. Ясна, як дзень.
Доктар аглядае пакой і бачыць, што астатнія вострыя ківаюць, усьміхаюцца і выглядаюць задаволенымі, як ён думае, ім і ягонай ідэяй, таму ён чырванее, як Білі Бібіт, і вымушаны пару разоў працерці акуляры, перш чым працягваць. Мяне цешыць тое, што дзядзечка так задаволены зь сябе. Ён глядзіць, як усе ківаюць, ківае сам, мармыча «цудоўна, цудоўна» і кладзе рукі на калені.
— Вельмі добра. Так. Калі з гэтым вырашана — я, здаецца, забыўся: што мы сёньня меліся абмяркоўваць?
Галава Вялікай Сястры яшчэ раз крыху торгаецца, яна нахіляецца над кошыкам і дастае тэчку. Корпаецца ў паперах, і выглядае, што ў яе дрыжаць рукі. Выцягвае паперчыну, але зноўку, перш чым яна пасьпявае нешта зь яе прачытаць, Макмэрфі падымаецца, цягне руку і пераступае з нагі на нагу, выгукаючы працяжнае, задумлівае «скаажы-ы-ыце». Яна спыняе корпацца і пруцянее, нібыта гук ягонага голасу замарозіў яе, як ейны ўласны голас раніцай замарозіў чорнага. Мне зноўку млосна, калі яна пруцянее, і я ўважліва назіраю за ёй, пакуль Макмэрфі гаворыць.
— Скаажы-ы-ыце, доктар, мне сьмерць як хочацца даведацца: што значыць гэны сон, які я сёньня ўначы прысьніў? Разумееце, там было так, што быццам гэта я, у сьне, а потым так, што быццам гэта ня я — быццам я быў нехта іншы, хто выглядае, як я, — быццам... быццам мой татуля! Ага, во хто гэта быў. Гэта быў мой татуля, бо часам, калі я бачыў сябе... яго... я бачыў, што са сківіцы тырчыць жалезны шворан, як у татулі было...
— У вашага бацькі са сківіцы тырчыць жалезны шворан?
— Ну, цяпер ужо не, але некалі тырчаў, калі я яшчэ малы быў. Ён хадзіў месяцаў дзесяць з такім здаравенным балтом, які ўтыркаўся во тут і вытыркаўся во тут! Божа ж ты мой, ну і пачварна ж ён выглядаў. Яго яшчэ раней сякерай па сківіцы вытнулі, калі ён улез у разборку зь нейкім дзядзькам на тартаку... Гэй! Давайце я вам раскажу, як тое здарылася...
Ейны твар па-ранейшаму спакойны, нібы ёй на замову зрабілі і расфарбавалі маску з патрэбным выразам. Упэўненым, цярплівым і непарушным. Больш няма торганьня, толькі жахлівы халодны твар, спакойная ўсьмешка, вырабленая з чырвонага плястыку; чысты, гладкі лоб без аніводнай маршчынкі, якая б паказвала слабасьць ці хваляваньне; плоскія, шырокія, намаляваныя зялёныя вочы нібы кажуць: я здольная пачакаць, я магу час ад часу крыху прайграць, але я магу чакаць і быць цярплівай, спакойнай і ўпэўненай, бо ведаю, што сапраўднай паразы для мяне быць ня можа.
Мне нейкую хвіліну здавалася, што яна няслаба атрымала. Можа й так. Але цяпер бачу, што гэта ня мае значэньня. Адзін за адным пацыенты кідаюць на яе прыхаваныя позіркі, каб паглядзець, як яна рэагуе на тое, што Макмэрфі вядзе рэй на сходзе, і яны бачаць тое ж, што і я. Яна завялікая, каб яе адолець. Займае палову пакою, як японская статуя. Яе нельга зрушыць зь месца, супраць яе няма паратунку. Сёньня яна тут прайграла невялікі бой, але гэта другасны бой у вялікай вайне, у якой яна перамагае і будзе перамагаць. Мы не павінны дазваляць Макмэрфі падманліва абнадзейваць нас, што гэта ня так, спакушаць нас на нейкія неабачлівыя крокі. Яна будзе перамагаць, як і Камбінат, бо за ёй уся ўлада Камбінату. Яна нічога не губляе ад сваіх паразаў, але набывае нешта ад нашых. Каб яе адолець, трэба перамагаць яе ня два разы з трох альбо тры зь пяці, але кожны раз. Як толькі ты згубіш пільнасьць, як толькі аднойчы прайграеш — яна перамагла назаўжды. А зь цягам часу ўсе мы мусім прайграць. Ніхто ня можа гэтага пазьбегчы.
Вось цяпер яна ўключыла туман-машыну, і туман наплывае так хутка, што я нічога ня бачу, акрамя ейнага твару, туман усё гусьцейшы і гусьцейшы, а я адчуваю такую ж моцную безнадзейнасьць і зьмярцьвеньне, як хвілінай раней адчуваў радасьць, калі яна торгнула галавой — нават большую безнадзейнасьць, чым раней, бо цяпер я ведаю, што няма сапраўднага ратунку ад яе ці ад ейнага Камбінату. Макмэрфі можа дапамагчы ня болей, чым я. Ніхто ня можа дапамагчы. І чым больш я думаю пра тое, што дапамагчы ніяк нельга, тым хутчэй наплывае туман.
І я радуюся, калі ён робіцца такі густы, што ў ім можна згубіцца, сысьці і зноў быць у бясьпецы.
У дзённым пакоі гуляюць у «манапольку». Не спыняюцца ўжо тры дні: паўсюль дамы і гатэлі, два сталы ссунулі разам, каб пакласьці на іх усе купчыя і стосы гульнёвых грошай. Макмэрфі ўгаварыў іх, што гульня будзе цікавейшай, калі плаціць па цэнце за кожны даляр, выдадзены ў гульні банкам, таму скрынка з-пад «манаполькі» поўная драбязы.
— Твая чарга, Чэзўік.
— Пачакайце хвілінку, перш чым ён кіне — што тамака трэба, каб купляць гатэлі?
— Трэба чатыры дамы на ўчастках аднаго колеру, Марціні. Ну давай жа, трасца на цябе.
— Пачакайце хвілінку.
На тым баку пачалася сапраўдная завея з грошай: чырвоныя, зялёныя і жоўтыя паперкі лётаюць ва ўсіх кірунках.
— Ты купляеш гатэль ці гуляесься ў Новы год, ёлкі-палкі?
— Халера, твая ж чарга кідаць, Чэзўік.
— Двоечка! Гэээ, Чэзўікоўскі, куды ж гэта ты трапіў? Хіба раптам ня ў Марвін-Гардэнз, на маю зямельку? Хіба ты мне цяпер ня вінны, давай паглядзім, трыста пяцьдзясят баксаў?
— Во заляцеў.
— А што тамака за іншыя штучкі? Пачакайце хвілінку. Што тамака за іншыя штучкі па ўсёй дошцы?
— Марціні, слухай, ты ўжо два дні бачыш гэтыя іншыя штучкі па ўсёй дошцы. Ня дзіва, што я ўсё прайграю, як усраўшыся. Як тут можна засяродзіцца, калі Марціні сядзіць і трызьніць па сто міляў за хвіліну.